ПАТА́ПАЎ (Аляксандр Львовіч) (27.9. 1818—5.11.1886),

расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1874). Скончыў школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў (1837). Удзельнік падаўлення Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56. З 24.5.1864 пам. віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва. У 1868—74 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. нач. Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваеннай акругі. Пры П. ў бел. губернях адменена ваен. становішча, у 1869—70 ад Віленскага генерал-губернатарства аддзелены Магілёўская, Віцебская і Мінская губ. Падтрымліваў праект Э.Т.Баранава перагледзець на карысць памешчыкаў умовы сял. рэформы 1861 на Беларусі. 3 ліп. 1874 шэф жандараў і гал. нач. 3-га аддзялення. Са снеж. 1874 у адстаўцы.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНКЕНДО́РФ (Аляксандр Хрыстафоравіч) (4.7.1781 ці 1783 — 5.10.1844),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1832), генерал ад кавалерыі (1829), сенатар (1826), чл. Дзярж. савета (1829). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1827). Адзін з бліжэйшых саноўнікаў Мікалая I. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях у Грузіі, войнах з Францыяй, Турцыяй. З 1824 губернатар Васільеўскага в-ва ў Пецярбургу. Удзельнічаў у задушэнні паўстання дзекабрыстаў, потым член Следчай камісіі. Узначальваў створаныя на аснове яго праекта «Аб упарадкаванні знешняй паліцыі» (1826) Корпус жандараў і Трэцяе аддзяленне; курыраваў справы, звязаныя з дзекабрыстамі, студэнцкімі гурткамі, паўстаннем 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, сял. хваляваннямі 1840-х г. Ініцыятар узмацнення цэнзуры (ажыццяўляў цэнзуру твораў А.​С.​Пушкіна). Выступаў за паступовую адмену прыгоннага права, якое лічыў крыніцай хваляванняў.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ ((Dąbrowski) Ян Генрык) (2 ці 29.8.1755, Пяржовец, каля Кракава, Польшча — 6.6.1818),

польскі ваен. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1815). З 1771 у саксонскай, з 1792 у польск. арміі. Удзельнік паўстання 1794, вызначыўся пры абароне Варшавы ад рас. войск. У 1796—1814 у эміграцыі (з перапынкамі). У 1797 стварыў у Італіі легіёны польскія. У 1806 арганізаваў антыпрускае паўстанне ў Вялікай Польшчы. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў — кампаній 1806—07, 1809, 1812 (гл. ў арт. Бабруйская абарона 1812, Бярэзінская аперацыя 1812). У кастр. 1813 — сак. 1814 галоўнакаманд. польск. войскамі ў складзе франц. арміі. У Каралеўстве Польскім сенатар-ваявода. Прысвечаная яму песня легіёнаў польскіх «Мазурка Д.» — нац. гімн Польшчы. Аўтар дзённіка (1864).

Літ.:

Pachoński J. General Jan Henryk Dąbrowski 1755—1818. Warszawa, 1981.

Я.Г.Дамброўскі.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБІ́Н (франц. carabine ад араб. караб — зброя),

1) укарочаная і аблегчаная вінтоўка. З’явілася ў 15 ст., выкарыстоўвалася асабовым складам кавалерыі і артылерыі. Бываюць гладкаствольныя і наразныя, магазінныя і аўтаматычныя. У Сав. Арміі выкарыстоўваўся К. узору 1938 і 1944, а таксама самазарадны К. сістэмы С.​Г.​Сіманава ўзору 1945 (з магазінам на 10 патронаў, прыцэльная далёкасць стральбы 1 км, скарастрэльнасць 35—40 стрэлаў за мінуту). К. наз. таксама паляўнічую вінтоўку, з якой палююць на буйнога звера.

2) Кручок (зашчапка) з спружыновай часткай, якая адкрываецца ў сярэдзіну. Выкарыстоўваецца для падвешвання (замацавання) вяровак, такелажных рамянёў, у дарожных сумках, ланцужках, павадках і інш.

Карабіны: 1 — з калясцовым замком (Германія, 1540); 2 — карабін Генры (ЗША, 1892); 3 — самазарадны С.​Г.​Сіманава (СССР, 1945).

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРА́СА (франц. cuirasse ад cuir скура),

від засцерагальнага ўзбраення, прызначанага для засцярогі грудзей і спіны воіна ад халоднай і агнястрэльнай зброі. Складалася з 2 пласцін, выгнутых па форме спіны і грудзей (часам толькі з адной грудной пласціны) і злучаных спражкамі на плячах і баках. У старажытнасці і ў раннім сярэдневякоўі выраблялася з лямцу і скуры, з 13 ст. з жалеза (маса жал. К. да 10 кг, таўшчыня да 3,5 мм). У канцы 16 — пач. 18 ст. складала ч. ўзбраення коннікаў асобных часцей цяжкай кавалерыі ВКЛ. У канцы 16 — пач. 20 ст. К. выкарыстоўвалася ў зах.-еўрап. і рас. (з пач. 18 ст.) арміях кірасірамі (з 1860-х г. толькі як параднае ўзбраенне).

Нагруднік кірасы са збраёўні князёў Радзівілаў у Нясвіжы. 17—18 ст.

т. 8, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЖПУТО́ЎСКІ (Іосіф Адамавіч) (26.3.1826 — пасля 1891),

расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад кавалерыі ў адстаўцы (1891). З дваран Гродзенскай губ. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1847). Удзельнік задушэння Рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У час Крымскай вайны 1853—56 вызначыўся пры аблозе крэпасці Сілістрыя (1854) і пры Севастопальскай абароне 1854—55 (узнагароджаны залатой шабляй «За храбрасць»). У жн. 1862 прызначаны ад’ютантам намесніка ў Царстве Польскім вял. кн. Канстанціна Мікалаевіча. Удзельнік задушэння паўстання 1863—64. У 1864—71 камандзір 6-га уланскага Валынскага палка. У 1872—74 назіраў за правядзеннем рэкруцкіх набораў у губернях (у Віленскай губ. ў кастр. 1874). З 1874 камандзір брыгады 5-й кав. дывізіі, у 1881—91 нач. 5-й кав. дывізіі.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гуса́р

(польск. husar, ад венг. husar)

салдат лёгкай кавалерыі венгерскай (з 15 ст.), а пазней і іншых еўрапейскіх армій, у т.л. армій Польшчы, Вялікага княства Літоўскага, царскай Расіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГУСА́РЫ (венг. huszár, адз. л.),

від кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 15 — пач. 20 ст. З’явіліся ў Венгрыі ў 1458 пры каралю Мацьяшы I Корвіне як конныя атрады дваранскага апалчэння, якія камплектаваліся паводле прынцыпу вылучэння аднаго ўзбр. конніка ад кожных 20 дваранскіх двароў (адсюль назва). З 16 ст. гусары вядомы ў Польшчы і Беларусі (у складзе войска ВКЛ, існавалі да канца 18 ст.), з 1634 — у Расіі (пераважна лёгкая кавалерыя, асабліва вызначыліся ў вайну 1812, выкарыстоўваліся да 1917), з канца 17 — пач. 18 ст. — у Францыі, Аўстрыі, Прусіі (лёгкая конніца для дзеянняў у тыле і на флангах праціўніка, вядзення разведкі і праследавання).

Літ.:

Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 39-43.

Гусар войска Вялікага княства Літоўскага. 17 ст.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯСНІ́ЦА,

разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж. Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб. значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.

Да арт. Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕ́Т (ісп. mosquete, франц. mousquet ад лац. musca муха),

дульназараднае ружжо; ручная агнястрэльная зброя з кнотавым замком. М. з’явіўся ў пач. 16 ст. ў Іспаніі, пазней у інш. краінах Еўропы, у т. л. ВКЛ. Прызначаўся для паражэння ў блізкім баі воінаў праціўніка, якія мелі на сабе засцерагальнае ўзбраенне (кальчуга, панцыр і інш.). Калібр да 23 мм, маса 8—10 кг, далёкасць стральбы да 250 м. Для зручнасці вядзення з М. агню выкарыстоўваліся сошкі (падпоркі). М. ўзбройваліся адборныя салдаты — мушкецёры. Больш лёгкі і кароткі М., які страляў шротам і быў на ўзбраенні кавалерыі, называўся мушкетонам. З канца 17 ст. М. заменены крамянёвым ружжом (гл. Крамянёвая зброя).

Мушкет: 1 — лёгкі аўстрыйскі з кнотавым замком. 1600; 2 — лёгкі французскі з прыкладам для ўпору ў грудзі. 1575; 3 — наразны дацкі мадэлі 1763, калібру 27 мм.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)