АНТЫФАШЫ́СЦКАЕ ВЕ́ЧА НАРО́ДНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ЮГАСЛА́ВІІ Заснавана ў 1942 як вышэйшы палітычны прадстаўнічы орган, які аб’ядноўваў усе патрыят. сілы Югаславіі для барацьбы супраць фаш. акупантаў. У ліст. 1943 пераўтворана ў вярх.заканад. орган краіны; выбраны Прэзідыум веча і створаны Нац.к-т вызвалення Югаславіі — часовы рэв. ўрад на чале з І.Броз-Ціта. У жн. 1945 перайменавана ў Часовую нар. скупшчыну, якая дзейнічала да выбараў ва Устаноўчую скупшчыну ў ліст. 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́Й,
у грэчаскай міфалогіі волат, уладар Лівіі, сын Пасейдона і Геі. Быў непераможны, пакуль дакранаўся да зямлі, якая давала яму новыя сілы. Загінуў у паядынку з Гераклам, які адарваў Антэя ад зямлі і задушыў. Гэты сюжэт адлюстраваны на франтоне храма Геракла ў Фівах, у шматлікіх жывапісных творах Л.Кранаха Старэйшага, Г.Бальдунга (Грына), Я.Тынтарэта, Дж.Цьепала і інш.
Геракл і Антэй. Скульптурная група А.Палаёла. Каля 1475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА (санскр.літар. прасветлены),
у будыйскай рэлігіі істота, якая дасягнула стану найвышэйшай дасканаласці («прасвятлення») і здольная паказаць шлях рэліг. выратавання. Будыйскі пантэон налічвае сотні будаў. У вузкім значэнні — імя заснавальніка будызму Сідхартхі Гаутамы (623—544 да н.э.), які, паводле легенды, пакінуў сям’ю і пасля 7 гадоў аскетычных вандраванняў і «пазнання ісціны» стаў прапаведаваць новае вучэнне ў Індыі (гл. ў арт.Будызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,
атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл.Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).
Схемы бяззліткавай пракаткі: а — пры падачы металу збоку; б — пры падачы металу знізу; 1 — размеркавальная вапна; 2 — міжвалковая прастора (крышталізатар); 3 — валок; 4 — паласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССПРЭ́ЧНАЕ СПАГНА́ННЕ,
у цывільным праве прымусовае спагнанне запазычанасці ў бясспрэчным парадку без звароту ў суд ці іншы орган, які вырашае маёмасныя спрэчкі. Бясспрэчнае спагнанне з юрыд. асоб ажыццяўляецца на падставе распараджэнняў правамоцных органаў і выканаўчых дакументаў спісаннем грашовых сум з адпаведных рахункаў у банках; з грамадзян (нявернутыя пазыкі, нявыплачаная кватэрная плата, камунальныя плацяжы і інш.) — па выканаўчым надпісе натарыята. У Рэспубліцы Беларусь дапускаецца толькі ў выпадках, прама прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ІНСПЕ́КЦЫЯ (ВАІ),
орган Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь, на які ўскладзены правядзенне мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна-трансп. здарэнняў з вайсковым аўтамаб. транспартам, кантроль за дысцыплінай ваенных вадзіцеляў, выкананнем імі правіл руху і эксплуатацыі машын у гарнізонах і на дарогах, якія прылягаюць да іх. ВАІ ствараюцца ў гарнізонах, пры ўпраўленнях аб’яднанняў, а таксама на перыяд вучэнняў войск; забяспечваюцца трансп. сродкамі, сродкамі сувязі і сігналізацыі, маюць вызначаныя адметныя знакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ КАЛЕ́ГІЯ,
1) вышэйшы цэнтральны орган ваен. кіравання ў Расіі ў 18 ст. Створана ў 1717—20 замест ваен. прыказаў з мэтаю цэнтралізацыі ваен. кіравання. У 1802—12 рэарганізавана ў ваен.мін-ва.
2) Орган Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе нагляд за судовай дзейнасцю ваен. судоў і разглядае аднесеныя да яе вядзення крымін. справы. Ваенная калегія існуе ў складзе Вярх. суда Расіі і ў інш. краінах СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНА-ДУГАВЫ́ ПЕРАПЛА́Ў,
паўторная плаўка (пераплаў) металу ў вакуумнай дугавой печы. Метал плавіцца цяплом эл. дугі і сцякае ў крышталізатар, які ахалоджваецца вадой. Вакуум ствараецца ў пячах з дапамогай вакуумных помпаў. Магутнасць эл. дугі ўстанаўліваюць такую, каб утварыць шчыльную бездэфектную макраструктуру. Пераплаўлены метал вызначаецца высокімі вязкасцю і пластычнасцю, павышанай стомленаснай трываласцю і інш. Вакуумна-дугавым спосабам пераплаўляюць сталь, сплавы на аснове нікелю, а таксама тытан, цырконій, малібдэн і інш. тугаплаўкія металы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛ (ваен.),
насып (земляны, з камянёў, са снегу, палітага вадой, часта з ровам спераду), які служыў перашкодай для тых, хто атакаваў, і адначасова баявой пазіцыяй і ўкрыццём для тых, хто абараняўся. Валам называюць таксама сістэму ўмацаваных палос і пазіцый тыпу рымскіх валоў (Адрыянаў вал), «Атлантычнага вала», «Усходняга вала». Як элемент крэпасці валы выкарыстоўваліся ў спалучэнні з крапаснымі сценамі або замест іх. Звычайна мелі брустверы і валгангі (пляцоўкі з уступамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛТАСА́Р,
сын і суправіцель апошняга цара Вавілона Набаніда. Загінуў у 539 да н. э. ў час захопу Вавілона персамі. Паводле іудаісцкіх і хрысц. легенд (адлюстраваны ў Бібліі, у працах стараж.-грэч. гісторыка Герадота) у час балю («валтасараў баль»), які Валтасар наладзіў у ноч, калі персы захапілі Вавілон, на сцяне з’явіліся таямнічыя словы, якія былі растлумачаны як прароцтва гібелі Валтасара і падзелу Вавілонскага царства. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў мастацтве.