неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).
Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш.Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),
групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).
У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]2-, [Os6(CO)18]2−, [Mo3NiS4]4+, [Au55(PR3)12]6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.
Літ.:
Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;
Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.
В.В.Свірыдаў.
Да арт.Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]2−.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
сукупнасць працэсаў паглынання з раствораў мінер. солей, перамяшчэння і ўключэння ў абмен рэчываў раслінамі хім. элементаў, неабходных для іх нармальнай жыццядзейнасці. Разам з фотасінтэзам складае адзіны працэс жыўлення раслін. Да элементаў М.ж.р. адносяцца макраэлементы (азот, фосфар, сера, калій, кальцый, магній, жалеза) і мікраэлементы (бор, кобальт, медзь, цынк, марганец, малібдэн і інш.). Паглынаюцца ў форме іонаў (, , , , , K+, Ca2+, Mg2+ і інш.), у аднаклетачных і водных раслін — усёй паверхняй, у наземных вышэйшых — паверхняй маладых каранёў (пераважна каранёвымі валаскамі) і, часам, лістоў. Аніёны трапляюць у клетку актыўна (энергаёмісты ферментатыўны працэс), катыёны — звычайна пасіўна (працэсы адсорбцыі, дыфузіі). Элементы ў клетцы перамяшчаюцца пры кругавым руху цытаплазмы (цыклозе), ад клеткі да клеткі — праз злучальныя цытаплазматычныя перамычкі (плазмадэсмы) і па аб’яднаных клетачных абалонках (апапласце), у цэлай расліне — з узыходнай плынню вады па праводных элементах ксілемы. Элементы М.ж.р. уваходзяць у склад усіх арган. злучэнняў, каталізуюць біяхім. рэакцыі, рэгулююць тургар, інтэнсіўнасць фотасінтэзу, пранікальнасць мембран, забяспечваюць стабільнасць клетачных структур і інш. Пры іх недахопе выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЙ (лац. indium),
In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: 113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙1014 гадоў) 115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.Райхам і Т.Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.
Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.
Літ.:
Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ НЕБЯСПЕ́КА,
імавернасць узнікнення і развіцця пажару, уздзеяння яго небяспечных фактараў. Вызначаецца схільнасцю рэчыва да загарання, інтэнсіўнасцю працэсу гарэння і спадарожных з’яў (напр., дымаўтварэння), а таксама магчымасцю яго спынення і залежыць ад стану навакольнага асяроддзя.
П.н. рэчыва абумоўлена сукупнасцю яго ўласцівасцей, што спрыяюць узнікненню і распаўсюджванню гарэння і ўтварэнню небяспечных фактараў пажару. Да іх адносяць: полымя, іскры, павышаную т-ру навакольнага асяроддзя, таксічныя прадукты гарэння і тэрмічнага разлажэння, дым, зменшаную канцэнтрацыю кіслароду; таксама асколкі і часткі разбураных аб’ектаў, радыеактыўныя і таксічныя рэчывы, эл. ток, выбух у выніку пажару, вогнетушыльныя рэчывы. Пажаранебяспечнымі з’яўляюцца гаручыя рэчывы і іх сумесі (напр., метан, прапан, бензол, сера, фосфар, драўніна, торф), акісляльнікі (перманганат калію, азотная к-та), рэчывы, якія пры ўзаемадзеянні з вадой ці інш. рэчывамі могуць вылучаць гаручыя газы (карбід кальцыю) ці вял. колькасць цеплыні (нягашаная вапна, серная к-та), сціснутыя і звадкаваныя газы і інш. П.н. тэхнал. працэсаў і апаратаў абумоўлена магчымасцю некантралюемага выхаду параметраў тэхнал. працэсаў за бяспечныя межы, а таксама недастатковасцю прафілактычных мерапрыемстваў пажарнай бяспекі.
Літ.:
Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тыяко́л
(н.-лац. thiocolum, ад гр. theion = сера)
1) сінтэтычны матэрыял, падобны да каўчуку, які ідзе на выраб шлангаў, труб, ізаляцыі, правадоў і інш.;
2) лекавы прэпарат у выглядзе белага або ружовага парашку, які выкарыстоўваецца як адхарквальны сродак.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КАРА́КСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Камчацкай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Каракская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 301,5 тыс.км². Нас. 33 тыс.чал., гарадскога каля 40% (1997). Цэнтр — г.п.Палана. Гар. пасёлкі: Ільпырскі, Корф, Асора, Пахачы. Займае Пн п-ва Камчатка, прылеглую ч. мацерыка і в-аў Карагінскі; абмываецца Ахоцкім і Берынгавым морамі. (гл. карту да арт.Камчацкая вобласць).
Прырода. На тэр. К.а.а. пераважае горны рэльеф. На мацерыковай ч. Каракскае (выш. да 2562 м, г. Ледзяная) і Калымскае нагор’і, Пенжынскі, Ічыгемскі хрыбты, на паўвостраве Сярэдзінны хр. Нізіны Пенжынская і Парапольскі дол забалочаныя, шмат дробных азёр. Марскія ўзбярэжжы ў асноўным нізінныя. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, сера, ртуць, буд. матэрыялы. Клімат субарктычны. Сярэдняя т-растудз. ад -24 °C да -26 °C, ліп. 10—14 °C. Гадавая колькасць ападкаў 300—700 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі — Пенжына, Тыгіль, Вывенка, Пахача, Апука. Пераважаюць тундравыя і тарфяна-балотныя глебы. Расліннасць тундравая, у вярхоўях р. Пенжына лістоўніца, на зах. узбярэжжы каменная бяроза.
Гаспадарка. Асн. галіны — рыбная прам-сць, аленегадоўля. Здабыча бурага вугалю (45 тыс.т, 1996, Корфскае радовішча). Пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка). Малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Транспарт марскі і авіяцыйны. Суднаходства на р. Пенжына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛАжывапісу,
самабытная галіна ісп.маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К.ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.Бараса, Б.Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К.ш. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн.т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн.т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн.т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНДУКУ́Ш,
горная сістэма Азіі, у Афганістане, Пакістане і Індыі. Даўж. каля 800 км, шыр. 50—350 км. Найб.выш. 7690 м (г. Тырычмір у Пакістане). Цягнецца з ПдЗ на ПнУ, утварае водападзел паміж бас. рэк Амудар’я, Інд і Гільменд. Асн. хрыбты — Баба, Пагман і ўласна Гіндукуш, які падзяляецца на Зах., Цэнтр. і Усх. Гіндукуш. Заходні Гіндукуш (выш. 3500—4000 м), мае рысы сярэдневысокіх апустыненых гор. Хрыбты Цэнтральнага Гіндукуша (выш. да 6059 м) знаходзяцца на У і ПнУ ад г. Кабул. Усходні Гндукуш самы высакагорны (выш. больш за 6000 м), з магутнымі сучаснымі зледзяненнямі (пл. каля 6200 км²). Зах. працягласць Гіндукуша — горы Парапаміз. Сфарміраваўся Гіндукуш у працэсе альпійскай складкавасці. Восевая зона складзена са з дакембрыйскіх метамарфічных парод (гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў), па перыферыі — з палеазойскіх вапнякоў і гліністых сланцаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. і поліметал. руды, берылій, золата, лазурыт, барыт, сера, графіт, цэлесцін, тальк. Клімат кантынентальны, сухі, з добра выяўленай вертыкальнай пояснасцю, ад паўпустыннага і стэпавага паясоў у перадгор’ях і шырокіх міжгорных далінах да высакагорнага нівальнага. Ападкаў 300—800 (на ПдУ — 1000 м) за год. Рэкі Гіндукуша маюць горны характар, вяснова-летнія паводкі, абумоўленыя снегава-ледавіковым жыўленнем. Горныя пустыні з рэдкімі калючымі хмызнякамі або сухі стэп; на паўд.-ўсх. схілах — участкі лістападных, шыракалістых і хвойных лясоў, на высокіх пласкагор’ях — ландшафты халодных пустынь. Жывёльны свет: снежны барс, горны воўк, леапард, горны і безааравы казлы, маркхоры, куку-яманы і інш.; на ПдУ — гімалайскі мядзведзь, рысь, куніца, дзік і інш.; з птушак — грыф, тыбецкі улар, горны гусак.