чуть

1. нареч. (едва, еле) ледзь, ле́дзьве;

чуть вспо́мнил ледзь (ле́дзьве) успо́мніў;

чуть живо́й ледзь жывы́;

чуть заме́тная улы́бка ледзь прыме́тная ўсме́шка;

2. нареч. (немножко) тро́шкі, кры́шку;

чуть поумне́л тро́шкі (кры́шку) паразумне́ў;

пи́ща была́ чуть посо́лена е́жа была́ тро́шкі (кры́шку) пасо́лена;

3. союз як то́лькі, ледзь то́лькі;

чуть кто скри́пнет, я услы́шу як то́лькі хто ры́пне, я пачу́ю;

чуть опозда́ешь, он уже́ руга́ется крыху́ спо́знішся, ён ужо́ сва́рыцца;

чуть свет до́світкам, на до́світку, на зо́лку;

чуть-чу́ть ледзь-ле́дзь;

чуть что ледзь што;

чуть (бы́ло) не… траха́ не…;

чуть ли не… траха́ не…, ама́ль не…, здае́цца ці не…

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (актуальны правапіс)

паба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.

Разм.

1. Затрымацца; памарудзіць. Ужо трэба было званіць на ўрок, хоць вучні толечкі выбеглі з класаў. Стары пабавіўся: хай пагуляюць, пабегаюць. Сабаленка.

2. Пагуляць, пазабаўляцца некаторы час. — Вось, калі ласка, падмацуйцеся трошкі, а дзеці няхай пабавяцца пару хвілінак, — лагодна сказала гаспадыня. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хуткаце́чны, ‑ая, ‑ае.

Які хутка цячэ (звычайна пра рэкі). Мост высокі, і з яго прыемна, нават трошкі страшнавата, наглядаць на хуткацечную ваду. Ракітны. // перан. Які хутка праходзіць, мінае. Праводжу, утароплены, плынь удаль. О, колькі ў сабе яна топіць і тоіць Хвілін хуткацечных пад покрывам хваль! Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З вялікім чэравам, жыватом. А ў калгасным табуне, сярод яго разнамаснага пагалоўя, і цяпер яшчэ многа чараватых, трошкі няскладных цягавічкоў — конікаў і кабыл. Ракітны. // толькі ж. Груб. Цяжарная. Вядро вады на табурэце і больш, здаецца, нічога. Поўная гармонія з абарванай чараватай дзеўкай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

летуце́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць летуцець (летуценіць), мае схільнасць да летуцення. [Маці] была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. Быкаў. // Які выражае схільнасць да летуцення. Твар .. [Васілісы] расчулены, на вуснах блукае летуценная ўсмешка. Васілевіч. Я ўпершыню пачула голас Натапчыка — мяккі, летуценны. Савіцкі. // Звязаны з летуценнем, летуценнямі. Усеваладу хочацца хоць трошкі памарыць. У летуценным задуменні хоць трошкі усміхнуцца самому сабе. Скрыган.

2. Створаны ўяўленнем, марай; фантастычны. Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Шчасця замнога, Дужа замнога, Не летуценнага шчасця — зямнога. Калачынскі. Так блізка ўсё! Але па кладцы, Па мосціку самотным, летуценным Ракі не перайсці, не перабрацца У родны дом, што прагне вызвалення. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.

1. Саскубці ўсё, многае.

2. перан. Нанесці ўрон, шкоду. — То гэта І вас палякі паскублі, калі мы чалавека ратавалі і хацелі стрэльбу ў паляка адабраць? Чорны.

3. і без дап. Скубці некаторы час. — Адпражы [каня], няхай трошкі паскубе на мяжы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спяко́тна,

1. Прысл. да спякотны.

2. безас. у знач. вык. Пра высокую тэмпературу паветра. Зіна і на гэты раз хацела была заняць сваё звычайнае месца, але тут [на абрыве] было так спякота, сонца паліла да таго неміласэрна, што яна перадумала і прапанавала ўладзіцца ў цяньку бярозак, што раслі трошкі збоку. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нажаха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Перажыць страх; напужацца. [Хлопцы] ціха шапталіся і ўсё больш і больш наганялі на сябе страху. Яўхім і Даніла так пажахаліся, што ледзь не пераселі ў другое месце. Пальчэўскі. Трошкі адышоўшы ад перапуду, Генадзь угледзеў, што і воўка-спадарожніка нідзе не відно. Мабыць, ён таксама нажахаўся. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патэ́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Пайсці, адправіцца куды‑н. Жанчына войкнула і захінула халат на грудзях і, перагінаючыся, дробна патэпала ў заліты святлом калідор. М. Стральцоў.

2. Тэпаць некаторы час. [Палька] выйшла з хаты, патэпала трошкі ўздоўж плоту, а потым, як быццам ўспомніла нешта, з плачам пабегла назад. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўгляда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Углядацца некаторы час. — Можа і я цябе дзесь бачыў, — і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова «дзесь». Колас. Галя падышла да Марынчынага ложка, паўглядалася Марыне ў твар, у нібы трошкі падсіненыя павекі на асмужаным ветрам і сонцам абліччы і ўспомніла сваю маладосць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)