ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

шырата і даўгата, якія вызначаюць становішча пункта на зямной паверхні. Геагр. шырата φ — вугал паміж лініяй адвеса ў дадзеным пункце і плоскасцю экватара, які адлічваецца ад 0 да 90° у абодва бакі ад экватара: на Пн — паўночная шырата, на Пд — паўднёвая. Геагр. даўгата λ — вугал паміж плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт, і плоскасцю пач. мерыдыяна (гл. Грынвіцкі мерыдыян). Даўготы ад 0° да 180° на У ад пач. мерыдыяна наз. ўсходнімі, на З — заходнімі. Геаграфічныя каардынаты абагульняюць астр. і геад. каардынаты пры вырашэнні задач інж. геадэзіі, калі няма патрэбы ўлічваць несупадзенне астр. і геад. каардынат.

Геаграфічныя каардынаты пункта M: шырата φ (вугал MCN); даўгата λ (вугал OCN); P і P′ — Паўночны і Паўднёвы полюсы Зямлі.

т. 5, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́Л (ад лац. integer цэлы),

адно з асн. паняццяў матэматыкі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю рашаць задачы аб узнаўленні функцыі па зададзенай вытворнай (напр., задача адшукання закону руху матэрыяльнага пункта ўздоўж прамой па зададзенай скорасці руху гэтага пункта) і аб вылічэнні плошчаў, аб’ёмаў, работы сілы за зададзены прамежак часу і інш. Гэтыя задачы прыводзяць да паняццяў нявызначанага інтэграла і вызначанага інтэграла. Вывучэнне ўласцівасцей і спосабаў вылічэння розных відаў І. — задача інтэгральнага злічэння. У працэсе развіцця матэматыкі і пад уплывам патрабаванняў прыродазнаўства і тэхнікі паняцце І. ўдакладнялася, змянялася і абагульнялася. Гл. таксама Няўласны інтэграл, Кратны інтэграл, Крывалінейны інтэграл, Паверхневы інтэграл.

Літ.:

Курс вышэйшай матэматыкі. [Ч. 2] Мн., 1997;

Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.

А.​А.​Гусак.

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ТА ў механіцы,

фізічная велічыня, што характарызуе меру дзеяння сілы. Залежыць ад лікавага значэння і напрамку сілы і перамяшчэння пункта яе прыкладання. Адзінка Р. ў СІджоўль.

Калі сіла F пастаянная (па напрамку і лікавым значэнні), а перамяшчэнне s прамалінейнае, тады Р. A = Fscosα, дзе α — вугал паміж напрамкамі вектараў F і s. Для патэнцыяльнай сілы A = U0U1, дзе U0 і U1 — значэнні патэнцыяльнай энергіі ў пачатковым і канцавым становішчах (станах) дадзенай мех. сістэмы, і не залежыць ад траекторыі пункта прыкладання сілы. Пры руху мех. кансерватыўнай сістэмы работа знешніх сіл, прыкладзеных да яе, роўная змене яе кінетычнай энергіі.

Механічная работа на ўчастку траекторыі M0M1: 1 — пры прамалінейным руху A = Fscosα; 2 — пры крывалінейным руху элементарная работа dA = Fcosαds.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАМА́Я,

сукупнасць пунктаў прамой, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенага пункта гэтай прамой. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць x > a (ці x < a), дзе a — пастаянная. Калі сам пункт x = a (мяжа П.) належыць да П., то П. лічыцца замкнутай (ці промнем).

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.​В.​Валяўка.

Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скачо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м.

1. Хуткае перамяшчэнне цела адштурхоўваннем ад якога-н. пункта апоры.

С. зайца.

2. перан. Рэзкае змяненне чаго-н.

С. зарплаты.

С. узроўню вады.

3. Пераход ад старога якаснага стану да новага ў выніку колькасных змяненняў (кніжн.).

|| прым. скачко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.; спец.).

С. механізм (у кінаапаратуры: які скачкападобна, рыўкамі перамяшчае кінастужку пры зме́не кадраў).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

скразны́, -а́я, -о́е.

1. Які праходзіць наскрозь.

Скразная рана.

2. Які перамяшчаецца прама ад аднаго пункта да другога, без перасадак і перагрузак.

С. цягнік.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці, на ўвесь прадмет.

Скразная загартоўка дэталей.

4. Рэдкі, ажурны; праз які праходзіць святло.

Скразныя фіранкі.

5. Пра вецер, што дзьме праз адтуліны, якія знаходзяцца насупраць адна адной.

С. вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ДАЎГАТА́ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,

адна з геаграфічных каардынат, якая вызначае становішча якога-небудзь пункта на зямной паверхні. Вымяраецца вуглом паміж плоскасцю пачатковага (грынвіцкага) мерыдыяна і плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт. Даўготы на У ад пач. мерыдыяна, ад 0° да 180°, наз. ўсходнімі, на З — заходнімі.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬВІН,

адзінка тэрмадынамічнай т-ры, роўная 1/273,16 часткі тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады; адна з асн. адзінак СІ. Абазначаецца К; да 1968 наз. градус Кельвіна (°К). 1 К = 1 °C. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна). Выкарыстоўваецца як адзінка Міжнар. практычнай тэмпературнай шкалы.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАТЭ́ТЫЯ (ад гама + грэч. thetos размешчаны) у матэматыцы, пераўтварэнне, пры якім кожнаму пункту М плоскасці або прасторы ставіцца ў адпаведнасць такі пункт М′, што выконваецца роўнасць SM′=k∙SM, дзе S — цэнтр і k — каэфіцыент гаматэтыі. Пункты М і М′ ляжаць на адной прамой з аднаго боку ад пункта S, калі k>0, і з розных бакоў, калі k<0; у прыватнасці, калі k = -1, атрымліваецца сіметрыя адносна пункта S. Пры гаматэтыі прамая пераходзіць у прамую; захоўваецца паралельнасць прамых і плоскасцей; захоўваюцца вуглы (лінейныя і двухграневыя); кожная фігура пераходзіць у падобную ёй фігуру і наадварот, дзве любыя падобныя фігуры атрымліваюцца адна з адной паслядоўным выкарыстаннем гаматэтыі і перамяшчэння. Гаматэтыя выкарыстоўваецца пры павелічэнні відарысаў (праекцыйны апарат, кіно), пры здымках плана мясцовасці (мензульная здымка) і інш.

Да арт. Гаматэтыя: 0 — цэнтр гаматэтыі.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)