наплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. наплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Плывучы, наткнуцца на што‑н. Наплысці на корч. Наплысці на камень.

2. Прыплыўшы, набрацца ў нейкай колькасці. Наплыло шмат смецця.

3. Нацячы на паверхню чаго‑н. На вочы наплылі слёзы. На параненае месца наплыла кроў.

4. Набліжаючыся, насунуцца, закрыць сабой (пра хмары, воблакі, туман і пад.). Наплылі аднекуль хмары, закапаў дождж. Лупсякоў. На раку, На лугі Туманы наплылі. Кляшторны. // Пра гукі, пах. Здалёк наплыў гул гармат. У акно наплыў водар бэзу. // перан. Ахапіць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці, успаміны, вобразы і пад.). Наплылі ўспаміны. □ На душу наплыло пачуццё шчасця. Пестрак. Андрэй хацеў сказаць мужыкам цэлую прамову, але так многа наплыло ўсякіх думак, што ён не ведаў, з чаго пачаць. Колас.

5. Разм. Трапіць куды‑н. Наплыла вада ў пограб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заплы́сці 1 і заплы́ць 1, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

Плывучы, трапіць куды‑н., за што‑н. Заплыць за востраў. Далёка заплыць. □ Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях? Гартны.

заплы́сці 2 і заплы́ць 2, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым і без дап. Напоўніцца, пакрыцца чым‑н. цякучым, сыпкім. Вочы заплылі слязамі. □ Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Нанава заплыла граззю, скупа зарасла зверху травою. Крапіва. // Зрабіцца маленькім, звузіцца ад распаўнелых або распухлых шчок (пра вочы). Вочы заплылі хіжаю сыццю. Гарэцкі.

2. чым і без дап. Распаўнець (ад тлушчу, ацёкаў, пухліны і пад.). [Верхаводка:] Табе хоць трохі трэба рухацца, а то заплывеш. І так на табе лопаецца ўсё, а тады зусім, як тая бочка будзеш. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

flott

1. a

1) плыву́чы, які́ пла́вае

2) вясёлы; бесшаба́шны;

ein ~er Tänzer до́бры танцо́р

3) ажыўлены;

er macht ~e Geschäfte яго́ спра́вы іду́ць до́бра

2. adv лі́ха, спры́тна, свабо́дна;

~ lben жыць на шыро́кую нагу́;

hier geht es ~ her тут ве́села, тут банке́т на ўве́сь свет

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Плавун1, плывун ’аер, Acorus calainus L.’ (Бейл.), ’мнаганожка, папараць звычайная, Polypodium vulgare’ (смал., Кіс.), рус. плавун, плаўн, чэш. plavim ’дзераза, Lycopodium clavatum’, серб.-харв. plavun ’тс’. Да плаваць, плысці (гл.). Матывацыя: гарызантальны корань раслін ці сцябло падобны да ’таго, што плыве’ — гл. плаву́н4. Суфікс ‑ун утварае і інш. назвы раслін: паўзун, блішчу́н (Сцяцко, Афікс. наз., 69).

Плаву́н2 ’кошык для лоўлі рыбы’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), ’падвалока — снарад для лоўлі рыбы ў адкрытай вадзе; пры гэтым патрэбна сама мала дзве асобы’ (Касп.: Нік. Очерки), рус. валан плаўн ’невялікі невад’, славац. plavačka ’трохсценная падвалока’. Да плаваць (гл.). Лексемы звязаны са значэннем ’лавіць рыбу, плывучы (плаваючы)’. Параўн. рус. астрах, плавная (сеть) у процілегласць ставит (сеть) ’пастаўленая нерухома’.

Плаву́н3 ’смецце, раслінныя рэшткі, напесеныя вадой на карэнне дрэў, на кусты, у заліў у час разводдзя’ (Нік. Очерки; Скарбы), ’цякучы пясок’ (ветк., Яшк.). Рус. плавун ’наносны, павыкіданы лес’, сіб. ’лес, што плавае ў рацэ’. Да плаваць (гл.). Суфікс -ун утварае словы са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’.

Плаву́н4 ’човен’ (Яўс.), рус. наўг. плаву́н ’вялікая рыбацкая лодка, за якой ззаду ідуць (’плывуць’) рыбалоўныя сеткі’. Да прасл. *plavъ > *plaviti, гл. плавіць (Талстой, Геогр., 175), параўн. серб.-харв. дыял. плав ’судна, лодка’.

Плаву́н5 дрыгва, зыбаўка на балоце, каля возера’ (полац., ЛА, 2), ’топкае балота’ (пін., ЛА, 2). Да плаў 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грэ́бці і грабці́, грабу, грабеш, грабе; грабём, грабяце; пр. гроб, грэбла і грабла, грэбля і грабло; незак., каго-што.

1. Збіраць, зграбаць у кучу граблямі, віламі і пад. (звычайна пра сена). Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч.

2. Працаваць рукамі або вёсламі, плывучы, едучы ў лодцы. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Левая рука чамусьці зусім анямела, і ён гроб толькі правай рукой. Няхай. Цішэй грабіце, — закамандаваў Лёнька, — каб човен не пабіць. Савіцкі.

3. Капаць, разграбаць. Стаенны прыгажун захроп,.. павёў вушамі і пачаў грэбці нагою зямлю. Кулакоўскі. Спыніўся я на міг — Няма ні палісадніка, ні хаты, І экскаватар, грузны і рукаты, Грабе пясок каля бяроз маіх. Бураўкін.

4. перан. З прагнасцю браць, захопліваць сабе. Нікому добрага Клім не зрабіў за век, Адно — гроб пад сябе, шукаў адной выгоды. Валасевіч. [Скіба:] Жывёлу забіраюць, хлеб... Што на вока трапіць, то і грабуць. Крапіва. // Хапаць, браць каго‑н. куды‑н. Паліцыянты, бадай, кожную ноч грабуць людзей ды ў астрог запраторваюць. Сабаленка.

•••

Грэбці грошы лапатай — мець вялікія даходы, атрымліваць многа грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плаў1 ’бераг, падмыты вадой’ (чырв., З нар. сл.), ’зыбучы травяны дзірван на зарослым возеры’ (Сл. ПЗБ; ТС; в.-дзв., Нар. сл.; хойн., рэч., добр., Мат. Гом.), ’нізіна, якая ў разліў заліваецца вадой’ (Касп.), плав ’прорва, топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’, плаў ’акно на балоце’ (Сл. Брэс.; Нар. лекс.; ЛА, 5), плавы́ ’азёры, багатыя рыбай, пакрытыя зыбкім і непраходным дзірваном’ (Нік. Очерки), плаў, плавы ’нізкая мясцовасць, дзе рака праходзіць праз балота’ (Касп.), плавок ’дрыгвяністае балота’ (жытк., стол., Яшк.), ’забалочаны вадаём; зыбкае бязлеснае балота; гразкае месца, заліўны луг ля ракі ці возера’ (палес., Талст.; слаўг., жытк., стол., Яшк.), ’плывучае покрыва з рэштак раслін, плаў на балоце, ля возера’ (палес., ЛА, 2); ’плывучае па вадзе смецце’ (ветк., добр., Мат. Гом.). Укр. плавплывучы востраў з чароту і невялікіх раслін’, ’зыбучы дзірван’, ’смецце і ўсялякія прадметы, што плывуць па рацэ’, рус. наўг. пла́вы ’тарфяная багна’, пск. плавье, плавьё ’балота з купінамі’, ’заліўная сенажаць’, ’нанесены глей’, польск. pław — пра розныя прадметы, што плаваюць на вадзе і ў вадзе, ’цякучая рака, кроў’, сёння — ’водны транспарт’, ’плаванне’, ’плыт’; славен. splàv ’плыт’, ’тое, што прынесена вадой’, серб.-харв. plȃv ’лодка, човен’, splȃv ’плыт, паром; баркас’, макед. сплав ’плыт’. Прасл. *plavъ/plavь < і.-е. *plōw‑o‑s (Банькоўскі, 2, 620). Да плыць, плы́сці (гл.). Сюды ж: на пла́ве ’ў стане плавання, на вадзе’ (ТСБМ).

Плаў2 ’нераст рыбы’ (паўн.-усх., КЭС), рус. смал. плав ’нераст’, польск. pław ’выцяканне насення, палюцыя; месячныя ў жанчын’. Відавочна, з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даро́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш.-ласк. да дарога; вузкая дарога, сцежка. Мінуў дзед і трэці лясок, яшчэ адно поле прайшоў і ўлева на Бярозавы хутар на дарожку павярнуў. Колас. Неўзабаве на вочы трапілася вузенькая палявая дарожка. Якімовіч.

2. Спецыяльна зробленая для хадзьбы вузкая дарога ў садах, парках і пад. Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. Колас. Вось ён злез і крочыць паркам Па дарожцы між прысад. Крапіва. // Доўгі вузкі след, пакінуты кім‑н., чым‑н. Дарожка лісіных слядоў.

3. Вузкі доўгі дыван; палавік. Шырокія калідоры засцелены лінолеумам і плюшавымі дарожкамі. «Беларусь». // Вузкая паласа з тканіны, карунак і пад., якая сцелецца зверху ў якасці аздобы. Усё чысценька, усё прыкрыта сурвэткамі, дарожкамі. Васілевіч.

4. Рыбалоўная прылада ў выглядзе доўгага шнура з кручком і прынадай на канцы. Лоўля на дарожку — гэта лоўля на блешню, якую цягнуць за сабой, плывучы па вадаёму на лодцы. Матрунёнак.

5. Вузкае доўгае паглыбленне на чым‑н.; жалабок, разорка.

•••

Бегавая дарожка — спецыяльная кругавая дарожка на стадыёнах, катках і пад., на якой праводзяцца трэніроўкі і спаборніцтвы ў бегу.

Лётная дарожка — паласа зямлі на аэрадроме, прызначаная для ўзлёту і пасадкі самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.

1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.

2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.

3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.

4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.

5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. Прымацавацца да чаго‑н. шляхам прыбівання цвікамі.

2. Прыгнуцца, прыціснуцца да зямлі (ветрам, дажджом і пад.). Пастрашыць, пырсне [дождж] раз ці два, Што не здаволіцца трава, Што не прыб’ецца нават пыл. Лужанін.

3. Плывучы, прыстаць, наблізіцца да чаго‑н., спыніцца каля чаго‑н. Мы прыбіліся к берагу, і лодка пайшла шпарчэй. Масарэнка. // Разм. Доўга ідучы, блукаючы, дабрацца, прыйсці куды‑н. — [Алёшка] уцёк і адзін начаваў у лесе: заблудзіўся, і не мог вярнуцца назад. Раніцай прыбіўся да лесніка. Якімовіч. У эшалонах ехалі і так, .. як жабракі, па людзях карміліся, каб хаця як назад прыбіцца. Галавач.

4. перан. Далучыцца, прыстаць да каго‑, чаго‑н. Полк ноччу знаўся, і яны прыбіліся да вайсковай часці. Навуменка. Праз некалькі дзён я прыбіўся да невялікай групы такіх жа, як сам, уцекачоў. Сачанка. У вайну прыбіўся ў нашу глухую тады вёску нейкі акружэнец з Волагды. Кулакоўскі. Прыбіўся [Іван Крот] да іх у атрад аднекуль з Хартыніцкіх хутароў. Місько.

5. Разм. Пабіцца; ударыцца. [Цясляр:] — Наша дзіця прыбілася, а яны тут пра нейкае чужое дабро. Чорны.

6. Абл. Падбіцца, натаміцца. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, .., з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. Быкаў.

•••

Прыбіцца да берага — тое, што і прыстаць да берага (гл. прыстаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)