АНТА́НТА МАЛА́Я,

палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАМАГНІТАФО́Н,

апарат для запісу на магн. стужку і далейшага ўзнаўлення аналагавых і лічбавых відэафанаграм. Адрозніваюць відэамагнітафоны бытавыя, прафесійныя і спец. прызначэння; стацыянарныя і пераносныя; з узнаўленнем каляровага і чорна-белага відарысаў. Прынцып дзеяння такі ж, як у звычайнага магнітафона: сігналы відарыса і гукавога суправаджэння ад тэлевізійнага прыёмніка або інш. крыніцы запісваюцца на магн. стужку. Пры ўзнаўленні гэтыя сігналы накіроўваюцца ў тэлевізійны прыёмнік. Відэамагнітафон выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, навук. даследаваннях, медыцыне і інш.

Шырокая паласа прапускання відэамагнітафона (да 7—8 МГц у стандартным тэлебачанні; да 30 МГц у тэлебачанні высокай выразнасці) у працэсе запісу дасягаецца адначасовым перамяшчэннем стужкі і вярчэннем блока з 1, 2 або 4 магн. галоўкамі, што забяспечвае скорасць магн. галоўкі адносна стужкі да 10 м/с і больш. Гукавое суправаджэнне і сігналы сінхранізацыі запісваюцца нерухомымі галоўкамі па краях стужкі.

А.​П.​Ткачэнка.

Кінематычная схема відэамагнітафона: 1 — касета; 2 — галоўкі запісу гукавых і сінхранізавальных сігналаў; 3 — галоўкі запісу відарыса; 4 — магнітная стужка; 5 — накіроўны ролік; 6 — рухавік.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́МЧАНКА (Павел Апанасавіч) (н. 11.11.1938, в. Вялікія Прыцкі Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Праф. (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). З 1970 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў галіне шрыфту, каліграфіі. Даследуе бел. друкарскі шрыфт, зрабіў графічны аналіз літар выданняў Ф.​Скарыны. Заснаваў курс маст. шрыфту ў Бел. АМ. Аўтар каліграфічных лістоў па матывах паэзіі М.​Багдановіча (1981, «Страцім-лебедзь», 1991; серыя «Перапісчык», 1998—2000), Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), А.​Блока (1983), Т.​Шаўчэнкі (1984), Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» («Паранены волат», 1998; «Прабач мяне», 2000), аповесці М.​Гогаля «Шынель» (2001); вобразна-шрыфтавых кампазіцый «Мінск» (1979), «Хатынь» (1980), «Ленінград» (1981), «Свяшчэнная вайна» (трыпціх, 1985), «Паланэз» (1991), «Аз» (1993), «Рэха даўніны» (абедзве 1998), вышыванага арнаментальна-шрыфтавога пано для музея Я.​Коласа ў Мінску (1982), скруткаў «Проба пяра», «Танец пяра» (абодва 1998—2000) і інш.

Тв.:

Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;

Мелодыі каліграфа. Мн., 1993.

П.Семчанка. Каліграфічныя кампазіцыі «Паланэз» і «Страцім-лебедзь». 1991.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СКА́ЙЛЭБ»

(англ. Skylab ад sky laboratory нябесная лабараторыя),

амерыканская эксперыментальная арбітальная станцыя для палёту па каляземнай арбіце; таксама праграма яе распрацоўкі, запуску і эксплуатацыі. Прызначалася для вывучэння ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека ў час працяглых касм. палётаў, правядзення навук.-тэхн. і тэхнал. эксперыментаў, даследаванняў Сонца, прыродных рэсурсаў Зямлі і інш. Выведзена на арбіту 14.5.1973 ракетай-носьбітам «Сатурн-5» (без экіпажа). Маса 77 т, даўжыня 25 м. Аб’ём жылых адсекаў каля 340 м³.

Станцыя складалася з асн. блока (лабараторны і бытавы адсекі). прыборнага адсека, шлюзавай камеры (забяспечвала выхад касманаўтаў у адкрыты космас), прычальнай канструкцыі з асн. і рэзервовым стыковачнымі вузламі і платформы з комплексам астр. прылад. Не прызначалася для вяртання на Зямлю, дастаўка і змена экіпажаў праводзіліся пры дапамозе трансп. касм. карабля «Апалон»У 1973—74 на станцыі працавалі 3 экіпажы касманаўтаў (па 3 чал). Макс. працягласць палёту 84 сут. З лютага 1974 у аўтам. рэжыме, 9.7.1979 спыніла існаванне. Іл. гл. да арт. Арбітальная станцыя.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),

бел. літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АН БССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.​Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.​Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Тв.:

[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;

Бел. пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.

Літ.:

Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;

Крывіцкі Л. (Л.​А.​Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;

Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 72—75.

А.​М.​Пяткевіч.

І.С.Дварчанін.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),

альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.​Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн. чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв. сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,

часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.​Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РМАН (Барыс Давыдавіч) (1901, Забайкалле — 1939),

адзін з вышэйшых кіраўнікоў НКУС і гал. арганізатараў паліт. рэпрэсій у СССР, у т. л. на Беларусі. З 1918 у Чырв. Арміі, з 1920 у органах дзярж. бяспекі. З 1923 чл. РКП(б). У 1934—37 нам. нач. замежнага аддзела Гал. ўпраўлення дзярж. бяспекі НКУС СССР, быў у складзе следчай групы па падрыхтоўцы працэсу «аб’яднанага трацкісцка-зіноўеўскага блока» і «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра». У сак. 1937 — маі 1938 нарком унутр. спраў БССР, камісар дзярж. бяспекі 3-га рангу. Пры Бермане на Беларусі знішчана не менш як 100 тыс. чалавек, у т. л. старшыні ЦВК БССР А.​Р.​Чарвякоў, М.​В.​Стакун, старшыні СНК БССР М.​М.​Галадзед, Д.​І.​Валковіч, 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б В.​Ф.​Шаранговіч, камандуючы войскамі Бел. ваен. акругі Е.​П.​Убарэвіч, вял. колькасць бел. творчай інтэлігенцыі. Заахвочваліся даносы, паўсядзённымі сталі незаконныя арышты, катаванні, фальсіфікацыя крымінальных спраў, адпрацоўвалася тэхніка масавых расстрэлаў і пахаванняў (гл. Курапаты). Быў дэп. Вярх. Савета СССР, чл. ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ. З аслабленнем уплыву наркома ўнутр. спраў М.І.Яжова Берман заменены А.​А.​Наседкіным. 22.2.1939 прыгавораны да пакарання смерцю, расстраляны ў Маскве.

А.​Я.​Розумаў.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,

прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл. вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл. фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл. Кенатрон), газаразрадныя (гл. Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт. Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.

Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.

У.​М.​Сацута.

Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.
Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ЎРЫ,

буйныя ваенныя вучэнні; вышэйшая форма аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі войск. У шэрагу краін М. праводзіліся з 17 ст., асабліва шырока з канца 19 — пач. 20 ст. На тэр. Беларусі ў 1929 упершыню праводзіліся ўсеармейскія і ў 1930 акруговыя М. Найб. буйныя М. Беларускай ваеннай акругі адбыліся ў 1936, а ў пасляваенны час — М. (вучэнні) «Дзвіна» (1970), «Бярэзіна» (1976), «Захад-81», «Восень-88» і інш. У сучасных умовах М. надае вял. значэнне ваен. камандаванне многіх краін свету. М. войск блока НАТО праводзяцца гал. чынам у Еўропе і на Атлантыцы. У ходзе іх асаблівая ўвага аддаецца перакідванню стратэг. рэзерваў ЗША на еўрап. кантынент, баявому выкарыстанню мабільных сіл НАТО і інш. У апошні час замест М. усё часцей праводзяцца камп’ютэрныя камандна-штабныя вучэнні, у т. л. шматнац. узбр. сіл. Напр., тэмай вучэнняў «Шчыт-98», у якіх удзельнічалі ваеннаслужачыя 15 краін, у т. л. Рэспублікі Беларусь, было правядзенне аперацый у зонах этнічных канфліктаў, садзейнічанне міратворчым сілам ААН і г.д. Гл. таксама Вучэнні.

Літ.:

Гареев М.А. Тактические учения и маневры: (Ист. очерк). М., 1977;

«Двина»: Войсковые маневры, проведенные на территории Белоруссии в марте 1970 г. М., 1970;

Краснознаменный Белорусский военный округ. 2 изд. М., 1983;

Солонец Г. «Щит мира-98» // Армия. 1998. № 5.

І.​Р.​Дзенісенка, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)