ПЕ́РКІН ((Perkin) Уільям Генры) (12.3.1838, Лондан — 14.7.1907),

англійскі хімік-арганік і прамысловец; пачынальнік анілінафарбавай прам-сці ў Англіі. У 1853—55 вучыўся ў Каралеўскім хім. каледжы ў Лондане. Навук. працы па даследаванні сінт. фарбавальнікаў. Атрымаў першы сінт. анілінавы фарбавальнік — мавеін (1856) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных ненасычаных кіслот (1868, рэакцыя П.), сінтэзаваў кумарын і карычную к-ту.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РБЕР ((Arber) Агнес) (1879—22.3.1960),

англійскі батанік. Чл. Каралеўскага т-ва (з 1946). Скончыла Лонданскі і Кембрыджскі ун-ты. Навук. працы па гісторыі батанікі 15—17 ст., палеабатаніцы голанасенных і марфалогіі пакрытанасенных. Распрацавала тэорыю філома, паводле якой асн. органам вышэйшых раслін з’яўляецца парастак.

Тв.:

Water plants. Cambrige, 1920;

Monocotyledons. Cambrige, 1925;

The Gramineae. Cambrige, 1934;

Herbals. Cambrige, 1938;

The natural philosophy of plant form. Cambrige, 1950.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЕМЕР ((Bessemer) Генры) (19.1.1813, Чарлтан, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 15.3.1898),

англійскі вынаходнік-металург. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1879). Атрымаў больш за 100 патэнтаў на вынаходствы і ўдасканаленні ў галіне механікі і металургіі. Стварыў канвертарны спосаб пераплаўкі чыгуну ў сталь (1856, т.зв. бесемераўскі працэс). У 1860 запатэнтаваў вярчальны канвертар. Прапанаваў бяззліткавую пракатку сталі.

Літ.:

Сорокин Ю.Н. Генри Бессемер // Вопр. истории естествознания и техники. М., 1956. Вып. 1.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БАН ((Gibbon) Эдуард) (8.5.1737, Патні, цяпер у межах Лондана — 16.1.1794),

англійскі гісторык. Асн. праца — «Гісторыя заняпаду і разбурэння Рымскай імперыі» (Т. 1—6, 1776—88). Заснавана на дэталёвым вывучэнні крыніц, змяшчае паліт. гісторыю Рым. імперыі і Візантыі з канца 2 ст. да 1453 (падзенне Канстанцінопаля) з экскурсамі ў гісторыю зах.-еўрап. сярэдневякоўя і Расіі. У яго творах знайшлі адлюстраванне ідэі асветніцкай філасофіі 18 ст.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРАН ((Cameron) Верні Ловет) (1.7.1844, Рэйдзіпал, Вялікабрытанія — 27.3.1894),

англійскі марак, даследчык Цэнтр. Афрыкі. У 1874 даследаваў ч. берагоў воз. Танганьіка, адкрыў на З яго сцёк — р. Лукуга, дайшоў да р. Луалаба. Прайшоў уздоўж яе на Пд, прасачыў водападзел паміж бас. ніжняга Конга і верхняй Замбезі, у ліст. 1875 выйшаў да Атлантычнага ак. Зрабіў каля 4 тыс. вызначэнняў вышынь, што з’явілася пачаткам вывучэння рэльефу Цэнтр. Афрыкі.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТРАЙТ ((Cartwright) Эдмунд) (24.4.1743, Манхэм, каля Лінкальна, Вялікабрытанія —30.10.1823),

англійскі вынаходнік, стваральнік механічнага (з кажным прыводам) ткацкага станка. Скончыў Оксфардскі ун-т (1764). Быў вясковым святаром. У 1785 атрымаў патэнт на ткацкі станок, які ўдасканаліў у 1786. Пабудаваў фабрыку на 20 станкоў, у 1789 устанавіў на ёй паравую машыну для прывядзення станкоў у дзеянне. Пасля ўдасканаленняў інш. вынаходнікамі станкі К. пачалі шырока выкарыстоўвацца ў ткацкай прам-сці.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМБЛ ((Kemble) Джон Філіп) (1.2.1757, г. Прэскат, Вялікабрытанія — 26.2.1823),

англійскі акцёр і драматург. Выступаў у Лондане ў т-рах «Друры-Лейн», «Ковент-Гардэн» (некаторы час яго ўзначальваў), кіраваў т-рам у Дубліне. Акцёр класіцысцкага кірунку, майстар маналога. Сярод ролей: Гамлет, Атэла, Брут («Гамлет», «Атэла», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Марла («Яна прыніжаецца, каб перамагчы» О.​Голдсміта) і інш. Аўтар трагедыі «Велізарый», фарса «Жанчына-афіцэр» і інш.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́КАМЕН ((Newcomen) Томас) (28.2.1663, г. Дартмут, Вялікабрытанія — 7.8.1729),

англійскі вынаходнік, адзін са стваральнікаў цеплавога рухавіка. Каваль па прафесіі. Сумесна з лудзільшчыкам Дж.​Коўлі пабудаваў у 1705 паравую машыну для адпампоўвання вады ў шахтах, якая шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. Адным з першых рэалізаваў ідэю пераўтварэння цеплавой энергіі пары ў мех. работу.

Літ.:

Конфедератов И.Я. История теплоэнергетики: Начальный период (XVII—XVIII вв.). М.; Л., 1954.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РЫ, Бары (Barry) Чарлз (23.5.1795, Лондан — 12.5.1860), англійскі архітэктар, прадстаўнік неакласікі і неаготыкі. У 1817—20 вандраваў па Італіі, Грэцыі, Б. Усходзе. Работы: Маст. галерэя ў Манчэстэры (1824—35), будынкі клубаў Падарожнікаў (1829—31) і Рэформаў (1837—41), ансамбль Парламента (1840—68, з О.​П’юджын, Э.​Бэры) у Лондане, ратуша ў Галіфаксе (Йоркшыр, 1859—62, скончана Э.​Бэры).

Ч.Бэры, О.​П’юджын, Э.​Бэры. Будынак парламента ў Лондане. 1840—68.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАЎ ((Barrow) Джон) (19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),

англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)