ФАРНАКАНЕ́ЦКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в. Фарны Канец Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. На муроўцы ўсталяваны валун буйназярністага рудавата-белага граніту-гнейсу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10,3 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Побач з валуном каменная канапа, высечаная з сярэднезярністага шэрага граніту (даўж. 1,4 м, шыр. 0,9 м, выш. 0,7 м) з датай яе стварэння — 1823.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на Пд ад в. Ратынцы Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі з крышталямі ружовага палявога шпату (авоіды 8—12 см). Даўж. 5,4 м, шыр. 4,7 м, выш. 3,4 м, у абводзе 15,5 м, аб’ём 45,8 м³, маса каля 120 т. Формай нагадвае прас. Прынесены ледавіком 220—150 тыс. г. назад з наваколляў г. Выбарг Ленінградскай вобл. Расіі. З валуном звязана шмат паданняў.

В.​Ф.​Вінакураў.

Чортаў камень каля в. Ратынцы Валожынскага раёна Мінскай вобл.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ ХМЯЛЁЎСКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Знаходзіцца на паўн. ускраіне в. Хмялёўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Валун сярэднезярністага ружовага граніту з крышталямі палявых шпатаў (гнёзды і таблічкі памерам ад 1 × 1 да 2 × 3 см) і ўключэннем ксеналітаў гнейсападобнай пароды. Даўж. 2,5 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,75 м, у абводзе 6,7 м, аб’ём 4,9 м³, маса каля 13 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком 320—250 тыс. г. назад са Скандынаўскага п-ва. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКІЯ ДВА ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Каля в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Першы валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,5 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 7 м, аб’ём 6,8 м³, маса каля 18 т. Другі валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі палявога шпату і гранатаў альмандзінаў, зернямі кварцу. Даўж. 3,1 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,4 м, у абводзе 8 м, аб’ём 9 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ПАВІЦКІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 300 м на ПдЗ ад в. Сіпавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун шэрага дробназярністага граніту кіроўнага тыпу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 10,9 м, аб’ём 7,8 м³, маса каля 20,7 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з У Швецыі. Мае прасападобную форму, на верхняй пляцоўцы захавалася паўсферычная выемка (дыяметр 5 см, глыб. 3 см) з адшліфаванымі сценкамі. Ямка зроблена чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці валун меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬЧЫЦКІЯ КАНГЛАМЕРА́ТЫ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 1,4 км на Пн ад в. Забалацце Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Назва ад былой в. Смольчыцы. 15 камлыг (даўж. больш за 3 м), з іх найб. даўж. 11,8 м, шыр. 6,2 м, выш. 7,8 м, у абводзе 23,7 м, аб’ём 303 м³, маса каля 802 т. Утварыліся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам водна-ледавіковых пясчана-жвірова-галечных і пясчана-жвіровых з валунамі адкладаў, што чаргуюцца паміж сабой (магутнасць слаёў 0,1—1,5 м). С.к. — эталон карбанатных новаўтварэнняў.

В.​Ф.​Вінакураў.

Адзін са Смольчыцкіх кангламератаў.

т. 15, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАДВО́РСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 400 м на ПдУ ад в. Стары Двор Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Шэры дробназярністы граніт. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,2 м, выш. 0,5 м, у абводзе 9 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 6 т. Прынесены ледавіком 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 7 выемак дыяметрам 4—5 см, глыб. 0,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. Размеркаванне ямак нагадвае люстраны адбітак малюнка сузор’я Вял. Мядзведзіцы. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 15, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,

геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах. ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс. г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)