БО́НІНГТАН (Bonington) Рычард Паркс
(25.10.1801 ці 1802, каля г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 23.9.1828),
англійскі жывапісец і графік; майстар пейзажнай акварэлі і літаграфіі. Вучыўся ў АМ у Парыжы (1819). Тонкія лірычныя пейзажы («Лодкі каля берага», «Венецыя»), адзначаныя непасрэднасцю назіранняў, пракладвалі шляхі пленэрным пошукам еўрап. жывапісу 19 ст., у т. л. барбізонскай школе жывапісу. Яго невял. жанрава-гіст. карціны («Генрых IV і іспанскі пасол» і інш.) адметныя рысамі рамантызму, свабодай жывапіснай манеры.
т. 3, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАЎ (Barrow) Джон
(19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),
англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.
т. 2, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БАР (Gabor) Дэніс
(5.6.1900, Будапешт — 9.2.1979),
англійскі фізік, заснавальнік галаграфіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1956), Венгерскай АН (1964), Нац. АН ЗША (1973). Вучыўся ў Тэхн. ун-це ў Будапешце (1918—20). У 1927—33 працаваў у Германіі, з 1949 у Лонданскім ун-це (з 1958 праф.), з 1967 — у ЗША. Навук. працы па электроннай оптыцы, фізіцы плазмы, тэхніцы сувязі. Стварыў агульную тэорыю галаграфіі, атрымаў першыя галаграмы. Нобелеўская прэмія 1971.
т. 4, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЛІ (Joly) Джон
(1.11.1857, графства Офалі, Ірландыя — 8.12.1933),
англійскі геолаг і геафізік. Скончыў Трыніты-каледж у г. Дублін. З 1897 праф. у Дублінскім ун-це. Першым звярнуў увагу на значэнне радыеактыўных элементаў для цеплавога рэжыму Зямлі. Па колькасных вызначэннях наяўнасці радыеактыўных элементаў у розных горных пародах падлічыў колькасць энергіі, якая вылучаецца ў працэсе радыеактыўнага распаду. Атрыманыя звесткі выкарыстаў для пабудовы геатэктанічнай гіпотэзы, якой спрабаваў растлумачыць перыядычнасць тэктанічных працэсаў.
т. 6, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ (Grew) Неемія
(26.9.1641, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 25.3.1712),
англійскі ўрач і батанік, адзін з заснавальнікаў анатоміі раслін. Сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва (1677). Вучыўся ў Кембрыджы, скончыў Лейдэнскі ун-т (Галандыя, 1671). Навук. працы па пытаннях будовы і полу раслін. Апісаў мікраскапічную будову кораня, сцябла, лісця, пладоў і інш. Увёў у батаніку паняцці «тканка» і «парэнхіма». Развіваў ідэю пра адзінства будовы тканак, апісаў вусцейкі, лічыў кветкі органамі палавога размнажэння.
т. 5, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЙЛЬ (Boyle) Роберт
(25.1.1627, Лісмар, Ірландыя — 30.12.1691),
англійскі фізік і хімік. Адзін з заснавальнікаў Лонданскага каралеўскага т-ва. Адукацыю атрымаў у Жэнеўскай акадэміі (1638—44). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і механіцы, па вывучэнні цеплавых, аптычных і акустычных з’яў. Адкрыў (1662) закон залежнасці аб’ёму газу ад ціску (гл. Бойля—Марыёта закон). Сфармуляваў паняцце хім. элемента (1661), залажыў асновы якаснага хім. аналізу.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки М., 1989. С. 95.
т. 3, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГС (Briggs) Генры
(2.1561, Уолівуд, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 26.1.1630),
англійскі матэматык. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1588). З 1619 праф. Оксфардскага ун-та. Навук. працы па геаметрыі, трыганаметрыі і навігацыі. Склаў і апублікаваў першыя табліцы дзесятковых лагарыфмаў: 8-значныя для лікаў першай тысячы (1617), 14-значныя для лікаў ад 1 да 20 000 і ад 90 000 да 100 000 (1624). У 1633 выдадзены 14-значныя табліцы лагарыфмаў трыганаметрычных функцый, падрыхтаваныя Брыгсам з Г.Гелібрандам.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙТС (Bates) Генры Уолтэр
(8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),
англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у тым ліку 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва (з 1881).
Тв.:
Рус. пер. — Натуралист на реке Амазонке. М., 1958.
т. 2, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕРКРАМБІ (Abercrombie) Леслі Патрык
(1879, г. Аштан-на-Мерсі, Вялікабрытанія — 23.3.1957),
англійскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Выкладаў у Ліверпульскім (1915—35) і Лонданскім ун-тах. Адзін з пачынальнікаў раённай планіроўкі гарадоў. У 1921—22 стварыў праект планіроўкі прамысл. раёна г. Донкастэр, які прадугледжваў буд-ва гарадоў-спадарожнікаў, функцыян. заніраванне тэрыторыі. У праекце развіцця «Вялікага Лондана» (1944) прапанаваў абмежаваць яго памеры «зялёным поясам» і пабудаваць 8 гарадоў-спадарожнікаў. Прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (1946—57).
т. 1, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБС (Gibbs) Джэймс
(23.12.1682, г. Абердзін, Вялікабрытанія — 5.8.1754),
англійскі архітэктар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Галандыі, у 1700—09 — у Італіі ў К.Фантана. Супрацоўнічаў з К.Рэнам. Яго пабудовы ў стылі класіцызму вызначаюцца прастатой і адзінствам кампазіцыі, вытанчанасцю дэталей: цэрквы Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17) і Сент-Марцін-ін-зе-Філдс (1722—26) у Лондане; парадна-велічны будынак б-кі Рэдкліфа (1737—49) у Оксфардзе і інш. Аўтар працы «Кніга пра архітэктуру» (1728).
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)