ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),
амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІНСАН ((Dickinson) Эмілі Элізабет) (10.12.1830, г. Амхерст, штат Масачусетс, ЗША — 15.5.1886),
амерыканская паэтэса. Вучылася ў жаночым каледжы; з 1854 у добраахвотным пустэльніцтве ў Амхерсце. Напісала каля 2000 вершаў, але дала дазвол апублікаваць толькі 7 (надрук. 5). Завяшчала знішчыць свой архіў, але ў 1890 выдадзена яе паэт.кн. «Вершы». Цікавасць да творчасці і асобы Дз. зноў узнікла ў 1910-я г. ў часы т. зв. «паэтычнага Рэнесансу» ў ЗША. Асн. тэмы яе творчасці — каханне, жыццё і смерць, прырода. Эксперыментавала з мовай (насычала яе неалагізмамі), адыходзіла ад традыц. граматыкі і сінтаксісу. Яе вершы грунтуюцца на творча пераасэнсаваных памеры і строфіцы пратэстанцкага гімна; выкарыстоўвала нечаканыя інверсіі, сімволіку колераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ТРЫХ (Dietrich) Марлен [сапр. Лош (Losh) Марыя Магдалена фон; 27.12.1904, Берлін — 5.5.1992). амерыканская кінаактрыса. Вучылася ў Муз. акадэміі і Школе драм. мастацтва М.Райнгарта (Берлін). У 1922 дэбютавала ў т-ры, у 1923 — у кіно. У 1930 сыграла першую значную ролю ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.Мана). З 1930 у Галівудзе, ЗША. Здымалася ў экзатычных фільмах рэж. Дж.Штэрнберга «Шанхайскі экспрэс», «Чырвоная імператрыца», «Д’ябал — гэта жанчына» ў амплуа жанчыны-«вамп», была адной з самых папулярных «зорак» амер. кіно 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну вяла антыфаш. прапаганду. У 1950-я г. стварыла яркія складаныя характары ў фільмах «Сведка абвінавачання», «Працэс у Нюрнбергу» і інш. Вядома і як эстр. спявачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙХЕ́РА (Heuchera),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 25 (50?) відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі інтрадукаваны 3 віды: гейхера амерыканская (H. americana), гібрыдная (H. hybrida) і крывава-чырвоная (H. sanguinea). Пад назвай гейхера гібрыдная аб’ядноўваюць розныя садовыя формы і сарты гейхеры крывава-чырвонай гібрыднага паходжання. Выкарыстоўваюцца для пасадак у рабатках, міксбордэрах, камяністых садах. Цвітуць у чэрв.—жніўні.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см з моцным карэнішчам. Лісце сэрцападобнае ці акруглае на доўгіх чаранках, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Кветкі дробныя, званочкападобныя, шматлікія, рознага колеру (белаватыя, зеленаватыя, ружовыя, крывава-чырвоныя і інш.), у мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматнасенная каробачка. Размнажаецца насеннем, дзяленнем карэнішчаў. Ценевынослівыя, марозаўстойлівыя дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СТАЎКІ, ластаўкавыя (Hirundinidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, 79 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. На Беларусі 3 віды: Л. берагавая, або беражанка (Riparia riparia), Л. вясковая, або касатка (Hirundo rustica), і Л. гарадская, або варанок (Delichon urbica). 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 28 см, маса да 60 г. Апярэнне шчыльнае, пераважна цёмнае з метал. бляскам зверху і светлае знізу. Крылы доўгія, вузкія. Дзюба кароткая, сплюшчаная. Хвост выемчаты. Ногі кароткія. Кормяцца насякомымі, Л. дрэвавая амерыканская (Tachycineta bicolor) — ягадамі ядлоўцу. Гнёзды паўшарападобныя або ў выглядзе плоскай біклажкі, робяць з грунту, змешанага са слінай, прымацоўваюць іх да скал і пабудоў; у некат. відаў гнёзды ў норах і дуплах. Часта гняздуюцца калоніямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЛЕР ((Mailer) Норман) (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац.рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫСАН (Morrison) Тоні [сапр.Уофард
(Wofford) Хлоя Антонія; н. 18.2.1931, г. Ларэйн, штат Агайо, ЗША], амерыканская пісьменніца. Вучылася ў Говардскім і Корнелскім ун-тах. У творчасці М. выразна выяўляецца цікавасць да этн. каранёў амер. неграў, да вытокаў нар. традыцый, міфалогіі, фальклору. Сац.-побытавыя і міфалагічныя матывы спалучаюцца ў раманах «Самыя блакітныя вочы» (1970) і «Сула» (1974). Для рамана «Саламонава песня» (1978) характэрна ўзаемапранікненне элементаў хронікі, эпасу і легенды, у раманах «Смаляная лялька» (1981),
«Любімая дачка» (1987) і «Джаз» (1992) — узмацненне міфапаэт. матываў. Аўтар зб. эсэ «Гульня ў поцемках» (1992) і інш. Нобелеўская прэмія 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРА (Aster),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш. Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд.Ажар
(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.