ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,

адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.

Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.

На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі.

Літ.:

Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ. Л., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.
Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМАГНІТАФО́Н,

магнітафон для выяўлення і запісу на магнітную стужку слабых гукавых сігналаў у падземных горных вырабатках. Гукаўлоўнік — геафон. Геамагнітафон дазваляе адрозніць сігналы, што падаюцца ўдарамі па пародзе, ад пабочных гукаў на адлегласці да 100 м. Выкарыстоўваецца пры горнавыратавальных работах для вызначэння месцазнаходжання рабочых, заспетых аварыяй у шахтах і рудніках.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я СІГНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

якасна адметная, уласцівая толькі чалавеку форма вышэйшай нервовай дзейнасці — сістэма моўных сігналаў. Паняцце ўвёў І.П.Паўлаў (1932). З’яўляецца ў працэсе эвалюцыі ў цеснай сувязі з сац.-прац. фактарам як істотны дадатак да першай сігнальнай сістэмы, якая базіруецца на непасрэдным успрыняцці навакольнага асяроддзя (раздражняльнікаў) праз органы пачуццяў. Словы, што вымаўляюцца, чуюцца і бачацца, з’яўляюцца адцягненым, апасродкаваным вобразам канкрэтных прадметаў і з’яў рэальнага свету, сігналы першасных сігналаў. Яны надзяляюць чалавека здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мышлення, да навук. творчасці. Д.с.с. развіваецца ў ходзе антагенезу, паступова займае дамінуючае становішча. Нейрафізіял. структура мовы ўключае стадыю аферэнтнага сінтэзу, на аснове якой складаецца рашэнне выказаць якую-н. думку. Разам з гэтым фарміруецца і акцэптар выніку дзеяння — апарат, які праграміруе мэту і кантралюе яе рэалізацыю шляхам пастаяннай карэкцыі слоў, што выключае магчымыя памылкі ў выказванні думкі.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыгіта́йзер

(англ. digitizer)

інф. пераўтваральнік аналагавых сігналаў у лічбавыя (у ЭВМ).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КАСТРАМІ́ЦКІ (Сяргей Міхайлавіч) (н. 26.11.1954, г. Харкаў, Украіна),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі. Д-р тэхн. н., праф. (1993). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1977), дзе і працаваў з 1979. З 1995 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па антэнных сістэмах з апрацоўкай сігналаў, антэнных сістэмах радыёлакатараў спец. прызначэння, агульнай радыёлакацыі.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІ́ЎНАЯ РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ назіранне (лакацыя) аб’екта па яго ўласным выпрамяненні. Характэрная асаблівасць — скрытнасць работы з-за адсутнасці сігналаў зандзіравання, што перашкаджае выяўленню пасіўных радыёлакацыйных станцый. Адрозніваюць П.р. аб’ектаў з штучным (напр., радыёперадатчыкаў) і натуральным (цеплавым) выпрамяненнем. Выкарыстоўваецца для атрымання радыёлакацыйных карт мясцовасці ў навігацыйных мэтах, выяўлення і вызначэння каардынат паветрана-касм. аб’ектаў і інш.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

маніпуля́тар, ‑а, м.

1. Чалавек, які робіць розныя маніпуляцыі. // Цыркавы артыст-фокуспік.

2. Спец. Тэлеграфны ключ або прыстасаванне для перадачы тэлеграфных сігналаў.

3. Спец. Прыстасаванне для рэгуліроўкі складаных вытворчых працэсаў (выкарыстоўваецца на пультах кіравання, у дыспетчарскіх і г. д.).

[Фр. manipulateur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сірэ́на ‘гукавы сігнал; прыстасаванне для падачы гукавых сігналаў’ (ТСБМ), сырэ́на ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычана з франц. sirène ‘тс’, што выводзіцца з лац. Sīrēn(a) ‘казачная істота’ < грэч. Σειρήν ‘міфічны персанаж, што сваімі спевамі заманьваў мараходаў’, не выключана сувязь з лац. sȳrinx ‘дудка, чараціна’. Беларускае слова трапіла праз рускую і польскую мовы, гл. адпаведна рус. сирена, польск. syrena (Фасмер, 3, 626; ЕСУМ, 5, 241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

горн

(ням. Hom = рог)

медны духавы музычны інструмент для падачы сігналаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІДЭАКА́МЕРА, камкордэр,

малагабарытная перадавальная тэлевізійная камера, аб’яднаная з касетным відэамагнітафонам для запісу тэлевізійных сігналаў. Бывае адна- і шматтрубкавая на відыконах, ПЗС-матрыцах. Мае аб’ектыў з пераменнай фокуснай адлегласцю, электронны відашукальнік, які выкарыстоўваецца для кантролю запісу пры здымцы (відэаманітор) і кантрольнага прагляду знятага матэрыялу адразу пасля здымкі, і сістэму аўтам. факусіроўкі. Адрозніваюць быт., паўпрафес. і прафес. відэакамеры.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)