НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).

Негніючнік.

т. 11, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННІК (Cortinarius),

род базідыяльных грыбоў сям. павуціннікавых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 123 віды. Найб. вядомыя П.: анамальны (C. anomaliis), бранзалетавы, ці прыбалатуха, звычайны (C. trivialis), карычневы (C. cinnamomeus), каштанавы (C. castaneus), ліпкі (C. collintus), пахучы (C. camphoratus), трыумфальны (C. triumphans), ядомы, ці таўстуха. Трапляюцца з ліп. па вер. у лясах, на ўзлесках і лугах. Большасць з іх мікарызаўтваральнікі, утвараюць «ведзьміны кольцы».

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 8 см, правільная, звычайна ярка афарбаваная, зрэдку белая. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка цыліндрычная або патоўшчаная, амаль заўсёды з рэшткамі пакрывала ў выглядзе павуціністага апушэння ці выпуклых кольцаў. Мякаць белаватая або жаўтаватая. Споры падоўжаныя, бураватыя. Ёсць ядавітыя, некат. ядомыя (напр., прыбалатуха, таўстуха).

Павуціннік бранзалетавы.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛАВО́К, таўкачык (Amanitopsis),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Некалькі відаў, якія адрозніваюцца колерам шапкі. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі 3 віды і 1 разнавіднасць. Трапляюцца ў светлых лясах, на ўзлесках, на глебе сярод травы з чэрв. па вер. П.: беласнежны (A. nivalis), жоўта-карычневы (A. fulva), шэры (A. vaginata).

Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 3—9 см з гафрыраваным краем, у маладога грыба — званочкападобная, потым плоская, ад белай да карычневай, з рэшткамі агульнага пакрывала. Пласцінкі свабодныя, белыя, шырокія. Ножка даўж. 7—20 см, белая, полая, каля асновы з шырокай тоўстай вольвай (похвай). Споравы парашок белы. Ядомыя. Мікарызаўтваральнікі.

Паплавок: 1 — шэры; 2 — жоўта-карычневы.

т. 12, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),

род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мангаста́н

(англ. mangostan, ад малайск. mangustan)

пладовае дрэва сям. клюзіевых, пашыранае ў трапічнай Азіі, а таксама кіславата-салодкі духмяны плод гэтага дрэва.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

марэ́ль

(ням. morelle, ад іт. amarella)

пладовае дрэва сям. ружавых, пашыранае пераважна ў субтропіках, а таксама плод гэтага дрэва, падобны да вішні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інжы́р

(кр.-тат. inžir, ад перс. ängir)

1) пладовае дрэва сям. тутавых, пашыранае ў субтропіках; смакоўніца;

2) салодкі плод гэтага дрэва; фіга, смоква.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алыча́

(тур. aluća)

пладовае дрэва сям. ружавых, пашыранае ў Еўропе, Сярэд. Азіі, на Каўказе, а таксама плод гэтага дрэва жоўтага, цёмна-чырвонага колеру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

перытэ́цый

(ад перы- + гр. theke = сумка)

паўзамкнутае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў і лішайнікаў з вузкай адтулінай на вяршыні, праз якую выкідаюцца споры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРЫБ-БАРА́Н, грыфала кучаравая,

губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.

Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.

Грыб-баран.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)