у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял.надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв.даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.
На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч.тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МРУЛЬ (англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),
рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г. — пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-ГЕРО́Й,
ганаровае званне, якое надавалася гарадам СССРза гераічную абарону і выдатныя заслугі перад Радзімай у Вял.Айч. вайну. Указамі Прэзідыума Вярх. Савета СССР ганаровае званне «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» прысвоена гарадам: Адэса, Валгаград, Керч, Кіеў, Ленінград, Масква, Мінск, Мурманск, Новарасійск, Севастопаль, Смаленск, Тула. Мінску званне «Горад-герой» прысвоена 26.6.1974 за выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, у разгортванні ўсенароднага партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну і ў азнаменаванне 30-годдзя вызвалення БССР ад ням.-фаш. захопнікаў. Ганаровае званне «Крэпасць-герой» прысвоена Брэсцкай крэпасці 8.5.1965 за выключныя заслугі яе абаронцаў перад Радзімай і ў азнаменаванне 20-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял.Айч. вайне.
Да арт.Горад-герой. Генеральны сакратар ЦККПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л.І.Брэжнеў прымацоўвае ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» да сцяга горада-героя Мінска. 25.6.1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,
працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з завяршальных аперацый у баях за Ленінград (гл.Ленінградская бітва 1941—44) у час Вял.Айч. вайны. Была часткай стратэгічнай аперацыі на паўн.-зах. напрамку ў чэрв. — жн. 1944 з мэтай вываду з вайны Фінляндыі. Праведзена 10—20 чэрв. войскамі правага крыла Ленінградскага фронту (Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў) ва ўзаемадзеянні з Балт. флотам (адмірал У.Ф.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліяй (контр-адмірал В.С.Чарокаў). Напрамак гал. удару — Белавостраў, Выбарг. Сав. войскі, якія мелі перавагу ў пяхоце ў 2 разы, у артылерыі і танках амаль у 6 разоў, у авіяцыі ў 3 разы, у выніку жорсткіх баёў пераадолелі 3 паласы абарончых умацаванняў праціўніка, прасунуліся на глыб. 110—130 км і 20 чэрв. штурмам авалодалі г. Выбарг. Упершыню ў ваен. гісторыі за кароткі тэрмін прарваны сучасны ўмацаваны раён з сярэднім тэмпам прасоўвання 10—12 кмза суткі. Праціўнік быў вымушаны перакінуць на выбаргскі напрамак больш як 5 дывізій, сур’ёзна аслабіўшы сваю групоўку перад Карэльскім фронтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ КАДА́СТР, Дзяржаўны зямельны кадастр,
сістэма дакументаў і неабходных звестак аб прававым рэжыме зямель, іх размеркаванні па ўласніках, землеўладальніках, землекарыстальніках і па катэгорыях зямель, а таксама аб якасных характарыстыках і нар.-гасп. каштоўнасці зямель, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх суб’ектаў зямельных адносін і зацверджаны спец. упаўнаважанымі дзярж. органамі. Гэтыя звесткі фарміруюцца ў выніку тапографа-геад., аэрафотагеад., глебавых, геабат. і інш. абследаванняў, аграметэаралагічных назіранняў, рэгістрацыі землеўладанняў, землекарыстанняў і прыватных зямельных участкаў, уліку і ацэнкі зямель. Парадак вядзення З.к. ўстанаўліваецца ўрадам. У Рэспубліцы Беларусь З.к. вядзецца за кошт сродкаў дзярж. бюджэту з мэтай забеспячэння дзярж. органаў, устаноў і інш. суб’ектаў гаспадарання дакладнымі звесткамі пра канкрэтны зямельны ўчастак, яго рацыянальнага выкарыстання і аховы, абгрунтавання памераў платы за зямлю і інш. У зямельным заканадаўстве вызначаны крыніцы інфармацыі, што ўключаюцца ў кадастр, формы кадастравай дакументацыі, перыядычнасць абнаўлення кадастравых звестак і інш. Службовыя асобы нясуць юрыд. адказнасць за дакладнасць звестак, якія знаходзяцца ў зямельна-кадастравай кнізе раёна (горада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫЯ МО́ВЫ,
спецыялізаваныя сістэмы абазначэнняў, якія ствараюцца для аптымізацыі падачы інфармацыі з мэтай яе назапашвання, перадачы і перапрацоўкі; разам з міжнар.мовамі-пасрэдніцамі складаюць штучныя дапаможныя мовы. Характарызуюцца вял. камунікатыўнымі магчымасцямі з-за адсутнасці ў іх шматзначнасці, аманіміі і сінаніміі. Маюць пэўныя слоўнікі (гл.Дэскрыптар, Тэзаўрус) і правілы граматыкі, што забяспечвае адназначныя запіс інфармацыі і алгарытмічнае распазнаванне (атаясамліванне) запісаных рознымі спосабамі фактаў.
Вылучаюць 3 асн. падкласы І.м.: інфарм.-кіруючыя — алгарытмічныя мовы, якія ствараюцца для запісу камандаў ад чалавека да камп’ютэра (больш за 500 моў; гл.Мова праграміравання); інфарм.-лагічныя для фармалізацыі паняццяў пэўнай галіны ведаў з дапамогай спец. сімвалаў; інфарм.-пошукавыя для запісу інфармацыі, яе назапашвання і дакладнай выдачы па запыце карыстальніка (больш за 1 тыс. моў, напр., алфавітна-прадметныя каталогі, патэнтныя класіфікацыі, міжнар. лічбавая універсальная класіфікацыя ў бібліятэчнай справе).
Літ.:
Москович В.А. Информационные языки. М., 1971;
Котов Р.Г., Якушин БВ Языки информационных систем. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
горная катлавіна на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане. Абмежавана з Пнхр. Кюнгёй-Ала-Тоо, з Пдхр. Тэрскей-Ала-Тоо. Дно занята воз.Ісык-Куль. Даўж. 240 км, шыр. да 90 км. Уяўляе сабой сінклінальны праг ш, ускладнены разломамі. Вял. сейсмічнасць. На У радовішчы каменнага вугалю (Джэргалан), на ПдУ — тэрмальны мінер. крыніцы (Джэты-Агуз, Ак-Суу). У рэльефе перадгорнай раўніны вылучаюцца азёрныя тэрасы, перадгорныя і ўнутрыкатлавінныя ўзвышшы. Схілы гор з цяснінамі. Да возера з гор цякуць шматлікія рэкі (больш за 50). У зах.ч. катлавіны клімат засушлівы (менш за 200 мм ападкаў за год), ландшафты пустынныя і паўпустынныя; ва ўсх.ч. ападкаў да 500 мм (у гарах да 800 мм), пераважаюць стэпы, на схілах гор — лясы з цяньшанскай елкі, вышэй — субальпійскія і альпійскія горныя лугі, вышэй 3500 м — ледавікі і снежнікі. Важны збожжавы і жывёлагадоўчы раён. У прыбярэжнай паласе група бальнеакліматычных курортаў. У межах катлавіны Ісык-Кульскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРЫМЕ́ТРЫЯ (ад лац. calor цяпло + ...метрыя),
1) у тэхніцы — сукупнасць метадаў вымярэння цеплавых эфектаў (колькасці цеплаты) розных фіз., хім. і біял. працэсаў. Каларыметрычныя вымярэнні праводзяцца з дапамогай каларыметраў і выкарыстоўваюцца ў цеплатэхніцы, металургіі, хім. тэхналогіі і інш.
К. ўключае вымярэнні цеплаёмістасці цел, цеплаты фазавых пераходаў (плаўленне, кіпенне і інш.), цеплавых эфектаў намагнічвання, электрызацыі, растварэння, сорбцыі, хім. рэакцый, рэакцый абмену рэчываў у жывых арганізмах і інш. Вымярэнні пры т-рах, большых за 400 °C, наз. высокатэмпературнай К., у вобласці т-р, меншых за 77 К, — нізкатэмпературнай К. (выкарыстоўваецца пры вывучэнні магн. і эл. эфектаў у цвёрдых целах і вадкасцях, а таксама для разліку тэрмадынамічных функцый рэчываў).
У біялогіі — вымярэнне колькасці цеплыні, якая выдзяляецца жывым арганізмам за пэўны час. Прамая К. — цеплаабмен і цеплаўтварэнне — даследуюцца пры знаходжанні арганізма ў спец. камеры (каларыметры). Непрамая К. грунтуецца на падліку колькасці спажытага кіслароду і выдзялення вуглякіслага газу і вады. Выкарыстоўваецца для вывучэння цеплавых эфектаў абмену рэчываў, вызначэння агульнага ўзроўню энергет. затрат арганізма, для дыягностыкі ў медыцыне.