МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),
творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.
Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.Бірзеніек, скульпт. К.Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.Пенгюсон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.Вучэціч і інш., арх. Я.Белапольскі і інш.) і інш.
На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл.Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял.Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт.комплекс«Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в.Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.Заржэцкі, інж. М.Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл.«Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.Андрэеў, А.Крохалеў, А.Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.Левін, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл.«Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. А.Градаў, Г.Заборскі, Левін), Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш.Іл.гл. да арт.Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл.Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч.рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах.ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССРусх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.
Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц.гіст. і прыродных умоў. Нар.вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт.комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплексгасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл.Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл.Дыялект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 75,4 тыс.чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Бяроза, г.Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.
Раён займае паўд.-ўсх.ч.Прыбугскай раўніны і паўн.-зах.Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.
На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс.га, з іх асушана 36,3 тыс.га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сцьспарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ РАЁН,
на ПнЗ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 37,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 38,4%. Сярэдняя шчыльн. 16,5 чал/км². Цэнтр — г.Браслаў, гар. пасёлкі Відзы і Друя, 667 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Ахрэмавіцкі, Далёкаўскі, Друйскі, Дрысвяцкі, Зарацкі, Казянскі, Мяжанскі, Опсаўскі, Плюскі, Слабодкаўскі, Цяцеркаўскі.
Большая ч. раёна занята Браслаўскай градой, на Пд — Дзісенская нізіна (частка Полацкай нізіны). Паверхня ўзгорыстая і раўнінная. Пераважаюць выш. 130—160 м, найвыш. пункт 210 м. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рака Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна (з Дрысвятай) і Друйка. Больш за 200 азёр (каля 10% пл. раёна). Вылучаюць Браслаўскую групу азёр. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 22,8% тэр. раёна (асобныя масівы: Богінскі, Відзаўская лясная дача, Друйская лясная дача і інш.); лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя. У межах раёна нац. парк Браслаўскія азёры. Помнікі прыроды: дуб-патрыярх у в. Опса, біягрупа лістоўніцы сібірскай каля в. Ахрэмаўцы, Слабодкаўская (озавая) града.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 98,5 тыс.га, з іх асушана 23 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 20 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну, з тэхнічных — лён. Конегадоўля. Зверагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць малочных, мясных, рыбных кансерваў; агародніна-сушыльны з-д), лёгкай (ільновалакно, швейныя вырабы), паліўнай (тарфяны брыкет) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла). На тэр. раёна канцавы пункт чыг. Варапаева—Друя; аўтадарогі ад Браслава на Шаркаўшчыну, Друю, Паставы, Даўгаўпілс (Латвія). У раёне 16 сярэдніх, 19 базавых і 11 пач. школ, 2 ПТВ, 31 дашкольная ўстанова, 35 б-к, 41 клуб, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 31 фельчарска-амбулаторны пункт, санаторый «Браслаў», турысцка-экскурсійны комплекс «Браслаўскія азёры». Арх. помнікі: Петрапаўлаўскі касцёл (1929) і царква (1908) у в. Дрысвяты; вадзяны млын канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў в. Зарачча; вянковы двор (1909) і Мікалаеўская царква (1905) у в Іказнь; царква пач. 20 ст. ў в. Кірыліна; Пакроўская царква пач. 20 ст. ў в. Мінкавічы, касцёл маці Божай Анёльскай пач. 20 ст. ў в. Мяжаны; касцёл пач. 20 ст. і сядзіба (1904) у в. Опса; касцёл пач. 20 ст. ў в. Плюсы; касцёл Сэрца Ісуса (1903) у в. Слабодка. Выдаецца газ. «Браслаўская звязда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНЦІНАЗНА́ЎСТВА, візанціністыка,
галіна гістарыяграфіі сярэдніх вякоў; комплексНавук. якія займаюцца вывучэннем гісторыі, права, мовы і культуры Візантыі. Як асобная галіна аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ў навуцы ўсталяваўся і сам тэрмін «Візантыя». Цікавасць да Візантыі выявілася яшчэ ў раннім сярэднявеччы ў Арменіі, Грузіі, паўд.-слав. краінах і Стараж. Русі, гіст. лёсы якіх былі цесна звязаны з імперыяй. Ужо ў 10—11 ст. ў паўд. і зах. славян з’явіліся пераклады візант. хронік. У Зах. Еўропе сістэм. вывучэнне гісторыі Візантыі пачалося ў эпоху Адраджэння. У Францыі з сярэдзіны 17 да пач. 18 ст. выдадзены т.зв. Парыжскі шматтомны корпус візант. апавядальных помнікаў. Заснавальнікам навук. візанціназнаўства ў Вялікабрытаніі быў Э.Гібан. У Германіі з 1828 стаў выходзіць т.зв. Бонскі корпус — «Збор аўтараў па візантыйскай гісторыі» (у 1897 — 50-ы том). У 1892 ням. філолаг і літаратуразнавец К.Крумбахер заснаваў спец.час.-штогоднік «Byzantinische Zeitschrift» («Візантыйскі часопіс»), які стаў важнейшым арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. У Рас. імперыі станаўленне візанціназнаўства завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Асн. ролю ў ім адыграў В.Р.Васільеўскі. Ён у 1894 заснаваў час.-штогоднік «Византийский временник», які таксама стаў арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі Ф.І.Успенскі, М.А.Скабалановіч, Б.А.Панчанка, К.М.Успенскі і інш.Вял. ролю адыгралі працы Н.П.Кандакова па мастацтве Візантыі. Асабліва значнага развіцця дасягнула візанціназнаўства ў перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі і пасля 1945. Узніклі новыя навук. цэнтры і школы візанціназнаўства, у Францыі, ЗША, Аўстрыі і інш. выйшлі новыя спец. выданні [час. А.Грэгуара, «Byzantion» («Візантыя») у Бельгіі і інш.]. Буйны цэнтр візанціназнаўства склаўся ў ЗША, у ФРГ створана філолага-крыніцазнаўчая школа Ф.Дзёльгера, Г.А.Астрагорскі ў Югаславіі напісаў першы поўны курс візант. гісторыі. У СССР у 1930-я г. буйны арганізац.навук. цэнтр візанціназнаўства пад кіраўніцтвам М.В.Леўчанкі створаны ў Ленінградзе, а пасля вайны і ў Маскве (у Ін-це гісторыі АНСССР група візанціназнаўства пад кіраўніцтвам Я.А.Касмінскага). Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі сав. вучоныя З.В.Удальцова, Г.Л.Курбатаў, Г.Г.Літаўрын, В.М.Лазараў, В.Дз.Ліхачова і інш. Важнейшыя навук. цэнтры сучаснага візанціназнаўства дзейнічаюць пры ун-тах і АН Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі і інш. На Беларусі пытанні візанціназнаўства распрацоўваюцца ў БДУ.
Літ.:
История Византии. Т. 1—3. М., 1967;
Удальцова З.В. Советское византиноведение за 50 лет. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пачаў фарміравацца пасля 1622. У комплекс уваходзілі касцёл, будынкі калегіума, б-ка, Гродзенскай аптэкі будынак, друкарня, жылыя карпусы і гасп. пабудовы. Першы «касцёльчык» Пятра і Паўла быў драўляны і існаваў з 2-й чвэрці 17 ст. да 1700. Езуіцкая рэзідэнцыя будавалася пасля 1664 (калі атрымала статус калегіума), мураваны касцёл — з 1678 (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы; набажэнства ў касцёле пачалося ў 1700). У 1725 на вежы-званіцы касцёла ўстаноўлены гадзіннік (помнік тэхнікі сярэднявечча, раней знаходзіўся на вежы калегіума), які выконваў ролю гарадскога. У 1750—52 надбудаваны вежы. Стары мураваны калегіум будавалі ў 1677—83, новы — у 1691 (1-ы паверх) і ў 1740—44 (2-і і 3-і паверхі). Касцёл (з 1783 наз. фарны) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка (выш. 53,6 м, у плане 30×60 м). Двухвежавы амаль плоскі фасад падзелены паясамі антаблементаў на 3 ярусы, 2 ніжнія раскрапаваны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, св. Ксаверыя (разьбяр Г.Гіс, 1768). У цэнтры фасада вял. акно і балкон для аркестра. Сілуэт ажыўляюць увагнутыя сцены і 2 вазы мураваных барочных купалаў над вежамі. Бакавыя нефы высокія (10,5 м), асветлены вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі, перакрыты крыжовымі скляпеннямі.
Высокамастацкі багаты і ўрачысты інтэр’ер насычаны скульптурай, арх. пластыкай і фрэскамі. Гал. драўляны 3-ярусны алтар (выш. 21 м) створаны ў 1736 у стылі позняга барока, аздоблены шматлікімі калонамі і пілястрамі. У касцёле 12 бакавых алтароў: 2 у капліцах, 4 у трансепце і 6 кулісных. Інтэр’ер касцёла дапаўняюць помнік А.Тызенгаўзу (пач. 20 ст.), мемар. дошка праф. Ягелонскага ун-та З.Ф.Урублеўскаму (1845—88), творы дэкар.-прыкладнога мастацтва. Кляштар займаў цэлы квартал (120 × 160 м), у сярэдзіне якога знаходзіўся калегіум. Складаўся з гал. 3-павярховага (новы калегіум), зах. 2-павярховага і ўсх. 3-павярховага (стары калегіум) крылаў. На стыку старога і новага калегіумаў была трапезная, над якой размяшчалася б-ка з сенцамі, над імі — капліца. Абапал старога калегіума размяшчаліся гасп. двары з флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні, вазоўні. Пры гал. браме стаяла бурса. Побач з касцёлам будынак аптэкі, на Пн ад яго была мураваная школа, дзе размяшчаўся т-р. Астатнюю тэр. займаў вял. сад. Захаваліся касцёл, аптэка, стары і новы калегіумы, бурса, трапезная, б-ка, майстэрні, стайні, вазоўні.
А.У.Міленкевіч, Е.Пашэнда.
Гродзенскі кляштар езуітаў. Галоўны фасад касцёла.Гродзенскі кляштар езуітаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАШЭ́ННІ,
своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найб. старажытных жанраў нар. творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я.Ласіцкім. Бел. галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя). Найб. развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным муз.-паэт. кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асн. яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэт. сродкаў і напевам.
Вылучаюцца традыц. фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэнняў абумоўлена вял. эмац. напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад 3 да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць 3 стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найб. пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтр. Палессе), гаворкавы (паўн.-зах. зона Панямоння).
Вясельныя галашэнні (зафіксаваны ў асн. на Паазер’і) выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў інш. моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле муз.стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўн.-ўсх. Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўн. і паўд. зоны). У Расонскім р-не лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэнняў, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяўляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацыі. У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я.Купала, М.Гарэцкі, У.Караткевіч, Б.Сачанка, Я.Сіпакоў і інш.
Літ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Варфоломеева Т.Б. Северобелорусская свадьба. Мн., 1988;
Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986;
Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;
Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Расіі ў рус.-тур. вайну 1735—39. Утворана ў 1737 у Бранску (пад камандаваннем віцэ-адм. Н.А.Сянявіна, пабудавана каля 300 невял. драўляных парусна-вёславых суднаў) і накіравана ў Дняпроўскі ліман (б.ч. суднаў разбілася на дняпроўскіх парогах). Садзейнічала рас. войскам у баях за Ачакаў. Скасавана у канцы вайны.
2) Фарміраванне сав.ВМФ у бас. Дняпра ў грамадз. і польска-сав. вайну 1920 і ў 1925—40. Створана ў сак. 1919 у Кіеве. У вер. 1919 перабазіравалася ў Гомель, папоўнілася суднамі расфарміраванай Прыпяцкай ваеннай флатыліі. Вясной 1920 мела каля 40 баявых караблёў, у т. л. 18 кананерскіх лодак. 5 бранякатэраў і 48 дапаможных суднаў. Камандуючыя: А.В.Палупанаў, П.І.Смірноў, М.Г.Сцяпанаў. Вяла баі (з крас. 1919) на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, вызначылася ў Лоеўскім прарыве 1920 і інш. Расфарміравана 21.3.1921. Адноўлена ў кастр. 1925 у Кіеве як атрад суднаў Д.в.ф., з 27.6.1931 зноў наз. Д.в.ф. У вер. 1939 удзельнічала ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь, у т. л. ў падняцці затопленых суднаў польскай Пінскай флатыліі. З кастр. 1939 гал. база — Пінск. Мела больш за 120 караблёў. Камандуючыя: М.В.Траццякоў, Б.У.Харошхін, Г.Н.Чубуноў, М.В.Абрамаў. Расфарміравана ў чэрв. 1940, караблі перададзены на фарміраванне Пінскай ваеннай флатыліі і Дунайскай ваен. флатыліі.
3) Аператыўнае аб’яднанне сав. рачных суднаў на зах. напрамку ў Вял.Айч. вайну і пасля яе. Сфарміравана 14.9.1943 з караблёў Волжскай ваен. флатыліі. Гал. база — Чарнігаў, з ліст. 1943 Кіеў, з ліп. 1944 Пінск. Уваходзіла ў склад Бел. і 1-га Бел. франтоў. Мела каля 200 суднаў (1945), ударную сілу складалі бранякатэры. Камандуючы — В.В.Грыгор’еў. Удзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944, баях на Зах. Бугу на тэр. Польшчы, Берлінскай аперацыі 1945 (фарсіраванне Шпрэе і інш.). 20 маракам прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў баях, нададзены ганаровыя найменні «Бабруйскіх», «Лунінецкіх», «Пінскіх», «Берлінскіх». Расфарміравана ў 1945 (паводле інш. звестак у 1951). У Пінску на месцы высадкі дэсанта Д.в.ф. ў 1944 створаны мемарыяльны комплекс, пастаўлены помнік маракам Д.в.ф.
Літ.:
Кравцов И.Я. Моряки Днепровской военной флотилии в борьбе за власть Советов // Судостроение. 1990. № 5;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Р.К.Паўловіч.
Помнік маракам Дняпроўскай ваеннай флатыліі каля в. Чыркавічы Светлагорскага р-на (злева) і бранякатэр флатыліі — фрагмент мемарыяльнага комплексу вызваліцелям у Пінску (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЛО́ГІЯ, індыяністыка,
комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем народаў Індастана, іх філас. і культ. спадчыны, л-ры, мастацтва, мовы, а ў найноўшы час — таксама эканам., сац. і паліт. праблем Індыі. Цікавасць еўрап. народаў да Індыі вядома з антычнасці (Мегасфен, Арыян і інш.). Адкрыццё марскога шляху ў Індыю і пачатак еўрап. каланізацыі прывялі ў краіну ў 16—18 ст. шмат хрысц. місіянераў і купцоў, якія вывучалі мясц. мовы і звычкі. Як навука І. сфарміравалася ў Еўропе ў пач. 19 ст. Да пач. 20 ст. ў ёй склаліся 2 кірункі: акадэмічны, што канцэнтраваў увагу на вывучэнні помнікаў пісьменства, і прыкладны, звязаны з практычнымі задачамі. У.Джонс, Г.Колбрук (Вялікабрытанія) і інш. пазнаёмілі Еўропу з санскрытам. Ф.Шлегель і Ф.Боп займаліся параўнаннем індаеўрап. моў. У многіх ун-тах Еўропы (у т. л. Расіі) і ЗША даследавалі граматычны лад санскрыту, стваралі слоўнікі (найб. з іх — т. зв. «Пецярбургскі» О.Бётлінгка і Р.Рота, т. 1—7, 1855—75). Даследавалі таксама будызм, інд. філасофію, л-ру і інш.Асн. дасягненні І. 19 ст. выкладзены ў «Энцыклапедыі індаарыйскіх даследаванняў», (1896—1915, Страсбур). Прыкладны кірунак І. развіваўся пераважна ў самой Індыі — ствараліся параўнальныя і гіст. граматыкі новых індаарыйскіх і дравідыйскіх моў, збіраліся і вывучаліся гіст. хронікі, эпіграфічныя, нумізматычныя, этнагр., фалькл. і інш. матэрыялы. У 19 ст. індолаг І.П.Мінаеў і кітаіст В.П.Васільеў стварылі рас. будалагічную школу, якая набыла сусв. прызнанне. Намаганнямі С.Ф.Альдэнбурга і Ф.І.Шчарбацкага арганізавана серыя публікацый «Bibliotheca Buddhica» (з 1897). У 20 ст. цэнтр даследаванняў па І. перамясціўся ў саму Індыю, дзе ўсё большала цікавасць да ўласнай гісторыі, асабліва пасля дасягнення незалежнасці (1947). Услед за «Кембрыджскай гісторыяй Індыі» (т. 1—6, 1922—37), напісанай англ. індолагамі Дж.Аланам, У.Хейгам і інш., вучоныя Індыі пад рэдакцыяй Р.Ч.Маджумдара ў 1950—60-я г. стварылі шматтомную працу «Гісторыя і культура індыйскага народа». У 2-й пал. 20 ст. пытанні І. распрацоўваюць Калькуцкі, Дэлійскі, Бенарэскі, Бамбейскі, Мадраскі і інш. ун-ты Індыі; ун-ты і ін-ты буйнейшых гарадоў Еўропы, у т. л.Ін-т усходазнаўства АН Расіі, Маскоўскі ін-тміжнар. адносін і інш.; у ЗША кафедры І. ёсць у 16 ун-тах, у Японіі глыбока даследуецца будалогія.
Літ.:
Библиография Индии. М., 1965;
Избр. труды русских индологов-филологов. М., 1962;
Этносоциальная ситуация в Индии и СССР: Сб. статей. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́ННЕў вытворчасці,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).
У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.
Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.