шрэдэрые́ла

(н.-лац. schroederiella)

каланіяльная зялёная водарасць сям. сцэнедэсмавых, якая пашырана ў планктоне азёр і вадасховішчаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЫЯТО́МАВЫ МУЛ,

асадак на дне сучасных акіянаў, мораў і азёр, які складаецца пераважна з апалавых панцыраў дыятомавых водарасцей і іх абломкаў. Найб. пашыраны ў акіянах умераных шырот Паўд. паўшар’я, назіраецца ў выглядзе суцэльнага пояса вакол Антарктыды. У выкапнёвым стане Д.м. пераходзіць у асадкавую горную пароду — дыятаміт.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВАВА ПЯЧО́РА,

карставая вапняковая пячора на зах. схіле Паўн. Урала, у даліне р. Колва (бас. Камы), у Пермскай вобл. Расіі. Агульная даўж. галерэй 9,7 км. Вядома 59 гротаў (Бетлан, Дзева, Гваздзецкага і інш.). Есць ручай і 9 невял. азёр. Шматлікія нацечныя ўтварэнні. Вядома з 18 ст. Спелеатурызм.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКРА́ЙКІ,

палосы нерухомага тонкага лёду, якія ўтвараюцца ўздоўж берагоў рэк, азёр і вадасховішчаў пры незамёрзлым вадаёме. Першасныя З. ўзнікаюць восенню каля берагоў на мелкаводных участках з павольным цячэннем, наносныя — у выніку прымярзання да берагоў лёду, прынесенага ў час крыгаходу, рэшткавыя застаюцца каля берагоў вясной пры раставанні лёду.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЧЭТА́ЎСКІЯ АЗЁРЫ,

група азёр у Казахстане, у паўн.-ўсх. ч. Казахскага драбнасопачніка. Размешчаны на абс. вышыні ад 200 да 500 м. Найб. вядомыя: Баравое, Шчучае, Зерэнда, Айдабул, Вял. і Малое Чэбачае і інш. Узровень і плошча зменлівыя. На перашыйку паміж воз. Баравое і Вял. Чэбачае — курорт Баравое.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),

група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс. км²; аб’ём вады 22,7 тыс. км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р. Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.

Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р. Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).

Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,

барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦК КПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.​К.​Шчасную і А.​І.​Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.​П.​Зарэцкі, К.​І.​Субач, М.​І.​Субач, І.​А.​Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.​Танка «Нарач» (1937), карціна В.​Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.

Да арт. Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.​Цвіркі 1957.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паазе́р'е Месца каля аднаго возера; тэрыторыя каля азёр; прыазёрны край (Зах. Бел., Слаўг.).

Паазер'е Віленскае — адміністрацыйная адзінка ў Заходняй Беларусі да 1939 года.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

КАРКАРАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ,

горны масіў ва ўсх. ч. Казахскага драбнасопачніка. Выш. да 1565 м (г. Аксаран — найвыш. кропка Цэнтр. Казахстана). Схілы моцна расчлянёныя далінамі і лагчынамі. Складзены з гранітаў, парфірытаў, кварцытаў і інш. Шмат азёр. На схілах участкі хваёвых лясоў сярод кавыльнага і кавыльна-разнатраўнага стэпаў. Радовішчы поліметал. руд.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́Р’Е,

тэрыторыя з вялікай колькасцю азёр (звычайна больш за 2%). Характарызуецца своеасаблівымі рысамі рэльефу і азёрамі аднолькавага паходжання — ледавіковага, тэрмакарставага, карставага і інш. Звычайна ў П. маляўнічыя ландшафты, якія часта вылучаюцца ў буйныя рэкрэацыйныя зоны. Пояс П. цягнецца праз Еўропу ўздоўж межаў паазерскага зледзянення, на Беларусі прадстаўлены Беларускім Паазер’ем.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)