ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),
спецыялізаваная міжнар.эканам.арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БА-БЫК, жаба-вол (Rana catesbeiana),
бясхвостае земнаводнае сям. жаб сапраўдных. Пашырана ва ўсх.ч.Паўн. Амерыкі ў кустовых зарасніках па берагах рэк і ручаёў з чыстай вадой. Завезена ў некат. краіны Паўд. Амерыкі і Японію.
Даўж. да 20 см, маса да 600 г. Цела аліўкава-бурае або аліўкава-зялёнае з вял. цёмна-бурымі або чорнымі плямамі. Добра плавае. Заднія канечнасці магутныя (даўж. да 2,5 25 см), з плавальнымі перапонкамі. Самцы выдаюць моцныя гукі, якія нагадваюць рык быка (адсюль назва). Апалонікі развіваюцца да 2 гадоў. Корміцца беспазваночнымі, рыбамі, жабамі. птушанятамі, дробнымі млекакормячымі. Аб’ект промыслу і развядзення; выкарыстоўваюць у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАТО́ВАЧНЫ СТАН,
адзін з відаў пракатных станаў, на якім блюмы або зліткі пракатваюць у загатоўкі, што потым апрацоўваюцца на сартавых, трубапракатных і інш. спецыялізаваных станах. Адрозніваюць З.с. неперарыўныя, лінейныя і з паслядоўным размяшчэннем клецей; загатовачныя сартавыя і трубазагатовачныя.
Найб. пашыраны неперарыўныя З.с., якія ўстанаўліваюцца непасрэдна за блюмінгамі. На іх метал абціскаецца пачаргова ў клецях з верт. і гарыз. валкамі, атрымліваюць квадратныя, часам плоскія і круглыя загатоўкі. Станы аўтаматызаваны, кіруюцца з дапамогай ЭВМ, маюць прадукцыйнасць да 5 млн.т. загатовак за год. Лінейныя З.с. выкарыстоўваюцца пераважна для пракаткі загатовак з высакаякасных сталей, станы з паслядоўным размяшчэннем клецей — для пракаткі круглых трубных загатовак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАГУ́ЗКА (Euproctis chrysorrhoea),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі часам назіраецца масавы лёт у садах, парках, лісцевых лясах.
Крылы ў размаху да 3,5 см, афарбоўка белая, на пярэдніх крылах зрэдку чорныя кропкі; на канцы брушка пучок залацістых валаскоў (адсюль назва). Яйцакладкі (на лісці) прыкрываюцца валаскамі. Шаравата-чорныя вусені даўж. да 3,5 см, бародаўчатыя, з пякучымі валаскамі, якія пры сутыкненні з імі выклікаюць моцнае раздражненне скуры і слізістых абалонак. Зімуюць групамі (па 200—300) у гнёздах з лісця. Знішчаюць пупышкі і лісце пладовых і лясных лісцевых дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́Г, заклад,
1) у цывільным праве спосаб забеспячэння абавязацельстваў, які заключаецца ў перадачы даўжніком крэдытору грошай або інш. матэрыяльнай каштоўнасці, з вартасці якой крэдытор мае пераважнае права задаволіць сваё патрабаванне пры невыкананні даўжніком абавязацельства.
2) У крымін. працэсе шэрагу краін (у т. л. Расіі) — мера стрымання, што заключаецца ў грошах або каштоўнасцях, якія ўносяцца абвінавачаным (падазроным) у дэпазіт суда для забеспячэння яго яўкі да следчага, пракурора або ў суд. У выпадку ўхілення ад яўкі ўнесены З. спаганяецца ў даход дзяржавы.
3) З. выбарчы — у некаторых краінах (Вялікабрытанія, Францыя) грашовая сума, што абавязаны ўнесці кандыдат у дэпутаты прадстаўнічага органа пры рэгістрацыі сваёй кандыдатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫ́ЧАЙ,
гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.
Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯЗДА́,
рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі т.зв.звездары; атрыбут каляднай абраднасці. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай, аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, палосамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з паперы рознага колеру. Цэнтр. асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзіліся толькі промні) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму. Звычай нашэння З. на Беларусі быў пашыраны да 1920—30-х г.
М.А.Каладзінскі, М.Ф.Раманюк.
Хлопчык з каляднай звяздой. Вёска Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА ІВА́НА IV,
рэформа мясц. кіравання ў Рус. дзяржаве. Праведзена ў пач. 1550-х г. у асобных землях, у 1555—56 — у агульнадзярж. маштабе. Замест намеснікаў і валасцеляў, якія «карміліся» непасрэдна за кошт насельніца, з ліку найб. заможных пасадскіх людзей і сялян выбіраліся на 1—2 гады адпаведна земскія старасты і земскія цалавальнікі, а ў дапамогу ім — земскія судзейкі (суддзі), дзячкі, соцкія і пяцідзесяцкія. Земскія старасты ўзначальвалі земскія ізбы, пад кантролем дзярж. адміністрацыі кіравалі цяглым насельніцтвам і зборам падаткаў з яго, разам з судзейкамі карысталіся абмежаванай суд. уладай. Рэформа завяршыла фарміраванне мясц. кіравання на саслоўна-прадстаўнічых пачатках і ўзмацніла цэнтралізацыю дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя (свабодныя) гарманічныя ваганні лінейных дынамічных сістэм з пастаяннымі параметрамі, дзе адсутнічаюць страты энергіі ці яе прыток ад знешніх крыніц. Характарызуюцца пэўным значэннем частаты, з якой вагаюцца элементы сістэмы, і формай (размеркаваннем амплітуд і фаз па элементах сістэмы).
Дыскрэтныя сістэмы, якія складаюцца з Ν звязаных гарманічных асцылятараў (напр., мех. маятнікаў, вагальных контураў), маюць роўна Ν Н.в. Размеркаваныя сістэмы (напр., струна, мембрана, рэзанатар) маюць бясконцае злічонае мноства Н.в. Адвольны свабодны рух сістэмы можна выявіць як суперпазіцыю Н.в., а поўная энергія руху распадаецца на суму парцыяльных энергій асобных Н.в. Пры знешнім узбуджэнні сістэмы Н.в. ў значнай ступені вызначаюць яе рэзанансныя ўласцівасці (гл.Рэзананс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРО́Й,
устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл.Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл.Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.