выдзіма́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выдзімаць — выдзьмуць (у 1 знач.).

2. Выраб пустацелых прадметаў з расплаўленага шкла пры дапамозе моцнага струменя паветра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

друз, ‑у, м.

Маса з бітага камення, цэглы, шкла і пад. Цагляны друз. □ Дззз — жаласна зазвінела аконнае шкло і раптам сыпанулася звонкім друзам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРЦЁМАЎ (Пётр Сяргеевіч) (н. 4.7.1941, в. Воткіна Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл.),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе гал. мастаком Барысаўскага хрусталёвага з-да. У галіне маст. шкла распрацаваў асартымент масавых вырабаў з бясколернага хрусталю, каляровага і бясколернага шкла (пітны прыбор «Дзьмухавец», сталовыя сервізы, вазы «Кольцы» і інш.).

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978.

М.​М.​Яніцкая.

П.С.Арцёмаў. Вазы. 1973.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хруста́ль, -ю́, м.

1. Шкло высокай якасці з асобым бляскам, здольнае моцна праламляць святло.

Ваза з хрусталю.

2. зб. Вырабы з такога шкла.

Знізіць цэны на х.

Горны хрусталь — празрысты бясколерны мінерал, разнавіднасць кварцу, які выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.

|| прым. хруста́льны, -ая, -ае.

Х. бакал.

Хрустальная ваза.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),

арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.

На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.​Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.​Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.​Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.​Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.​Ткачоў, В.​Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус. драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.​Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.​Ціханаў, В.​Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.​Барабанцаў. 1984.
Вітраж Міланскага сабора.
Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

панаво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-чаго.

Навезці, прывезці ў вялікай колькасці. І закруцілася машына. Адкуль узяліся і тыя будаўнічыя матэрыялы. Панавозілі цэглы, цэменту, шкла. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́льта, ‑ы, ДМ ‑льце, ж.

Спец. Непразрыстае каляровае шкло, якое выкарыстоўваецца для мазаічных работ. Варыць смальту. // зб. Кубікі, пласцінкі з гэтага шкла. Карціна са смальты.

[Ад іт. smalto — эмаль, глазура.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖУ́НІНА (Ларыса Аляксандраўна) (25.7.1914, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 18.10.1981),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі шкла. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1970). Скончыла БПІ (1938), дзе працавала з 1946, з 1976 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па даследаванні механізмаў утварэння сілікатных матэрыялаў і распрацоўцы новых відаў шкла і сіталаў са спец. ўласцівасцямі.

Тв.:

Минералообразование в процессе кристаллизации шлакосодержащего ситалла пироксенового состава (у сааўт.) // Эксперимент в области технического минералообразования (у сааўт). М., 1975.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мілеф’ёрэ

(іт. millefiori = тысяча кветак)

разнавіднасць мастацкага шкла і эмалі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кро́кус, ‑у, м.

1. Травяністая паўднёвая расліна сямейства касачовых; шафран (у 1 знач.).

2. Парашок вокісу жалеза шафранавага колеру, які скарыстоўваюць для паліроўкі шкла, металаў і пад.

[Лац. crocus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)