Ю́КАН (Yukon),

рака ў Канадзе і ЗША (штат Аляска). Даўж. 3700 км (ад вытоку р. Льюіс), пл. бас. 855 тыс. км². Вытокі ў Кардыльерах, у вярхоўях цячэ па плато Юкан у глыбокай горнай даліне. Большая ч. цячэння — па раўнінах Аляскі, упадае ў зал. Нортан Берынгава мора, утварае дэльту. Гал. прытокі: Танана (злева), Пелі, Порк’юпайн, Каюкук (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля вусця 6,5 тыс. м³/с. Ледастаў з кастр.—ліст. да канца крас.—мая. Марскія прылівы пашыраюцца ўверх па рацэ на 160 км. Суднаходная з мая па верасень на 3,2 тыс. км (ад парогаў Уайтхарс да вусця). Гал. прыстані: Танана (ЗША), Уайтхарс, Доўсан (Канада).

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́ХЕ (Oahe),

вадасховішча ў ЗША, на р.Місуры. Пл. 1504 км², аб’ём 29,1 км³, даўж. 400 км. Створана ў 1963 для энергет. мэтаў, суднаходства, барацьбы з паводкамі.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОС (англ. boss),

1) гаспадар, прадпрымальнік.

2) У ЗША назва пашыраецца на асоб, якія ўзначальваюць апарат рэсп. і дэмакр. партый у штатах і гарадах, прафсаюзны апарат.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫСАН (Garrison),

вадасховішча на р. Місуры, у ЗША. Пл. 1560 км², аб’ём 30,5 км³. Утворана ў 1954. Выкарыстоўваецца ў мэтах энергетыкі, ірыгацыі, суднаходства, барацьбы з паводкамі.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРЫЁН,

спадарожнік планеты Сатурн. Адлегласць ад Сатурна 1,48 млн. км, найб. папярочнік каля 350 км, сідэрычны перыяд абарачэння 21,28 сут. Адкрыты Дж.​Ф.​Бондам (1848, ЗША).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКР (англ. acre),

адзінка зямельнай плошчы ў краінах, якія карыстаюцца англ. сістэмай мер (Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Аўстралія і інш.). 1 акр = 4840 кв. ярдам = 4046,86 м².

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НЦЫ,

народ, асн. насельніцтва Мексікі (78 млн. чал., 1992) і суседніх раёнаў ЗША (13 млн. чал.); пераважна метысы. Гавораць на іспанскай мове. Вернікі ў асн. католікі.

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НЧА (ісп. rancho),

1) у краінах Лацінскай Амерыкі сельская сядзіба і зямельнае ўладанне пры ёй.

2) У ЗША — жывёлагадоўчая або інш. ферма з адпаведным зямельным участкам.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,

навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.

Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж. астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.

Г.​П.​Макеева.

т. 2, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКІЯ АСТРАВЫ́ (Aleutian Islands),

архіпелаг на Пн Ціхага ак. (ЗША, штат Аляска). Дугападобны ланцуг са 110 астравоў і мноства скал (даўж. 1740 км) паміж п-авамі Аляска і Камчатка. Пл. 37,8 тыс. км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1980) — алеуты, амерыканцы. Утвараюць 4 групы а-воў: Лісіныя, Андрыянаўскія, Пацучыныя, Блізкія. Большасць а-воў вулканічнага паходжання, вяршыні ўкрыты снягамі. Дзеючых вулканаў 25; самы высокі вулкан Шышалдзіна (2860 м) на в-ве Унімак. Клімат марскі субарктычны, вільготны. Зіма цёплая, са снегападамі і частымі адлігамі. Лета халаднаватае, з туманамі. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (лютага) -1,4 °C, самага цёплага (жніўня) 11,9 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Частыя штормы. Глебы субпалярныя, дзярнова-тарфяністыя і гарнатундравыя. Расліннасць: субарктычныя лугі, горныя тундры. Жывёльны свет: лісіца, марская выдра і сівуч (амаль знішчаны); на скалах птушыныя кірмашы, у прыбярэжных водах морж, цюлень і інш. Рыбалоўства. Пушны промысел. Зверагадоўля (блакітны пясец). Гал. населены пункт — Адак (на аднайм. в-ве). Ваенна-марская база ЗША Датч-Харбар (на в-ве Уналашка). Адкрыты ў 18 ст. рус. экспедыцыяй В.​Берынга і А.​Чырыкава. Да 1867 належалі Расіі, прададзены разам з Аляскай ЗША.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)