старажытнагрэчаскі скульптар сярэдзіны 4 ст. да н.э.; прадстаўнік позняй класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Галікарнасе (са Скопасам), пры двары Аляксандра Македонскага. Сярод вядомых твораў: скульпт.група «Аляксандр на львіным паляванні», статуі цароў македонскай дынастыі, выкананыя ў тэхніцы хрыса-элефантнай скульптуры (золата са слановай косцю). Яму прыпісваюць статуі «Артэміда Версальская», «Апалон Бельведэрскі», «Ганімед» (захаваліся ў рым. копіях).
Леахар. Апалон Бельведэрскі. 2-я пал. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Lipari),
група вулканічных астравоў у Тырэнскім м., на Пн ад в-ва Сіцылія. Тэр. Італіі. Складаецца з 7 буйных (Ліпары, Саліна, Вулькана, Філікудзі, Стромбалі, Алікудзі, Панарэа) і 10 дробных астравоў. Пл. 117 км². Каля 10 тыс.ж. (1995). Складзены з вулканічных лаў і туфаў, на а-вах Вулькана і Стромбалі (выш. 926 м) дзеючыя вулканы. Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Радовішча серы. Вырошчванне інжыру, вінаграду; аліўкавыя гаі. Экспарт віна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЙРА (Madeira),
група астравоў у Атлантычным ак., на ПнЗ ад Афрыкі. Тэр. Партугаліі. Пл. 797 км². А-вы М. — вяршыні падводных вулканаў. Самы буйны з іх в-аў Мадэйра (выш. да 1860 м, вулкан Піку-Руйву). Клімат марскі міжземнаморскі. Зараснікі маквісу, гаі каштанавых, лаўровых дрэў, хвой. Трапічнае земляробства (цукр. трыснёг, садавіна), вінаградарства, вінаробства (мадэра), рыбалоўства. Рамёствы. На М. — зімовыя кліматычныя курорты і цэнтры турызму. Гал. горад і порт — Фуншал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
група з 19 астравоў у Індыйскім ак., паміж Бенгальскім залівам і Андаманскім м. Уваходзяць у склад саюзнай тэр. Індыі Андаманскія і Нікабарскія а-вы. Пл. 1,6 тыс.км². Буйныя астравы — вяршыні падводнага хрыбта (выш. да 642 м), дробныя — каралавыя. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкаў 2200—3200 мм за год. На паўд. астравах вечназялёныя трапічныя лясы, на паўн. — высакатраўныя лугі. Вырошчванне какосавай пальмы. Рыбалоўства, лоў трэпангаў, збор ракавін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСПЯВА́ЮЧЫЯ ЛЯСЫ́,
узроставая група, якая набліжаецца да стану спеласці лясоў. У П.л. прыпыняюцца працэсы натуральнага зрэджвання і дыферэнцыяцыі дрэў, памяншаецца самкнутасць полага, прырост дрэў у вышыню і таўшчыню, павялічваецца плоданашэнне, фарміруецца падлесак. Для паскарэння прыспявання лесу праводзяць прахадныя высечкі. На Беларусі дубовыя, кляновыя, ясянёвыя лясы лічаць прыспяваючымі ва ўзросце 81—100, хваёвыя і яловыя 61—80, бярозавыя 51—60, асінавыя і альховыя 31—40 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ПЫ КРЫВІ́,
сукупнасць нармальных імунагенетычных прыкмет крыві, якая дазваляе аб’ядноўваць людзей у пэўныя групы. Упершыню 3 групы крыві выявіў у 1900 аўстр. ўрач-імунолаг К.Ландштайнер; пазней была вылучана 4-я група крыві. У 1907 чэш. вучоны Я.Янскі даў групе крыві лічбавае абазначэнне. У 1928 зацверджана літарная наменклатура групы крыві (ABO). Прыналежнасць да групы крыві вызначаюць фактары A і B (антыгены ці аглюцінагены), што знаходзяцца ў эрытрацытах, і фактары α і β (антыцелы і аглюцініны), што выяўляюцца ў плазме крыві.
Адрозніваюць 4 групы крыві. У людзей I групы крыві (OB) эрытрацыты не маюць аглюцінагенаў A і B, а ў плазме ёсць аглюцініны α і β. II група крыві (Aβ) характарызуецца наяўнасцю ў эрытрацытах аглюцінагену A, а ў плазме — аглюцініну β. Пры III групе крыві (Bα) у эрытрацытах выяўляецца аглюцінаген B, а ў плазме — аглюцінін α. IV група крыві (ABO) мае ў эрытрацытах аглюцінагены A і B, аглюцініны ў плазме адсутнічаюць. Групавыя антыгены ёсць таксама ў лейкацытах, трамбацытах, тканках, клетках, сперматазоідах, сліне, жоўці, страўнікавым соку і інш. Пры ўзаемадзеянні аглюцінінаў плазмы з адпаведнымі аглюцінагенамі (Aз α, Bз β і інш.) эрытрацыты склейваюцца (гемаглюцінацыя) і разбураюцца, што выклікае групавую несумяшчальнасць і пры пераліванні крыві. На рэакцыі гемаглюцінацыі заснавана вызначэнне групы крыві. Антыгены крыві ўтвараюць падгрупы (A1, A2, B2, B3 і інш.).
Групы крыві не залежаць ад полу, узросту, расы. Яна фарміруецца ва ўлонні маці, вызначаецца спадчыннасцю і застаецца на ўсё жыццё. Акрамя сістэмы ABO значнае клінічнае значэнне мае рэзус-сістэма, Кел-сістэма і інш. Групы крыві абавязкова ўлічваюцца пры пераліванні крыві, перасадках тканак і органаў; выкарыстоўваецца і ў судовай медыцыне. Групы крыві выяўлены таксама ў жывёл (малпы, сабакі, трусы і інш.). Аднак іх кроў не сумяшчальная з кроўю чалавека.
Літ.:
Косяков П.Н. Изоантигены и изоантитела человека в норме и патологии. М., 1974.