горад федэральнага значэння, горад-герой, цэнтр Ленінградскай вобл. ў Расіі. Найважнейшы (пасля Масквы) прамысл., навук. і культ. цэнтр Расіі. Размешчаны пры ўпадзенні р. Нява ў Фінскі зал. Балтыйскага м. і на 42 а-вах дэльты р. Нява. Нас. 4694 тыс.ж. (2000). Буйны трансп. вузел (чыгункі, шашэйныя дарогі). Міжнар. аэрапорт (Пулкава). Марскі (у Фінскім зал.) і рачны (у дэльце р. Нява) парты; канечны пункт Волга-Балт. воднага шляху. Метрапалітэн (з 1955). Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (марскія і рачныя судны, турбіны ўсіх відаў, дызельныя рухавікі, радыёэлектронная і радыётэхн. прадукцыя, станкі, машыны і абсталяванне для трыкат., абутковай, тытунёвай, паліграф. і інш. галін), харч. і харчасмакавая, эл.-энергетычная (АЭС і буйныя ЦЭС), хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычная, лясная, дрэваапрацоўчая і папяровая, лёгкая (тэкст., трыкат., абутковая, швейная) і паліграфічная. Чорная і каляровая металургія (вытв-сць сталі, пракату, алюм. сплаваў) і інш. Буйны турыстычны цэнтр Расіі, штогод прыцягвае вял. колькасць турыстаў з усяго свету.
Паводле загаду Пятра I на в-ве Заечым у вусці Нявы 27.5.1703 (лічыцца датай засн. горада) пачалося будаўніцтва Петрапаўлаўскай крэпасці. З 1708 С.-П. — цэнтр Інгерманландскай, з 1710 — Санкт-Пецярбургскай губ. У 1712—28 і 1732—1918 сталіца Расіі. Тут размяшчаліся царскі двор, калегіі (з 1718; з 1802 — міністэрствы), Сенат (з 1713) і інш. ўрадавыя ўстановы. Новы горад развіваўся як цэнтр прамысловасці і гандлю. У 1712 на Адміралцейскім в-ве засн. Галерны двор (з 1800 Новае Адміралцейства), у 1711 Ліцейны двор (з 1720 наз. Арсенал), у 1724 Манетны двор і інш. У 1736 і 1737 горад моцна гарэў. З 2-й пал. 18 ст. хутка расло насельніцтва С.-П. (220 тыс.чал. у пач. 19 ст.), горад стаў буйным эканам. і культ. цэнтрам Рас. імперыі. Засн. Марская акадэмія (1715), АН (1725), ун-т (1819), Тэхнал. (1828) і Горны (1866) ін-ты і інш. У 1825 на Сенацкай плошчы адбылося паўстанне дзекабрыстаў. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. развівалася тэкстыльная, суднабуд., машынабуд. прам-сць, пабудаваны з-ды Адміралцейскі, Іжорскі, Пуцілаўскі, Марыінская і Ціхвінская водныя сістэмы. Пабудова чыгункі ператварыла С.-П. у найбуйн. эканам. цэнтр краіны (у 1837 пабудавана першая ў Расіі чыг. С.-П. — Масква, у 2-й пал. 19 ст. — Варшаўская, Паўн. і Фінляндская). У 1883 пабудавана першая эл.-станцыя, у 1907 пушчаны першыя трамваі і аўтобусы. У канцы 19 ст. С.-П. стаў буйнейшым у Расіі і адным з важнейшых сусв. крэдытных і біржавых цэнтраў. У С.-П. дзейнічалі рэв. арг-цыі петрашэўцаў, «Народная воля», Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1901 у С.-П. адбылося першае ў Расіі арганізаванае выступленне рабочых — Абухаўская абарона. 9.1.1905 царскія войскі расстралялі рабочую дэманстрацыю (гл.«Крывавая нядзеля»), што стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1914 у пач. 1-й сусв. вайны горад перайменаваны ў Петраград. Тут адбыліся Лютаўская рэвалюцыя 1917 і Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917. Вясной — восенню 1919 на горад беспаспяхова наступалі войскі Юдзеніча. Каля Петраграда адбылося Кранштацкае паўстанне 1921. У 1924 перайменаваны ў Ленінград. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1941 горад акружаны ням.-фаш. войскамі (гл. Ленінградская бітва 1941—44). У ходзе 872-дзённай блакады разбурана 14 тыс. будынкаў, ад голаду загінула да 900 тыс.чал. У студз. 1944 вызвалены ад блакады сав. войскамі. У 1991 гораду вернута яго гіст. назва С.-П.
С.-П. забудоўваўся паводле рэгулярнага плана. Арганізуючым пачаткам горада сталі водная прастора Нявы і ансамбль Петрапаўлаўскай крэпасці. У 1704 закладзены будынак гал. Адміралцейства, ад якога веерам разыходзіліся 3 гал. магістралі: Неўскі і Вазнясенскі праспекты, Гарохавая вул. На Васільеўскім в-ве ўзведзены палац Меншыкава (1710—16, арх. Дж.М.Фантана і Г.Шэдэль), Кунсткамера (1718—34, арх. Г.Матарнові, Н.Гербель, Г.К’яверы, М.Зямцоў; перабудавана ў 1754—58, арх. С.Чавакінскі), будынак 12 калегій (1722—42, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер; з 1819 ун-т). У 1717 складзены план цэнтра горада з прамавугольнай сеткай вуліц і каналаў (арх. Трэзіні). Створаны «ўзорныя» праекты жылых будынкаў (арх. Ж.Б.А.Леблон, Трэзіні): цагляных — для заможных, на драўляным каркасе з запаўненнем глінай, з размалёўкай пад цэглу — для простых гараджан. У 1710 засн. манастыр св. Тройцы і св. Аляксандра Неўскага (з 1797 — Аляксандра-Неўская лаўра). У 1710—14 у Летнім садзе ўзведзены летні палац Пятра I (арх. Трэзіні). У сярэдзіне 18 ст. пашырана параднае буд-ва ў стылі барока: ансамбль Смольнага манастыра, Зімні палац, палацы Варанцова (1749—57, арх. В.Растрэлі), Шарамецева на Фантанцы (1750—55, арх. Чавакінскі, Ф.Аргуноў), Строганава (1752—54, арх. Растрэлі; цяпер адзін з будынкаў Рускага музея), Нікольскі марскі сабор (1753—62, арх. Чавакінскі). Паводле генплана 1763—69 (арх. А.Квасаў) межы горада пашыраны, перапланаваны вуліцы, пабудавана першая гранітная набярэжная перад Зімнім палацам на Няве (1763—67, арх. І.Росі, майстар Г.Насонаў). Ансамблевасцю вылучаецца афармленне набярэжных Кацярынінскага (цяпер Грыбаедава) канала, рэк Фантанкі і Мойкі. Рысы класіцызму выявіліся ў строгай лінейнасці берагавых сцен і парапетаў, мяккай акругленасці спускаў і прычалаў, сілуэтах першых каменных мастоў (Прачачны, Эрмітажны і інш.), у малюнку чыг. агароджаў (агароджа Летняга сада, 1773—84, арх. Ю.Фельтэн, П.Ягораў). Сярод помнікаў ранняга класіцызму ў спалучэнні з барочнай пластыкай: Гасціны двор на Неўскім праспекце (1761—85) і будынак Акадэміі мастацтваў (1764—88, арх. абодвух Ж.Б.М.Вален-Дэламот і А.Какорынаў), Малы Эрмітаж (1764—67, арх. Вален-Дэламот). Грамадскія будынкі канца 18 — пач. 19 ст. набылі большую лапідарнасць, уласцівую класіцызму: паштамт (1782—89, арх. М.Львоў), Эрмітажны т-р (1783—87, арх. Дж.Кварэнгі), Коннагвардзейскі манеж (1804—07, арх. Кварэнгі; цяпер Цэнтр. выставачная зала), Александрынскі т-р (1828—32, арх. К.Росі). У 1783—89 узведзены Таўрычаскі палац. Вакол вял. воднай плошчы пры падзеле Нявы на рукавы створаны грандыёзныя класіцыстычныя ансамблі: Дварцовая плошча з Зімнім палацам, Аляксандраўскай калонай і аркай Ген. штаба, стрэлка Васілеўскага в-ва з будынкам біржы (1805—10, арх. Ж.Тама дэ Тамон; цяпер Цэнтр.ваен.-марскі музей; ампір), Сенацкая пл. (цяпер Дзекабрыстаў) з помнікам Пятру I («Медны коннік»; 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ, М.А.Кало, Ф.Гардзееў), Ісакіеўскі сабор; ансамблі Неўскага праспекта (Казанскі сабор, плошчы Астроўскага і Мастацтваў), Марсава поле, Летні сад, Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. В.Бажэнаў, В.Брэна), Ісакіеўская пл. Ствараліся і загарадныя ансамблі — Аляксандра-Неўская лаўра, Смольны ін-т, арх.-паркавы Ялагіна в-ва з Ялагіным палацам (1818—22, арх. Росі) і пейзажным паркам. У стылі ампір пабудаваны: Горны ін-т (1806, арх. А.Вараніхін), Адміралцейства, Нарвенскія вароты (1827—34, арх. Кварэнгі, В.Стасаў) з манум. меднай калясніцай (скульпт. П.Клот, С.Піменаў) і інш. Сярод эклектычных збудаванняў: цэрквы лютэранская Пятра і Паўла на Неўскім праспекце (1832—38, арх. А.Брулоў), Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»; 1883—1907, арх. В.Малышаў, А.Парланд; мазаікі В.Васняцова; маст. М.Несцераў, А.Рабушкін), Марыінскі т-р (1859—60, арх. А.Кавас; перабудова 1863, арх. В.Шротэр). У 19 ст. пабудаваны шматлікія масты — цераз Няву (Троіцкі. цяпер Кіраўскі, арх. Л.Бенуа, А.Памяранцаў і інш.), Мойку (Зялёны, Красны, Сіні, Пацалункаў, арх. В.Гестэ), канал Грыбаедава (ланцуговыя Банкаўскі і Львіны, інж. Г.Трэтэр; чыг. грыфоны і львы па мадэлях П.Сакалова), Фантанку (Анічкаў, інж. І.Бутац, арх. Брулоў; бронз. групы ўтаймавальнікаў коней, скульпт. Клот). Усяго ў С.-П. каля 800 мастоў. У 19 — пач. 20 ст. створаны гранітныя набярэжныя Нявы. Паявіліся будынкі новых тыпаў — даходныя дамы, вакзалы, банкі, гасцініцы, страхавыя канторы, крытыя рынкі. Пашырыўся стыль мадэрн: Дом кнігі (1904—06, арх. П.Сюзор), Азоўска-Данскі камерцыйны банк (1907—13), гасцініца «Асторыя» (1910—11, арх. абодвух Ф.Лідваль), пасаж на Ліцейным праспекце (1912—13, арх. Н.Васільеў), даходныя дамы на Кіраўскім праспекце (1910-я г., арх. Л. і Ю.Бенуа, У.Шчуко, С.Мінаш). Вылучаюцца асабнякі ў стылі неакласіцызму — Полаўцава (1910—16), Абамелек-Лазарава (1913—15, арх. абодвух І.Фамін). Паводле генпланаў 1930—40-х г. захавалася існуючая планіроўка цэнтра, створаны новыя раёны на свабодных тэрыторыях: Малая Охта, Шчамілаўка, Аўтава і інш. Узведзены буйныя адм. будынкі. С.-П. моцна пацярпеў у Вял.Айч. вайну. У генпланах аднаўлення і развіцця горада (1940—60-я г.) комплексна вырашаліся задачы рэканструкцыі і новага буд-ва. Адна з гал. горадабуд. ідэй генпланаў — выхад гар. забудовы да берагоў Фін. заліва. Ствараюцца новая марская панарама горада, зона адпачынку з добраўпарадкаванымі набярэжнымі, пляжамі, бульварамі, паркамі (Прыморскі парк Перамогі, 1945—50, арх. А.Нікольскі, Н.Сцяпанаў, Н.Мядзведзеў) са стадыёнам (1932—50, арх. Нікольскі, М.Сцяпанаў; рэканструяваны ў 1980, арх. А.Прыбульскі, С.Аднавалаў, М.Цымбал). Сярод значных збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: Вял. канцэртная зала «Кастрычніцкая» (1967, арх. В.Каменскі і інш.), палацы спорту «Юбілейны» (1967, арх. Г.Марозаў, інж. А.Марозаў і інш.), моладзі (1969—80, арх. П.Прохараў і інш.), спарт. гульняў (1974—76, арх. Г.Марозаў), спарт.-канцэртны комплекс (1980, арх. І.Чайко і інш.), гасцініца «Пулкаўская» (1981, арх. С.Спяранскі і інш.), лядовы Палац спорту (2000). Створаны мемар. комплекс Піскароўскіх могілак, Манумент гераічным абаронцам Ленінграда ў Вял.Айч. вайну (1975, арх. Спяранскі, Каменскі, скульпт. М.Анікушын). Па лініі абароны горада зроблены «Зялёны пояс Славы». Гіст. цэнтр і манум. ансамблі С.-П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У С.-П. знаходзяцца навук. цэнтр Рас.АН, больш за 40 ВНУ, у т. л. Санкт-Пецярбургскі універсітэт, ун-ты — тэхнічны, Рас.пед. імя А.Герцэна, лесатэхнічная акадэмія; Санкт-Пецярбургская кансерваторыя; інстытуты — тэхналагічны, горны, інж.-будаўнічы, інжынераў чыг. транспарту, караблебуд., Санкт-Пецярбургскі інстытут кінаінжынераў, Санкт-Пецярбургскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна, Санкт-Пецярбургскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.І.Мухінай; 22 вышэйшыя ваенна-навуч. ўстановы, у т. л. Ваенна-мед. акадэмія Найбуйнейшыя б-кі: Рас.нац., навуковая Акадэміі мастацтваў, С.-Пецярбургскага ун-та, Рас.АН і інш. Больш за 120 музеяў і іх філіялаў, у т. л. Эрмітаж, Рускі музей, гісторыі С.-П., антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага, Цэнтр. ваенна-марскі.
18 прафес. тэатраў, у т. л. Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбургскі Малы тэатр оперы і балета, драмы імя Пушкіна (Александрынскі), Санкт-Пецярбургскі Вялікі драматычны тэатр. Цырк. Філармонія імя Дз.Шастаковіча.
Беларусы ў Санкт-Пецярбургу. Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў С.-П. пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П.І.Ягужынскі, ваен. і дзярж. дзеяч Я.К.Сапега). Пасля далучэння бел. зямель да Расіі некат. беларусы сталі прыбываць у С.-П. для працаўладкавання, вучобы, маст. творчасці; яны садзейнічалі знаёмству рас. сталіцы з дасягненнямі еўрап. культуры (Л.Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.). У 1-й пал. 19 ст. ў С.-П. пачала гуртавацца бел. студэнцкая моладзь, там жылі і працавалі кампазітар А.І.Абрамовіч, мастак І.І.Аляшкевіч, літаратар Я.Баршчэўскі. Пасля паражэння паўстання 1830—31 у С.-П. трапілі музейныя зборы, б-кі і архівы роду Сапегаў. У 1842—1918 у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т. л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. ў горадзе вучыліся браты В.Каліноўскі і К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б.Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А.І.Вількіцкі, гісторык Я.Я.Замыслоўскі, мастакі С.К.Заранка, К.Хруцкі, музыканты Т.Юзафовіч-Бароўская, М.Л.Зарэмба, Ф.А.Стравінскі і інш., дзейнічалі бел. асветнае т-ва «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В.Савіч-Заблоцкі), рэв. група «Гоман» (выдавала нелегальны час. «Гомон»), бел. фракцыя партыі «Народная воля», у т. л. І.Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т. л. яе кіраўнік паэт А.Гурыновіч. Паводле перапісу 1897, у С.-П. і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай бел. мову, а па падліках бел. даследчыка Р.М.Семашкевіча, у канцы 19 ст. тут жыло каля 7 тыс. беларусаў. У пач. 20 ст. тут часова жылі літаратары Ц.Гартны (З.Жылуновіч), А.Гурло, Я.Купала, Цётка (А.Пашкевіч), вучоныя Я.Ф.Карскі, П.В.Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арг-цыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902—04), нелегальнае бел. выдавецкае т-ва «Грамада» (1906—07), першае легальнае бел.выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), прыватнае бел. Грыневіча выдавецтва (1910—13), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14), ладзіліся бел. канцэрты і тэатр. спектаклі (гастролі трупы І.Буйніцкага ў 1911, пастаноўка п’есы Я.Купалы «Паўлінка» 9.2.1913). У 1-ю сусв. вайну ў С.-П. і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18); выдавалася газ. «Дзянніца» (1916—17). У 1917—20 тут вялі актыўную рэв., грамадска-паліт. і культ. дзейнасць арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў (старшыня Я.С.Ханчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А.Р.Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газ. «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад. У 1923—25 існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1925—37). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І.І.Салярцінскі, пісьменнік Л.І.Ракоўскі, вучоныя Б.Р.Галёркін, С.Я.Лур’е, У.Ф.Міткевіч, П.Ф.Папковіч, Л.У.Шчэрба, служылі контр-адміралы В.П.Дрозд, М.Б.Паўловіч, ген.-лейт. Ф.Н.Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі. Да канца 1980-х г. у С.-П. і Ленінградскай вобл. склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных бел. асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс.чал.). У выніку карэнных грамадска-паліт. зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў, згорнутая пад ціскам сав. улад у 1930-я г. У 1989 засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны (старшыня А.Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (старшыня В.П.Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца бел. выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю.Казак, В.Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Бел.-рас.культ. сувязі даследуюць Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў і інш., ваен. сувязі — І.Я.Краўцоў. З С.-П. звязана навук. дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж.І.Алфёрава.
Літ.:
Очерки истории Ленинграда. Т. 1—7. М.; Л., 1955—89;
Засосов Д.А., Пызин В.И. Из жизни Петербурга 1890—1910-х гг.: Зап. очевидцев. Л., 1991;
Санкт-Петербург. Петроград. Ленинград: Энцикл. справ. М., 1992;
Ленинград. Архит. ансамбли и памятники. 3 изд. Л. 1980;
Пунин А.Л. Архитектура Петербурга середины XIX в. Л., 1990;
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;
Грыцкевіч В. Пяць гадоў дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу // Беларусіка-Albaruthenica. Мн., 1995. Кн. 5;
Белорусский сборник: Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 1. СПб., 1998;
Ленинградский мартиролог, 1937—1938. Т. 1—5. СПб., 1995—2001;
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.
Л.У.Языковіч (беларусы ў Санкт-Пецярбургу).
Санкт-Пецярбург. Від на раку Фантанка.Санкт-Пецярбург. Царква Уваскрэсення Хрыста Збавіцеля («Храм на крыві»). 1883—1907.Санкт-Пецярбург. Помнік Пятру I («Медны коннік»). 1768—78.Санкт-Пецярбург. Ісакіеўская плошча з помнікам Мікалаю I.Санкт-Пецярбург. Стрэлка Васілеўскага вострава. Злева — будынак біржы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Прамысловасць — асноўная галіна эканомікі Беларусі, на долю якой прыпадае каля 30% валавога ўнутр. прадукту, 32% кошту асн. фондаў, 26,2% усіх занятых у нар. гаспадарцы. Яна ўключае больш за 24 тыс.прамысл. прадпрыемстваў і вытворчасцей. У сукупнасці яны складаюць 70 галін і падгалін прамысловасці. Дамінуючае становішча на таварных рынках рэспублікі займаюць узбуйненыя галіны прамысловасці: паліўная, металургічная, хім. і нафтахім., машынабудаванне і металаапрацоўка, лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая і харчовая.
Гісторыя, спецыялізацыя і размяшчэнне. Станаўленне прамысловасці як самаст. галіны грамадскай вытворчасці пачалося з аддзялення рамяства ад земляробства У 1720-я г. ўзніклі першыя мануфактуры, у т. л. Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры. Напр., на Налібоцкай мануфактуры ў 1748 працавала больш за 100 чалавек, выпускалася 100 відаў прадукцыі. Потым узніклі Нясвіжская і Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18 ст. іх было больш за 50. У 19 ст. ўзніклі першыя фабрыкі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая амаль удвая пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. З 1860 па 1890 колькасць рамесных майстэрняў павялічылася з 20,2 да 58,1 тыс., рабочых на іх — з 30,4 да 110 тыс., аб’ём выпуску прадукцыі — з 4,3 да 14,1 млн.руб. 63% рамеснікаў знаходзілася ў мястэчках, 37% — у гарадах У харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці колькасць дробных прадпрыемстваў вырасла з 7,8 да 17,1 тыс., рабочых на іх — з 2364 да 65,5 тыс., аб’ём вытворчасці — з 14 да 44 млн.руб. На базе рамесных майстэрняў узнікалі капіталіст. мануфактуры. За парэформенны час іх колькасць павялічылася з 140 да 760, сярод іх былі 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166 харчовых, на іх працавала 28,8 тыс. рабочых Характэрная рыса развіцця прамысловасці таго перыяду — хуткі рост фабрык і заводаў. У 1890-я г. фабрычна-заводскія прадпрыемствы давалі палавіну ўсёй прамысл. прадукцыі. Аднак узровень яе канцэнтрацыі на Беларусі быў ніжэйшы, чым у цэлым па Рас. імперыі. Тут пераважалі сярэднія і дробныя прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш за 50 чалавек. У канцы 19 ст. яны складалі 85,5% ад прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці (па Расіі — 70,5%). Але фабрык і заводаў, дзе працавала больш за 500 рабочых, было толькі 9, або 1% ад агульнай іх колькасці (па Расіі — 3,5%). Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне акц. кампаній. У канцы 19 ст. на Беларусі дзейнічала 10 акц. т-ваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы («Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Таварыства віцебскіх водаправодаў», бельгійскае акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш.).
Бел. прамысловасць спецыялізавалася на перапрацоўцы мясц.с.-г., лясной і мінеральнай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне пераважна ў сельскай мясцовасці. У парэформенны час у гарадах выраблялася каля 31% усёй прадукцыі. У час крызісу 1900—03 і дэпрэсіі 1904—08 бел. прадпрыемствы менш пацярпелі, чым у цэлым па Расіі. Наступны эканам. ўздым працягваўся да 1-й сусв. вайны. Сярэднегадавы рост фабрычна-заводскай прадукцыі за гэты перыяд склаў 13,9%. Вядучымі галінамі ў 1913 заставаліся харчовая прамысловасць (яе ўдзельная вага складала 26% ад аб’ёму буйной прамысловасці), лесанарыхтоўкі і сплаў (16,8%), дрэваапрацоўчая (16,1%), папяровая (7%), чыгуначныя і рамонтныя майстэрні (5,8%), шкляная (5,7%), тэкстыльная (4,8%), металаапрацоўчая (3,8%).
З пач. 20 ст. на тэр. Беларусі пачалі ўзнікаць прамысл. манапалістычныя аб’яднанні (напр., камітэт запалкавых фабрыкантаў Зах. краю, Віцебскі сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы). Развіццё прамысловасці спрыяла росту гар. насельніцтва, асабліва рабочых. У 1913 у Мінску дзейнічала 69 цэнзавых прадпрыемстваў (5 тыс. рабочых) у Віцебску — 45 (3,9 тыс.), у Гродне — 19 (2,3 тыс.). Прамысл. цэнтрамі станавіліся Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Орша. З 1900 да 1913 колькасць рабочых на прадпрыемствах павялічылася з 31 тыс. да 57 тыс., або на 76,6%. Агульная колькасць асоб наёмнай працы ў Беларусі дасягнула 514 тыс. чалавек.
За гады 1-й сусв. вайны галіновая структура прамысловасці Беларусі значна змянілася. Амаль спынілі дзейнасць вінакурна-гарэлачныя прадпрыемствы, скарацілі вытворчасць цагельна-чарапічныя, кафельныя, суконныя фабрыкі і заводы. Швейная, абутковая, ільнопрадзільная, тытунёвая, хім. і харч. галіны пачалі працаваць на патрэбы фронту. Вытворчасць прадукцыі для цывільнага насельніцтва рэзка скарацілася. Колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ў 1917 у параўнанні з 1913 ваўсх. частцы Беларусі скарацілася з 822 да 297, або ў 2,7 раза, вытворчасць прадукцыі на іх складала ўсяго 15—16% даваен. ўзроўню. Пасля грамадз. вайны і ваеннай інтэрвенцыі на Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% рабочых даваен. часу. Агульны аб’ём валавой прадукцыі ўсёй прамысловасці ў БССР у 1922 склаў каля 15—20% да ўзроўню 1913, амаль удвая скарацілася магутнасць мех. рухавікоў. Аднаўленне прамысловасці адбывалася ва ўмовах новай эканам. палітыкі, калі стымулявалася развіццё пераважна дробнай і сярэдняй прамысловасці, каап. прадпрыемстваў. Пад прыватныя кіраванне і здачу ў арэнду былі вернуты раней нацыяналізаваныя фабрыкі і заводы, на іх долю прыпадала да 25% прамысл. прадукцыі. Многія буйныя прадпрыемствы былі зняты з дзяржбюджэту і пераведзены на гаспразлік. Да 1925 валавая прадукцыя буйной прамысловасці ў БССР перасягнула ўзровень 1913 на 25,5%. Доля дзярж. сектара ў буйной прамысловасці ў пач. 1926 склала 96,8%. Значнае развіццё атрымала металаапрацоўчая галіна, вытворчасць якой з 1923 да 1925 павялічылася больш чым у 5 разоў Праведзены работы па электрыфікацыі: калі ў 1913 электрастанцыі меліся толькі ў Мінску, Магілёве, Полацку і Клімавічах, то ў 1925 яны былі ва ўсіх акруговых цэнтрах; у 1925—26 дзейнічала 40 электрастанцый. У дробнай прамысловасці ў 1926 было занята 73% рабочых, а па валавой прадукцыі на яе долю прыпадала каля 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі заставаліся харчовая, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, мінералаў. У 1920-я г. пачалося буд-ва шэрагу буйных прадпрыемстваў (Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, «Гомсельмаш», Магілёўская фабрыка штучнага шоўку і інш.).
У канцы 1920-х г. у прамысловасці БССР узяты курс на фарсіраваную індустрыялізацыю. За гады 1-й пяцігодкі (1928—32) агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі склаў 243 млн.руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў у 5,3 раза. З гэтай сумы на новае буд-ва было выдаткавана 58,8%, на расшырэнне і рэканструкцыю прадпрыемстваў — 38,6%. Асаблівая ўвага звярталася на развіццё такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная Адначасова планавалася развіццё машынабудавання для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці буд. матэрыялаў. Пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў. За гады 2-й пяцігодкі (1933—37) пабудавана 1700 заводаў і фабрык, каля 90 прадпрыемстваў рэканструявана. Сярод іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, трубаліцейны завод у Магілёве, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мінская ЦЭЦ-2. Узніклі новыя галіны прамысловасці. станкабудаванне, хімічная, с.-г. машынабудаванне, вытворчасць стандартных будынкаў і інш. Аб’ём прамысл. вытворчасці за гады даваен. пяцігодак па БССР павялічыўся больш, чым у 6 разоў (па СССР — у 7,7 раза). Колькасць рабочых на 1000 чалавек насельніцтва да пач. 1940 павялічылася ў параўнанні з 1926 у 9,1 раза (па СССР — у 4 разы). На долю БССР прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, больш за 10% станкоў. Па вытворчасці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку. Аднак у кіраўніцтве прамысловасцю ўсталяваліся цэнтралізм і валюнтарысцкія метады, эканам. стымулы і гасп. разлік пачалі саступаць месца каманднай эканоміцы, што зніжала тэмпы развіцця прамысловасці. Так, план па валавой прадукцыі ў 1-й пяцігодцы выкананы толькі на 79%, павялічыўся яе сабекошт Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці вырасла ўсяго на 15% замест 33, прадугледжаных планам. Склаўся эканам. механізм, які найперш забяспечваў выкананне колькасных паказчыкаў; якасць прадукцыі і фін. эфектыўнасць адыходзілі на другі план. Такое гаспадаранне абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў: у вытворчасць уцягваліся ўсё новыя дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, у 1926 налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых больш за 20 чал., у т. л. 19 — больш за 100 рабочых (шклозавод «Нёман» у Навагрудскім пав., запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, тытунёвая ф-ка ў Гродне, ф-ка гумавых вырабаў у Лідзе, фанерныя ф-кі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы і інш.). На іх было занята каля 8 тыс. рабочых. Да 1928 колькасць дзеючых у Зах. Беларусі прадпрыемстваў і занятых у іх рабочых наблізілася да ўзроўню 1913.
У час эканам. крызісу 1929—33 спынілі дзейнасць 230 прадпрыемстваў, колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася на 46%, прадукцыя прамысловасці — на 30—40%. Пасля эканам. крызісу ў заходнебел. індустрыі ўзмацніліся працэсы канцэнтрацыі вытворчасці. Калі ў 1928 на долю сярэдняй і буйной прамысловасці прыпадала 10,7% агульнай колькасці прадпрыемстваў і 66,1% рабочых, то ў 1938 — адпаведна 13,5 і 80,6%. Колькасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці і працуючых на іх у 1939 больш чым у 2 разы перавышала ўзровень 1913.
У пач.Вял.Айч. вайны адбылося перабазіраванне абсталявання прадпрыемстваў і маёмасці ў сав. тыл. З Беларусі на Урал, у Паволжа, Сярэднюю Азію і Сібір поўнасцю або часткова эвакуіравана абсталяванне больш як 130 заводаў і фабрык. У выніку вайны і акупацыі прамысловасці Беларусі прычынены велізарныя страты. Гітлераўцы знішчылі ці вывезлі ў Германію 10 338 прадпрыемстваў. На тэр. рэспублікі пасля яе вызвалення дзейнічала толькі 2% энергетычных магутнасцей. Прамысловасць адкінута да ўзроўню 1913. Аднаўленчыя работы пачаліся пасля вызвалення ўсх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943. Да мая 1945, калі завяршылася вайна, было ўведзена ў дзеянне 12 тыс.прамысл. аб’ектаў. Аднак аб’ём іх прадукцыі склаў толькі 20,4% даваен. ўзроўню, а прадукцыйнасць працы ў прамысловасці — 47%.
У пасляваенны перыяд адраджэнне прамысловасці ішло хуткімі тэмпамі. Ужо ў 1-м квартале 1949 прамысл. вытворчасць рэспублікі дасягнула ўзроўню 1940, а да канца 4-й пяцігодкі (1946—50) павялічылася ў параўнанні з даваен. часам на 15%, што было ў 5,7 раза больш, чым у 1945. Адначасова адбыліся значныя змены ў структуры прамысл. вытворчасці. Зніжалася ўдзельная вага пераважных да вайны галін — лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём металаапрацоўкі за гады 4-й пяцігодкі вырас у 2,4 раза, а прадукцыя машынабудавання — у 3,4 раза Колькасць рабочых і служачых павялічылася з 610 тыс. да 1038 тыс. чалавек, што склала толькі 19% даваен. перыяду. За 1945—50 у БССР пабудавана 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, у іх ліку Салігорскі калійны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы з-д, суперфасфатны з-д у Гомелі. Новыя прадпрыемствы будаваліся на даволі высокім узроўні тэхн. і тэхнал. аснашчанасці, што ў далейшым вызначыла адносна хуткія тэмпы яе развіцця і прыкметнае месца ў сістэме агульнасаюзнага падзелу працы.
У 1950—60-я г. прамысловасць развівалася і за кошт расшырэння дзеючых прадпрыемстваў, і за кошт буд-ва новых. За 5-ю пяцігодку (1951—55) асн.вытв. фонды прамысловасці павялічыліся на 64,6%, аб’ём прамысл. вытворчасці вырас у 2,1 раза. Высокімі тэмпамі нарошчваліся магутнасці машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1955 Беларусь давала 11,2% трактароў, 9,6% металарэзных станкоў, 3,9 % аўтамабіляў агульнасаюзнай вытворчасці. Расла і вытворчасць тавараў нар. спажывання. Выпуск прадукцыі харч. прамысловасці вырас у 1,8 раза, цукру — у 6,8, гадзіннікаў — у 2,8, тэлевізараў — у 28 разоў. У дзеянне ўведзены такія буйнейшыя прадпрыемствы, як Бярозаўская ДРЭС, Бел.аўтамаб., Мінскі маторны з-ды, Полацкі нафтаперапрацоўчы, 1-ы Салігорскі калійны камбінат, Светлагорскі з-д штучнага валакна і інш. Адбывалася далейшая канцэнтрацыя прамысл. вытворчасці, паглыбляліся спецыялізацыя і камбінаванне прамысловасці. На буйных прадпрыемствах, дзе колькасць работнікаў перавышала 1 тыс.чал., у 1965 выраблялася 48% усёй прамысл. прадукцыі і было занята 46% прамысл.-вытв. персаналу рэспублікі. З 1963 пачалі стварацца вытворчыя аб’яднанні. У 1965 14 аб’яднанняў ахоплівалі 47 прадпрыемстваў, дзе было занята 47 тыс. чалавек. У сярэдзіне 1960-х г. на прамысл. прадпрыемствах Беларусі дзейнічала каля 1000 паточных і 1748 паточна-механізаваных ліній.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. уведзена ў дзеянне больш як 170 фабрык і заводаў, у т. л. Беларускі шынны, Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінаты, Бел. металургічны і Аршанскі інструментальны з-ды, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харч. прамысловасці. Расла вытворчасць прадукцыі тых галін, якія вызначалі навук.-тэхн. прагрэс, асабліва прыладабудавання, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці, вытворчасці сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80-я г. вырасла з 5,5 да 16%, электроннай і радыётэхнічнай — з 11,3 да 25%. З 1970 па 1985 прамысловасць Беларусі асвоіла серыйны выпуск 2197 новых тыпаў машын, абсталявання, прылад, прыбораў, апаратаў і матэрыялаў. Сярод іх ЭВМ 3-га і 4-га пакаленняў, станкі з асабліва высокай ступенню дакладнасці, каляровыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі і інш. Да 1985 на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю пераведзена 227 прадпрыемстваў і 4100 вытворчасцей, цэхаў і ўчасткаў, дзейнічалі 8131 механізаваная і 1749 аўтаматызаваных ліній. У параўнанні з 1970 прадукцыя прамысловасці павялічылася больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3, вытворчасць прадметаў ужытку — у 2,6 раза. Гэтыя паказчыкі былі адны з самых высокіх у СССР. Разам з тым існуючы гасп. механізм з дырэктыўнымі метадамі кіравання, цэнтралізаваным планаваннем і размеркаваннем прадукцыі, жорсткай рэгламентацыяй дзейнасці прадпрыемстваў ператварыўся ў тормаз на шляху развіцця прадукцыйных сіл, перашкаджаў укараненню дасягненняў навук.-тэхн. рэвалюцыі ў вытворчасць. Тэрмін асваення і выпуску новай прадукцыі расцягваўся на дзесяцігоддзі, распрацоўкі бел. інжынераў і навукоўцаў хутчэй укаранялі за мяжой, чым у нашай краіне. У выніку тэмпы росту прадукцыі прамысловасці Беларусі знізіліся з 10,4% у 9-й пяцігодцы да 5,4% у 11-й, прадукцыйнасці працы — адпаведна з 7,4 да 5,3%.
У 1991—95 ва ўмовах крызісных з’яў у эканоміцы на 40,9% скараціўся аб’ём выпуску прамысл. прадукцыі, а з улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі ён скараціўся амаль удвая. На рэзкае абвастрэнне праблемы збыту прадукцыі негатыўна ўплывалі падаражанне матэрыяльных рэсурсаў, неплацяжы, нізкая канкурэнтаздольнасць прадукцыі ў выніку скарачэння інвестыцый у навуку, новыя тэхналогіі, страты традыц. рынкаў збыту.
У 2003 21,8% прамысл. прадукцыі прыпадала на долю машынабудавання і металаапрацоўкі, 17,2% — харч. прамысловасці, 12,1% — хім. і нафтахім., 7,3% — электраэнергетыкі, 6,3% — лёгкай, 5,4% — лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Рэфармаванне эканомікі, у т. л. прамысловасці Беларусі, выклікала яе адноснае ажыўленне. У 2000 перасягнуты паказчыкі дакрызіснага 1990 па аб’ёме вытворчасці прамысловасці. Каля 70% неабходных бел. прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі рэалізуецца на рынках 17 краін. Высокай застаецца колькасць стратных прадпрыемстваў — на 1.1.2003 іх доля складала 32,9%. З-за недахопу інвестыцый крытычнага ўзроўню дасягнула фіз. і маральная ўстарэласць актыўнай часткі асн. вытворчых фондаў (70—80%). У цэлым па краіне на 1.1.2003 узровень запасаў гатовай прадукцыі складаў 67% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў параўнанні з 63,8% на 1.1.2002. Найб. ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі прыпадала на прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (43,9%), хім. і нафтахім. (13,4%), лёгкай (12,9), харчовай (12,7%) прамысловасці. Найб. ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў у лёгкай (47,9%), буд. матэрыялаў (45,5%) і харч. (38,2%) прамысловасці. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг прамысл. прадпрыемстваў склала ў 2003 12,0% (гл.табл. 1) супраць 15,8% у 2000. Аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 32 382 млн.руб., у т. л. вытворчасць спажывецкіх тавараў — 10 316 млн.руб. Прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі ў параўнанні з 2002 павялічыўся больш чым напалову і склаў 2 834 млн.руб. (гл.табл. 1). Колькасць вырабленай прамысловымі прадпрыемствамі прадукцыі ў 2003 павялічылася на 107%, спажывецкіх тавараў на 107,8% (гл.табл. 2).
Для пераводу прамысл. комплексу Беларусі на сусв. ўзровень эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі патрабуецца кардынальная мадэрнізацыя вытв. фондаў на аснове найноўшых дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Перспектывы далейшага развіцця прамысловасці звязаны з рэалізацыяй мерапрыемстваў Канцэпцыі і Праграмы развіцця прамысл. комплексу Беларусі на 1998—2015. Яны накіраваны на ажыццяўленне карэннай рэканструкцыі вытворчасці, замену і мадэрнізацыю асн. абсталявання, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешнім і ўнутр. рынках, зніжэнне выдаткаў вытворчасці і павышэнне рэнтабельнасці на базе ўкаранення новых высокаэфектыўных відаў абсталявання і тэхналогій.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1981 гг.). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Никитенко П.Г. Интенсификация производства и фондоемкость продукции. Мн., 1981;
Шыбека З.В. Гарады Беларуси (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX ст.Мн., 2001;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
А.М.Сасім.
Беларускі металургічны камбінат. Электрасталеліцейны цэх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ale
1. але; ды; а;
nie czarny ale biały — не чорны, а белы;
nie tylko tu, ale i tam — не толькі тут, але і там;
byliśmy, ~ś ty nas nie widział — мы былі, але (ды) ты нас не бачыў;
2. але і, ну і;
~śmy się uśmiali! — але і (ну і) пасмяяліся;
każda rzecz ma swoje ale — ва ўсім ёсць сваё “але”;
ale też macie pomysły! — ну і ідэі ў вас!;
ale deszcz! — ну і дождж!
małe “ale” маленькае “але”
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
АМАТАРСКАЯ МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Аматарская мастацкая творчасць з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню маст.-эстэт. каштоўнасцей.
Маст. творчая дзейнасць народа ўключае ў сябе розныя віды і жанры аматарскай маст. дзейнасці. Паводле асн. жанравых кірункаў адрозніваюць калектывы тэатральныя (драматычны, муз., лялечны т-р, т-р паэзіі, пантамімы, мініяцюр і інш.), вакальна-харавыя (хор, ансамбль з акадэмічнай, нар. і эстраднай манерай выканання і інш.), харэаграфічныя (нар., класічны, бальны, эстрадны танец і інш.), муз.-інструментальныя (аркестры, ансамблі нар. інструментаў, духавой, эстраднай, джазавай музыкі і інш.), дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага кірункаў (студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі, ткацтва, фларыстыкі, апрацоўкі дрэва, скуры і інш.), фальклорныя, цыркавыя, фота-, слайд-, кіна-, відэастудыі, аматарскія аб’яднанні і інш.
Развіццю аматарскай маст. творчасці на Беларусі папярэднічалі культурна-асветныя арганізацыі «Пралеткульта» (1917). Тагачасная аматарская маст. творчасць набыла масавы і арганізаваны характар; агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася праз Наркамасветы Галоўпалітасветы БССР. У 1926—27 на Беларусі існавалі хаты-чытальні, чырвоныя куткі, нар. дамы, пры якіх ствараліся тэатр., харавыя, муз. гурткі. У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці аматарскіх калектываў створаны дамы нар. творчасці, з 1939 дзейнічаюць абл. дамы нар. творчасці, праводзяцца рэсп. алімпіяды і агляды. Развіццю аматарскіх калектываў розных жанраў спрыяла правядзенне усебел. алімпіяд рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935, 1936—37, 1938, 1939), алімпіяд чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), аглядаў самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939). Павышэнню маст.-эстэт. ўзроўню выканальніцкага майстэрства садзейнічала правядзенне Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940) і Усесаюзнага агляду маст. самадзейнасці (1940—41). Развіццю аматарскай творчасці садзейнічалі вядомыя дзеячы прафес. мастацтва, у т. л. Е.Міровіч, У.Галубок, Р.Шырма, Г.Цітовіч. У Вял.Айч. вайну існавалі франтавыя ансамблі і агітбрыгады, партыз.маст. самадзейнасць. Развіццё аматарскай творчасці пасля вайны пашырылася. У 1945 працавалі 2148 гурткоў (35,4 тыс. ўдзельнікаў), праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З сярэдзіны 1950-х г. рэгулярна праводзіліся агляды самадз.маст. творчасці. Мэтанакіравана праводзіліся агляды-конкурсы маст. творчасці: у 1949 — чыгуначнікаў і прамкааперацыі, у 1950 — драм. калектываў Мінска; у 1951 — навук. устаноў, прац. рэзерваў, прамысл. кааперацыі, рабочых, служачых і сельскай самадзейнасці; у 1953, 1960 — прамысл. кааперацыі, у 1963 — прадпрыемстваў мясц. прамысловасці.
У 1960 існавала 12,6 тыс. гурткоў аматарскай маст. творчасці ў клубных установах Міністэрства культуры БССР і сістэмы прафсаюзаў (191 тыс.чал.); з 1960 паявіліся самадз. цыркавыя калектывы. Лепшым калектывам аматарскай маст. творчасці надаецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978). Развіццю аматарскага мастацтва, росту майстэрства калектываў і асобных выканаўцаў садзейнічалі 3-я рэсп. дэкада нар. творчасці (1965), рэсп. фестывалі тэатр.самадз. мастацтва. У 1980-я г. амаль удвая вырасла колькасць гурткоў аматарскай маст. творчасці (у 1985—34,5 тыс. калектываў, 507 тыс.чал.). Усесаюзны агляд самадз.маст. творчасці 1983—85 вылучыў 227 маст. калектываў Беларусі, якія сталі яго лаўрэатамі.
З 1990-х г. у сучаснай аматарскай творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, што садзейнічае перадачы з пакалення ў пакаленне ўстойлівых форм нац. культуры (мовы, традыцый, абрадаў, звычаяў, этнічнай самасвядомасці і інш.). Значная колькасць аматарскіх калектываў належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (у 2004—18 044 калектывы, у т. л. 15 248 у вёсках), установам культуры клубнага тыпу інш. ведамстваў, якія з’яўляюцца цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сац.-культ. ініцыятыў, а таксама ўстановам культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (каля 1500) і навуч. установам краіны. Найменні «народны» і «ўзорны» нададзены больш як 1600 аматарскім калектывам, у т. л.ва ўстановах клубнага тыпу сістэмы Міністэрства культуры Беларусі функцыянуе каля 1090 такіх аматарскіх калектываў, з іх 187 на вёсцы (на канец 2002 каля 260 маст. калектываў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і 230 аматарскіх фарміраванняў сістэмы Міністэрства адукацыі маюць ганаровыя найменні). Сваю дзейнасць калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец., сярэдніх навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Ствараюцца па ініцыятыве грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, дзярж. органаў, а таксама органаў грамадскага самакіравання.
З мэтай стымулявання аматарскай маст. творчасці і далучэння да маст.-эстэт. каштоўнасцей розных груп насельніцтва праводзяцца святы, канцэрты, конкурсы, агляды і інш.сац.-культ. акцыі. Важным у стымуляванні і развіцці аматарскай творчасці з’яўляюцца міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі. Гал. аглядам стану аматарскай творчасці з’явіўся Першы фестываль нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (1997—1998), у мерапрыемствах якога прынялі ўдзел больш за 30 тыс. калектываў розных ведамстваў (500 тыс. чалавек), з якіх лаўрэатамі фестывалю сталі 95 калектываў і 55 выканаўцаў, 47 нар. майстроў.
Дасягненні аматарскай творчасці дэманструюцца на абл. і рэсп. аглядах, алімпіядах, конкурсах, выстаўках, фестывалях, дэкадах: міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» і «Сожскі карагод», рэсп. фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», фалькл. мастацтва «Берагіня», тэатр. мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні», усебел. фестывалі нар. гумару «Аўцюкі», міжнар. харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», нац. культур, у якім прымаюць удзел маст. калектывы і выканаўцы розных жанраў аматарскай творчасці і інш.
Дзейнасць аматарскіх калектываў рэгулюецца Законам «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб народным (узорным) самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь» (абодва 1999), пастановай «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (аб парадку надання звання, 2001). Агульнае інфармацыйна-метадычнае кіраўніцтва аматарскай маст. творчасцю забяспечваюць абл.навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці, раённыя арганізац.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асветнай работы. Бел.ін-т праблем культуры і Бел.ун-т культуры і мастацтваў праводзяць спец. даследаванні па праблемах бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, даследуюць яе ўнутрыжанравую праблематыку і пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўку кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўкі фестывальных тэхналогій і праблемы рэпертуару.
А.А.Макарава.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва развіваецца ва ўмовах традыц.нар. творчасці або акад. мастацтва ў працэсах спантаннай творчай актыўнасці чалавека ці арганізаванага грамадска-культ. руху. З 1910-х г. на Беларусі ствараліся гурткі і студыі пры заводах і фабрыках, установах, ваенных часцях, што паўплывала на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць твораў. З 1920-х г. ствараліся студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Гомелі, Оршы, Полацку, Гарадку. З відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. Рэгулярна праводзіліся выстаўкі твораў. У гады Вял.Айч. вайны мастакі-аматары ўдзельнічалі ў афармленні падп. перыядычных выданняў. Пасля вайны арганізацыяй самадзейных майстроў займаліся дамы нар. творчасці, з 1960-х г. — дамы маст. самадзейнасці. Рэгулярныя выстаўкі дэманстравалі разнастайнасць тэматыкі і новыя творчыя пошукі. У 1970-я г. аматарскае мастацтва дасягнула даволі высокага ўзроўню ў галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў творчасці І.Абраўца, Т.Агафоненкі, В.Альшэўскага, В.Аляксеенкі, Л.Галаенкі, Ф.Генкіна, П.Гольцава, Ф.Дудо, М.Ерафеева, М.Засінца, І.Кішкурна, М.Корабава, Г.Ганчаронка, С.Какшынскага, А.Пупко, В.Гаўрылюк, Дз.Цубера, Г.Асіпковай, Дз.Крупені, М.Міхеенкі, Ф.Сухавілы, С.Шаўрова, Б.Тарасенкі, С.Быка, Л.Трахалёвай, К.Арцёменкі і інш., творы якіх экспанаваліся не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Вялікае пашырэнне мелі студыі фотамастацтва. З пач. 1990-х г. пачала фарміравацца сетка новых тыпаў устаноў культуры, дзейнасць якіх накіравана на захаванне і засваенне розных відаў традыцыйнай культуры. Сярод іх вылучаюцца аднапрофільныя ўстановы — дамы (цэнтры) рамёстваў і школы нар. творчасці. Асн. мэта іх існавання — падтрымка і стварэнне ўмоў для натуральнага існавання рамесніцкіх традыцый, адраджэнне унікальных тэхналогій, вытв-сць вырабаў паводле мясц. узораў. Функцыянуе (2003) больш за 60 дамоў (цэнтраў) рамёстваў, у т. л. больш за 20 у Віцебскай вобл., якія акрамя практычнай выканаўча-творчай дзейнасці праводзяць навукова-даследчую, пошукавую (этнаграфічныя экспедыцыі), прапагандысцка-асветную (лекцыі, экскурсіі) работу. Калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных дамоў культуры, навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. У кожнай вобласці Беларусі дамы рамёстваў працуюць па асабістых кірунках і праграмах, але адзіным і гал. з’яўляецца далучэнне моладзі да вывучэння нац.культ. спадчыны. Пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі развіваюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, камп’ютэрам. Пашырыліся студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі і ткацтва, фларыстыкі, фотамастацтва, апрацоўкі дрэва і скуры і інш.
А.А.Макарава, Р.Ф.Шаура.
Музычная творчасць. Уключае розныя віды і жанры аматарскай муз. дзейнасці: дзіцячую, сямейную, студэнцкую самадзейнасць, аматарскія калектывы і асобных выканаўцаў, аб’яднанні і гурткі па захапленнях і інш. Бярэ пачатак у быт. і абрадавых карагодах і гульнях, калядных, валачобных, скамарохавых, батлеечных, вясельных і інш. выступленнях гуртоў, якія рыхтаваліся загадзя. Формы муз.самадз. мастацтва з’явіліся ў 19 ст. ў гар. асяроддзі, пазней — і на вёсцы. Пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. вадэвілі, муз. камедыі (С.Манюшкі і інш.) і інш. З 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый, муз. т-вы), этапам у яго развіцці сталі Бел. вечарынкі (з 1905). У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці калектываў ствараліся дамы нар. творчасці (з 1937 рэсп., з 1939 абл.), праводзіліся рэсп. алімпіяды і агляды. У гады Вял.Айч. вайны існавалі франтавыя і партызанскія ансамблі і агітбрыгады. У пасляваенны перыяд разам з ансамблямі песні і танца, харамі, з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Метадычную і практычную дапамогу ім аказвалі дамы нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы), рэсп. (1968) і абл. дамы самадзейнасці (з 1978 дамы аматарскай творчасці). У 1980-я г. амаль удвая павялічылася колькасць калектываў у параўнанні з 1960, іх колькасць у 1985 дасягнула 34,5 тыс. калектываў (507 тыс.чал.). Па выніках Усесаюзнага агляду самадз.маст. творчасці 1983 лаўрэатамі яго сталі 85 227 маст. калектываў Беларусі.
З 1990-х г. у аматарскай муз. творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, да здабыткаў акад. відаў і жанраў муз. мастацтва; характэрны ўплывы і сродкаў масавай інфармацыі (пераважна тэлебачання), пашыраюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, у т. л. камп’ютэрам (рок-музыка, дыска-клубы, камп’ютэрная графіка); адчувальныя ўплывы шоу-бізнесу і індустрыі масавага муз. забаўляння, што забяспечвае ёй шматмернасць, шматузроўневасць, дынамізм, з адначасовым уплывам гіст., этнарэгіянальных, эстэт., сац.-псіхалагічных, эканам. і інш. фактараў. Дынаміка развіцця розных відаў і жанраў аматарскай муз. творчасці адбываецца неаднолькава і абумоўлена рэгіянальнымі (гар. і вясковая культура) асаблівасцямі.
Дзейнічаюць аматарскія муз. калектывы на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайсковых часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Для іх характэрна жанравая разнастайнасць аб’яднанняў (клубы самадз. песні, класічнай музыкі, нар. песні, самадз. кампазітараў і паэтаў, арт- і джаз-клубы і інш.), якія ажыццяўляюць культ.-творчую і канцэртна-відовішчную дзейнасць.
Лепшыя аматарскія муз. калектывы адзначаюцца ганаровым найменнем «народны» (з 1960), дзіцячыя — «узорны» (з 1978). З 2001 самабытным аматарскім калектывам надаецца найменне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Яго атрымалі (2004) нар. — ансамбль вак.-харэагр. «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, фалькл. ансамбль «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай муз. школы, ансамбль бел. песні «Медуніца» Палаца культуры і тэхнікі рэсп. унітарнага прадпрыемства «Магілёўскае вытв. аб’яднанне «Хімвалакно», ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і нар. традыцый, ансамбль песні і танца «Спадчына» Палаца культуры г. Маладзечна, камерны аркестр «Рычэркар» і хар. капэла Рэсп. палаца культуры прафсаюзаў, фалькл. гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага Дома культуры Лельчыцкага р-на, драм.т-р «Відарыс» Барысаўскага гар. Палаца культуры і інш. Рэпертуар аматарскіх муз. калектываў складаецца пераважна з апрацовак бел.нар. песень, найгрышаў, мясцовага фальклору, а таксама твораў бел. кампазітараў.
На 2004 у дзярж. установах культуры Беларусі 7913 вак.-хар. калектываў (у т. л. 2746 дзіцячых), 956 інструментальных (з іх 299 дзіцячых): у Брэсцкай вобл. — 1896 вак.-хар., 265 інструментальных, у Віцебскай — 1702 вак.-хар., 131 інструментальны, у Гомельскай — 1180 вак.-хар., 140 інструментальных, у Гродзенскай — 1277 вак.-хар., 106 інструментальных, у Магілёўскай — 1177 вак.-хар., 95 інструментальных, у Мінскай — 1281 вак.-хар., 219 інструментальных.
На Беларусі праводзяцца шматлікія святы, конкурсы, агляды і інш.сац.-культ. акцыі, а таксама міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі аматарскага муз. мастацтва. Працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай муз. творчасці ідзе на рэсп. і мясц. узроўнях. Штогод праводзіцца каля 50 фестываляў: міжнар.нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр), харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель), рэсп. — «Берагіня», нар. гумару «Аўцюкі» (абодва Гомельская вобл.), нац. культур (г. Гродна), Усебел. фестываль нар. мастацтва «Беларусь — мая песня», рэгіянальныя фестывалі эстр. музыкі і спеваў, хар. мастацтва «Пеўчае поле», бардаўскай песні, сямейнай муз. творчасці і інш.
Навуковыя даследаванні бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, унутрыжанравай праблематыкі, пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўка фестывальных тэхналогій і рэпертуару — сфера дзейнасці бел. ін-та праблем культуры і ун-та культуры. Інфармацыйна-метадычную падтрымку забяспечваюць абл.навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і раён. арганізацыйна-метадычныя цэнтры культурна-асветнай работы. Падрыхтоўку кіраўнікоў і арганізатараў аматарскіх муз. калектываў ажыццяўляюць бел.ун-т культуры і мастацтваў, акадэмія музыкі, пед.ун-т, муз. вучылішчы, вучылішчы культуры і мастацтваў.
А.А.Макарава.
Ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раёна.Фальклорны ансамбль «Паазер’е» педагагічнага калектыву Пастаўскай дзіцячай музычнай школы.Народны камерны аркестр «Рычэркар» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.
Харэаграфічнае мастацтва. Да 20 ст. аматарскае харэаграфічнае мастацтва развівалася ў рэчышчы музычнага і тэатральнага аматарства. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы бел. вечарынак. Вял. значэнне мела дзейнасць Першай бел. трупы І.Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся і нар. танцы. З 1920-х г. развіццё танц. аматарства звязана з пачаткам сістэматычнага вывучэння і практычнага выкарыстання нац.танц. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. Напачатку танц. гурткі ўключалі ў свой рэпертуар папулярныя у народзе танцы, у якіх асноўныя выразныя сродкі, сюжэты і манера выканання захоўваліся ў першапачатковым выглядзе, без трансфармацыі.
Паступова выпрацоўваліся спосабы і метады сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэаграфічнага фальклору. У 1926 арганізаваны адзін з першых аматарскіх калектываў Беларусі — ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча, у рэпертуары якога былі нар. танцы «Крыжачок», «Лявоніха», «Лянок», «Мікіта», «Мяцеліца», «Таўкачыкі» і інш., па-мастацку апрацаваныя і трансфармаваныя па законах сцэны. У 1930-я г. на Беларусі ўзнікла шмат аматарскіх калектываў, рэпертуар якіх будаваўся на аснове нар. танцаў у сцэн. апрацоўцы. Уклад у працэс фарміравання асн. кірункаў інтэрпрэтацыі ўзораў нар. харэаграфіі зрабіў ансамбль танца Гомельскага палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1936, кіраўнік А.Рыбальчанка). У яго рэпертуары былі бел.нар. танцы «Мяцеліца», «Лявоніха», «Юрачка», «Чарот» і інш.; створана і шмат сцэн. твораў на тагачасную тэматыку: «Камсамол на будоўлі», «Новая вёска», «Калгасная полька», «Беларускія трактарысты» (балетмайстар К.Алексютовіч). У многіх калектывах працавалі прафес. харэографы, якія адыгралі станоўчую ролю ў творчым развіцці танц. аматарства і павышэнні ўзроўню рэпертуару. У даваенны перыяд быў закладзены фундамент для плённай дзейнасці аматарскіх танц. калектываў.
У пасляваенны перыяд ішло аднаўленне раней створаных і фарміраванне новых калектываў, сярод якіх нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ (з 1945), узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 (Брэст; з 1954), нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў (з 1956), узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў і «Лянок» Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (з 1958), узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» (Віцебск; з 1961). Узніклі таксама студыі і ансамблі класічнага, бальнага, гіст.-быт. і эстр. танца, у т. л.нар. студыя сучаснага бальнага танца «Мара» Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (з 1966). У 1960—70-я г. з’явіліся новыя самабытныя танц. калектывы, расла іх масавасць, узмацнялася арыентацыя на збліжэнне з прафес. мастацтвам, павышаўся ўзровень танц. культуры. У гэты перыяд у балетмайстарскай практыцы ствараліся таксама аўтарскія творы ў межах традыцыі бел. танца, тэматычныя кампазіцыі сюітнага тыпу, фалькл. танцы, апрацаваныя ў эстр. стылі. З 1960 лепшым дарослым калектывам надаецца ганаровае найменне «народны», а з 1978 дзіцячым — «узорны».
Уклад у развіццё тагачаснага аматарскага харэаграфічнага мастацтва Беларусі зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Вараб’ёў, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, Я.Штоп; засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія; засл. дз. культуры Беларусі С.Грабеншчыкоў, Н.Залеўская, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, В.Партной, І.Серыкаў, М.Чысцякоў; засл. работнікі культуры Беларусі Л.Барадулька, Ч.Клячко, Л.Лазарава, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, В.Ямінскі; а таксама А.Быковіч, Л.Тушынскі, З.Чарняўскі і інш.
З 1980-х г. у самадз. мастацтве з’явіліся танц. калектывы розных жанраў з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамблі танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (кіраўнік Г.Чорны), «Белая Русь» Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік А.Карповіч), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (кіраўнік В.Жыльцоў); «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў (кіраўнік Н.Парахневіч); вак.-харэаграфічны — «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (кіраўнік П.Свярдлоў); харэаграфічны — «Рунь» Дома культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» (кіраўнік В.Папоў); ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага каледжа мастацтваў (кіраўнік В.Гарэлава) і інш.
Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэаграфічнага фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыцыйнай у жанры нар.-сцэн. харэаграфіі да фольк-мадэрна, пошук новых форм і прыёмаў. Характэрная рыса сучаснага перыяду — плённае развіццё дзіцячай самадзейнасці: масавае адкрыццё дзіцячых харэаграфічных школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў Беларусі: узорны вак.-харэаграфічны ансамбль «Камарыкі» Палаца культуры вытв. аб’яднання «Нафтан» (Наваполацк; з 1970, кіраўнік Ч.Клячко); узорныя ансамблі танца «Светлячок» Палаца культуры энергетыкаў (Новалукомль; з 1977, кіраўнік Н. і А. Тамашавы), «Лялечкі» Абухаўскага Палаца культуры Гродзенскага р-на (з 1978, кіраўнік Н.Урукіна), «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэаграфічнай школы (з 1981, кіраўнікі І. і С. Дарохіны), «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» (Мінск; з 1983, кіраўнік Я.Гутман), «Жавароначкі» Палаца культуры «Сукно» (Мінск; з 1985, кіраўнік С.Аляксандраў), «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987, кіраўнік Н.Дзягель), «Весялушкі» Палаца культуры чыгуначнікаў (Орша; кіраўнік І.Стамінская); узорны харэагр. ансамбль «Раўніца» (абодва з 1993, кіраўнікі А.Цюцюноў і Н.Русакевіч) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у т. л. «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (з 1979, кіраўнік В.Буры), «Антрэ» (з 1992, кіраўнік С.Манзалеўскі), узорны т-рэстр.-спарт. танца «Каскад» Слонімскага раённага Дома культуры (з 1993, кіраўнік З.Пятроўская).
Сучаснае аматарскае харэаграфічнае мастацтва — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае фалькл.-этнаграфічныя ансамблі, ансамблі нар. танца, ансамблі і студыі класічнага, бальнага, эстр. і сучаснага танца. На 1.1.2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 2496 харэаграфічных калектываў (з іх 2007 дзіцячых). На 2004 ганаровыя найменні «народны» і «ўзорны» маюць 66 калектываў у Мінску і Мінскай вобл., 39 у Брэсцкай вобл., 23 у Віцебскай, 47 у Гомельскай, 22 у Гродзенскай, 36 у Магілёўскай вобл.
Папулярызацыі танц. мастацтва, выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: міжнар. фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у Гомелі, дзіцячай творчасці «Барысаўскі прыстанак» у Барысаве; абл. фестываль «Свята танца» ў Гродне, фестываль фальклору «Пінскі карагод», фестываль дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы фламінга» ў Гомелі і інш. Агляды аматарскіх харэаграфічных калектываў рэгулярна адбываюцца ў межах форумаў, прысвечаных нар. творчасці. Бел.танц. калектывы ўдзельнічаюць і ў фестывалях фальклору за мяжой. Кіраўнікоў харэаграфічных калектываў рыхтуюць у вучылішчах мастацтваў Беларусі, на кафедры харэаграфіі Бел. ун-та культуры і мастацтваў.
С.В.Гуткоўская.
Народны ансамбль танца «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў.Узорны ансамбль танца «Весялушка» дзіцячай харэаграфічнай школы г. Мінска.Узорны ансамбль танца «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі.
Аматарскі тэатр. Існаваў з сярэдзіны 18 ст. пры дварах магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, ва ўладаннях С.Зорыча, Чарнышова, дзе наладжваліся сцэнічныя паказы з нагоды свят, сямейных урачыстасцей, прыезду ганаровых гасцей. У пач. 19 ст. аматарскі тэатр быў пашыраны ў гарадах сярод гар. шляхты, спектаклі мелі публічны характар, нярэдка наладжваліся з дабрачыннымі мэтамі. У 1850-я г. ў арганізацыі аматарскіх спектакляў прымалі ўдзел разначынцы, дэмакратычныя слаі насельніцтва. Ставіліся п’есы А.Фрэдра, Ю.Кажанёўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш. У 2-й пал. 19 ст. існавала сетка аматарскіх калектываў, якая ахоплівала ўсе бел. губерні. Створаны буйныя аматарскія аб’яднанні: Мінскае муз.-літ.т-ва (1880), Гродзенскае літ.-муз.т-ва (1883), Полацкі (1884), Брэсцкі (1885), Гомельскі (1891) і Бабруйскі (1892) муз.-драм. гурткі, Магілёўскае муз.-драм.т-ва (1886), Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898), Гомельскае муз.-драм.т-ва (1908) і інш. У пач. 20 ст. існавалі драм. калектывы пры «нар. дамах» (Магілёўскі аматарскі тэатр, 1900—04) і чайных Т-ваў папячыцельства нар. цвярозасці, дзейнасць якіх мела культ.-асв. характар. Пад уздзеяннем нац.-вызв. руху наладжваліся бел. вечарынкі, тэатр. паказы на бел. мове ў Радашковічах, на хутары Пятроўшчына, в. Станькава на Міншчыне, у Карэлічах, в. Кленікі на Гродзеншчыне, Гродне, Капылі, Давыд-Гарадку і інш. У гісторыі аматарскага тэатра пакінулі след Гродзенскі гурток бел. моладзі, Бел. навукова-літ. гурток студэнтаў у Пецярбургу, шматлікія вучнёўскія і студэнцкія гурткі. Вял. ролю ў развіцці аматарскага тэатра адыграла газ. «Наша ніва», у якой даваліся парады бел. аматарам, асвятлялася іх дзейнасць, друкаваўся рэпертуар. Пасля Кастр. рэвалюцыі развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі культ.-асв. арганізацыі пралеткульта, якія наладжвалі тэатр. паказы на рэв. тэмы, стварылі сетку тэатр. гурткоў, нар. тэатраў, рабочых клубаў, студый, агітпунктаў. Клубы творчай інтэлігенцыі існавалі ў Мінску («Беларуская хатка»), Гомелі, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), Дзісне, Радашковічах, Будславе (Мядзельскі раён), в. Хаценчыцы (Вілейскі раён) і інш.; аматарскія калектывы дзейнічалі ў Мінску (маладзёжны гурток «Вянок», Бел. вучнёўская грамада з драм. секцыяй, гурток бел. моладзі імя С.Булата), Мазыры, Капылі, Дукоры, в. Блонь (Пухавіцкі раён), Мікалаўешчыне (Стаўбцоўскі раён). Развівалася сельская тэатр. самадзейнасць. Ажывілася дзейнасць аматарскіх тэатраў на прадпрыемствах буйных гарадоў, у т. л. Аршанскага нар. тэатра Дома культуры чыгуначнікаў. У сярэдзіне 1920-х г. пашырыліся тэатралізаваныя прадстаўленні — «жывая газета», на базе якой створаны агіттэатр «Сіняя блуза», традыцыі якой працягвалі тэатры рабочай моладзі. Аматарскае мастацтва падтрымлівалі дзеячы прафесійнага мастацтва (У.Галубок, Е.Міровіч і інш.). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы). Росту майстэрства калектываў спрыялі агляды аматарскага мастацтва: Усебел. алімпіяды рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935—39), алімпіяды чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), агляд самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939), рэсп. агляд аматарскай творчасці ў перыяд падрыхтоўкі да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), Усесаюзны агляд маст. самадзейнасці (1940—41). У 1920—30-я г. прыкметнага росту дасягнуў аматарскі тэатр у Зах. Беларусі. У Вільні дзейнічалі Бел.муз.-драм. гурток, Бел.драм. майстроўня, тэатр. гурток бел. гімназіі. Існавалі аматарскія калектывы ў Навагрудку, Слоніме, Івянцы, вёсках Нягневічы (Навагрудскі раён), Загор’е і Заполле (Карэліцкі раён), т-ва працаўнікоў бел. тэатра ў Беластоку.
У Вял.Айч. вайну тэатр. гурткі дзейнічалі ў партыз. атрадах і брыгадах, сярод насельніцтва партыз. зон. У пасляваенны час аднавілі дзейнасць даваенныя гурткі, ствараліся новыя. У сак. 1945 адбыўся 1-ы пасляваенны рэсп. агляд аматарскага мастацтва. Праводзіліся спецыялізаваныя агляды маст. самадзейнасці. У 2-й пал. 1960-х г. створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 міжсаюзныя дамы самадзейнай творчасці). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі Дэкада самадзейнага тэатр. мастацтва Беларусі (1958), 3-я Рэсп. дэкада нар. творчасці, рэсп. фестывалі тэатр. самадзейнага мастацтва (1967—73), 1-ы Усесаюзны фестываль самадзейнай маст. творчасці працоўных (1975—77), Рэсп. конкурс нар. самадзейных драм. калектываў на лепшы спектакль сезона (1980), Рэсп. агляд-конкурс нар. і ўзорных самадзейных драм. калектываў, агітбрыгад і агіттэатраў, тэатраў чытальніка і індывідуальных чытальнікаў-выканаўцаў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа (1982), Усесаюзны агляд самадзейнай маст. творчасці, прысвечаны 40-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне (1983—85), фестывалі Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі «Рампа дружбы» (з 1978), рэсп. фестывалі аматарскага тэатр. мастацтва: прысвечаны А.Макаёнку (Мазыр, 1993), «Гасціны ў Галубка» (Баранавічы, 1995), «Беларусь — мая песня» (з 1998, па абласцях), «Тэатральныя скрыжаванні» (з 2000). На 2004 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 3444 тэатр,драм. гурткі, у т. л. 2054 — дзіцячыя; 256 драм. тэатраў, тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш. маюць ганаровае найменне «народны» ці «ўзорны», нар. тэатру «Відарыс» (г. Барысаў) нададзена найменне «заслужаны». З іх 130 тэатраў функцыянуюць у сістэме Мін-ва культуры, 50 — у Федэрацыі прафсаюзаў, 76 — у сістэме адукацыі.
Ю.А.Пашкін, І.В.Пыж.
Сцэна са спектакля «NN» паводле Т.Уільямса Мінскага народнага тэатра-студыі «На балконе».Сцэна са спектакля «Дванаццаць месяцаў» С.Маршака Рэчыцкага народнага тэатра гарадскога Дома культуры.
Аматарскае кіно. З канца 1950-х г. аматарскія кінастудыі ствараліся пры палацах культуры, клубах, прадпрыемствах, у навуч. установах, калгасах і саўгасах. У 1962 пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі створана секцыя па працы з кінааматарамі. Больш актыўна аматарскае кіно развівалася ў 1960-я г. Сярод найб. значных кінастудый мінскіх заводаў — «МАЗ-фільм» аўтамабільнага, «Трактар» трактарнага, «Мікрахолад» (пазней «Сапфір») халадзільнікаў; «Маналіт» інтэрната Мінскага камбіната індустрыяльнага домабудаўніцтва (усім у 1970-я г. нададзена ганаровае найменне народных). Кінастудыі існавалі пры Мінскім мотавелазаводзе, Светлагорскім заводзе штучнага валакна, шклозаводзе «Залессе» Вілейскага раёна, Віцебскім дывановым камбінаце, «Мінскпраекце», БПІ, Гродзенскім пед. ін-це, Акруговым Доме афіцэраў, а таксама пры гарадскіх і раённых палацах культуры, дамах нар. творчасці, палацах і дамах піянераў, сельскіх клубах (у некаторых як фотакінагурткі). Найб. вядомыя з іх: кінастудыя «Летапіс» раённага Дома культуры г. Талачын (з 1965), кінастудыі Магілёўскага Дома культуры чыгуначнікаў, Бел. палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага Палаца піянераў і інш. Здымалі стужкі пра гісторыю і дзейнасць сваіх прадпрыемстваў, навучальныя, відавыя, турысцкія, асобныя ігравыя і анімацыйныя фільмы. Бел. кінааматары ўдзельнічалі ва Усесаюзных (з 1959) і рэсп. (1960—88) фестывалях аматарскіх фільмаў. У 1970-я г. на Бел. тэлебачанні існавала перадача «Мы і наша кінакамера» (вядучы — рэж. А.Канеўскі). Некаторыя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі (В.Рубінчык, В.Дудзін, В.Каралёў). У 2-й пал. 1980-х г. рух аматарскага кіно знізіўся. Некаторыя аматарскія кінастудыі пераўтварыліся ў рэкламныя і інфармацыйныя службы, большасць — у аматарскія відэа- і тэлестудыі. На 1.1.2004 дзейнічаюць студыі: «МАЗ-фільм», «Кадр» Рэсп. цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, сярэдняй школы № 4 і «Сінема» (усе ў Мінску), Барысаўскага завода агрэгатаў, «Летапіс» Талачынскага гар. Дома культуры, «Нэкст» і тэлестудыя «Вектар ТБ» у г. Наваполацк, «Белая Русь» у г. Светлагорск, у г. Слонім; Магілёўскага абласнога навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культ.-асветнай працы, «Эксперымент» у г. Крычаў. Перыядычна працуюць індывідуальныя кінааматары. Па ініцыятыве незалежнай відэакінастудыі «Таццяна» разам з Бел. саюзам кінематаграфістаў у 1996—2004 праведзены 8 нац. кінафестываляў аматарскіх фільмаў.
Макарава А., Сівурава Л. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый у самадзейнай мастацкай творчасці // Весн. Бел.дзярж. ін-та праблем культуры за 1998 г.: Навукова-метад. зб.Мн., 1999;
Скараходаў У.П., Пыж І.В. Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння. Мн., 2003;
Статыстычны партрэт культуры Беларусі: Агляд тэатр.-відовішчных і культ.-асветніцкіх устаноў сістэмы М-ва культуры Рэсп. Беларусь. Мн., 2003;
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi), Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi),
дзяржава ваУсх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ваУсх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ваУсх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДОВАЯ СІСТЭМА
Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам, утвораным ва ўстаноўленым парадку, і ажыццяўляецца незалежна ад заканад. і выканаўчай улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй сістэму агульных судоў, якая будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, утвараюць Вярх. суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гасп. судоў адносяцца: Вышэйшы гасп. суд, гасп. суды абласцей і прыраўнаваныя да іх суды, гасп. суды гарадоў і раёнаў. У сістэме агульных і гасп. судоў дапускаецца ўтварэнне спецыялізаваных калегій, а ў прадугледжаным законам парадку — спецыялізаваных судоў: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя і інш. Утварэнне надзвычайных судоў у Беларусі забараняецца.
Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі, законаў «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 (у рэдакцыі закона 7.6.1996), «Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь» ад 5.6.1991 (у рэдакцыі закона 9.7.1997) і іншых актаў заканадаўства. Яно будуецца на пачатках роўнасці грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месца жыхарства і інш. абставін. Грамадзяне маюць права на судовую абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды, а таксама на абарону ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. Суды ўтвараюцца на асновах выбарнасці і прызначальнасці суддзяў. Суддзёй можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы на юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Кандыдаты на пасады суддзі абласнога, Мінскага гарадскога, Бел. ваеннага судоў павінны мець стаж работы ў якасці суддзі не менш за 3 гады, суддзі Вярх. суда — не менш як 5 гадоў. Суддзі не могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, выконваць інш. аплачваемую работу (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай). Старшыні і суддзі Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда назначаюцца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі, суддзі раённых (гарадскіх), ваенных, гасп. і спецыялізаваных судоў назначаюцца Прэзідэнтам.
Арганізацыя і дзейнасць суд. улады заснаваны на прынцыпах незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя, нязменнасці суддзяў (назначэнне пасля першых 5 гадоў работы пажыццёва, удзел у выкананні правасуддзя прадстаўнікоў грамадзян у якасці нар. засядацеляў), асабістай недатыкальнасці суддзяў. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты, акрамя выпадкаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам аховы дзярж. тайны, а таксама ў інш. прадугледжаных заканадаўствам выпадках. Закрытыя суд. пасяджэнні дапускаюцца па матываваным вызначэнні суда аб злачынствах асоб, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах, а таксама па інш. справах з мэтай прадухілення выдавання інфармацыі, што датычыць інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганьбіць іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Асобам, што ўдзельнічаюць у справе і не валодаюць мовай, на якой вядзецца працэс, забяспечваецца права азнаямлення з усімі матэрыяламі справы, удзел у суд. дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове. У судаводстве грамадзяне маюць права на кваліфікаваную юрыд. дапамогу. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Суд. пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб. Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і інш.суд. пастаноў. Праявы непавагі да суда з боку службовых асоб або грамадзян, якія прымаюць удзел у справе, прысутнічаюць у суд. пасяджэнні, цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Раённыя (гарадскія) суды складаюцца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых судаводствах. Яны разглядаюць усе грамадз.крымін. і адм. справы, за выключэннем аднесеных законам да кампетэнцыі інш. судоў, матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, а таксама ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі.
Абласныя і Мінскі гарадскі суды складаюцца са старшыні і нам. старшыні суда, суддзяў і дзейнічаюць у складзе суд. калегій і прэзідыумаў судоў. Яны разглядаюць у межах сваіх паўнамоцтваў справы ў якасці суда першай інстанцыі, у касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях; ажыццяўляюць нагляд за суд. дзейнасцю раённых (гарадскіх) судоў, аказваюць ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, аналізуюць суд. статыстыку.
Міжгарнізонныя ваенныя суды ўтвараюцца Прэзідэнтам з улікам колькасці і дыслакацыі вайсковых часцей Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь і інш.вайск. фарміраванняў паводле сумеснага прадстаўлення міністра юстыцыі і Старшыні Вярх. суда Рэспублікі Беларусь. Яны разглядаюць грамадз. справы па ісках, што ўзнікаюць з адносін вайск. службы, крымін. справы аб усіх злачынствах, учыненых асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Бел. ваенны суд, які дзейнічае ў складзе суд. калегій, ажыццяўляе нагляд за суд. дзейнасцю міжгарнізонных судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, разглядае ў межах сваіх паўнамоцтваў канкрэтныя справы.
Правасуддзе і нагляд за суд. дзейнасцю агульных судоў у парадку, устаноўленым законамі, ажыццяўляе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ён дзейнічае ў складзе калегій па грамадз. і па крымін. справах, ваеннай калегіі, прэзідыума і пленума Вярх. суда. Вярх. суд разглядае справы ў касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда першай інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законамі, ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Вярх. суду належыць права заканад. ініцыятывы ў Нац. сходзе Рэспублікі Беларусь.
Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі правасуддзе ў галіне эканам. адносін, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, аднастайнае і правільнае прымяненне заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак, прадухілення парушэнняў законнасці ў эканам. адносінах і дагаворных абавязацельстваў, рыхтуе прапановы па ўдасканаленні гасп. заканадаўства.
Будынак Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬТА (Malta),
Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр.ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г.Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ралют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.
Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх.ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1995). Каля 10 тыс.ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).
13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс.дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн.дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сцьпрамысл.хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс.га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.
Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс.км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд.дол., імпарт — 2,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Па асаблівасцях прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэр. Беларусі вылучаны 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.
Вобласць Беларускага Паазер’я вызначаецца пашырэннем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, мноствам азёр і бяссцёкавых катлавін. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, а ўзнятыя краі створаны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зледзянення, якія цягнуцца і па-за межы Беларусі — на тэр. Расіі і Літвы. Паўд. мяжа вобласці ў асноўным супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва. Абсалютныя адзнакі вышынь у цэнтр. частцы 120—160 м, па далінах рэк — 100—125 м. Больш узвышаная ўсх. частка (вышэй за 150 м). Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць 200—260 м над узроўнем мора, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 м. Даволі шырока прадстаўлены формы краявога ледавіковага рэльефу — грады, увалы, узгоркі; найб. вялікія з іх Браслаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае ўзвышшы і Свянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзелены азёрна-ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраны ўздоўж даліны Зах. Дзвіны і ў басейне р. Лучоса. Іх паверхня найб. паніжана на З. Знешнюю аднастайнасць азёрна-ледавіковых нізін парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 м, зрэдку 15—20 м, озавыя грады вышынёй 10 м, зрэдку да 30 м. Характэрны таксама ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 м. Да краявых частак былых прыледавіковых басейнаў прымеркаваны плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з дакладна выяўленым уступам. Па перыферыі Полацкага і Лучоскага прыледавіковых азёр і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраны флювіягляцыяльныя дэльты вышынёй 2—10 м. Каля берагавых зон сустракаюцца своеасаблівыя кальцавыя формы рэльефу — пінго (гідралакаліты, булгуняхі). Тэр. Беларускага Паазер’я дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць да басейнаў Зах. Дзвіны і Нёмана. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія. Паазер’е налічвае каля 3 тыс. азёр. Катлавіны іх маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, экзарацыйнае, тэрмакарставае, эразійнае і складанае) і дасягаюць максімальных для Беларусі памераў.
Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град характарызуецца развіццём найб. магутных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. На краявых утварэннях часта сустракаюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана пашырэнне яроў і суфазійных западзін. Даліны рэк выпрацаваныя, але сустракаюцца вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Абсалютныя адзнакі вышынь дасягаюць 200—250 м. Самыя высокія — г. Дзяржынская (345 м), г. Лысая (342 м). Паводле будовы рэльефу вобласць падзяляецца на падвобласці: Заходне-Беларускую (характэрны найбольшыя абсалютныя і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, шматлікія гляцыядыслакацыі) і Усходне-Беларускую (рэльеф пераважна платопадобны, зніжаюцца абсалютныя вышыні і памяншаецца гарызантальная і вертыкальная расчлянёнасць). Асноўная прычына — розніца ў тэктанічнай будове. Зах. частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынаміцы ледавікоў. Найб. абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Мінскае, Навагрудскае, Слонімскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і інш. ўзвышшы, Капыльскія, Ашмянскія грады). Амаль для ўсіх краявых узвышшаў характэрны развіццё гляцыядыслакацый, адорвеняў мелавых і іншых парод. Асабліва вялізныя гляцыядыслакацыі выяўлены ў межах Гродзенскага, Ваўкавыскага і Мінскага ўзвышшаў. Значныя плошчы заняты марэннымі раўнінамі з абсалютнымі вышынямі 145—190 м. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы, сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод, якія месцамі наследуюцца невялікімі рэкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 м. На марэннай раўніне ваўсх. частцы Беларусі нярэдка залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла шырокае развіццё яроў, лагчын, прамывін, урэзаных на глыбіню да 20—30 м, суфазійных западзін дыяметрам 100—200 м і глыбінёй да 2—3 м. Ніжэй марэннай раўніны амаль усюды пашыраны ўчасткі флювіягляцыяльных паверхняў з абсалютнымі вышынямі 135—170 м і ваганнямі адносных — 3—5 м. На асобных участках захаваліся забалочаныя і зарастаючыя азёрныя катлавіны. Характэрнымі элементамі рэльефу з’яўляюцца эолавыя грады і ўзгоркі, лагчыны сцёку, месцамі моцна забалочаныя. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вобласці займаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны, плошчы якіх невялікія. Гідрасетка адносіцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёр на тэр. вобласці параўнальна мала.
Вобласць раўнін і нізін Перадпалесся з’яўляецца пераходнай араграфічнай ступенню паміж узвышшамі цэнтр. Беларусі і Палескай нізінай. Сучасны рэльеф утварыўся ў выніку акумулятыўнай, экзарацыйнай і дыслацыруючай дзейнасці ледавікоў у сожскі і дняпроўскі час. Пашыраны зандравыя (флювіягляцыяльныя) раўніны, якія акаймоўваюць з Пд пояс буйнейшых на тэр. краіны ўзвышшаў і град. Краявыя комплексы пашыраны на невялікіх плошчах і маюць абсалютныя адзнакі вышынь 170—200 м, радзей 210—220 м. Ніжэй размешчаны ўчасткі марэнных раўнін з абсалютнымі вышынямі 160—180 м. Іх рэльеф спадзістахвалісты з ваганнямі адносных вышынь да 2—3 м, зрэдку дробнаўзгорысты з ваганнямі вышынь да 5—7 м. Ваўсх. частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваюцца суфазійныя западзіны і ярыста-лагчынная сетка. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод. Ніжэй марэннай раўніны — участкі флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, якія на тэр. Перадпалесся з’яўляюцца пераважнымі. Іх спадзістахвалістая паверхня мае абсалютныя вышыні 140—180 м, часта моцна забалочаная. Сустракаюцца асобныя грады краявога рэльефу, камы і озы вышынёй да 5—7 м. Дадатныя формы рэльефу таксама утвораны эолавымі працэсамі (вышыня град і дзюн не перавышае 10 м). Ваўсх. частцы вобласці водна-ледавіковыя адклады перакрыты лёсападобнымі, у сувязі з чым тут пашыраны суфазійныя западзіны, ярыста-лагчынныя сістэмы. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя западзіны і затарфаваныя лагчыны сцёку. Многія лагчыны ўнаследаваны рэкамі. Ніжэй флювіягляцыяльных раўнін і нізін паўсюдна сустракаюцца плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні з абсалютнымі вышынямі 130—160 м. Шмат рэшткавых зарастаючых азёр, зрэдку трапляюцца эолавыя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 м. Тэр. Перадпалесся дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, у меншай ступені Зах. Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. Азёр мала.
Вобласць Палескай нізіны вызначаецца шырокім развіццём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Узвышаныя ўчасткі краявых ледавіковых утварэнняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнін (за выключэннем Мазырскага ўзвышша і Загароддзя) маюць абмежаванае пашырэнне, але ўтвараюць выцягнутыя ў субшыротным напрамку палосы, якія надаюць рэльефу Палесся хвалісты характар. Рачныя даліны шырокія, поймы дасягаюць значных памераў. Паводле тэктанічнай будовы вобласць падзяляюць на 2 падвобласці: Беларускае Палессе (сфарміравалася пераважна на тэр. з адносна глыбокім заляганнем крышталічных парод) і Украінскае Палессе (характарызуецца больш высокім заляганнем крышталічнага фундаменту). Каркас рэльефу, яго хвалістасць створаны ў асноўным ледавіковымі працэсамі дняпроўскага часу; ва ўтварэнні паўн. краю нізіны прымаў удзел ледавік сожскага часу, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Максімальныя абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ўтварэннямі, сярод якіх вылучаюцца Мазырскае ўзвышша і Загароддзе. У межах Мазырскага ўзвышша абсалютныя вышыні дасягаюць максімальных для Палесся адзнак — 220,7 м (каля в. Булаўкі Мазырскага р-на), а адносныя вышыні — да 80 м. Характэрная асаблівасць Мазырскага ўзвышша — інтэнсіўная расчлянёнасць ярыста-лагчыннай сеткай (20—30 шт./км²). Найбуйнейшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 м. Для краявых ледавіковых утварэнняў Загароддзя характэрны градавы рэльеф з плоскімі вяршынямі і спадзістымі схіламі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—175 м, адносныя — 10—15 м. Ніжэй краявых ледавіковых утварэнняў размешчаны спадзістахвалістыя марэнныя раўніны з абсалютнымі вышынямі 150—160 м (распаўсюджаны абмежавана). Ярусам ніжэй (125—150 м) пашыраны спадзістахвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя раўніны і нізіны. На флювіягляцыяльных паверхнях шмат эолавых узгоркаў, град, дзюн вышынёй да 10 м, палёў перавеяных пяскоў. Найб. нізкі ярус займае плоская, участкамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-алювіяльных забалочаных нізін, сярод якіх размешчаны зарастаючыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёр. Тэр. Палескай нізіны дрэніруецца пераважна рэкамі басейна Прыпяці і ў меншай ступені прытокамі Сажа, Дняпра і Буга.
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Палеогеография кайнозоя Беларуси. Мн., 2002.
А.В.Мацвееў, Л.А.Нечыпарэнка.
Лагчынна-градавы рэльеф Свірскай грады.Мінскае ўзвышша.Мелавы кар’ер каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.Градава-лагчынны рэльеф Лагойскага ўзвышша.Прыбугская раўніна.Пясчаныя дзюны на тэрасах р. Прыпяць.Пясчаны пляж на пойме р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫЯ АСНОВЫ ДЗЯРЖАВЫ І ГРАМАДСТВА
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, замацаваны асн. прынцыпы, формы грамадскага і дзярж. ўладкавання, парадак фарміравання органаў дзярж. улады, мясц. кіравання і самакіравання, іх узаемаадносін з інстытутамі грамадз. супольнасці. Паліт. сістэма бел. грамадства ўяўляе сабой сукупнасць дзярж. органаў, паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, пры дапамозе якіх народ ажыццяўляе сваю ўладу і кіруе справамі грамадства і дзяржавы. Эканам. сістэма вызначаецца існуючымі формамі ўласнасці, правіламі размеркавання грамадскага прадукту, мэтамі грамадскай вытворчасці і кіравання эканомікай краіны. Сац. сістэму складаюць розныя групы і супольнасці, утвораныя па прафес., дэмаграфічных, этнічных, сацыякульт., канфесійных і інш. прыкметах, а таксама арганізацыі, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэмы пенсіённага забеспячэння, страхавання, аховы здароўя, адукацыі, культуры і г.д.). Характар і змест гэтых гал. элементаў структуры і жыццядзейнасці грамадства вызначаюць найб. важныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі — асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.
Паводле Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Гэта адзінае, цэласнае дзярж. ўтварэнне, якое складаецца з адм.-тэр. адзінак, падпарадкаваных цэнтр. органам улады; у краіне дзейнічае адна Канстытуцыя, адзіная сістэма заканадаўства і суд. арганізацыі, адзінае грамадзянства, адзін заканад. орган (парламент). Дэмакр. асновы бел. дзяржаўнасці прадугледжваюць народаўладдзе, разнастайнасць паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, мясц. самакіравання. Сац. накіраванасць дзяржавы выражаецца ў гарантаванасці кожнаму чалавеку годнага ўзроўню жыцця, стварэнні належных умоў для бесперашкоднай рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на працу, сац. забеспячэнне, адукацыю, ахову свайго жыцця і здароўя. Прававы характар дзяржавы грунтуецца на безумоўным выкананні Канстытуцыі, раздзяленні ўлад, роўнасці ўсіх перад законам і судом. Рэальнае валоданне дзяржавай вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойнасць у ажыццяўленні ўнутр. і знешняй палітыкі азначае наяўнасць дзярж. суверэнітэту як неад’емнай уласцівасці і ўмовы яго правасуб’ектнасці на міжнар. арэне. Адсюль неабходнасць абароны незалежнасці і тэр. цэласнасці Беларусі, яе канстытуцыйнага ладу, забеспячэння законнасці і правапарадку.
Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі. Устанаўліваецца адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай — за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй. Адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя (парламент, Саветы дэпутатаў) і інш. сфарміраваныя ім органы, праз мясц. самакіраванне. Вышэйшым непасрэдным выражэннем улады народа з’яўляюцца рэферэндум (нар. галасаванне) і выбары. Выяўленню і выказванню паліт. волі грамадзян садзейнічаюць паліт. партыі і інш. грамадскія арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, фарміраванні грамадскай думкі па актуальных праблемах жыццядзейнасці грамадства. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа быць узведзена ў ранг дзярж., г.зн. абавязковай для ўсіх грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый, а таксама інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзярж. ўлада ажыццяўляецца на аснове падзелу на заканад., выканаўчую і судовую. Органы ўсіх галін улады незалежныя і самастойныя ў сваёй дзейнасці, яны закліканы стрымліваць і ўраўнаважваць адзін аднаго. У Беларусі ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права: дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права і забяспечвае адпаведнасць ім свайго ўнутр. заканадаўства. Яна з’яўляецца ўдзельніцай такіх універсальных дакументаў, як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948), Міжнар. пакт аб грамадз. і паліт. правах (1966), Міжнар. пакт аб эканам., сац. і культ. правах (1966) і шэрагу інш. У адпаведнасці з нормамі міжнар. права Беларусь можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Міжнар. дагавор Рэспублікі Беларусь, які набыў сілу, валодае юрыд. вяршэнствам у адносінах да іншых падканстытуцыйных актаў (законы, дэкрэты, указы, пастановы і г.д.).
З мэтай эфектыўнай арганізацыі дзярж. кіравання і мясц. самакіравання тэр. краіны падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі (вобласці, раёны, гарады, пасёлкі, сельсаветы і інш.). Асн. прынцып адм.-тэр. падзелу Беларусі — адзінства і неадчужальнасць яе тэрыторыі, якая з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа. Неад’емным атрыбутам дзярж. суверэнітэту, які вызначае прыналежнасць асобы да дзяржавы і абумоўлівае сукупнасць яе правоў і абавязкаў і абарону з боку дзяржавы, з’яўляецца грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць адначасова грамадзянінам інш. дзяржавы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Грамадзяніну гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэр. Беларусі, так і за яе межамі. Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі.
Канстытуцыя замацоўвае прынцып існавання дзярж. і прыватнай уласнасці. Дзярж. ўласнасць выступае ў выглядзе рэсп. уласнасці (уласнасць Рэспублікі Беларусь) і камунальнай уласнасці (уласнасць адм.-тэр. адзінак). Ва ўласнасці грамадзян і юрыд. асоб можа знаходзіцца маёмасць любой вартасці, за выключэннем устаноўленых законам абмежаванняў у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Дзяржава садзейнічае развіццю вытворчых і спажывецкіх кааператываў, гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзярж. і прыватнай эканам. дзейнасці ў сац. мэтах.у інтарэсах чалавека і грамадства. У адпаведнасці з Канстытуцыяй нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Уласнасць на зямлю выступае ў дзярж. і прыватнай формах; землі с.-г. прызначэння знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы. Працоўным гарантуецца права прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Адносіны ў сац.-прац. сферах паміж органамі дзярж. кіравання, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафес. саюзамі ажыццяўляюцца на прынцыпах сац. партнёрства і ўзаемадзеяння бакоў. На аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі да правоў і інтарэсаў людзей будуюцца адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі. Не дапускаецца прамое або ўскоснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян за іх прыналежнасць да нац. меншасцей, а таксама спробы асіміляцыі супраць іх волі. Дзяржава лічыць сваім абавязкам захаванне і папулярызацыю гісторыка-культ. і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нац. супольнасцей, рэалізацыю іх права на вывучэнне і карыстанне роднай мовай, захаванне нац. традыцый, развіццё прафес. і аматарскага мастацтва. Дзяржава гарантуе роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў, садзейнічае ўстанаўленню цярпімасці і павагі паміж рэліг. арганізацыямі розных веравызнанняў, грамадзянамі-вернікамі і тымі, хто не вызнае ніякай рэлігіі. Забараняецца дзейнасць рэліг. арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзярж., грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці. Дзярж. мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца бел. і рус. мовы. Законам прадугледжаны абавязак дзярж. органаў забяспечваць усебаковае функцыянаванне бел. і рус. моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, свабоднае развіццё і выкарыстанне моў усіх нац. меншасцей. У сваёй знешняй палітыцы Беларусь зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ваўнутр. справы і інш. агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права. З яе тэрыторыі выведзена ядзерная зброя, ставіцца мэта зрабіць бел. дзяржаву нейтральнай.
Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзярж. сцяг, Дзярж. герб (ухвалены рэсп. рэферэндумам 14.5.1995 і зацверджаны Указамі Прэзідэнта ад 7.6.1995) і Дзярж. гімн (зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 3.7.2002). Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск. Паводле Закона «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска» ад 12.7.2000 ён з’яўляецца самаст.адм.-тэр. адзінкай, адм.-паліт., эканам. і культ. цэнтрам дзяржавы, мае свае сімвалы (герб, сцяг, гімн) і свой Статут, у якім вызначаны парадак узаемадзеяння гарадскіх дзярж. органаў і органаў тэрытарыяльнага мясц. кіравання і самакіравання.
спосаб здабычы карысных выкапняў непасрэдна з паверхні зямлі. Ажыццяўляецца з вырабатак — кар’ераў. Складаецца з падрыхтоўкі паверхні, асушэння радовішчаў, горна-капітальных, раскрыўных і здабыўных работ. Падрыхтоўка паверхні звязана з ліквідацыяй перашкод, якія ўскладняюць адкрытыя распрацоўкі радовішчаў (планіроўка паверхні, выдаленне расліннасці і г.д.). Асушэнне радовішчаў — комплекс мерапрыемстваў для аховы радовішчаў ад прытоку вады, у т. л. шляхам адпампоўвання і водапаніжэння. Горна-капітальныя работы — пабудова капітальных траншэй для трансп. камунікацый кар’ера, разразных траншэй для першапачатковай работы і расстаноўкі абсталявання (экскаватараў, гідраманітораў і інш.), капітальнае раскрыццё першапачатковага агалення карыснага выкапня. Раскрыўныя работы — аддзяленне ад масіву і транспарціроўка ў адвалы покрыўных парод. Здабыўныя работы — працэс непасрэднага выбірання карыснага выкапня з горнага масіву. Адкрытая распрацоўка радовішчаў забяспечвае здабычу каля 75% цвёрдых карысных выкапняў, у т. л. да 100% прыродных буд. матэрыялаў, 75—80% бурага вугалю, 65—75% нярудных, 45—50% рудных выкапняў, большасць рассыпных карысных выкапняў. Прадукцыйнасць працы ў кар’ерах у 2—6 разоў вышэйшая, чым у шахтах, вытв. магутнасць у 3—5 разоў большая, буд-ва іх у 2—5 разоў хутчэйшае. На Беларусі адкрытая распрацоўка радовішчаў выкарыстоўваецца пры здабычы прыродных буд. матэрыялаў (буд. і абліцовачнага каменю, буд. пяску і пясчана-жвіровых матэрыялаў, сыравіны для керамічнай цэглы, лёгкіх запаўняльнікаў, шкла і цэменту, мелу і інш.). Дзейнічаюць буйнейшыя ў Еўропе кар’еры па здабычы даламітаў (радовішча Гралева ў Віцебскай вобл.) магутнасцю 6 млн.т у год, гранітаў (радовішча Мікашэвічы ў Брэсцкай вобл.) магутнасцю каля 5 млн.м³ у год і інш.