Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКІ ПАЛА́Ц КУЛЬТУ́РЫ ПРАФСАЮ́ЗАЎ.
Пабудаваны ў 1954 (арх. У.Яршоў) у Мінску на праспекце Ф.Скарыны ў духу неакласіцызму. Да 1998 наз.Палац культуры Белсаўпрофа. Гал. фасад, вырашаны ў выглядзе 10-калоннага порціка, увянчанага франтонам са скульпт. групамі (скульпт. В.Папоў, А.Глебаў, С.Селіханаў), арыентаваны на Кастрычніцкую плошчу. Прамавугольны ў плане будынак мае строга сім. аб’ём, па перыметры абрамлены калонамі і паўкалонамі карынфскага ордэра. Знутры порцік аздоблены кесонным скляпеннем. Аналагічна вырашаны тыльны фасад. Над складаным карнізам бакавых фасадаў па 3 франтоны, упрыгожаныя пінаклямі. Разнастайныя дэкар. элементы класічнай спадчыны выкарыстаны ў інтэр’ерах залаў — глядзельнай (на 670 месцаў), танц. і лекцыйнай, у фае, холах. У палацы працуюць выяўл. студыя, школы эстэт., інтэлектуальна-лагічнага выхавання, гурткі замежных моў і інш.; нар. калектывы (хар. капэла, ансамблі танца «Вясёлка», узорны — «Равеснік», сімф.арк. «Рычыкар», т-р гульні «Вечнае дзяцінства» і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЛЯДО́ВЫ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.
Пабудаваны ў 1999 у Мінску ў зоне грамадскага цэнтра зах. планіровачнага раёна. Аўтары: арх. Ю.Патапаў, І.Боўт, А.Шафрановіч, дызайнеры В.Цыёнская, Н.Дарашкевіч. Разлічаны для спаборніцтваў і трэніровак па хакеі з шайбай і інш.Гал. фасад будынка арыентаваны на вул. Прытыцкага, з якой арганізаваны ўезд на аўтастаянку і знешнія падыходы на перадпалацавую плошчу ў выглядзе шырокіх алей з лесвіцамі і пандусамі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка засн. на спалучэнні простых геам. аб’ёмаў, кантрасце гладкіх глухіх сцен з рэдкім рытмам аконных праёмаў і шклянога аб’ёму колеру бірузы (нагадвае лядовы адкол на беласнежным фоне). Уключае глядзельную залу на 2 тыс. месцаў, лядовае поле (60 × 30 м), гал. службовы і касавы вестыбюлі, фае з вынаснымі буфетамі, раздзявалкі з саунамі для дарослых і дзяцей, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інж. абсталяваннем, што дазваляе праводзіць спарт. мерапрыемствы на высокім міжнар. узроўні.