ВЕ́НЖЫК Якуб, бел. жывапісец 14 ст. Паходзіў з бел. зямель. Быў запрошаны каралём Ягайлам і працаваў пры яго двары ў Кракаве каля 10 гадоў. Аўтар першых партрэтаў Ягайлы («Каралеўскіх выяў»), жанравых і гіст. карцін, абразоў.
т. 4, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́ 2-я,
вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Крывічы. Створана ў 1991. Пл. 0,47 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 11,9 м, аб’ём вады 1,51 млн. м³. Наліўное. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.
т. 8, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн. га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв. аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн. га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш. Гл. таксама Меліярацыя.
т. 11, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ МЕЛІЯРА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні біялагічнай прадукцыйнасці і інш. карысных якасцяў прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Можа мець самаст. значэнне, выкарыстоўваецца як адзін з этапаў аднаўлення парушаных зямель або ўваходзіць у агульнае кола меліярац. мерапрыемстваў па паляпшэнні прыроднага асяроддзя с.-г. і інш. угоддзяў.
т. 3, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл. Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
вадасховішча ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Быстрая, за 14 км на У ад г. Горкі. Створана ў 1985. Пл. 1,31 км². Даўж. 5 км, найб. шыр. 0,34 км, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,77 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель і рыбагадоўлі.
т. 5, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЬЕ́НДА (ісп. hacienda),
буйное памесце ў большасці лац.-амер. краін. Пачалі стварацца пасля захопу ісп. каланізатарамі зямель карэннага насельніцтва. У канцы 16 — пач. 17 ст. ператварыліся ў спадчынныя феад. памесці, да якіх былі прымацаваны індзейцы, абавязаныя працаваць на памешчыкаў. У цяперашні час асьенды — асн. тып буйнога зямельнага ўладання.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКІ́РСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 17—18 ст.,
выступленні супраць феад., нац. і рэліг. прыгнёту, захопу зямель рус. памешчыкамі.
Паўстанне 1662—64 ахапіла амаль усю Башкірыю, асабліва яе паўд.-ўсх. ч., але было раздробленае і не мела агульнага кіраўніцтва. Штуршком да паўстання 1681—83 з’явілася прымусовая хрысціянізацыя башкіраў. Пачалося восенню 1681, да лета 1682 ахапіла ўсю Башкірыю, праходзіла пад лозунгам «свяшчэннай вайны» супраць рускіх. Нар. масы, якія напачатку прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, адышлі ад яго, што і вырашыла зыход паўстання. Антырус. накіраванасць мела і паўстанне 1705—11. Самае буйное — паўстанне 1735—40, яго непасрэдная прычына — буд-ва ў Башкірыі горных заводаў і крэпасцяў і прысваенне зямель башкіраў. Пацярпела жорсткае паражэнне. Паўстанне 1755 — супраць царскай адміністрацыі і мясц. Феад. знаці. Было выклікана ўзмацненнем феад. прыгнёту, прымусовай хрысціянізацыяй. Ахапіла б.ч. Башкірыі. Нягледзячы на паражэнне, паўстанне мела станоўчы вынік — прыгнёт у Башкірыі быў паслаблены.
т. 2, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНЦЭ́РН ПА БУДАЎНІ́ЦТВЕ І ЭКСПЛУАТА́ЦЫІ МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ І ВОДАГАСПАДА́РЧЫХ СІСТЭ́М, «Белмеліявадгас». Створаны ў 1993 на базе Мін-ва меліярацыі і аднаўлення зямель (б. Мінвадгас) як «Белвадгас», з 1995 сучасная назва. Уключае: ВА «Брэстмеліявадгас», «Гомельмеліявадгас», «Магілёўмеліявадгас», «Віцебсквадбуд», «Гроднавадбуд», «Мінсквадбуд», «Магілёўвадбуд», «Магілёўбуд», «Палесжылбуд», «Будіндустрыя» (з Беларускім экскаватарным заводам), трэсты «Калінкавічывадбуд», «Салігорсквадбуд», «Пінсквадбуд»; арэндныя прадпрыемствы «Брэствадбуд», «Гомельвадбуд», «Гомельсаўгасбуд»; акц. т-ва «Пінсксаўгасбуд»; каля 350 ПМК, міжраённыя ўпраўленні асушальных і арашальных сістэм (МААС), Мінскі доследна-эксперым. мех. з-д, шэраг з-даў жалезабетонных вырабаў (у Калінкавічах, Скідзелі, Хойніках і інш.). У складзе «Белмеліявадгаса» н.-д. і праектныя ін-ты «Белдзіправадгас» (Мінск) і «Палесседзіправадгас» (Пінск). Ажыццяўляе меліярац. і водагасп. буд-ва і эксплуатацыю меліярац. сістэм, навук.-тэхн. распрацоўкі і стварэнне праектаў па праблемах меліярацыі зямель, гасп. водакарыстання і рацыянальнага комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
В.А.Філімонаў.
т. 2, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл. Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
А.М.Сурта.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)