АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЫМЕ́ (ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),

верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел. нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на У ад Віцебска, на шашы Віцебск—Лёзна. 756 ж., 314 двароў (1996). Міжнар. вузел сувязі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. У час Вял. Айч. вайны была спалена. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік на месцы бою рус. і франц. войск у 1812.

Варона шэрая.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Hess) Віктар Франц) (24.6.1883, замак Вальдштайн, каля г. Фронляйтэн, Аўстрыя — 17.12.1964),

аўстрыйскі фізік. Чл. Аўстрыйскай АН (1933). Скончыў ун-т у г. Грац (1906), дзе і працаваў з перапынкамі да 1938 (з 1925 праф.). У 1938—56 праф. Фордхемскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы касм. прамянёў, радыеактыўнасці, атамнай фізіцы і оптыцы. Адкрыў касм. прамяні (1912) і даследаваў варыяцыі іх інтэнсіўнасці. Нобелеўская прэмія 1936.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДРО́Н (франц. goudron),

астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБАРКАДЭ́Р (франц. débarcadère ад débarquer выгружаць, высаджваць на бераг),

1) плывучае несамаходнае збудаванне (найчасцей пантон з двух- ці трохпавярховай надбудовай) для прычальвання, стаянкі і адпраўлення рачных суднаў. Бываюць пасажырскія (маюць памяшканні для адпачынку і абслугоўвання пасажыраў), грузавыя (маюць механізмы для пагрузачна-разгрузачных работ, склады). Д. ўстанаўліваюць каля берага, дзе няма спец. абсталяванай прыстані; замацоўваюць тросамі. Даўж. 40—100 м.

2) Устарэлая назва чыг. станцыйнай платформы.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКЛАРА́ЦЫЯ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І ГРАМАДЗЯНІ́НА,

праграмны дакумент Французскай рэвалюцыі 1789—99. Прынята Устаноўчым сходам 26.8.1789. Зыходзіла з канцэпцыі нар. суверэнітэту і неад’емных натуральных правоў чалавека, якімі абвяшчаліся свабода асобы, слова, друку, сумлення, роўнасць грамадзян перад законам, іх правы на бяспеку, уласнасць і інш. У 1791 уключана ў франц. канстытуцыю як яе ўступная частка. Дэкларацыя зрабіла значны ўплыў на рэв. рух і паліт. думку краін Еўропы.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.

Жадэіт.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),

1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.

2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕНЬЯ́К ((Cavaignac) Луі Эжэн) (15.10.1802, Парыж — 28.10.1857),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Дывізійны генерал (1848). У арміі з 1824. Пад уплывам Ліп. рэвалюцыі 1830 стаў прыхільнікам рэсп. ладу. З 1832 удзельнічаў у заваяванні Алжыра, з лют. 1848 яго ваен. губернатар. З мая 1848 ваен. міністр, адначасова (да снеж. 1848) кіраўнік выканаўчай улады Франц. рэспублікі; кіраваў задушэннем Чэрв. паўстання 1848 у Парыжы. Дэп. парламента (1849—51).

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)