славі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Тое, што і славяназнаўства. Гэтая праца [В. І. Баркоўскага «Сінтаксіс старажытных грамат»] мае выключна важнае значэнне не толькі для рускага, беларускага і ўкраінскага мовазнаўства, але і для славістыкі ўвогуле. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЖАЗІ́НСКІ (Porzeziński) Ян Віктар (4.8.1870, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 12.3.1929),

расійскі і польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892). У 1901—21 праф. Маскоўскага, у 1922—29 Люблінскага і Варшаўскага ун-таў. Вучань П.Ф.Фартунатава. Вывучаў слав. мовы. Асн. працы ў галіне гісторыі і дыялекталогіі балт. моў. Аўтар прац «Уводзіны ў мовазнаўства» (1907), «Нарыс параўнальнай фанетыцы старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1912), «Параўнальная марфалогія старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1916), «Уводзіны ў індаеўрапейскае мовазнаўства» (1929) і інш.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛЕ́НКА Мікалай Андрэевіч (26.6.1926, с. Савінка Паласаўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 10.5.1987),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1954), выкладаў у ім (з 1980 праф.). З 1985 дырэктар філіяла Ін-та рус. мовы імя А.​С.​Пушкіна ў Празе. Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, па праблемах бел. словаўтварэння, рус. мове. Аўтар працы «Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове» (1978), вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў мовазнаўства» (1962), «Кароткі нарыс гісторыі пісьма» (1965) і інш.

Тв.:

Гісторыя пісьма. 2 выд. Мн., 1987.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТАЎ Анатоль Сцяпанавіч (н. 17.7.1926, Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1951). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1994 у Фондзе фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Распрацоўвае пытанні бел. і слав. фразеалогіі («Лексіка беларускіх прыказак XIX ст. ў сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі», 1958; «Беларуская фразеалогія», 1978; «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», 1970, у сааўт.), этналінгвістыкі, фразеаграфіі і гісторыі бел. мовазнаўства. Рэдактар і адзін са складальнікаў «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я.​Коласа» (1993), сааўт. «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Аўтар кн. «З думай славяніна» «З душой славяніна» (1991, з Л.​А.​Малаш).

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЕ́ЎСКІ Анатоль Іванавіч (28.12.1925, Мінск — 27.9.1986),

бел. мовазнавец. Брат Л.І.Кісялеўскага. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1963 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў (у 1968—75 прарэктар). Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, лексікаграфіі і тэрміналогіі. Аўтар працы «Мовы і метамовы энцыклапедый і тлумачальных слоўнікаў» (1977), «Лацінска-руска-беларускага батанічнага слоўніка» (1967), вучэбных дапаможнікаў па агульным мовазнаўстве. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79).

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ДНІК Міхаіл Раманавіч (21.11.1910, в. Пяцюлёва Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1995),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1970), канд. філал. н. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). У 1930—36. 1938—43 настаўнічаў, у 1943—44 нач. упраўлення кадраў Наркамасветы БССР. У 1944—52 навук. супрацоўнік Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. З 1952 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (заг. сектара, у 1957—83 дырэктар). Даследаванні па бел. лексікалогіі і лексікаграфіі, арфаграфіі, тэрміналогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовазнаўства. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), 14-моўнага «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, Прага, 1977—79), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​М.​Лобанам; 6-е выд., 1990), «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996). Старшыня Бел. (1959—85), чл. Міжнар. (1973) камітэтаў славістаў.

Тв.:

Гісторыя ўзнікнення і этапы развіцця беларускай лексікаграфіі старажытнай пары // Працы Ін-та мовазнаўства АН БССР 1957. Вып. 4;

Слоўнік асабовых уласных імён. Мн., 1965.

М.​Н.​Крыўко.

М.Р.Суднік.

т. 15, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАДЗЕ́Д Іван Канстанцінавіч (29.8.1906, с. Успенка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 21.9.1981),

украінскі мовазнавец. Акад. АН УССР (1957) і АН СССР (1972). Засл. дз. нав. Украіны (1966). Скончыў Харкаўскі ун-т (1932). З 1961 дырэктар Ін-та мовазнаўства імя А.​А.​Патабні АН УССР, адначасова ў 1962—78 віцэ-прэзідэнт АН УССР. Даследаваў праблемы ўсх.-слав. моў, у т. л. бел. моўны матэрыял («Кантакты ўкраінскай мовы з іншымі славянскімі і уніфікацыя яе вуснай літаратурнай формы», 1968; «Лінгвастылістычная характарыстыка перакладу твораў К.​Крапівы на ўкраінскую мову», 1972), агульнае мовазнаўства і сацыялінгвістыку. Дзярж. прэміі УССР 1971 і СССР 1983.

І.​К.​Германовіч.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫДО́ВІЧ Марыя Андрэеўна (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).

Н.​С.​Мажэйка.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСК (Rask) Расмус Крысціян (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),

дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.​Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

этымало́гія, -і, ж.

1. Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне і роднасныя сувязі слоў.

2. Паходжанне таго або іншага слова ці выразу.

○

Народная этымалогія (спец.) — памылковае пераасэнсаванне запазычанага слова шляхам устанаўлення сувязі з вядомым словам роднай мовы на аснове некаторых агульных прымет, без уліку рэальных фактаў паходжання.

|| прым. этымалагі́чны, -ая, -ае.

Э. слоўнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)