паралелі́зм, ‑у, м.
1. Роўнае, аднолькавае на ўсім працягу знаходжанне адной ад другой ліній і плоскасцей. Паралелізм ліній.
2. Нязменныя суадносіны і адначасовасць дзвюх з’яў, двух дзеянняў. Пры выкарыстанні паралелізму песня звычайна будуецца на супастаўленні двух вобразаў: аднаго — узятага з прыроды, другога — з чалавечага жыцця. Саламевіч. // Аналогія, падабенства, агульнасць характэрных рыс; паўтарэнне, дубліраванне чаго‑н. Паралелізм у рабоце.
3. У паэтыцы — аднолькавая сінтаксічная і інтанацыйная пабудова некалькіх сказаў, якія ідуць адзін за адным.
4. У музыцы — аднолькавы інтэрвал у руху галасоў пры шматгалосым спеве.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 9.1.1952, Мінск),
бел. фалькларыст і этнограф. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1974). У 1974—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Даследуе пытанні бел. фалькларыстыкі і этнаграфіі. Аўтар манаграфіі «Усходнеславянская гумарыстычная песня» (1979), кн. «Збіральнікі» (1991, пра бел. фалькларыстаў), «Беларускі народны каляндар» (1993). Укладальнік тома «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986, яго ўступ і каментарыі), зб-каў «Хто з’еў прасвірку» (1979, з А.Фядосікам), «Дай Божа знаць, з кім век векаваць: Беларуская народная варажба» (1993), «Міфы Бацькаўшчыны» (1994), «Беларускі народны соннік» (1996) і інш. На бел. мову з польскай пераклаў аповесць Я.Корчака «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1982).
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСТО́К (Марына) (Марыя Мікітаўна; 15.4.1916, в. Наркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — чэрв. 1994),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1950). Скончыла БДУ (1945). Настаўнічала. У 1949—53 і 1959—78 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкавалася з 1934. Аўтар даследаванняў пра творчасць Я.Коласа, П.Глебкі, П.Броўкі, Я.Маўра, М.Танка, Г.Бураўкіна, кніг «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; 2-е выд. 1973), «Максім Багдановіч» (1961; 3-е выд. 1991). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966, 2-е выд. 1980) і інш. Пісала вершы.
Тв.:
Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі. Мн., 1973.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Лявон) (Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),
бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Клім Лазаравіч) (18.2.1912, в. Шасцёраўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 3.3.1941),
бел. паэт. Працаваў на будоўлях, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газ. «Рабочий», сакратаром рэсп. ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З 1932 вучыўся ў Мінскім Вышэйшым пед. ін-це. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны і высланы ў Казахстан, дзе працаваў настаўнікам. Служыў у арміі. Хварэў на сухоты. Пераехаў у г. Балагое (Цвярская вобл.), дзе настаўнічаў, завочна вучыўся ў Ленінградскім пед. ін-це (1937—41). Там і памёр. Друкаваўся з 1929. Выдаў кн. паэзіі «На бераг» (1932). У лірычных вершах — хараство прыроды, любоў да Радзімы, жыццё вёскі. Некат. не пазбаўлены шчырасці, лірызму, душэўных перажыванняў, здольнасці тонка адчуваць красу прыроды.
Літ.:
Пруднікаў П. Далёкае і блізкае // Пруднікаў П. Мая магістраль. Мн., 1981.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́МБАК ((Gołąbek) Юзаф) (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),
польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).
Літ.:
Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,
група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.
Літ.:
Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;
Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБЕ́КА (Іван Сцяпанавіч) (н. 10.11.1934, в. Серабрышча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і літ.знавец. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Літ. музеі Я.Купалы, з 1964 у Літ.-мемарыяльным музеі Я.Коласа. Друкуецца з 1958. Выдаў зб. гумарыстычных вершаў «Абы здароўе» (1979), кн. лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагагрыфы, анаграмы) «Хітрыя літары» (1991), зб. «Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы» (1993), альбомы «Янка Купала» (1965, 2-е выд. 1983), «Якуб Колас» (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1974, у сааўт.). Складальнік зб. «Успаміны пра Якуба Коласа» (1982). Творы К. змешчаны таксама ў калект. зб-ках «Асцюкі за каўняром» (1989), «Вожык смяецца» (1992) і інш.
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЬКО́ (Хрысціна Аляксееўна) (н. 30.3.1956, в. Хадзюкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1979). З 1979 працавала ў Літ. музеі Я.Купалы, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1984 у час. «Беларусь». З 1996 гал. рэдактар штоквартальніка «Наша вера». Дэбютавала вершамі ў 1971. У апавяданнях і аповесцях (зб-кі «Дарога пад гару», 1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986; «Світанак над бярозамі», 1989) — жыццё сучаснікаў, маральна-этычныя праблемы, роздум над складанымі пытаннямі часу, каларытная мова. Апрацоўвае бел. нар. казкі («Залатое пяро», 1990; «Хітрэй свету не будзеш», 1991). На бел. мову пераклала нарыс І.Сыракомлі «Мінск» (1992), кнігі А.Зубербера «Ці ведаю, у што веру», папы рымскага Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі» (абедзве 1997), «Дар і Таямніца» (1998).
І.У.Саламевіч.
т. 9, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКІН (Алег Гаўрылавіч) (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел. нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).
І.У.Саламевіч.
т. 10, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)