КНІГАЗНА́ЎСТВА,

навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл. Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.

Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.​Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.​С.​Сопікаў, В.​Р.​Анастасевіч, М.​М.​Лісоўскі, А.​М.​Лавягін, М.​А.​Рубакін, М.​М.​Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).

На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.​Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.​Будны, В.​Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.​Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.​М.​Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.​А.​Гільтэбрант, Ф.​М.​Дабранскі, А.​І.​Мілавідаў, С.​Л.​Пташыцкі, Р.​А.​Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж. бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.​І.​Бібіла, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Мялешка, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Шчакаціхін, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.​Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.​Ю.​Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.​Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук. АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел. ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.​Х.​Александровіч, М.​Б.​Батвіннік, Г.​Я.​Галенчанка, А.П. і В.​П.​Грыцкевічы, Л.​І.​Збралевіч, А.​К.​Каўка, Г.​В.​Кісялёў, У.​М.​Конан, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​В.​Мальдзіс, Я.​Л.​Неміроўскі, М.​В.​Нікалаеў, С.​А.​Падокшын, Т.​І.​Рошчына, І.​В.​Саверчанка, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі, В.​Ф.​Шматаў, Я.​Я.​Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.​А.​Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш. тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел. бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.​Панькоў, М.​Вакар, Л.​Акіншэвіч, В.​Тумаш (С.​Брага), А.​Надсон, В. і З.​Кіпелі, Я.​Запруднік, А.​Ружанец-Ружанцоў і інш. Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.​Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.

Літ.:

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Белороссика: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1980;

Книга в Белоруссии. Вып. 1—2. Мн., 1981—83;

Мигонь К. Наука о книге: Очерк проблематики: Пер. с пол. М., 1991.

В.​М.​Герасімаў.

т. 8, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + ...графія),

1) спецыяльная гісторыка-філал. дысцыпліна, якая вывучае стараж. рукапісныя і друкаваныя помнікі з мэтай іх правільнага прачытання, вызначэння аўтарства, часу і месца стварэння, выяўлення іх сапраўднасці, аўтэнтычнасці. На аснове вонкавых прыкмет рукапісу даследуе пісчыя матэрыялы, прылады, тып пісьма, асаблівасці спосабаў запісу, аздабленне (арнамент, мініяцюры), афармленне пераплётаў, вадзяныя знакі на паперы і г.д. Цесна звязана з гісторыяй, эпіграфікай, геральдыкай, сфрагістыкай, дыпламатыкай, храналогіяй, археалогіяй, нумізматыкай, мовазнаўствам, літаратуразнаўствам, музыказнаўствам і інш. Асобная галіна П. — крыптаграфія. Паводле сістэмы пісьма, алфавіта і мовы адрозніваюць П. грэч., лац., слав., араб., кіт., груз., індыйскую і інш. Слав. П. вывучае стараж. помнікі беларусаў, рускіх, украінцаў, балгараў, сербаў, напісаных пераважна кірыліцай, а таксама глаголіцай, пэўнымі тыпамі пісьма (уставам, паўуставам і скорапісам), дэкаратыўным пісьмом (вяззю).

П. як навука ўзнікла ў 17 ст. ў Францыі і спачатку лічылася галіной дыпламатыкі. Тэрмін «П.» ўпершыню ўжыў франц. вучоны Б.​Манфакон (навук. праца «Грэчаская палеаграфія», 1708, на лац. мове) і вылучыў яе ў самаст. навук. дысцыпліну. У Расіі зарадзілася ў 1-й чвэрці 18 ст. Вял. роля ў распрацоўцы слав. кірыліцкай П. належыць І.​І.​Сразнеўскаму, А.​І.​Сабалеўскаму, В.​М.​Шчэпкіну, В.​Ягічу і інш. Пачынальнік бел. П. — Я.Ф.Карскі, які найб. дэталёва вызначыў і апісаў крыніцы палеагр. назіранняў з улікам іх складу, месца захоўвання рукапісаў у працы «Славянская кірылаўская палеаграфія» (1928, факсімільнае выданне 1979), апісаў таксама матэрыялы рукапісаў, іх вонкавае афармленне, прылады пісьма. Помнікі пісьменнасці, створаныя на Беларусі, вывучалі І.​І.​Грыгаровіч, А.​Турчыновіч, М.​В.​Каяловіч, І.​М.​Даніловіч, М.​К.​Любаўскі, М.​К.​Баброўскі, М.​Я.​Нікіфароўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​П.​Сапуноў, Дз.​І.​Даўгяла, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Улашчык, В.​І.​Баркоўскі, А.​П.​Ігнаценка, В.​І.​Мялешка, В.​Ф.​Шматаў і інш. Апісанне некалькіх тысяч помнікаў пісьменнасці даў В.​Ю.​Ластоўскі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Пра наяўнасць асобнай бел. разнавіднасці кірылічнага пісьма пісаў Л.​У.​Чарапнін у працы «Руская палеаграфія» (1956). Бел. мовазнавец А.​М.​Булыка ў манаграфіі «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970) разгледзеў напісанне асобных кірылічных літар у бел. пісьме на розных этапах яго развіцця. Эвалюцыю бел. пісьма ў сувязі з развіццём літ. мовы вывучалі А.​І.​Жураўскі і Л.​М.​Шакун. Бел. славіст М.​А.​Паўленка ў працы «Гісторыя пісьма» (2-е выд. 1987) раскрыў асн. этапы развіцця бел. пісьма. Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н.​Т.​Вайтовіч. На прыкладзе Судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда 1566—67 літ. вучоны А.​К.​Антановіч выявіў асаблівасці бел. скорапісу 2-й пал. 16 ст. Яму належыць таксама палеаграфічнае апісанне унікальных па сваёй значнасці бел. тэкстаў, напісаных араб. пісьмом («Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», 1968). Літоўскі гісторык Э.​Лаўцявічус у працы «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.» (1979) сабраў звесткі пра паперні ў Вільні, Слуцку, Паставах, Гальшанах, Смаргоні і інш. Разгляду асаблівасцей бел. пісьма прысвяціў сваю працу польскі вучоны Т.​Рот-Жаброўскі («Гісторыя рускага пісьма», 1987). Пячаткі стараж.-бел. дакументаў апісаў у сваёй працы «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993) бел. гісторык А.​К.​Цітоў, стараж. прылады пісьма (пісалы) — археолагі Ф.​Д.​Гурэвіч, Я.​Г.​Звяруга, А.​М.​Мядзведзеў. Палеаграфічныя здымкі шматлікіх дагэтуль невядомых стараж. рукапісаў апісаў рас. кнігазнавец М.​В.​Нікалаеў (кн. «Палата кнігапісная», 1993). Падрыхтаваны і выдадзены першы вучэбны дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996).

2) П. ў музыцы — прыкладная музыказнаўчая дысцыпліна, якая вывучае стараж. сістэмы муз. натацыі, метады іх транскрыпцыі на сучасную натацыю і даследаванне рукапісных помнікаў муз. пісьменнасці, эвалюцыю муз. знакаў. Выконвае крыніцазнаўчыя функцыі — выяўляе, апісвае, сістэматызуе, расшыфроўвае і перакладае муз. помнікі на сучасную натацыю. Выкарыстоўвае метады даследавання пеўчай і агульнай П. Вылучаюць муз. П. візантыйскую (грэч.), лац. (грыгарыянскую), армянскую, славяна-рускую і інш.

Як навука пачала складвацца ў 1850-я г. Яе асн. палажэнні выкладзены ў працах Ш.Э.​А.​Кусмакера, а таксама І.​Вольфа («Гісторыя мензуральнай натацыі ад 1250 да 1460», т. 1—3, 1904—65; «Даведнік натацый», т. 1—2, 1913—19). Уклад у вывучэнне пеўчай натацыі зрабілі Г.​Рыман, О.​Фляйшэр, П.​І.​Вагнер, П.​Ферэці, Ж.​Хандшын, Э.​Ямерс. У Францыі выдадзены збор помнікаў неўменнага пісьма «Палеаграфія музычная» (т. 1—19, 1889—1950). Асаблівасцям візант. натацыі прысвечаны працы А.​Гастуэ і Ж.​Б.​Цібо на мяжы 19—20 ст., у 1920—30-я г. — даследаванні Э.​Велеса, Г.​Тыльярда і К.​Хёга. Славяна-рус. пеўчая П. ўключае рус., бел., укр., балг., сербскія, часткова харвацкія рукапісныя муз. помнікі 10—20 ст., знаменныя сістэмы натацыі — кандакарную, стаўпавую (знаменную, крукавую), дзямественную, пуцявую, казанскую і інш., а таксама квадратную лінейную, што на Беларусі вядома з 15 ст., і знаменна-лінейныя дваязнаменныя рукапісы. Найб. раннія даследаванні належаць В.​Ундольскаму (1846) і І.​Сахараву (1849). Муз. П. цікавіліся У.​Адоеўскі, У.​Стасаў. Вял. ўклад у распрацоўку муз. П. зрабілі Дз.​Разумоўскі, С.​Смаленскі, В.​Металаў, А.​Праабражэнскі, І.​Вазнясенскі, пазней да яе звярталіся В.​Бяляеў, М.​Успенскі. Заснавальнік сучаснай муз. П і школы муз. медыявістыкі — М.​Бражнікаў (аўтар прац «Руская пеўчая палеаграфія», «Курс лекцый па старажытнарускай музыцы і палеаграфіі», абедзве 1971, рукапісы). У галіне славяна-рус. П. працавалі замежныя даследчыкі Э.​Ара, І.​Гарднер, Э.​Кошмідэр, М.​Веліміровіч, Р.​Палікарава-Вердэй, О.​Странк, К.​Флорас, К.​Леві, Б.​Карастаянаў і інш.

На Беларусі ў галіне муз. П. працуюць даследчыкі-медыявісты Л.Касцюкавец (аўтар курсу) у Бел. акадэміі музыкі, Т.​Ліхач і інш. Гл. таксама Нотнае пісьмо, Царкоўная музыка.

Літ.:

Соболевский А.И. Славянорусская палеография: Лекции. 2 изд. СПб., 1908;

Карский Е.Ф. Белорусы: Язык бел. народа. Вып. 1. М., 1955;

Жуковская Л.П. Развитие славяно-русской палеографии. М., 1963;

Тихомиров М.Н., Муравьев А.В. Русская палеография. М., 1966;

Фридрих И. История письма: Пер с нем. М., 1979;

Разумовский Д.В. О нотных безлинейных рукописях церковного знаменного пения. М., 1863;

Смоленский С.В. Азбука знаменного пения: Извещение о согласнейших пометах старца Александра Мезенца. Казань, 1888;

Яго ж. О древнерусских певческих нотациях. СПб., 1901;

Металлов В.М. Русская семиография. М., 1912;

Преображенский А.В. О сходстве русского музыкального письма с греческим в певческих рукописях XI—XII вв. СПб., 1909;

Никишов Г.А. Сравнительная палеография кондакарного письма XI—XIV вв. // Musica antiqua. Bydgoszcz, 1975;

Христофор. Ключ знаменной. 1604. М., 1983 (Памятники рус. муз. искусства. Вып 9);

Проблемы дешифровки древнерусских нотаций: (Сб.) Л., 1987.

У.​М.​Свяжынскі (літаратура), Л.​П.​Касцюкавец (музыка).

т. 11, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Быць. Рус. быть, укр. бу́ти (дыял. зах. би́ти), польск. być, чэш. býti, в.-луж. być, н.-луж. byś, ст.-слав. быти, серб.-харв. би̏ти, славен. bíti. Прасл. *byti ’быць’. Параўн. літ. bū́ti ’быць’, лац. fuī ’я быў’, ст.-інд. bhūtíṣ ’быццё’, грэч. φύομαι раблюся’, гоц. bauan ’жыць’ і г. д. (агляд і.-е. форм і слав. вытворных гл. Траўтман, 41–42). Бернекер, 114; Праабражэнскі, 1, 58–59; Фасмер, 1, 260; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78–79; Брукнер, 51–52. І.‑е. *bheu̯ā‑ (цяжкая двухскладовая база, гл. Гірт, Gram., 2, 135–136; Гірт, Ablaut, 105; Бругман, 139 і наст.). Параўн. аблаутную форму *baviti (гл. ба́віцца1). Лічаць, што першапачатковае значэнне дзеяслова ’расці, узнікаць’. Параўн. яшчэ Айцэтмюлер, AfslPh, 22, 363–372. Іначай Ондруш (, 14, 107), які зыходзіць з першапачатковага рухацца, бегчы’ (параўн. грэч. φεύγω ’бягу’). Сюды прасл. *bуtъ, *bytьje ’быццё’ (агляд форм гл. Бернекер, 113–115).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́чай мн. л. ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплецца збожжа’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Сюды ж вячай, вечая, ічай, яча, ручай ’тс’ (Інстр. лекс.), рус. пск. вечея́ ’тс’. Бел.-рус. утварэнне, роднаснае да рус. ячея. Паходзіць ад асновы *akʼ‑ > ač‑ і суф. ‑ějь (для вечай) або ‑ěja (для вечая) з пратэтычным в‑, р‑ або j‑. Аснову можна суаднесці з літ. akìs ’вока; пятля; акно; вір; ячэя’, лат. acs, прус. agins, ackins, тахар. A ak, тахар. B ek, гамер. ὄσσε, лац. oculus, алб. sy, ст.-ірл. enech, ст.-інд. ákḥi. На ўкраінскай, польскай і часткова рускай моўных тэрыторыях у значэнні ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ ужываюцца лексемы дуча, дучай, дучайка, дучэйка; ducza, duczaja, duca; дучка, дучай, дуч, запазычаныя праз польскую мову з італ. doccia ’рына, вадаправодная труба’ (Бернекер, 232; Махэк, 133; Фасмер, 1, 558 і інш.). Яны выцеснілі на гэтай тэрыторыі лексему v//jačěja, прысвоіўшы сабе яе суфіксы ‑ай, ‑айка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́льха (БРС, Кіс., КТС, Шн., 1, Яруш.), вильха́ ’тс’ (Ліс.). Рус. о́льха́, дыял. волюха́, вольха́, ёлха, ело́ха, укр. вільха́, і́льха, ст.-рус. ольха, серб.-ц.-слав. јельха, балг. елха́, серб.-харв. jóha, jóva, дыял. jȅlša, славен. jélša, дыял. ólša, jólsa, чэш. olše, славац. jelša, польск. olcha, olsza, в.-луж. wólša, н.-луж. wolša. Прасл. *jelьxa і *olьxa (Мейе, BSL, 25, 161). Роднаснае літ. al̃ksnis, alksnỹs, alìksnis, ẽlsknis вольха’, лат. èlksnis, àlksnis (Буга, ИОРЯС, 17, 1, 16 і наст.), ст.-в.-ням. elira, erila, н.-в.-ням. Erle ’вольха’, ст.-ісл. ǫlr, alr, лац. alnus ’тс’ (*alisnos); далей збліжаюць са ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты, рыжаваты’ (Бернекер, 1, 453 і наст.; Траўтман, 6). Паводле Персана, 893, ужо ў і.-е. назіралася хістанне *elis‑: *olis‑ (напрыклад, ён прыводзіць ст.-ісл. ǫlr ’вольха’, jǫlstr ’від вярбы’, швед. jälster). Гл. таксама Фасмер, 3, 137 і наст.; Махэк₂, 413; Скок, 1, 772.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вулды́р ’гуз’ (Жд., 2, 3), вулды́рь ’гуз, гузак, пухір’ (Бяльк.), рус. волды́рь ’тс’ (няяснага паходжання, гл. Фасмер, 1, 338). Няма падстаў разглядаць асобна ад булды́р ’пухір, бурбалка, бугор’ (параўн. Гараеў, 53; Праабражэнскі, 1, 91), з метатэзай бурды́ль і асабліва бурду́ль ’пухір’, вытворных ад дзеясловаў з «вобразнай» семантыкай, гл. бурдзе́ць ’пачынаць закісаць’ (З нар. сл.); параўн. інш. семантычныя паралелі: брузды́ль ’пухір на целе’ і брузда́цца ’аблівацца ў час яды’ (Бяльк.), літ. vir̃dulas ’пухір, бурбалка’ ад vìrti, vérda ’кіпець’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 125). Фармальная блізкасць утварэнняў з пачатковымі в і б прывяла да перапляцення значэнняў ’пухір’ і ’гуз’; ёсць падставы меркаваць, што зыходным для ўтварэнняў з в было значэнне ’гуз, круглы прадмет’ і аснова вурд‑ (*vr̥d‑), гл. навагр. ву́рда ’вяртушка зробленая з бярцовай косці свінні, буркаўка’ (Жыв. сл.); параўн. балг. върда́лям ’перакульваць’, серб.-харв. вр̏дати ’вярцецца, круціцца’, тады вулды́р < *вурдыль з метатэзай. Адносна суфіксацыі, асабліва чаргавання ‑ыль/‑уль, параўн. Слаўскі, SP, 1, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луска́, лузка́, лусга́, луцка́ ’слаістае покрыва чаго-небудзь’, ’луска рыб і гадаў’, ’перхаць, лускавіны на скуры жывёлы’, ’смецце ў збожжы’, ’высеўкі’, ’лупіна, вонкавая абалонка плода, стручка’, ’шалупайка ад яйка’, ’луска цыбулі’ (Нас., Гарэц., Бес., Мядзв., Шат., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Вешт., ТСБМ, ТС, Растарг., Янк. 1, Сл. ПЗБ; Д.-З., Пін.; барыс., Шн. 3; КЭС, лаг.). Укр. луска́, лемк. лу́ски ’стручок’; рус. луска́, ст.-рус. луска ’луска’; польск. łuska, в.-луж. łuska, чэш. luska, мар. łuska, славен. lȗska, серб.-харв. лу̏ска, лјȕska, ст.-балг. луска. Прасл. luska ’знешняе покрыва пладоў, насення, яек, рыб, гадаў’. Да і.-е. *leu‑sk‑ (і.-е. адпаведнікі: лат. laûska ’асколак, чарапок, трэска, нешта зламанае, патоўчанае’, laûskas ’перхаць’, ’шалупінне’, літ. luskà ’лахман’, lusnà ’лупіна, луска’ (Слаўскі, 5, 348–352), а таксама, відаць, асец. lyskʼ, liskʼæ ’гніда’ (Абаеў, 2, 56). Параўн. лузга́ і луза́ць (гл.). Сюды ж лу́сачка, лускаві́нне ’асобная пласцінка лускі’, лускава́ты ’пакрыты луской’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́га1 ’жаба’ (Рам. 3, Нар. Гом.). Рус. калуж., тул. ля́га, ляга́ ’тс’. Да лягаць, ляга́цца, параўн. рус. паўн. ляга́ть ’біць’, ’адштурхоўваць’, ляга́ться ’рухацца’, ’калыхацца’, ’брыкацца’, ля́га ’сцягно’, ля‑д‑вея ’тс’, якія з прасл. lęgati (польск. ligać ’біць нагой’, чэш. líhati ’рухаць’, укр. ли́гнути ’ўдарыць’; і.-е. адпаведнікі: літ. lingúoti ’хістаць’, лат. linguôt ’хістацца’, ст.-інд. laηghati, laηghayati, rḗjate ’ўскоквае, скача, дрыжыць’, ірл. lingid ’скача’, ст.-в.-ням. lungar, ст.-англ. lunger ’хуткі’, лац. lumbus, ст.-ісл. lend ’сцягно’, ст.-грэч. ἐλαφρός ’лёгкі, рухомы’ (Слаўскі, 4, 250; Фасмер, 2, 548; Аткупшчыкоў. Из истории, 133; ён жа, Этимология–84, 193).

Ляѓа2 ’гультай, лежабок’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС; клім., Мат. Маг.), укр. ля́га, рус. смал., арл., бран. ля́га ’тс’, польск. (з іншым суфіксам) leguś, каш. legas, legan, славац. lehen, серб.-харв. чак. lêganj ’гультай, які ўвесь час ляжыць’. Да ляга́ць < прасл. lěgati > legtʼi > ле́гчы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)