КАНФІГУРА́ЦЫІ ПЛАНЕ́Т,

пэўныя становішчы планет адносна Сонца і Зямлі. Характарызуюцца вуглом планета—Зямля—Сонца, які наз. элангацыяй. Становішча нябеснага цела пры элангацыі 0° наз. злучэннем, 180°процістаяннем, 90°квадратурай.

Для ніжніх планет, арбіты якіх знаходзяцца ўнутры арбіты Зямлі, адрозніваюць ніжняе і верхняе злучэнні, найб. зах. і ўсх. элангацыі. Для вызначэння найб. элангацыі праводзяць датычную да арбіты планеты, што праходзіць праз Зямлю. Планета, якая знаходзіцца у пункце дотыку, мае найб. элангацыю. Для верхніх планет, арбіты якіх знаходзяцца па-за арбітай Зямлі, адрозніваюць процістаянне, злучэнне, зах. і ўсх. квадратуры. Ніжняя планета знаходзіцца бліжэй за ўсё да Зямлі ў момант ніжняга злучэння і далей за ўсё у момант верхняга. Верхняя планета найб. набліжаецца да Зямлі у процістаянні і аддаляецца пры злучэнні. Аналагічна К.п. вызначаюцца канфігурацыі Месяца, малых планет, камет і інш. Месяцавыя канфігурацыі характарызуюцца фазамі Месяца.

А.​А.​Шымбалёў.

Канфігурацыя планет: 1 — злучэнне; 2 — процістаянне; 3. 4 — ніжняе і верхняе злучэнні; 5, 6 — усходняя і заходняя элангацыі; 7, 8 — усходняя і заходняя квадратуры.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ША,

1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.

Л.​А.​Малаш.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),

старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял. пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш. Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КК),

сістэматызаваны заканадаўчы акт, які ўстанаўлівае прынцыпы крымін. адказнасці, пералік грамадска небяспечных дзеянняў, што прызнаюцца злачынствамі, пакаранняў за іх і інш. мер прававога ўздзеяння на злачынцаў. Першы КК БССР прыняты 23.9.1928, уведзены ў дзеянне з 15.11.1928 (да яго прыняцця ў БССР дзейнічаў КК РСФСР 1922). Дзеючы КК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961 (у яго неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні). КК складаецца з 2 частак — агульнай і асаблівай, у якіх змешчаны 16 глаў і 285 артыкулаў. Агульная частка ўключае агульныя палажэнні і задачы крымін. заканадаўства, вызначае падставы крымін. адказнасці, паняцце злачынства і інш. інстытутаў крымін. права; асаблівая частка — сістэматызаваны пералік канкрэтных злачынстваў з пазначэннем відаў і памераў пакарання за кожнае з іх. З прычыны таго, што многія ўстарэлыя палажэнні КК за апошнія гады неаднаразова мяняліся, пераглядаліся ці дапаўняліся, наспела неабходнасць у яго новай рэдакцыі. Адпаведныя органы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі праект новага КК.

т. 8, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял. Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс. чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМАРЫЯ́Л ВО́ІНСКАЙ СЛА́ВЫ на Лудчыцкай вышыні.

Адкрыты ў 1984 за 1,5 км ад в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Беларусі ў 1943 і 1944. Аўтары: скульпт. П.​Белавусаў і У.​Лятун, арх. В.​Бялянкін і М.​Мызнікаў, інж. Б.​Шчарбакоў (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Дамінанта мемарыяла — сімвалічная фігура Баяна (выш. 10 м), які апявае подзвіг воінаў-герояў. Каля падножжа ўзгорка пляцоўка, па краі яе на авальнай сцяне змешчаны гарэльефныя партрэты Герояў Сав. Саюза, якім прысвоена гэта званне за баі на Быхаўшчыне: І.​А.​Барысевіча, П.​Дз.​Вінічэнкі, С.​Іскаліева, У.​К.​Мартынава, Г.​С.​Размадзе, Г.​Якубава (выш. каля 3,5 м); пад партрэтамі на абліцаванай чорным гранітам ч. сцяны імёны і воінскія званні герояў. На пляцоўцы — абліцаваная гранітам стэла (выш. каля 3 м) з інфарм. надпісам, гранітная пліта з бронзавай пяціканцовай зоркай і чашай для запальвання рытуальнага агню.

Мемарыял Воінскай Славы на Лудчыцкай вышыні.

т. 10, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),

штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс. км². Нас. 5094,3 тыс. чал., у т. л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц.г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд. кВтгадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСО́ЛЬСКІ ПРЫКА́З,

адзін з цэнтр. дзярж. органаў Расіі ў 1549—1720, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і бягучую працу па зносінах з замежнымі краінамі. Гал. функцыі: адпраўка пасольстваў Расіі за мяжу, прыём замежных пасольстваў, падрыхтоўка інструкцый рас. паслам, пагадненняў, вядзенне перагавораў, з пач. 18 ст. — прызначэнне і кантроль за дзейнасцю пастаянных рас. дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой. П.п. займаўся таксама выкупам рас. палонных, кіраваў шэрагам зямель на ПдУ і ў інш. рэгіёнах краіны, ведаў данскімі казакамі і служылымі татарамі-памешчыкамі цэнтр. паветаў. У 17 ст. ад П.п. залежалі прыказы Маларасійскі, Смаленскі і ВКЛ. У П.п. захоўваліся дзярж. пячаткі і архіў. Узначальваўся кіраўніком (звычайна дзякам) і калегіяй з 2—6 чал., падзяляўся на павыцці (аддзелы) паводле тэр.-дзярж. прыкмет. З узнікненнем у пач. 18 ст. Пасольскай канцылярыі П.п. паступова страчваў значэнне, у 1720 скасаваны і заменены Калегіяй замежных спраў.

Літ.:

«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989.

т. 12, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НСІЯ (ад лац. pensio плацеж),

грашовае забеспячэнне, якое атрымліваюць грамадзяне з пенсіённых, страхавых і інш. фондаў пасля заканчэння прац. дзейнасці, пры інваліднасці і ў некат. інш. выпадках; гал. крыніца сродкаў для існавання пенсіянераў. Парадак назначэння і выплаты П. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Законам «Аб пенсіённым забеспячэнні» ад 17.4.1992 і інш. нарматыўнымі актамі. Паводле закона існуюць працоўныя П. (па ўзросце, інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, за выслугу гадоў, за асаблівыя заслугі перад рэспублікай) і сацыяльныя П., якія назначаюцца грамадзянам, што не атрымліваюць прац. П., інвалідам, у т. л. інвалідам з дзяцінства, асобам, якія дасягнулі пэўнага ўзросту (мужчыны 60 і жанчыны 55 гадоў), дзецям — у выпадку страты карміцеля і дзецям-інвалідам ва ўзросце да 16 гадоў. Асобыя ўмовы назначэння П. прадугледжаны ў Рэспубліцы Беларусь Законам «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991. Пенсіённы фонд дзяржавы фарміруецца за кошт сродкаў работадаўцаў, страхавых узносаў прадпрымальнікаў і абавязковых страхавых узносаў грамадзян, якія працуюць, а таксама дзярж. бюджэту рэспублікі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У Гомельскай, часткова Магілёўскай і Мінскай абл., уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс. км², даўж. 260 км, шыр. да 130 км. Першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964, усяго выяўлена 62 нафтавыя і 1 нафтагазакандэнсатнае радовішча (2000). Агульныя геал. запасы нафты складаюць (2000): 341,7 млн. т, у т. л. здабываемыя 72 млн. т; здабываемыя запасы кандэнсату 443 тыс. т, растворанага газу 8 млрд. м³, свабоднага газу — 1 млрд. м³. За час эксплуатацыі здабыта нафты 102,43 млн.т. Больш як палавіна астатніх запасаў адносіцца да катэгорыі цяжказдабываемых. Дадаткова прагнозныя рэсурсы нафты складаюць 191,9 млн. т, але мяркуецца, што значная частка іх нізкарэнтабельная (цяжказдабываемая, ці з запасамі меней за 0,05 млн. т, з глыб. залягання больш за 3500 м, ці на тэрыторыі з высокім радыяцыйным забруджваннем і інш.). Найбуйнейшыя па запасах (пачатковых) нафты Асташкавіцкае радовішча нафты (34,7 млн. т), Рэчыцкае (34,2 млн. т.) і Вішанскае радовішча нафты (14,2 млн. т).

І.​Р.​Захарыя.

т. 13, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)