ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),

сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.​Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.

У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. як самаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. як царк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.​Абеляра. У творах У.​Шэрвуда, Дунса Скота, Пятра Іспанскага, У.​Окама, Ж.​Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт). І.​Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц. Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.​Гегель на ідэаліст., а К.​Маркс і Ф.​Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.

На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг па Л., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.​Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.

З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.​Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.​Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл. Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.​Буль, У.​Джэванс, Ф.​Морган, Ч.​Пірс, Э.​Шродэр, П.​С.​Парэцкі, Дж.​Пеана, Б.​Расел, А.​Уайтхед). Г.​Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.​Лукасевіч, Э.​Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.​Льюіс, В.​Гліванг, А.​Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.​Акерман, К.​Гёдэль, Ж.​Эрбран, Д.​Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.​Тарскі, Л.​Лёвенгайм, Т.​Сколен, Гёдэль, А.​І.​Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.​Кліні, А.​Чорч, А.​А.​Маркаў, А.​М.​Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш.). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, як логіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш. Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.

Літ.:

Маковельский А.О. История логики. М., 1967;

Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;

Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;

Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч. М., 1978. Т. 2;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить...: Пер. с фр. М., 1991;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995;

Leibniz G.W. Fragmente zur Logik. Berlin, 1960.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІЯ

Першыя картаграфічныя творы з пазначэннем тэр. Беларусі вядомы з 2 ст. н.э. (карты Еўрапейскай Сарматыі Пталамея). Першыя рэгіянальныя карты з адлюстраваннем бел. зямель надрукаваны ў 16—17 ст. Гарады Менск і Гродна пазначаны ў атласе «Гарады свету» (Амстэрдам, 1577), Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) — у атласе Г.​Меркатара (1600). У пачатку 17 ст. ў Нясвіжы пры двары Радзівілаў працаваў вядомы картограф і гравёр Тадэвуш Макоўскі, які па заказе Мікалая Радзівіла выгравіраваў першую карту ВКЛ (надрукавана ў 1613 у Амстэрдаме на лац. мове), ім створаны і панарамныя гравюры Нясвіжа і Клецка. У 18 ст. Беларусь адлюстравана на многіх картах Рэчы Паспалітай: подпісы Wit Rusland на карце І.​Цырыёна (1733), Russia Alba на карце Т.​Маера (1750), White Russia на карце Польшчы, Літвы і Прусіі (1750). Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Рас. імперыі ў перыяд генеральнага межавання (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) складзены першыя карты і атласы бел. губерняў, генеральныя планы паветаў. У 19 ст. праведзена картаграфаванне ўсёй тэр. Беларусі. Бел. геадэзіст І.​І.​Ходзька правёў трыянгуляцыйныя работы на тэр. Гродзенскай і Мінскай губ., якія паслужылі матэматычнай асновай для складання буйнамаштабных карт. Вялікая работа па стварэнні геадэзічнай асновы, тапаграфічных здымкаў і карт зроблена корпусам ваенных тапографаў, у выніку чаго ў 1865—71 складзены карты ўсёй тэр. Беларусі маштабу 1:126 000 і 1:420 000, значнай часткі яе тэрыторыі на картах маштабу 1:84 000, 1:42 000 і 1:21 000, якія паслужылі топаасновай для складання тэматычных карт. У 2-й пал. 19 ст. праводзіліся геалагічныя, глебавыя і гідралагічныя здымкі. На падставе дзейнасці Зах. экспедыцыі па асушэнні балот былі створаны агульнагеаграфічныя і тэматычныя карты Еўрап. Расіі, у т. л. і Беларусі. Падрабязнае адлюстраванне рэльефу Беларусі ўпершыню зроблена рас. картографам А.​А.​Ціло на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі маштабу 1:2 520 000 (1889). Характарыстыка найважнейшых кліматычных элементаў Беларусі адлюстравана ў «Кліматычным атласе Расійскай імперыі» (1900).

У савецкі час на працягу 1918—30 ва ўсх. частцы Беларусі пад кіраўніцтвам А.​М.​Жырмунскага, Г.​Ф.​Мірчынка, П.​А.​Туткоўскага і інш. выкананы геалагічныя і геамарфалагічныя здымкі, на падставе якіх складзены адпаведныя карты маштабу 1: 840 000. У 1936 С.​С.​Малярэвіч і М.​М.​Цапенка склалі карту чацвярцічных адкладаў усіх абласцей Беларусі маштабу 1: 1 500 000 (перапрацавана і дапоўнена М.​М.​Цапенка ў 1941). Выдаваліся таксама гіпсаметрычныя карты: вучэбная фіз. карта БССР маштабу 1: 500 000 (1928), Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 500 000 (1939) і інш. Вяліся работы па тэматычным картаграфаванні. На аснове гідралагічных і метэаралагічных даследаванняў складзены гідралагічныя карты. А.​І.​Кайгарадаў склаў «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). Даследаванні расліннасці тэр. БССР адлюстраваны на Геабатанічнай карце Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 050 000 (1927—32). У 1933 складзена фізічная карта БССР маштабу 1: 600 000, якая не раз перавыдавалася. Вялікі ўплыў на развіццё тэматычнага картаграфавання зрабіла адкрыццё Навабеліцкай картаграфічнай фабрыкі (1934), якая ў 1936 пераведзена ў Мінск.

У выніку комплексных геалагічных і гідралагічных здымак у пасляваенны час складзены сярэднемаштабныя карты: геолага-літалагічныя, гідрагеалагічныя, геамарфалагічныя, карысных выкапняў, чацвярцічных адкладаў. У 1948 выдадзена глебавая карта маштабу 1: 2 000 000 і на яе аснове — карта маштабу 1: 1 200 000. У 1957 М.​М.​Цапенка склала карту чацвярцічных адкладаў Беларусі маштабу 1:1 000 000, В.​А.​Дзяменцьеў — геамарфалагічную карту маштабу 1: 2 500 000. У гэты перыяд вяліся глебавыя даследаванні гаспадарак Беларусі, адначасова складаліся буйнамаштабныя глебавыя карты і аграхім. картаграмы калгасаў і саўгасаў, на іх аснове — глебавыя карты асобных абласцей. Былі выдадзены эканам. карты прам-сці і сельскай гаспадаркі. У 1958 выдадзены комплексны «Атлас БССР», у якім адлюстравана прырода, эканоміка, адукацыя, навука, культура, ахова здароўя, гал. гіст. падзеі, серыя карт прысвечана комплекснай характарыстыцы абласцей. У 1963 Ін-т мовазнаўства АН Беларусі выдаў «Дыялектычны атлас беларускай мовы», у 1969 — атлас «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак». У 1970-я г. выдаваліся карты для сярэдняй школы, шырокага кола чытачоў, у т. л. «Атлас аўтамабільных дарог Беларускай ССР» (першы выпуск у 1971), турысцкія карты Беларусі (1973, 1974 і інш.), «Ахоўныя аб’екты прыроды Беларускай ССР» (1973, 1975). У 1970—80 выйшла серыя карт прыроды Беларусі ў сярэдніх маштабах: у 1974 пад рэд. Р.​Г.​Гарэцкага выдадзена тэктанічная карта маштабу 1: 500 000, у 1979 пад рэд. Т.​Н.​Кулакоўскай і П.​П.​Рагавога — глебавая карта маштабу 1: 600 000, у 1979 пад рэд. І.​Д.​Юркевіча — карта расліннасці маштабу 1: 1 000 000, у 1983 — геалагічныя карты маштабу 1: 500 000 дачацвярцічных адкладаў пад рэд. А.​С.​Махнача і чацвярцічных адкладаў пад рэд. Г.​І.​Гарэцкага, у 1984 — ландшафтная карта маштабу 1: 600 000 пад рэд. Г.​І.​Марцінкевіч, у 1990 — геамарфалагічная карта маштабу 1: 500 000 пад рэд. Б.​М.​Гурскага. У 1960—70 у традыцыйную картаграфію Беларусі пры падрыхтоўцы карт да выдання пачало ўкараняцца чарчэнне і гравіраванне на пластыках, з пачатку 1980-х г. выкарыстоўваюцца новыя камп’ютэрныя тэхналогіі (нетрадыцыйная картаграфія) — карты, сумешчаныя з касм. адлюстраваннем мясцовасці.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС падрыхтаваны і выдадзены карты радыяцыйнага забруджання тэр. Беларусі маштабу 1:1 000 000 і 1: 500 000 (1993, 1995) і маштабу 1:100 000 для асобных раёнаў (Валожынскі, Рагачоўскі і інш.). У 1996 выдадзены атлас Беларусі пад рэд. С.​А.​Польскага, у якім адлюстравана развіццё бел. этнасу, з часу перапісу насельніцтва 1897 і да 1995; у 1990 — «Атлас Рэспублікі Беларусь» (2-е выд. 1998) пад рэд. Р.​А.​Жмойдзяка (навуч. дапаможнік па геаграфіі для агульнаадукацыйнай школы). У 2002 выдадзены «Нацыянальны атлас Беларусі», які адлюстроўвае сукупнасць сучасных ведаў аб тэрыторыі, прыродзе, экалогіі, эканоміцы, адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, знешніх адносінах, гісторыі Беларусі. Рэспубліканскае прадпрыемства «Белкартаграфія», выд-вы «Трывіум», «Еўраферлаг», «Квадрограф» выдаюць разнастайную картаграфічную прадукцыю: навуч. карты і атласы, атласы аўтамаб. дарог, турысцка-экскурсійныя, даведачныя карты і планы абласцей, раёнаў, гарадоў Беларусі і інш.

Літ.:

Жмойдяк Р.А., Явид П.П. Развитие тематического картографирования в Беларуси // Вестн. БГУ. Сер. 2. 2002. № 1;

Атоян Л.В. Беларусь на картах разных эпох // Земля Беларуси. 2003. №1;

Развитие комплексного картографирования в Беларуси // География в XXI в.: проблемы и перспективы. Мн., 2004.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 18, кн. 2, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОВАЗНАЎСТВА

Навуковыя даследаванні бел. мовы ўзніклі ў 16 ст., напачатку ў Выглядзе тлумачэнняў незразумелых стараслав. лексем і выразаў «простай», ці тагачаснай старабел. мовай (найперш у выданнях Ф.​Скарыны і інш. перакладчыкаў рэліг. тэкстаў — С.​Буднага, В.​Цяпінскага), а пасля ў выглядзе буквароў, граматык, слоўнікаў стараслав. мовы, дзе метамовай, або мовай апісання, служыла старабел. мова. Незразумелыя царкоўнаславянскія «глосы» (словы) Ф.​Скарына тлумачыў бел. лексемамі (напр., «кивотъ — скриня», «риторъ — мовца», «тимпанъ — бубен» і інш.). Аналагічнай бел. метамовай карысталіся С.​Будны і В.​Цяпінскі (напр., у С.​Буднага «благодарение — дякованье», «врач — лекарь», «миръ — покой»; у В.​Цяпінскага «верыга — ланцуг», «мучитель — катъ», «зло — лихо» і г.д.).

Першая граматыка ўсх. славян напісана на тэр. тагачаснай Беларусі ў Вільні — «Кграматыка словеньска языка...» (ананімная, 1586). У 1596 там жа надрукавана «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія, дзе ў выглядзе пытанняў і адказаў з дапамогай старабел. мовы апісваліся фанетычныя і марфалагічныя рысы стараслав. мовы. Самай значнай лінгвістычнай працай пач. 17 ст. стала «Грамматіки славенския правилное Синтагма» М.​Сматрыцкага, выдадзеная ў 1619 у Еўінскай друкарні (пад Вільняй). Гэтая кніга амаль паўтара стагоддзя лічылася ва ўсх. славян найбольш аўтарытэтнай і глыбокай працай па мовазнаўстве. Паводле яе ўзору створаны першыя навуковыя граматыкі сербскай, балгарскай, рус. моў. «Граматыкі» Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага, напісаныя на аснове царкоўнаславянскай мовы, адлюстроўвалі некаторыя рысы жывой бел. гаворкі і прызначаліся для ўсяго «грэка-славянскага» свету. Калі ў гэтых лінгвістычных працах старабел мова выкарыстоўвалася пераважна ў якасці метамовы, а аб’ектам апісання служыла стараслав. мова, то створаная ў Сарбоне (Францыя) І.​Ужэвічам на лац. мове «Граматыка словенская» (1643) прысвечана апісанню ўласна старабел. і стараўкраінскай літаратурнай мовы Гэтая кніга ў 18—19 ст. была вядома славістам у 2 рукапісных варыянтах (упершыню яна надрукавана ў 1970 у Кіеве, у 1996 выдадзена ў Мінску). З інш. лінгвістычных прац, створаных беларусамі ў 17 ст., вылучаюцца «Азбука» Сімяона Полацкага, напісаная для навучання грамаце будучага расійскага цара Пятра I, і «Граматыка» І.​Капіевіча, якой карыстаюцца і цяпер тыя, хто ўжывае кірыліцкае пісьмо (балгары, беларусы, рускія, сербы, украінцы і інш.).

Адначасова з граматычнымі апісаннямі мовы на тэр. Беларусі надрукаваны першыя сярод усх. славян слоўнікі, найбольш вялікім і грунтоўным з якіх быў «Лексис...» Л.​Зізанія (1596, Вільня). У гэтым слоўніку змешчаны пераклад на старабел. мову 1061 царкоўнаславянскага слова, а для перакладу выкарыстана больш за 2000 старабел. лексем, многія з якіх захаваліся і ў сучаснай мове без змен свайго значэння («лазня», «нікчэмны», «дзякаваць», «вяселле», «чакаць», «праца», «іншы», «ручнік» і г.д.). Пісьмовы варыянт старабел. літаратурнай мовы фактычна быў выведзены з афіцыйнага ўжытку ў 1696, калі Беларусь знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, а пасля і Рас. імперыі. У пач. 19 ст. збіральнікі бел. фальклору (Я.​Чачот, П.​Шпілеўскі, А.​Кіркор і інш.), зыходзячы з асаблівасцей гаворак, складалі слоўнікі мясцовых слоў. Цікавасць да этнаграфічнага, фальклорнага і гістарычнага матэрыялаў абумовіла з’яўленне напачатку спарадычных, несістэматызаваных навуковых апрацовак бел. мовы ў выглядзе слоўнікаў, нататак, артыкулаў і першых рукапісных граматык П.​Шпілеўскага, К.​Нядзведскага (не выдадзены). Пра бел. мову і яе асаблівасці згадвалі ў сваіх працах А.​Брукнер (Польшча), П.​Уладзіміраў, А.​Шахматаў, М.​Карпінскі (Расія), К.​Апель (Германія) і інш. Да ліку асобных прац па фанет. і марфал. адметнасцях бел. мовы належаць працы К.​Калайдовіча, Ф.​Галатузава, І.​Нядзёшава. Значныя навук. здабыткі ў 19 ст. па бел. мовазнаўстве ў лексікаграфічных працах І.​Насовіча, Ф.​Шымкевіча, М.​Гарбачэўскага і інш. У 1840 Ф.​Шымкевіч склаў слоўнік «Збор слоў літоўска-рускай (бел.) мовы», які ўключаў каля 3000 намінатыўных адзінак (слоў, устойлівых выразаў); прыведзеныя словы перакладзены на рус., англ., венг., дацкую, лат., літ., ням., польскую, сербскую, славацкую, фін., чэш., швед. і інш. мовы. «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870) уключаў у сваю рэестравую (левую) частку больш за 30 тыс. слоў, сабраных аўтарам пераважна ў Магілёўскай губ. Акрамя прыведзеных лексікаграфічных прац, захаваўся рукапіс «Апісанне Крычаўскага графства, ці былога староства» А.​Меера (1786), дзе побач з гістарычнымі, этнаграфічнымі, геаграфічнымі апісаннямі гэтай мясцовасці змешчана каля 600 бел. слоў, кожнае з якіх мае лац. ці рус. пераклад або тлумачэнне; словы размеркаваны па тэматычных рубрыках, а ўнутры іх па алфавіце. Гэтую працу можна лічыць адной са спроб ідэаграфічнага апісання бел. лексікі. Рукапісны «Слоўнік беларускай гаворкі» П.​Шпілеўскага (1845) ахоплівае каля 1,5 тыс. бел. лексем. Лексікаграфічныя матэрыялы прадстаўлены ў працах Я.​Чачота, К.​Калайдовіча і інш. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. мовазнаўства Я.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры кнігі гэтай манаграфіі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. Бел. мову ён аналізаваў як самастойную слав. мову, у той час як афіцыйная навука лічыла яе дыялектным адгалінаваннем велікарускай мовы. Першыя навуковыя спробы апісання новай бел. літаратурнай мовы, заснаванай амаль цалкам на народных гаворках, сведчаць пра з’яўленне на лінгвагеаграфічнай карце свету адметнай слав. мовы, якая дзякуючы сваім глыбінным караням захавала ў найбольш чыстым выглядзе адну з самых старажытных і развітых моў Еўропы.

Унутранымі фактарамі развіцця бел. лінгвістыкі сталі з’яўленне ў пач. 20 ст. легальнага перыядычнага бел. друку (газеты «Наша доля», «Наша ніва» і інш.), а таксама літаратурных твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, З.​Бядулі, М.​Зарэцкага, К.​Чорнага і інш. Гэтым было абумоўлена стварэнне прац па апісанні, унармаванні і кадыфікацыі бел. слова, самай значнай з якіх стала «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча (1918, 5-е факс. выд. 1991), дзе сцісла, але навукова і грунтоўна вызначаны асноўныя моўныя нормы, якія і зараз выкарыстоўваюцца бел. дыяспарай і некаторымі сучаснымі недзярж. выданнямі Беларусі пад неафіцыйнай назвай «тарашкевіца».

У 1920-я г. на Беларусі разгарнулася шырокая лексікаграфічная дзейнасць. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, вынікам працы якой стала выданне 24 выпускаў бел. навуковай тэрміналогіі, апублікаваны бел.-рус. і рус.-бел. перакладныя слоўнікі, напр., «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» М.​Байкова і С.​Некрашэвіча (1926) і інш., а таксама слоўнікі, прысвечаныя вайсковай тэрміналогіі (М.​Байкоў і А.​Бараноўскі), праву (М.​Гуткоўскі), батаніцы (З.​Верас), дыялектныя слоўнікі Віцебшчыны (М.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​Шатэрнік) і інш. Распрацоўваліся тэарэтычныя пытанні вывучэння і апісання бел. нар. гаворак, лінгвагеаграфіі ў публікацыях М.​Байкова, І.​Ваўка-Левановіча, Я.​Карскага, П.​Растаргуева і інш. У 1928 П.​Бузук надрукаваў манаграфію «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», дзе разгледзеў фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці гаворак цэнтр. і ўсх. Беларусі, а таксама сумежных абласцей Расіі і Украіны. Лексічная база бел. мовы папаўнялася рознымі шляхамі: у выніку стварэння новых слоў і словазлучэнняў на ўласнай моўнай базе, шляхам запазычання, за кошт дыялектнай лексікі.

У 1922 створаны Інстытут бел. культуры, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі і ўключаў у свой склад Інстытут мовазнаўства. З адкрыццём БДУ (1921) і шэрагу пед. ін-таў пашырылася падрыхтоўка лінгвістычных кадраў і вяліся даследаванні ў галіне бел. мовазнаўства. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, дзе акрамя айчынных спецыялістаў прынялі ўдзел замежныя лінгвісты і пісьменнікі (М.​Фасмер, Ю.​Галомбак, Я.​Райніс і інш.). Па выніках працы канферэнцыі ўтворана камісія бел. літаратурнай мовы, якая падрыхтавала і апублікавала ў 1930 праект новага правапісу. У 1933 створана асобная камісія, якая распрацавала новы праект, прыняты СНК БССР пад назвай «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Гэтым упершыню ў гісторыі бел. літаратурнай мовы заканадаўча замацаваны пэўныя нормы бел. правапісу і граматыкі. Правіламі 1933 карысталіся ў Савецкай Беларусі да 1957, калі СМ БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага бел. правапісу», скарэкціраваўшы тагачасныя моўныя нормы.

У даваенны час падрыхтаваны і выдадзены лінгвістычныя працы Ц.​Ломцева, К.​Гурскага і інш., прысвечаныя фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісу бел. мовы і скіраваныя на збліжэнне з правіламі і нормамі адпаведных раздзелаў рус. мовы. У 1937 выдадзены самы вялікі на той час перакладны «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Александровіча, які ўключаў 40 тыс. рэестравых слоў. Методыцы выкладання бел. мовы прысвечаны і працы Я.​Коласа. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны буйнейшыя бел. мовазнаўцы М.​Байкоў, П.​Бузук, І.​Воўк-Левановіч, М.​Гарэцкі, С.​Некрашэвіч, Б.​Тарашкевіч і інш., што разам з Вялікай Айчыннай вайной істотна прыпыніла развіццё бел. мовазнаўства, многія пытанні якога ў 1950-я г. пачалі распрацоўваць фактычна на новых навуковых прынцыпах.

У 1952 у АН Беларусі адноўлены Інстытут мовазнаўства (з 1956 імя Я.​Коласа), які быў адкрыты ў 1929, але ў 1935 рэфармаваны ў Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы. З адкрыццём спецыяльнай лінгвістычнай установы звязана разгорнутае навуковае апісанне бел. мовы на ўсіх яе ўзроўнях і па ўсіх раздзелах лінгвістыкі (фанетыка, марфалогія, словаўтварэнне, лексіка, сінтаксіс, фразеалогія, стылістыка), а таксама ў моўных разнавіднасцях (дыялекталогія, мастацкая літаратура, публіцыстыка, навука і інш.). Значныя вынікі атрыманы ў апісанні дыялектаў, за кошт якіх у вялікай ступені папоўніўся лексічны фонд бел. літаратурнай мовы. Вынікам сумеснай працы акадэмічных работнікаў і выкладчыкаў ВНУ стаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (т. 1—3, 1957—61), падручнікі і навучальныя дапаможнікі М.​Булахава, М.​Гурскага, М.​Жыдовіч, Ц.​Ломцева, М.​Марчанкі, Ю.​Мацкевіч, П.​Юргелевіча і інш. Найбольш значныя працы пасляваеннага перыяду — фундаментальныя акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Булахава, П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), «Беларуская граматыка» пад рэд. М.​Бірылы і П.​Шубы (ч. 1—2, 1985—86), энцыклапедыя «Беларуская мова» пад рэд. А.​Міхневіча (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Грунтоўнай працай у галіне лінгвістыкі стаў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963, Дзярж. прэмія СССР 1968) — першае поўнае лінгвагеаграфічнае апісанне адной з усходнеславянскіх моў, дзе налічваецца 338 лінгвістычных карт, паказана тэр. пашырэнне фанетычных (64 карты), акцэнталагічных (15), марфалагічных (115), сінтаксічных (21), лексічных (121) з’яў бел. гаворак. Лагічны працяг гэтай працы — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. М.​Бірылы і Ю.​Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98, Дзярж. прэмія Беларусі 2000), які складаецца з 1791 карты з паказаннем геаграфічнага размеркавання дыялектных лексем. У выглядзе рэгіянальных слоўнікаў надрукаваны лексічныя матэрыялы асобных гаворак Беларусі: «Дыялектны слоўнік» Ф.​Янкоўскага (в. 1—3, 1959—70), «Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» пад рэд. М.​Жыдовіч (в. 1—3, 1970—77), «Слоўнік беларускіх гаворак Паўночна-Заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), а таксама шматлікія выданні слоўнікаў дыялектнай лексікі М.​Абабуркі, І.​Бялькевіча, М.​Каспяровіча, Я.​Камароўскага і Е.​Мяцельскай, П.​Сцяцко, Л.​Шаталавай, М.​Шатэрніка, Г.​Юрчанкі, Р.​Яўсеева і інш. Істотным здабыткам бел. лексікаграфіі сталі кн. «Беларуская антрапанімія» М.​Бірылы (т. 1—3, 1966—82), 6 выпускаў слоўніка айконімаў Я.​Рапановіча, працы Я.​Адамовіча, В.​Жучкевіча, В.​Лемцюговай, А.​Мезенка, М.​Судніка, Г.​Усціновіч, І.​Яшкіна і інш.

У пасляваенны час рознымі выдавецтвамі апублікавана шмат перакладных слоўнікаў, у т. л. «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы (1962) з пазнейшымі дапоўненымі і дапрацаванымі перавыданнямі, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расейскі слоўнік» Я.​Станкевіча (Нью-Йорк, 1989), «Польска-беларускі слоўнік» пад рэд. Г.​Цыхуна (2004) і інш. Выдадзены «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. М.​Судніка і М.​Крыўко (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​Бардовіча і Л.​Шакуна (1975, 2-е выд. 1989), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» А.​Бардовіча, М.​Круталевіча і А.​Лукашанца (2000), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​Клышкі (1976, 2-е выд. 1993), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.​Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​Булыкі (т. 1—2, 1999), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​Грабчыкава (1994), «Частотны слоўнік беларускай мовы» Н.​Мажэйкі і Я.​Супруна (т. 1—5, 1976—92), а таксама «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​Пазнякова (1988), Н.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы «Нашай нівы» (у 5 т.; т. 1, 2003). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—21, 1982—2002), «Слоўнікам мовы Янкі Купалы» (т. 1—4, 1997—2002). У працы В.​Кіпеля і З.​Саўкі «Беларускія слоўнікі...» (2002) змешчаны звесткі пра больш як 2000 бел. лексікаграфічных выданняў. Важнае месца займаюць тэрміналагічныя слоўнікі (больш як 260 найменняў), большасць з якіх надрукаваны ў 1992—95 (каля 150). Самыя вялікія тэрміналагічныя выданні — «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік» (у 2 т.; 1997—98, каля 157 000 рэестравых слоў), «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994, каля 75 000 паняццяў), «Руска-беларускі слоўнік для вайскоўцаў» (1996, каля 30 000 загаловачных слоў).

Асобныя манаграфіі прысвечаны апісанню фанетыкі бел. мовы (М.​Бірыла, Л.​Вардамацкі, Л.​Выгонная, Я.​Івашуціч, А.​Крывіцкі, А.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​Чэкман, Ф.​Янкоўскі і інш.), сярод якіх вылучаецца грунтоўная калектыўная акадэмічная праца «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989, пад рэд. А.​Падлужнага). Даследаванне прыватных марфалагічных катэгорый прадстаўлена ў манаграфіях М.​Жыдовіч і А.​Наркевіча (назоўнік), М.​Булахава (прыметнік), Ю.​Мацкевіч (дзеяслоў), Т.​Сцяшковіч (займеннік), П.​Вярхова (лічэбнік), П.​Шубы (прыназоўнік, прыслоўе, дзеяслоў) і інш. Характарыстыка сінтаксісу бел. мовы выкладзена ў працах Л.​Бурака, А.​Міхневіча, А.​Наркевіча, Л.​Падгайскага, В.​Протчанкі, П.​Сцяцко, М.​Яўневіча і інш. Пытанні словаўтварэння разглядаюцца ў кнігах А.​Лукашанца, М.​Паўленкі, М.​Прыгодзіча, Л.​Шакуна і інш. Лексіка бел. мовы з дыяхранічнага пункту гледжання асветлена ў калектыўнай працы «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), а таксама ў кнігах А.​Баханькова, М.​Булахава. Стан сучаснай бел. лексікі даследаваны ў кнізе «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994, пад рэд. А.​Баханькова). Пэўныя перыяды развіцця і функцыянавання лексікі бел. мовы адлюстраваны ў даследаваннях М.​Абабуркі, А.​Булыкі, В.​Краснея, М.​Крукоўскага і інш. Фразеалагічны матэрыял прадстаўлены ў шматлікіх слоўніках дыялектнага тыпу (М.​Даніловіч, Я.​Камароўскі і Е.​Мяцельская, Г.​Юрчанка, Ф.​Янкоўскі і інш.) і літаратурнага, у т.л перакладных (І.​Кісялёў, І.​Лепешаў, З.​Санько і інш.). Тэарэтычнай распрацоўцы праблем бел. фразеалогіі прысвечаны манаграфічныя даследаванні А.​Аксамітава, М.​Даніловіча, У.​Коваля, І.​Лепешава, Г.​Параскевіч, Ф.​Янкоўскага і інш.

Гісторыя бел. мовы, пачатак вывучэння якой звязаны з дзейнасцю Я.​Карскага, В.​Ластоўскага, Я.​Ваўка-Левановіча, якія асвятлялі пераважна перыяд старабел. пісьменства, даследавалася і замежнымі славістамі А.​Мартэлем, Х.​Стангам і інш. У 2-й пал. 20 ст. гісторыя бел. мовы разглядалася ў спецыяльных працах М.​Булахава, М.​Булыкі, Н.​Вайтовіч, А.​Груцы, А.​Жураўскага, І.​Крамко, У.​Свяжынскага і інш. З фундаментальных прац па гісторыі бел. літаратурнай мовы вылучаюцца кн. Л.​Шакуна «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (1963, 2-е выд. 1984, Дзярж. прэмія Беларусі 1986) і калектыўная «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» А.​Жураўскага, І.​Крамко, А.​Юрэвіч, А.​Яновіч (т. 1—2, 1967—68). Параўнальнаму і тыпалагічнаму даследаванню бел. мовы прысвечаны працы У.​Анічэнкі, К.​Гурскага, А.​Лукашанец, Б.​Плотнікава, А.​Супруна і інш.

У 1980—2000-я г. бел. лінгвісты даследуюць практычна ўсе значныя аспекты і раздзелы сучаснага мовазнаўства; вял. значэнне надаецца пытанням культуры мовы і стылістыкі, агульнага і слав. мовазнаўства. У галіне матэматычнай і прыкладной лінгвістыкі даследуюцца праблемы лінгвастатыстыкі (М.​Лясохін, К.​Лук’яненкаў, В.​Нешытой, Б.​Плотнікаў), семіялагічных аспектаў мовы (В.​Грыб, В.​Мартынаў, Б.​Плотнікаў), камп’ютэрнай апрацоўкі моўнай інфармацыі (А.​Зубаў, В.​Мартынаў, А.​Соўпель), камп’ютэрны аналіз і сінтэз вуснага маўлення (Б.​Лабанаў). Даследаванні бел. мовы ў камп’ютэрнай лінгвістыцы прывялі да стварэння практычна дзейных сістэм праграмавання па аўтаматычным перакладзе дзелавых тэкстаў з рус. мовы на бел. (Б.​Плотнікаў, А.​Соўпель) і інш. відаў электроннай апрацоўкі тэкстаў, да складання праграм праверкі бел. арфаграфіі (У.​Вараб’ёў), напісання электронных слоўнікаў бел. мовы (А.​Дабралюбаў), распрацоўкі інфармацыйных тэхналогій па стварэнні машыннага корпуса сучаснай бел. мовы (У.​Кошчанка), энцыклапедый і падручнікаў бел. мовы (М.​А.​Ярмаш) і інш.

У наш час лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. універсітэце, Мінскім лінгвістычным універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах і інш. Дзейнічае Бел. асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навуковы штогоднік Інстытута мовазнаўства Нац. АН Беларусі «Беларуская лінгвістыка», навуковыя «Веснікі» універсітэтаў і інш. Бел. мовазнаўцы ўдзельнічаюць у міжнар. навуковых канферэнцыях і з’ездах славістаў, у рэалізацыі міжнар. праекта па стварэнні «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» і г.д.

Літ.:

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Плотнікаў Б.А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства. Мн., 2002;

Беларуская мова: Інтэрнет і камп’ютэр. Мн., 2002;

Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгв. кампендыум. Мн., 2003;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. давед. Т. 1—3. Мн., 1967—93.

Б.​А.​Плотнікаў.

«Грамматіки Славенския правилное Синтагма» М.​Сматрыцкага. Вільня. 1619.

т. 18, кн. 2, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 14—18 ст.

Звесткі архіўных крыніц і высокі ўзровень адзінкавых помнікаў, што захаваліся, сведчаць пра росквіт на Беларусі ў 14—15 ст. сярэдневяковага выяўл. мастацтва. Буйнымі маст. цэнтрамі ВКЛ былі Полацк, Смаленск, Слуцк, Пінск, Уладзімір Валынскі. Ствараліся абразы, выкананыя ў тэхніцы тэмпернага жывапісу, ці ў рэльефнай пластыцы, і жывапісныя мініяцюры ў богаслужэбных кнігах. Найб. ранні з захаваных твораў іканапісу палеска-валынскага рэгіёна — абраз Маці Божай Дарагабужскай (мяжа 13—14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. на Пінскім Палессі сфарміраваўся высокамастацкі цэнтр: абразы «Успенне», «Маці Божая Перыўлепта (Іерусалімская)», «Спас Пантакратар». Вядомы імёны пінскіх майстроў пач. 16 ст. — мастак Навоша і разьбяр «поп Ананія», якія выконвалі заказы пінскага князя Фёдара Яраславіча. Самае ранняе дакумент. сведчанне пра іканастасы ў бел. храмах — апісанне Троіцкай царквы аднайм. Слуцкага манастыра (1495). Узоры кніжнай мініяцюры, выкананыя ў 14—16 ст., дазваляюць вылучыць бел. рукапісы ў асобную школу 3 пераемнасцю почыркаў і разнастайнасцю аўтарскіх манер, пра што сведчаць шматлікія евангеллі: Лаўрышаўскае, Мелішаўскае (абодва 14 ст.), Жыровіцкае (канец 15 ст.), Жухавіцкае (канец 15 — пач. 16 ст.), Шарашоўскае (сярэдзіна 16 ст.). Унікальнае месца ў гісторыі мастацтва займаюць мініяцюры Радзівілаўскага (Кёнігсбергскага) летапісу, створаныя ў канцы 15 ст. У рукапісе 617 мініяцюрных малюнкаў, якія з’яўляюцца сапраўднай выяўл. энцыклапедыяй. У выніку кантактаў з краінамі Еўропы на Беларусі з’явіліся заходнееўрапейскія рукапісныя кнігі і першадрукі (шматколерныя ініцыялы ў рукапіснай Бібліі з Гродна, 14 ст.). Большасць твораў фрэскавага жывапісу 15 — пач. 16 ст., звязаныя з маст. гісторыяй Беларусі, знаходзяцца на тэр. сучаснай Польшчы. Напр., фрэскі замкавай Свята-Троіцкай капэлы ў Любліне напісаны паводле правасл. канонаў і блізкія да тагачаснага іканапісу ВКЛ; размалёўкі Супрасльскай Дабравешчанскай царквы (каля 1557), у стварэнні якіх удзельнічалі Нектарый Сербін (?) і, магчыма, манахі, што прыйшлі ў Супрасль з Гродна. Найб. раннія захаваныя прыклады круглай гатычнай скульптуры ў маст. спадчыне ВКЛ, відаць прывезены з Польшчы і Германіі. Сведчаннямі мясц. традыцыі разьбы з’яўляюцца дробная пластыка, якая працягвала стылістыку папярэдніх часоў: каменныя рэльефы — абразкі з Турава (14 ст.), цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай (15 ст.), разьбяныя драўляныя абразкі пінскага майстра Ананія (пач. 16 ст.). Плоскарэльефная буйнафарматная скульпт. пластыка сустракалася ў правасл. храмах 14—15 ст.

Найб. яскравай нац. праявай Рэнесансу ў маст. культуры Беларусі сталі друкаваныя кнігі на царкоўнаслав. і бел. мовах. Пачаткам бел. друкаванай графікі з’явілася выданне Ф.​Скарынай у Празе 20 кніг Бібліі (1517—19), багата аздобленых сюжэтнымі ілюстрацыямі, застаўкамі і ініцыяламі. Развіццю мастацтва друкаванай кнігі спрыяла кнігавыдавецкая дзейнасць С.​Буднага, В.​Цяпінскага, І.​Фёдарава; друкарні розных канфесій, якія ў канцы 16 — пач. 17 ст. дзейнічалі ў Лоску, Слуцку, Любчы і інш. З 1575 у Вільні працавалі друкарня езуіцкай акадэміі, фундаваная М.​К.​Радзівілам Сіроткам, і друкарня Мамонічаў, засн. пры ўдзеле Пятра Мсціслаўца — выдатнага майстра дрэварыту ўсходнеслав. старадрукаў («Евангелле», 1575). Шэраг навацый на мяжы 16—17 ст. звязаны з дзейнасцю ў Нясвіжы і Вільні Т.​Макоўскага, які выкарыстоўваў тэхніку металагравюры для падрыхтоўкі карты ВКЛ (выдадзена ў 1613 у Амстэрдаме), гравюр з відамі гарадоў, антымінсаў і інш.

У 16 ст. бел. іканапіс захоўваў сваю традыц. стылістыку, але паралельна ў асобных творах праявілася ўздзеянне рэнесансу: абразы «Спас» з Быценя і «Параскева Вялікапакутніца» са Случчыны. У пач. 17 ст. ў бел. абразах зніклі каўчэг, ляпныя арнаменты на німбах: абразы Маці Божай Адзігітрыі Мінскай (15 ст.; у пач. 17 ст. цалкам перапісаны і аздоблены разным па ляўкасе арнаментам з сеткавым малюнкам), «Узнясенне» (пач. 17 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя», «Спас» (абодва 1640), «Маці Божая Замілаванне» (1646). У канцы 16 ст. новыя імпульсы развіцця набыў алтарны касцельны жывапіс: «Маці Божая Снежная» з Нясвіжа, «Маці Божая Ларэтанская (Коданская)» (пач. 17 ст.) і інш.

Дзейнасць у ВКЛ заходнееўрапейскіх мастакоў спрыяла пашырэнню тыповых форм рэнесансавага мастацтва.

Над выкананнем архітэктурна-скульпт. і медальерных заказаў працавалі таксама італьян. майстры Ф.​Фларэнціец, Б.​Берэчы, Дж.​М.​Моска (Падавана; надмагілле біскупа П.​Гальшанскага ў Вільні, каля 1550), Б.З. дэ Джыяноціс (надмагілле канцлера А.​Гаштольда, 1539—41). У 1544—48 ням. мастак, блізкі да Лукаса Кранаха Малодшага, выканаў у Вільні мініяцюрныя партрэты Барбары Радзівіл і Жыгімонта II Аўгуста з шасцю членамі каралеўскай сям’і. Пасля 1514 невядомы ням. мастак стварыў жывапіснае палатно «Бітва пад Оршай» — першы ў мастацтве ВКЛ батальны твор, напісаны з дакумент. дакладнасцю. У традыцыях ням. алтарнага жывапісу выкананы абраз «Пакланенне трох каралёў» (пасля 1514) з касцёла ў в. Дрысвяты Браслаўскага р-на. У 16 ст. ад партрэтаў «на ўспамін», якія насілі ў медальёнах, ад мініяцюрных партрэтаў-дарункаў (вял. князя Аляксандра) партрэт развіўся да буйнафарматных жывапісных твораў: Кацярыны Слуцкай (1580), віленскага біскупа Ежы Радзівіла (1590-я г.), Юрыя Радзівіла, М.​К.​Радзівіла Сіроткі (абодва пач. 17 ст.). На апошняй стадыі рэнесанснага перыяду росквіт партрэта прасочваецца не толькі ў жывапісе, а і ў графіцы (металаграфічныя партрэты Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы, выкананыя і еўрап. і мясц. гравёрамі), медальерным мастацтве.

У перыяд станаўлення ранняга барока ў ВКЛ (канец 16—1-я пал. 17 ст.) дасягнула росквіту мемарыяльная пластыка. Паводле кампазіцыйнай структуры тагачасным надмагільным помнікам характэрна спалучэнне рэнесансавага скульпт. адлюстравання нябожчыка з раннебарочнай архітэктурна-пластычнай кампазіцыяй усяго мемарыяльнага збудавання: помнік С.​Радзівілу ў бернардзінскім касцёле ў Вільні (1618—23). Тып скульпт. эпітафіі з укленчанымі ля крыжа постацямі вядомы ў Зах. Еўропе, у мастацтве Беларусі прадстаўлены адзіным захаваным прыкладам — надмагіллем мужа і жонкі Вольскіх у касцёле в. Крамяніцы Зэльвенскага р-на (2-я пал. 1620-х г.).

У Нясвіжскім касцёле Божага Цела надмагільная скульпт. пластыка мае іншы характар. Нясвіжскія надмагіллі адлюстроўваюць захапленне італьян. мастацтвам і рэнесансавыя густы іх заказчыка — М.​К.​Радзівіла Сіроткі: надмагільныя пліты сабе і памерламу сыну-немаўляці (каля 1590), жонцы (пасля 1596), сыну Крыштофу Мікалаю (1607—08). Тут захаваўся самы ранні ў ВКЛ прысценны каменны алтар Св. Крыжа, выкананы ў 1578 у стылі маньерызму італьян. скульптарам Дж.​Кампаньі паводле праекта архітэктара Ч.​Франка. У мастацтве эпохі барока галоўным стала імкненне да сінтэзу, арганічнага спалучэння ў адным ансамблі сродкаў розных відаў мастацтва, асэнсавання маст. асяроддзя як складанага адзінства багатых прасторавых кампазіцый: насценныя размалёўкі спалучаліся з лепкай са стука, іканапіс — з разьбой па дрэве, пазалотай і чаканкай па метале. Унутр. прастора храма ўсё больш ускладнялася. Маст. дамінанту касцёлаў утвараў гал. алтар, які найчасцей вырашаўся ў форме сімвалічнай «нябеснай брамы» — трыумфальнай аркі-каланады: гал. алтар касцёла ў в. Воўпа Ваўкавыскага р-на (паміж 1633 і 1639), алтар у в. Будслаў Мядзельскага р-на (майстар П.​Грэмель, 1643—49). Драўляная скульптура не была ізалявана ад кампазіцыйнай структуры алтароў, ніш, каплічак, у якіх змяшчаліся постаці, разлічаныя на франтальнае ўспрыняцце. Сярод тыповых сюжэтаў скульптуры найб. пашыраны ўкрыжаванні (напр., твор сніцара К.​Круповіча, 1696), выявы Маці Божай і Іаана Багаслова, якія смуткуюць ля крыжа, фігуры Георгія Пераможцы, архангела Міхаіла, святых Казіміра і Станіслава, Яна Непамука, скульптуры-алегорыі (хрысц. дабрачыннасцей, 4 кантынентаў і інш.). Вялікай папулярнасцю карысталіся скульпт. выявы Хрыста ў пакутах. Да найб. выразных прыкладаў развітых ансамбляў пач. 18 ст. належаць комплексы разьбяных драўляных алтароў у Гродзенскім касцёле езуітаў (1709) і Пінскім францысканскім касцёле (1710—20-я г.).

Маст. цэнтрам бел. цэркваў быў іканастас. У 17 ст. ў правасл. і уніяцкіх храмах ён набыў новае маст.-пластычнае вырашэнне, якое вызначалася багаццем і пышнасцю дэкар. аздобы, пазалоты: іканастасы Успенскай царквы Жыровіцкага манастыра (канец 17 ст.?) і Магілёўскай Мікалаеўскай царквы (1669—72). Найб. ўвага аддавалася выкананню разьбы царскіх варот. Прыклады такой разьбы дазваляюць прасачыць эвалюцыю яе стылю ад плоскарэльефных узораў (царскія вароты царквы ў в. Варанілавічы Пружанскага р-на, Юр’еўскай царквы ў Віцебску да гарэльефных, з багатым ажурным дэкорам, жывапіснымі клеймамі, ракайлевымі і класіцыстычнымі матывамі на царскіх варотах 18 ст. Вынайдзеныя рашэнні бел. майстры пашырылі і ў Расіі, стварыўшы там у 2-й пал. 17 ст. шэраг разных іканастасаў. Каменныя уніяцкія і правасл. храмы, узведзеныя ў сярэдзіне 18 ст., былі аздоблены мураванымі каменнымі іканастасамі: у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Талачыне, Сафійскім саборы ў Полацку (перабудаваны ў 1738—62), Спаса-Праабражэнскім саборы ў Магілёве (1755—62, не захаваўся; аўтар праектаў абодвух іканастасаў — І.​К.​Глаўбіц). Ствараліся выдатныя творы ў матэрыяле стука: дэкарацыі інтэр’ераў касцёлаў Іаана Хрысціцеля ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на (кіраўнік М.​Жылевіч, 1684—1700), дамініканцаў у Стоўбцах (не захаваўся, сярэдзіна 18 ст.), алтар Троіцкага касцёла ў Ружанах (каля 1788). Арыгінальнасцю і багаццем сюжэтаў вызначаліся насценныя размалёўкі драўляных правасл. храмаў 17 ст.: Богаяўленскага сабора Аршанскага Куцеінскага манастыра і Святадухаўскай царквы Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра, Віцебскай Троіцкай царквы Маркава манастыра (пасля 1690, выкананнем размалёвак кіраваў мастак П.​Ігнатовіч?), мураванай Магілёўскай Богаяўленскай царквы (пабудавана ў 1633—36) і інш.

У сярэдзіне — 2-й пал. 18 ст. манум. жывапіс дамінаваў у сістэме маст. сродкаў афармлення храмавай прасторы: размалёўкі езуіцкіх (у Гродне, Нясвіжы і Мінску) і кармеліцкіх касцёлаў (у Магілёве, Мсціславе і Бялынічах). Ім уласцівы познабарочная стылістыка, выкарыстанне прынцыпаў «квадратур» — кампазіцый, ілюзію глыбіні якіх стваралі пададзеныя ў перспектыўным скарачэнні архітэктурныя кулісы (размалёўка Нясвіжскага касцёла Божага Цела, 1750—53, мастак К.​Д.​Гескі і пры ўдзеле інш. прыдворных радзівілаўскіх мастакоў). Сценапіс кармеліцкіх касцёлаў усх. Беларусі (1750—60-я г.) вылучаўся паэтычнай апавядальнасцю, жанравасцю. У 1772 фрэскавыя размалёўкі Крыжаўзвіжанскай царквы Жыровіцкага манастыра выканаў мастак-базыльянін Шашалевіч, удала спалучыўшы ілюзорную перспектыву на фрэсцы з рэальнай перспектывай храма. Характэрнай з’явай позняга барока стала замяшчэнне стукавага дэкору — насценнымі размалёўкамі ў тэхніцы грызайль, архітэктурна-скульптурных алтароў ілюзорным сценапісам. У канцы 18 ст. ў фрэскавых размалёўках каталіцкіх, правасл. і уніяцкіх храмаў пераважалі рысы класіцызму (касцёл піяраў у в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на, цэрквы ў Вейне і Слаўгарадзе Магілёўскай вобл.).

Гал. жанрамі ў станковым жывапісе Беларусі 17—18 ст. з’яўляліся партрэт і алтарная карціна. Алтарны жывапіс знаходзіўся на раннебарочным этапе пад пэўным уплывам мясц. іканапіснай традыцыі. Два напісаныя на дошках алтарныя абразы з касцёла ў в. Шылавічы Ваўкавыскага р-на — «Святая сям’я» (1620-я г.) і «Бязгрэшнае зачацце» (да 1644) выразна дэманструюць кампазіцыйныя, каларыстычныя і жывапісныя асаблівасці бел. раннебарочнага алтарнага жывапісу. Да сярэдзіны 17 ст. ў алтарным жывапісе перасталі выкарыстоўваць дошкі, ляўкас, пазалоту фону. У карцінах на палатне, напісаных у часы сталага і позняга барока («Святы Аўгусцін» і «Святая радзіна з дзіцем Іаанам Хрысціцелем і яго бацькамі»), дамінуюць патэтыка і экспрэсія, экзальтаванасць, выкарыстоўваюцца цёмныя фоны, характэрная для барока энергічная святлоценявая лепка формы. У 17—18 ст. створаны нясвіжскі партрэтны збор, куды ўваходзілі партрэты каралёў (у т. л. Станіслава Аўгуста Панятоўскага, напісаны Ю.​К.​Гескім, 1768), продкаў і пародненых з Радзівіламі знакамітых родаў, а таксама серыя «партрэтаў у лаўровым вянку» (больш за 120). У збор увайшлі і асобныя партрэты з інш. радзівілаўскіх збораў (напр., «Партрэт Катажыны з Патоцкіх і Марыі Лупу» І.​Шрэтэра, 1648). Узоры высокай жывапіснай тэхнікі дэманстраваў у сваіх партрэтах і алтарных карцінах Б.​Стробель, які ў 1630-я г. працаваў у Вільні: партрэты Уладзіслава IV (каля 1635), Я.​Радзівіла (1633—34) і У.​Д.​Астрожскага (1630—36). У 1630—70-я г. гданьскі мастак Д.​Шульц выканаў у ВКЛ шэраг заказаў, у т. л. алтарныя карціны для Гродзенскага манастыра брыгітак (1630-я г., не захаваліся), рэпрэзентатыўны партрэт Я.​Радзівіла (каля 1652). Да сярэдзіны 17 ст. стала тыповым адлюстраванне мадэлі ў касцюме паводле нац. моды ў стандартнай застылай позе — т.зв. сармацкі партрэт. Сармацкія партрэты складалі аснову шляхецкіх галерэй, былі абавязковай дэталлю пахавальнай цырымоніі, змяшчаліся ў касцёлах і цэрквах як партрэты фундатараў гэтых храмаў, напр., М.​Завішы з Агінскіх (не захаваўся) і яе мужа І.​Завішы (пасля 1738). Партрэты фундатараў у храмах набывалі значэнне мемарыяла, жывапіснай эпітафіі (выявы К. і А.М. Весялоўскіх і іх прыёмнай дачкі Г.​Сапегі з Гродзенскага брыгіцкага касцёла, 1630-я г.). У партрэтах фундатараў вял. роля адводзілася атрыбутам, дадатковым адлюстраванням, тлумачальным подпісам, яны канкрэтызавалі змест твораў (напр., на партрэце канца 17 ст. віцебскага кашталяна А.​К.​Гансеўскага адлюстраваны засн. ім храм і інш.). У касцёле св. Ганны ў Кодані (пад Брэстам), фундаваным Сапегамі, знаходзіўся т.зв. сапегаўскі іканастас — зманціраваныя ў адзін суцэльны шчыт адлюстраванні прадстаўнікоў роду Сапегаў. Гэта партрэтная галерэя ў родавым храме-ўсыпальні налічвала 76 адлюстраванняў (1706, не захаваліся).

З 2-й пал. 18 ст. ў жывапісе Беларусі праявіліся прыкметы эстэтыкі Асветніцтва (партрэты А.​М.​Пузыны з Агінскіх і вучонага-езуіта Т.​Жаброўскага, 1770-я г.). Развіццю жывапісу Беларусі ў канцы 18 ст., засваенню стылістыкі класіцызму пры захаванні познабарочных рыс спрыяла дзейнасць у Літве і Беларусі ў 2-й пал. 18 ст. па-еўрапейску адукаваных жывапісцаў Ш.​Чаховіча, А.​Грушэцкага (працаваў пры двары А.​Тызенгаўза ў Гродне), І.​Прэхтэля, Г.​Грубера (у 1784—1805 выкладаў архітэктуру і жывапіс у Полацкай езуіцкай акадэміі), Л.​Смуглевіча і яго сына Ф.​Смуглевіча, які стаў першым прафесарам створанай у 1797 кафедры жывапісу Віленскага універсітэта. Бел. барочныя абразы 17 ст. вызначаліся жыццесцвярджальнай напоўненасцю і псіхалагічнай глыбінёй: «Маці Божая Рымска-Лідская (Замілаванне)» (1656), «Адзігітрыя» (Маці Божая Баркалабаўская), «Маці Божая» з Басценавіч. Найб. яскравыя рысы іканапісу 17 ст. — манументальнасць, прапарцыянальная яснасць кампазіцыі, пабудаванай з матэматычнай дакладнасцю і свабодай, адсутнасць празмернай дэталізацыі: «Вялікапакутніца Параскева» з в. Бездзеж Драгічынскага р-на (1659), «Сімяон Стоўпнік», «Прарок Ілья» (абодва сярэдзіна 17 ст.). На бел. абразах 17—18 ст. часцей пазначаліся імёны заказчыкаў, а імёны мастакоў падпісаны толькі ў рэдкіх выпадках (напр., аўтар абраза «Нараджэнне Маці Божай» Пётр Яўсеевіч з Галынца, 1649). У іканапісных майстэрнях захоўвалася пераемнасць у творчасці майстроў асобных рэгіянальных цэнтраў. Традыцыі бел. іканапісу прадоўжаны ў абразах «Ян Непамук» (1732) і інш. Творы магілёўскіх мастакоў-іканапісцаў вылучаліся высокім выканаўчым майстэрствам, тэхнічнай дасканаласцю, выразнай жывапіснай мадэліроўкай твараў святых, дэкаратыўнасцю і колеравай насычанасцю адзення («Маці Божая Адзігітрыя», «Св. Мікола», «Дэісус», абраз «Узнясенне», выкананыя Фамой Сілінічам, 1808). Для многіх абразоў Случчыны ў 17 ст. ўласціва ўскладненая ідэйная праграма, арыгінальная іканаграфія, адметны «ўсходні» тып твараў, іх вытанчаная адухоўленасць. Слуцкі іканапіс сярэдзіны 18 ст. прадстаўлены ў першую чаргу творамі мастака В.​Маркіянавіча (вядома больш за 10 яго твораў, 1759—66), выкананых з выкарыстаннем тэхнікі ляпной арнаментацыі, а не разных фонаў па ляўкасе, як у папярэднія часы. Такую ж тэхналогію лепкі па ляўкасе выкарыстоўваў у сярэдзіне 18 ст. і невядомы мастак-іканапісец, які працаваў на Палессі: трохчасткавы абраз-складзень «Маці Божая са св. Наталляй і Архангелам Рафаілам» (1760), «Св. Варвара», «Іаан Прадцеча», «Тройца старазапаветная» і інш. Наіўна-баракальная манера характэрна палескаму іканапісцу Томашу Міхальскаму, які працаваў у наваколлі Кобрына і Ковеля. Яго творам уласцівы тыповыя для Зах. Палесся пасярэбраныя аграфленыя фоны, спроба перадачы складаных рухаў фігур, кантрастная колеравая гама, блізкая да нар. эстэтыкі. Творы мастакоў добрай вывучкі ўсё больш набліжаліся да зах. барочнага жывапісу, шмат абразоў стваралася на палатне як станковыя алтарныя карціны. Пашырылася тэхніка рэльефнай разьбы па ляўкасе, калі замест жывапісу ўся паверхня, акрамя твараў і рук персанажаў, вырашалася як суцэльны рэльеф, пасярэбраны ці пакрыты пазалотай, што імітавала сярэбраныя шаты («Спас Уседзяржыцель», 17 ст.). Абразы, прызначаныя для небагатых вясковых храмаў, у 18 ст. стваралі мастакі-прымітывісты, якія ў сваіх творах увасаблялі простанар. ўяўленні («Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 1744; «Дабравешчанне са святой Параскевай» і інш., творы т.зв. латыгаўскага майстра і інш.). Актуальная на працягу ўсёй эпохі марыяльная тэматыка бел. барочнай гравюры прадстаўлена шматлікімі медзярытамі і дрэварытамі з цудатворных абразоў Маці Божай. Яны вельмі розныя паводле маст. якасцей (ад медзярытаў прафес. майстроў да нар. дрэварытаў-лубкоў), разнастайныя па функцыянальным прызначэнні і форме (кніжная ілюстрацыя, вялікія серыйныя гравюры на асобных лістах і маленькія адбіткі для паломнікаў). У іх ліку першае графічнае адлюстраванне абраза Маці Божай Жыровіцкай у віленскім выданні (1628), серыя графічных аркушаў, прысвечаных абразу Маці Божай Ражанастоцкай, тытул і медзярыты з адлюстраваннем Багародзічных свят з «Разарыуму», выкананыя А.​Тарасевічам у Глуску (1672), гравюра П.​Бацэвіча і Л.​Тарасевіча, прысвечаная абразу Маці Божай Жыровіцкай (1682). У ліку першых твораў раннебарочнай эмблематычнай гравюры ў ВКЛ былі 5 дрэварытаў, прысвечаных Я.​К.​Хадкевічу, змешчаныя ў панегірыку, выдадзеным у акад. (езуіцкай) віленскай друкарні (1621).

У кніжнай і станковай гравюры Беларусі 17—18 ст. найб. пашыранай тэхнікай паступова станавіўся медзярыт. У дрэварыце ў гэты час працавалі мастакі правасл. Віленскай, Еўінскай, Куцеінскай (да канца 1650-х г.), Магілёўскай брацкай друкарань і нар. гравёры-прымітывы (напр., супрасльскі гравёр П.​Комар). Магілёўскія майстры канца 17 — пач. 18 ст. В.​Вашчанка, Ф.​Ангілейка, А.​Пігарэвіч і інш. выкарыстоўвалі дрэварыт, зыходзячы з кансерватызму магілёўскіх правасл. братчыкаў, практычнасці (дрэварыт не трэба было друкаваць асобна ад тэксту) і сваіх навыкаў. Іх дрэварыты, невялікія па памерах, з досыць простым лінеарным малюнкам, пераклікаюцца са стылем дрэварытаў папярэднікаў (напр., куцеінскіх гравёраў), простанар. па характары кампазіцыямі, што развівалі традыц. тэмы правасл. іканаграфіі, часам асобныя тэмы зах. паходжання. Кіраўнік магілёўскай друкарні ў 1693—1704 М.​Вашчанка свае графічныя творы выконваў у тэхніцы медзярыту («Манархія турэцкая», 1678; 42 гравюры для «Акафістаў і канонаў», 1693), удала злучаючы традыцыі ўсходнехрысц. іканаграфіі з дэталямі, сугучнымі заходнееўрап. прачытанню хрысталагічных і марыяльных сюжэтаў. Майстры-гравёры, што працавалі ў 17 ст. ў Вільні, аддавалі перавагу металагравюры і стваралі складаныя па змесце і тэхнічным выкананні эмблематычныя, партрэтна-панегірычныя творы і ілюстрацыі для выданняў віленскай езуіцкай акад. друкарні. У іх ліку К.​Гётке (выканаў тытульную гравюру, прысвечаную ўслаўленню Я.​С.​Тышкевіча, 1642), Л.​Вілатц («Партрэт Валовіча», 1669), Л.​Кршчановіч («Партрэт полацкага епіскапа Мадалінскага», 1674), І.​Шчырскі (ілюстрацыі да панегірыка Ц.​Жахоўскага, 1683). З бел. майстроў металагравюры найб. плённымі і дасканалымі былі браты А. і Л. Тарасевічы з Глуска: тытульныя гравюры і складаныя шматфігурныя цыклы ілюстрацый, партрэтна-эмблематычныя кампазіцыі і адлюстраванні цудатворных абразоў Маці Божай (1670—80-я г.). Да лепшых твораў бел. барочнай металагравюры належаць выдадзены ў Слуцку «Партрэт мінскага харунжага К.​Клакоцкага» А.​Тарасевіча (1685), «Партрэт ашмянскага прыстольніка Г.​Зямлі» (мяжа 1680—90-х г.), тытульная ілюстрацыя да «Служэбніка», выдадзенага ў супрасльскай базыльянскай друкарні (1695) Л.​Тарасевіча. У 18 ст. ў Вільні працавала больш за 20 мастакоў-гравёраў, сярод іх — Ф.​Бальцэвіч — аўтар вялікай гравюры з адлюстраваннем св. Казіміра (1749), партрэтаў, экслібрысаў і рэлігійных карцінак, прызначаных для простага народа. Адным з самых грандыёзных праектаў у бел. графіцы эпохі барока з’явілася выданне ў Нясвіжы альбома «Ікона (выява) роду князёў Радзівілаў» (1758), які ўключаў 165 буйнафарматных аднатыпных партрэтных гравюр на метале, падрыхтаваных прыдворнымі мастакамі і гравёрамі на чале з Г.​Ляйбовічам (1700—70).

Серыя малюнкаў-сепій Ф.​Смуглевіча «Архітэктурныя віды Вільні» (1785) належыць ужо іншаму, новаму перыяду гісторыі мастацтва, калі аўтарскі малюнак пачынае ўспрымацца паўнавартасным творам мастацтва і набывае самастойную маст. каштоўнасць. З узнікненнем у 17—18 ст. на Беларусі школьных і прыватнаўласніцкіх тэатраў у маёнтках магнатаў развівалася тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва. У тэатрах працавалі мастакі: езуіт Мацей Бейтнік (Мінск), І.​Мараіна, Ян Бой (Слонім), Дж. дэла Мома, А.​Главацкі, Э.​Ванжура (Шклоў); у Нясвіжы дэкарацыі розных тыпаў стваралі мастакі М.​Скржыцкі, Гескія, Нікалаеўскі.

Партрэт Ф.​Скарыны. Біблія. 1517—19.
Іосіф. Скульптура алтара ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. 1633—44.
Невядомы мастак. Спас Уседзяржыцель. 17 ст.

т. 18, кн. 2, с. 650

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)