Ра́ла 1 ’адгалінаванне ствала дрэва’, ’тоўсты сук’, ’вілападобны ствол дрэва’, ’дрэва з адным коранем і двума стваламі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ра́ло ’адгалінаванне, пасынак (у дрэве і інш.)’ (ТС), ’раздвоены ствол дрэва’ (ПСл, ТС, ЛА, 1; пін., лунін., Шатал.), ра́ла мн. л. ’калкі для падвешвання калыскі ў полі’, ’раздвоены ўверсе слуп у студні з жоравам’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), ’рагаціна, рагуліна’ (Нар. Гом.), ралі́на ’галіна, сук’ (Сцяшк. Сл.), ра́лья ’тоўстыя разгалістыя сукі’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лы мн. л. ’вілкі ў рагатцы’ (ПСл), рала́чыкі ’тс’ (пін., Сл. ПЗБ). Насуперак прынятай этымалогіі, як і для рала 2 (гл.), *ra + dlo < *or + dlo, хутчэй за ўсё да *ork‑ > *rak‑ > *raklo, параўн. славен. rakla/rahla ’апорны кіёк для фасолі на агародзе’, серб. ра̏кље ’вілы’, ’зубцы’, серб., харв. ра̏кља ’развілка’, ’вілы’, ра̏кљаст ’раздвоены, з развілінай, вілападобны’, балг. ра́кля ’сукаватая дзеравіна, уторкнутая ў зямлю, на якую вешаюць сякеры’ (большасць без надзейнай этымалогіі, гл. Бязлай, 3, 148; БЕР, 6, 171; Скок, 3, 103; апошні адносіць сюды rȁšlje ’вілкі, якімі ставяць гаршчок у печ’, якое разам з rȁklja узводзіць да rak ’рак’ або да крак ’нага’ (гл. там жа, 94), параўн. таксама літ. arklas ’рала, саха, плуг’, лат. arkls ’тс’, якія разглядаюцца як аддзеяслоўныя ўтварэнні з суфіксам *‑tlo (гл. БЕР, 6, 173, з літ-рай). Узыходзіць да і.-е. асновы *er‑/*or‑/*ar‑, прадстаўленай у прасл. *oriti (гл. разарыць), з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, і захоўвае першасную семантыку ’нешта раздвоенае’. Гл. таксама рак 1; хутчэй за ўсё пераформленае пад уплывам рала 2 (гл.) або ў выніку атаясамлівання фіналі ‑klo з ‑tlo.

Ра́ла 2 ’частка прыстасавання для арання, што вырабляецца з хвойных дрэў, на яе накладаецца сашнік’ (Выг., Шатал.), ра́ло ’старажытная саха’: рало ораць землю было ўсе дзерэўянэ (ТС), сюды ж ’калок, якім утрымліваюць плыт з берага’ (там жа), ст.-бел. радлица ’сашнік, лямеш’ (Сл. Скар.). Параўн. укр., рус. ра́ло ’саха і лямеш’, ст.-рус. орало ’тс’, польск. radło ’плуг’, палабск. rådlü ’тс’, в.-, н.-луж. radło, чэш. rádlo ’плуг’, славац. radlo, славен. rálo, харв. rȁlo, серб. ра̏ло ’тс’, балг. ра́ло ’сошка’, макед. рало ’тс’, ст.-слав. рало ’плуг’. Традыцыйна ўзводзіцца да прасл. *ordlo (з суфіксам ‑dlo ад *orati ’араць’ (гл. араць) і значыла ’прылада для арання’, што да і.-е. *ar‑ ’апрацоўваць зямлю’, роднаснае літ. árklas ’саха’ (< і.-е. *arə‑tlo‑m, параўн. *arə‑dlo‑m > прасл. *ordlo > рала) (Фасмер, 3, 439; Бязлай, 3, 149; БЕР, 6, 173; Глухак, 456; Шустар-Шэўц, 2, 1201). Адзначаецца, што рала ў выглядзе раздвоенай галіны было балта-славяна-германскім прыстасаваннем для апрацоўкі зямлі (Бенвяніст, Словарь, 13). Па назіраннях Смулковай, беларускія гаворкі рэдка захоўваюць рала ў значэнні ’плуг’, яно часцей выступае ў значэнні ’тоўсты расахаты кій’ ці як сінонім слова ’саха’ ў яго першасным значэнні (Смул.). Можна казаць пра захаванне ў беларускіх гаворках старэйшай семантыкі рала ’раздвоеная галіна’, што магла выконваць функцыю не толькі прыстасавання для арання, але і іншай гаспадарчай прылады, параўн. ра́ла 4 ’ткацкі станок’ (гл.), польск. жарг. rodło/radło ’вілы’. Адсюль у першасным значэнні рала — ’раздвоеная галіна’, што пазней развіваецца ў ’прылада, зробленная з раздвоенай галіны’, і толькі варыятыўна як ’прылада для апрацоўкі зямлі, арання’. У якасці версіі, што тлумачыць такое развіццё, можна дапусціць рэканструкцыю прасл. *ork‑, параўн. літ. arklas ’плуг, саха’, лат. arkls ’тс’, імаверна, з варыянтам *ort‑, што магло азванчыцца да *ord‑, параўн. літ. ardýti ’раздзяляць’. Тады роднаснае з рак 1 (гл.). Прышлая і.-е. база: *ar‑ ’араць’ суадносіцца з і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць, прарэзваць’.

Ра́ла 3 ’прамежнасць між капытоў каровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Форма пацвярджае: рала нясе перш за ўсё семантыку ’пэўнай рэчы раздвоенага кшталту’ і магло ўтварыцца ад *raklo/*ratlo — з зыходным коранем *rak‑, (гл.) рак 1, параўн. рала 1 (гл.), што не пярэчыць роднасці з араць ’праразаць зямлю пад засеў’. Тут рала даслоўна азначае ’прарэз ’.

*Ра́ла 4, ра́ло ’ткацкі станок’, ’прымітыўныя кросны’: колісь поўкотваюць у хаты ра́ла, а ето ўжэ цепер <…> поробілі ста́ва (ПСл). Не зусім ясна. Відавочна, дадзенае выкарыстанне слова пацвярджае, што з вілападобнай галіны рабіліся розныя гаспадарчыя прыстасаванні. Гл. рала 1.

*Ра́ла 5, ра́ло ’прамежнасць, ніжняя частка тулава’: угразнеш [у балоце] по рала (пін., Сл. ПЗБ). Выкарыстанне слова пацвярджае, што слова рала ў асноўнай семантыцы мела семантыку ’раздвоенасці’. Раздвоенае рала, ў дадзеным выпадку, уяўляюць сабой дзве нагі чалавека і прамежнасць. Гл. рала 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЗЕ́ТА,

друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт. эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г. афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц. царк. «Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.​Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).

У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.

У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл. «Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл. «Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл. «Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл. «Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл. «Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс. экз.

У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл. Заходнебеларускі друк).

У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл. Друк акупацыйны ў гады Вял. Айч. вайны).

Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл. «Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн. экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.

Літ.:

Периодическая печать Белоруссии, 1817—1916 гг.: Библиогр. указ. Мн., 1960;

Перыядычны друк Беларускай ССР. Вып. 2. Газеты (1917—1959 гг.). Мн., 1960;

Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. / Склад. В.​С.​Адамовіч. Мн., 1975;

Перыядычны друк Беларусі. Мн., 1981;

Газеты Беларускай ССР. Ч. 1—2. Мн., 1984—85;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

С.​В.​Говін.

Сучасныя беларускія газеты.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),

паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл. муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл. Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.​Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел. літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.

Тв.:

Творы. Мн., 1984.

Літ.:

Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб. тв. Мн., 1973. Т. 2;

Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб. тв. Мн., 1995. Т. 2;

Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;

Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;

Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;

Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1981;

Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;

Навуменка І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1992.

М.​М.​Грынчык.

В.Дунін-Марцінкевіч.

т. 6, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗКА,

жанр фальклору, апавядальны твор, які грунтуецца на займальным вымысле (дзейнічаюць незвычайныя героі, адбываюцца незвычайныя падзеі), а ідэйна-мастацкі змест звязаны з грамадскім, сямейным і вытв. побытам. У казачным вымысле адлюстроўваюцца маральныя і сац. погляды нар. мас, іх ідэалы, што процістаяць несправядліваму грамадскаму ладу, мары, што пераўзыходзяць дасягнутае ў падпарадкаванні сіл прыроды і ў стваральнай працы. Таленавітыя казачнікі перадаюць К. з вуснаў у вусны (нярэдка на працягу стагоддзяў). К. вызначаюцца багаццем жанравых разнавіднасцей і маст. сродкаў. У іх арганічна спалучаюцца традыцыйнае і новае, устойлівае і імправізацыйнае, нацыянальнае і міжнароднае, майстэрства слова і выканання.

Вытокі казачнага эпасу — у рэчаіснасці дакласавага грамадства. Асобныя казачныя сюжэты фарміраваліся ў розныя эпохі, таму ўтрымліваюць своеасаблівыя гіст. напластаванні. К. мае большы, чым іншыя жанры фальклору, арэал пашырэння і глыбокія разгалінаваныя ў этнічных адносінах гіст. карані. Яна творча ўзаемадзейнічае з многімі інш. фалькл. жанрамі — міфамі, легендамі, паданнямі, эпічнымі песнямі, баладамі, анекдотамі, замовамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падабенства казачнай творчасці многіх народаў свету абумоўлена агульнымі сац. заканамернасцямі іх жыцця і мае тыпалагічны характар. З развіццём міжнар. культ. сувязей ідзе ўзаемаабмен вуснымі і літаратурна апрацаванымі К. на розных мовах, і гэты працэс на працягу тысячагоддзяў назіраецца ў сусв. дыяпазоне. Творчае асваенне нар. казачнікамі іншанацыянальнага фальклору залежыць ад сучаснай ім нац. рэчаіснасці і традыцый.

Гісторыя і геагр. становішча Беларусі вызначылі яе ролю пасрэдніка паміж рус., укр., польск. і прыбалт. культ. традыцыямі. Гэта выявілася і ў багацці бел. казачнага рэпертуару, у разнастайнасці варыянтаў сюжэтаў. Ва ўмовах патрыярхальнага побыту бел. сялянства К. заняла адно з гал. месцаў сярод фалькл. жанраў і дасягнула высокага маст. ўзроўню. Выдатныя нар. казачнікі (Рэдкі, П.Гаспадароў, Х.Азёмша) выступалі як папулярныя майстры слова, філосафы, публіцысты. Бытаванне К. у бел. вёсцы было звязана з наладжваннем попрадак, са звычаем расказваць фалькл. творы ў піліпаўскі пост і ў калядныя вечары. У наш час вусная казачная традыцыя паступова затухае пад уплывам усеагульнай адукаванасці, пашырэння маст. л-ры, сродкаў масавай камунікацыі. Хоць адзначаюцца і факты казкатворчасці, запісы новых тэкстаў К. Вусная К. прадаўжае існаваць пераважна ў сямейным асяроддзі. Найб. поўна асаблівасці казачнай творчасці раскрываюцца ў чарадзейных казках. Фантастычнае праламленне ў іх рэальных з’яў, імкненняў і мараў не вымагае веры ў дзівоснае, але яно пастаянна мроіцца ў творчым уяўленні расказчыка і слухачоў. Казкі пра жывёл фантастычныя ў той меры, у якой жывёлы ў нар. вобразных уяўленнях дзейнічаюць у жыццёвай сферы. Паэтыка незвычайнага ў сацыяльна-бытавых казках вызначаецца сюжэтным завастрэннем быт. сітуацый у драматычным (навелістычныя казкі) ці ў анекдатычным (анекдатычныя, сатырычныя К.) плане. Фантастыка легендарных казак найчасцей абумоўлена вобразамі бога, святых, анёлаў, чарцей, а таксама тым, што дзеянне ў іх разгортваецца на зямлі і на «тым свеце». Маральная скіраванасць такіх К. пазбаўлена рэліг. дыдактызму і стасуецца з сац. сатырычнай завостранасцю. Па меры распаду патрыярхальнага побыту і росту класавых супярэчнасцей у бел. нац. рэпертуары большала значэнне сац.-бытавых К., героям якіх уласціва сац. канкрэтнасць, кампазіцыі — свабода і дынамічнасць, стылю — размоўная натуральнасць і прастата. У кожнага народа ёсць К., не зафіксаваныя ў інш. народаў. У бел. чарадзейных К. нямала сюжэтаў, якія не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Бел. нар. К. вядомы пераважна па зборніках 19 і 20 ст. У серыі «Беларуская народная творчасць» выйшла 5 кніг К. Бел. нар. К. перакладзены на многія мовы. К., апрацаваныя пісьменнікамі ці створаныя імі паводле матываў, у духу народных, наз. літаратурнымі К. Бел. нар. К. апрацоўвалі ў 1-й пал. 19 ст. Я.​Баршчэўскі, А.​Глінскі, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — Ф.​Багушэвіч, К.​Каганец, Ядвігін Ш. Сярод літ. К. бел. пісьменнікаў вылучаюцца творы Я.​Коласа, З.​Бядулі, У.​Дубоўкі, А.​Якімовіча, М.​Танка, М.​Лужаніна, У.​Караткевіча, У.​Ягоўдзіка і інш. Літ. К. робяць зваротны ўплыў на фалькл. творчасць, і сувязь нар. К. з літаратурай становіцца ўсё больш цеснай.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1, вып. 3—4, 6. Витебск;

Могилев, 1887—91, 1901;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Сержпутовский АК. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Казкі і легенды роднага краю. Мн., 1960; Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963; Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971; Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78; Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976; Беларускі казачны эпас. Мн., 1976; Беларускія народныя казкі. 2 выд. Мн., 1986; Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Belorussische Volksmárchen. Aufl. 10. Berlin, 1980.

Літ.:

Савченко С.В. Русская народная сказка: (История собирания и изучения). Киев, 1914;

Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;

Я г о ж Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;

Ягож. Русская сказка. Л., 1984;

Мелетинский Е.М. Герой волшебной сказки. М., 1958;

Померанцева Э.В. Судьбы русской сказки. М., 1965;

Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974;

Дунаевська Л.Ф. Українська народна казка. Київ, 1987;

Бріцина О.Ю. Українська народна соціально-побугова казка. Київ, 1989;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;

Яго ж. Об особенностях украинской сказочной героики сравнительно с белорусской и русской // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Вып. 11;

Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

Lüti M. Marchen. Marbuig, 1986.

Л.​Р.​Бараг.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАТЫРО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 13.8.1913, г. Віцебск),

бел. кампазітар, педагог. Нар. арт. Беларусі (1968). Праф. (1960). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). З 1948 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (у 1948—62 рэктар). Сярод яго вучняў Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, С.Картэс, І.Лучанок, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан. Адзін з заснавальнікаў нац. оперы. У музыцы Багатырова гуманіст. ідэі перадаюцца яснай, пераканаўчай муз. мовай, заснаванай пераважна на інтанацыях бел. нар. песні. Узбагаціў многія жанры бел. музыкі. Сярод асн. твораў: оперы «У пушчах Палесся» (лібр. Я.​Рамановіча паводле аповесці Я.​Коласа «Дрыгва», паст. 1939, Дзярж. прэмія СССР 1941; у 1982 здзейснена тэлеэкранізацыя 2-й рэд.), «Надзея Дурава» (лібр. І.​Келера, 1946, паст. 1956), кантаты «Сказ пра Мядзведзіху» (1937, сл. А.​Пушкіна), «Ленінградцы» (1942, вершы Джамбула), «Беларускім партызанам» (1942, вершы Я.​Купалы), «Беларусь» (1949, вершы Я.​Купалы, П.​Броўкі, П.​Труса), «Беларускія песні» (1967, сл. народныя і Н.​Гілевіча, Дзярж. прэмія Беларусі 1969), «Юбілейная» (1973); араторыя «Бітва за Беларусь» (1984, вершы Гілевіча); 2 сімфоніі (1946, 1947); «Святочная уверцюра» (1961); канцэрты для віяланчэлі (1962) і кантрабаса (1964) з арк.; фп. трыо; санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., трамбона і фп., кантрабаса і фп.; хары (у т. л. «Шумелі бярозы», «Калісьці бура на Карпатах»); вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Я.​Купалы, Броўкі, А.​Куляшова, Пушкіна, М.​Лермантава, У.​Шэкспіра, Г.​Ахматавай; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да драмы Лермантава «Маскарад»), кінафільмаў.

Літ.:

Дубкова Т.А. Анатоль Багатыроў. Мн., 1972;

Яе ж. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 150—162;

Ляшчэня Т. А.​В.​Багатыроў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.

Т.​А.​Дубкова.

А.В.Багатыроў.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танц. вечарах, балях; часта называецца бытавым танцам. Узнік у 15 ст. ў Італіі, потым пашырыўся ў Францыі (у 16—17 ст. была яго заканадаўцам). Напачатку не меў устаноўленай формы. Пераважалі т.зв. «нізкія танцы» (бас-данс), часта ў выглядзе шэсцяў у суправаджэнні спеваў і муз. інструментаў (лютні, флейты і інш.). Праз мастацтва жанглёраў і трувераў на балі пранікалі народныя танцы, прыстасаваныя да дварцовага этыкету. У 17 ст. бальны танец распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папулярныя сталі бальныя танцы бурэ, гавот, алеманда, чакона, жыга, сарабанда, асабліва менуэт. На Беларусі з 17 ст. пры дварах магнатаў, у калегіумах былі вядомыя зах.-еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта). У 18 ст. з’явіліся больш свабодныя танцы: пасп’е, мюзет, рыгадон, контрданс, экасез, лендлер. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—94 бальны танец страціў арыстакратычна-ўзнёслы характар. Пашырыліся танцы лансье, мазурка, паланэз, галоп, канкан, полька, з сярэдзіны 19 ст. найб. пашыраны вальс, непарыўна звязаны з творчасцю І.​Ланера, бацькі і сына Штраусаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам музыкі краін Амерыкі ўзніклі тустэп, уанстэп, блюз, факстрот, квікстэп, чарльстон, румба, самба і інш. Для сучасных бальных танцаў уласціва імправізацыйнасць, зменлівасць танц. моды. Большасць бальных танцаў 2-й пал. 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (твіст, шэйк, рок-н-рол і інш.). У наш час захаваліся лепшыя танцы старой бальнай школы (падэграс, падэспань, падэ-труа), а таксама вальс, мазурка, танга, факстрот, павольны вальс, сіртакі, летка-енка і інш. Праводзяцца конкурсы на лепшае выкананне бальных танцаў па спец. праграме. На Беларусі існуе развітая сетка гурткоў, школ і студый бальных танцаў.

Літ.:

Ивановский Н.П. Бальный танец XVI—XIX вв. Л.;

М., 1948.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫ́ЧНАГА КІРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,

раздзел кібернетыкі тэхнічнай, які вывучае прынцыпы пабудовы сістэм аўтам. кіравання (САК) і заканамернасці працэсаў, што ў іх працякаюць. Даследаванні праводзяцца на дынамічных (фіз. і матэм.) мадэлях рэальных сістэм з улікам умоў работы, прызначэння і канструкцыйных асаблівасцяў аб’ектаў і аўтам. прыстасаванняў.

Спачатку аўтаматычнага кіравання тэорыя развівалася як тэорыя аўтам. рэгулявання. На аснове вывучэння ўзаемадзеяння кіроўных прыстасаванняў і тэхн. аб’ектаў рознай прыроды выяўлена агульнасць працэсаў кіравання. Асн. задача аўтаматычнага кіравання тэорыі — распрацоўка метадаў аналізу і сінтэзу САК, з дапамогай якой руху (паводзінам) пэўнага аб’екта можна надаваць папярэдне зададзеныя ўласцівасці. Пры фіз. мадэляванні неабходна геам. (макеты збудаванняў, размеркаванне абсталявання і інш.) і фіз. (тоеснасць законаў руху, функцыянавання і інш.) падабенства. Пры матэм. мадэляванні абавязкова аднолькавасць матэм. фармалізму, вынікаў матэм. суадносін (разлікаў па формулах, алгарытмах і інш.) і рэальных працэсаў. Матэм. мадэль дынамікі аб’екта, у якой працэсы кіравання апісваюцца сістэмай звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў або ўраўненняў у частковых вытворных, пры пераходзе ад ураўненняў да перадатачных функцый увасабляецца ў структурную схему з тыповых звенняў. Пры пабудове складаных сістэм кіравання акрамя тэарэт. метадаў выкарыстоўваецца мадэляванне на базе ЭВМ (у т. л. аналогавых), на якіх узнаўляюцца ўраўненні, што апісваюць сістэму кіравання ў цэлым, і па выніках разлікаў высвятляецца структура кіроўнага прыстасавання.

На Беларусі з канца 1950-х г. у АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі развіваецца тэорыя аўтам. рэгулявання электрапрыводаў, самапрыстасавальных аптымальных сістэм, сістэм з пераменнай структурай і інш.

Літ.:

Теория автоматического регулирования. Кн. 1—3. М., 1967—69;

Римский Г.В. Основы общей теории корневых траекторий систем автоматического управления. Мн., 1972;

Панасюк А.И., Панасюк В.И., Асимптотическая магистральная оптимизация управляемых систем. Мн., 1986.

Г.​В.​Рымскі.

т. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СІЙ БРЭ́СЦКІ (Афанасій Філіповіч; каля 1595, Брэстчына — 15.9.1648),

святы бел. правасл. царквы, пісьменнік-публіцыст, паліт. і царк. дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Леў Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.​Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 пастрыгся ў манахі пры віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. У 1637—38 ездзіў да рус. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Брэсцкай уніі 1596, рэзкія выпады ў адрас караля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Я.​Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рус. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю (1648) зноў арыштаваны і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.​Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда быў расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Мошчы Афанасія Брэсцкага знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).

Літ.:

Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Цітавец.

Афанасій Брэсцкі.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РЭЗЬ,

манументальна-дэкаратыўная аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве, якой бел. майстры аздаблялі храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ў 17 ст. Вядомая і як «флемская» разьба (ад ням. Flamme полымя). На ўзорах беларускай рэзі расліны пераплятаюцца з гронкамі, у іх уплятаюцца выявы птушак, жывёл, чалавека. Разьбу пакрывалі ляўкасам і залацілі. Да сярэдзіны 17 ст. на Русі існавала плоская разьба. Бел. майстры прынеслі ў Маскоўскую дзяржаву майстэрства разьбы, што развілася на Беларусі з канца 16 ст. пад уплывам мастацтва рэнесансу і барока. Лепшыя яе ўзоры — іканастасы Богаяўленскага сабора (2-я чвэрць 17 ст., не захаваўся) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. У Маскоўскай дзяржаве бел. разьбяры выканалі работы ў Васкрасенскім саборы Новаіерусалімскага манастыра на Істры (1658), аздобілі іканастасы цэркваў у Ізмайлаве і ў Данскім манастыры пад Масквой. У 1667—68 яны ўпрыгожылі пазалочаныя калонкі, капітэлі, карнізы, ліштвы, а таксама мэблю Каломенскага палаца. Сярод работ бел. майстроў Каломенскага палаца асабліва вылучаецца буйнамаштабны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве (1683—86) з 84 калонкамі, пераплеценымі вінаграднай лазой, карнізамі і картушамі. Беларуская рэзь дасягнула росквіту на мяжы 17—18 ст.; яе традыцыі захоўваліся да пач. 19 ст. (іканастас Хаціслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы). Сярод майстроў беларускай рэзі найб. вядомыя К.Міхайлаў, старцы Арсеній і Іпаліт, пазалотчык Д.​Залатароў.

Літ.:

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Беларуская рэзь. Царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы. 1669—72. Магілёўскі краязнаўчы музей.
Да арт. Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.
Да арт. Беларуская рэзь. Клім Міхайлаў, Дарафей Залатароў. Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. 1683—86. Фрагмент.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ВЯЛІ́КАЙ АЙЧЫ́ННАЙ ВАЙНЫ́.

Засн. 30.9.1943 як Музей па гісторыі барацьбы бел. народа з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну на матэрыялах дзеючай з восені 1942 у Маскве выстаўкі «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», камісіі па гісторыі Вял. Айч. вайны пры ЦК КП(б)Б, Бел. штаба партыз. руху і інш. Адкрыты 22.10.1944 у Мінску, сучасная назва з ліст. 1944. Да 1974 быў адзіным на тэр. б. СССР музеем мінулай вайны. Мае 29 экспазіц. залаў (пл. 3,6 тыс. м²), каля 100 тыс. адзінак асн. фонду (1995), фотатэку (каля 38 тыс. негатываў), б-ку (каля 13 тыс. кніг, брашур, плакатаў). Дакументы, фотаздымкі, рэчавыя матэрыялы расказваюць пра пачатак вайны ў 1941, абарончыя баі на тэр. Беларусі; жорсткі акупац. рэжым, партыз. і падп. барацьбу супраць акупантаў; гераізм працаўнікоў тылу; буйнейшыя ваен. аперацыі Чырв. Арміі пры вызваленні Беларусі і краін Еўропы, перамогу над фашызмам у 1945; Парад Перамогі. Экспазіцыю завяршаюць мемар. залы. дзе ўвекавечаны гарады-героі, вайск. злучэнні і часці 1, 2, 3-га Бел. і Прыбалт. франтоў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі, партыз. фарміраванні на Беларусі; поўныя кавалеры ордэна Славы і Героі Сав. Саюза — ураджэнцы Беларусі і прадстаўнікі інш. народаў, што атрымалі гэтыя званні ў баях на Беларусі. Філіял музея — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі. Самастойнымі музеямі сталі б. філіялы Обальскага камсамольскага падполля музей, Музей баявой садружнасці, Музей бітвы за Дняпро, Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Іншым музеям рэспублікі і замежжа перададзена больш за 46 тыс. адзінак апрацаваных матэрыялаў.

Літ.:

Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны: Путеводитель по залам. Мн., 1987.

А.​Г.​Ванькевіч.

Экспазіцыя «Акупацыйны рэжым» у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

т. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)