частата выяўлення алелю пэўнага гена ў розных асобін роднаснай групы арганізмаў. Залежыць ад генатыпу і ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Адрозніваюць поўную П. (алель праяўляецца ў 100% асобін) і няпоўную (алель не выяўляецца ў ч. асобін, частата праяўлення выражаецца ў працэнтах). Напр., у чалавека П. прыроджанага вывіху бядра 25%, П. дэфекту вока — калабомы — каля 50%. Веданне механізмаў П. мае значэнне ў медыка-генет. кансультаванні і вызначэнні верагоднага генатыпу «здаровых» людзей, сваякі якіх мелі спадчынныя захворванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне яго мед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш. хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬ МЕДЫ́ГА ((Del Medigo) Іосіф Саламон) (16.3.1591, г. Кандыя, цяпер г. Іракліян, Грэцыя — 1655),
яўрэйскі лекар, матэматык, астраном, філосаф. У 1606—13 вучыўся ў Падуанскім ун-це: вывучаў астраномію і матэматыку (пад кіраўніцтвам Г.Галілея), а таксама філасофію і медыцыну. Пазней жыў у Каіры, Канстанцінопалі. Маючы славу знакамітага вучонага і медыка, у 1620 прыехаў у Вільню, некалькі гадоў быў лейб-медыкам Крыштафа Радзівіла. У 1628 выехаў у Амстэрдам. Памёр у Празе. Аўтар прац па філасофіі, яўр. л-ры, прыродазнаўчых навуках. Пакінуў нататкі пра сваё знаходжанне ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДО́ЛЬСКІ (Павел Аляксандравіч) (1815, Курская вобл., Расія —5.3.1881),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Праф. (1860). Скончыў Маскоўскае аддз.Медыка-хірург. акадэміі (1841). З 1841 настаўнік Горы-Горацкай земляробчай школы, у 1848—64 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1853—64 заг.вет. клінікі (першая на Беларусі) і ў 1849—64 коннага завода пры гэтым ін-це. Апісаў больш за 40 хвароб с.-г. жывёл. Пасля паўстання 1863—64 звольнены з ін-та.
Тв.:
Очерк истории ветеринарной медицины // Зап. Горыгорецкого земледельческого ин-та. 1854. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЛЬЕ́ (Карл Францавіч) (20.4.1814, Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.4.1858),
расійскі прыродазнавец, біёлаг-эвалюцыяніст. Скончыў Маскоўскае аддз.Медыка-хірург. акадэміі (1833). З 1840 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, палеанталогіі, тэарэт. біялогіі. Адхіляў вучэнне пра нязменнасць відаў, сцвярджаў, што вопыт вывядзення новых парод і акліматызацыя жывёл — ключ для разумення рухальных сіл эвалюцыі. Развіваў ідэі пра адзінства арганізма і ўмоў існавання, даказаў прычынную залежнасць эвалюцыі жывых форм ад змены навакольнага асяроддзя, развіваў дадарвінаўскую матэрыяліст. тэорыю арган. свету. Засн.навук. школу заолагаў-эвалюцыяністаў, распрацаваў праграму даследаванняў па экалогіі жывёл і зоапсіхалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп.медыкагенет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),
філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л.«Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЦЭ́ЛІУС ((Berzelius) Ёнс Якаб) (20.8.1779, Веверсунда, каля г. Лінчэпінг, Швецыя — 7.8.1848),
шведскі хімік і мінералог. Чл. Каралеўскай шведскай АН (1808), яе прэзідэнт (1810—18). Скончыў Упсальскі ун-т (1801). У 1802—32 працаваў у Медыка-хірургічным ін-це ў г. Стакгольм. Адкрыў хім. элементы цэрый, селен, торый. Стварыў электрахім. тэорыю хім. роднасці, на яе аснове пабудаваў класіфікацыю элементаў, злучэнняў і мінералаў. Вызначыў ат. масы 45 хім. элементаў, увёў сучасныя сімвалы хім. элементаў, прапанаваў тэрмін «каталіз». Аўтар падручнікаў па хіміі.
Літ.:
Соловьев Ю.И., Курнной В.И. Якоб Берцелиус: Жизнь и деятельность. 2 изд. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАСТРАНА́ЎТЫКА (ад бія... + астранаўтыка),
комплекс біял. навук, якія вывучаюць жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах адкрытай касм. прасторы і пры палётах на касм. лятальных апаратах. Даследаванні праводзіліся з 1930-х г. спачатку на паветр. шарах, потым на ракетах, штучных спадарожніках Зямлі, касм. караблях і станцыях. Вывучаюцца дзеянне экстрэмальных фактараў (бязважкасці, паскарэнняў, вібрацыі, шуму) на жывыя арганізмы, асаблівасці іх рэакцыі, межы ўстойлівасці і цярплівасці, распрацоўваюцца сістэмы медыка-біял. забеспячэння працяглых касм. палётаў і адаптацыі жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Атрыманы новыя фундаментальныя даныя аб ролі гравітацыі ў ажыццяўленні клетачнага дзялення, перадачы генет. інфармацыі, росту і развіцця арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТКІНА (Леанора Сямёнаўна) (н. 22.7.1929, Мінск),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-рмед.н. (1971), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1953). З 1953 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па пытаннях сасудзістай паталогіі галаўнога мозга, цэрэбраваскулярных хвароб, медыка-сацыяльнай экспертызы, інваліднасці і рэабілітацыі.
Тв.:
Инфаркт мозга. Мн., 1973 (разам з Д.А.Маркавым, Э.І.Злотнікам);
Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977 (разам з І.П.Антонавым);
Врачебно-трудовая экспертиза. Мн., 1981 (разам з Т.А.Гурыновіч, М.М.Хоміч).