капту́р ​1, ‑а, м.

1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар ​2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.

2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.

3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.

капту́р ​2,

гл. коптур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карча́га ​1, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

Разм. Пень, вывернуты з карэннем; корч. Гануля дастала з-за коміна карчагі і стала чыркаць запалк[ай], якая адсырэла і не загаралася. Гурскі.

карча́га ​2, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

1. Тое, што і амфара. Па такіх знаходках, як абломкі амфар, або карчаг, якія выкарыстоўваліся феадаламі для зберажэння він, відаць, што гэта пасяленне з самага пачатку не было сельскім. «Беларусь».

2. Разм. Гляк для мазі. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўту́н, ‑а, м.

1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).

2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.

[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.

1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.

2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

журбо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ахоплены журбою; сумны, маркотны. Стасік сядзеў на ганку засмучоны, журботны. Няхай. // Які выражае журбу, уласцівы таму, каго апанавала журба. Журботны погляд. □ Адна толькі Ева.. стаяла ў баку з журботнаю ўсмешкаю на прыгожа вырысаваных губах. Колас. // Поўны журбы, суму; невясёлы. Галава балела ад гарачыні, поту і слёз, а думкі былі вельмі журботныя. Лупсякоў. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка.

2. Які выклікае журбу, сум (пра час, выгляд чаго‑н. і пад.). Журботны дзень, журботны пейзаж. □ Вясёлая сустрэча з хлапцом развеяла думкі, якія падказала.. [Тапурыю] журботная цішыня балот. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.

1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.

2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.

мука́, ‑і́, ДМ муцэ́, ж.

Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мы́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Разважаць, супастаўляючы з’явы рэчаіснасці, думкі і робячы з іх вывады. Лагічна мысліць. Мысліць вобразамі. Навучыць мысліць. □ У камуне за гэтыя гады выраслі новыя людзі, якія зусім інакш мысляць, чым мысліў учарашні селянін-уласнік, селянін — раб свайго ўласнага шкура зямлі. Галавач. [Ермаловіч:] — Вайна ёсць вайна, і трэба адпаведна мысліць. Мірнага жыцця няма, забудзь... Ваша пяцёрка — глыбокае падполле. Навуменка. Уменне мысліць на сцэне — вялікі дар для акцёра, і ён даецца далёка не кожнаму. Сабалеўскі.

2. што. Разм. Уяўляць у мыслях. [Левановіч:] Як ты мысліш сабе гэту праверку? [Гарлахвацкі:] Трэба назначыць аўтарытэтную камісію. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Назва, дадзеная чалавеку жартам, у насмешку або для канспірацыі. [Дзед:] — Марка — гэта імя таго чалавека, а Руды — вулічная мянушка, бо ён меў рудую бараду... Шуцько. Быдла, ёлупень, балбес, лапатнік, турак, фармазон — якія толькі мянушкі несыпаліся на галовы бедных семінарыстаў! С. Александровіч. Карніцкаму, які насіў мянушку Пчала, у той час было яшчэ далёка да трыццаці год. Паслядовіч.

2. Назва, дадзеная адной жывёле ў адрозненне ад іншых падобных. [Святлана:] — Тата, а як мы яго назавём? У звярынцы ж ва ўсіх звяроў ёсць мянушкі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́ват, часціца.

1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсавай выразнасці слоў і словазлучэнняў (ставіцца перад словамі, да якіх адносіцца). Паветра было такое чыстае, што не мігацелі нават далёкія агні. Карпаў. Шчыра кажучы, новая будыніна падабалася хлопцам нават больш, чым хата. С. Александровіч.

2. у знач. далучальнага злучніка. Далучае члены сказа і сказы, якія выступаюць у якасці паказчыка самай высокай ступені чаго‑н. Хата-чытальня была перапоўнена. Людзі стаялі ў калідоры, нават на вуліцы каля адчыненых [акон]. Паслядовіч. Раптам сцішылася прырода, замерла. Нават вяз не варухнецца на беразе, нават паветра застыла. Ваданосаў.

•••

І не думай (нават) гл. думаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго, чаму і з інф.

1. Перадаць якія‑н. навыкі, веды, уменне рабіць што‑н. Навучыць рамяству. Навучыць гуляць у шахматы. □ [Аляксей] мяне навучыў чытаць і любіць кнігу. Скрыпка.

2. Разм. Падвучыць, падгаварыць зрабіць што‑н. — Хто навучыў вас прадставіць у суд фальшывы план? — грозна спытаў у.. [Рыгора] пракурор. Бажко.

3. Даць параду, указанне. — Барташэвіч, братачка, навучы, як заслужыць [дзявочую ласку]! — не адставаў няпрошаны сведка. Карпюк. [Зарына:] Навучы ты, сасна векавая, Як пакуты мае перажыць... Бачыла.

4. Прымусіць зразумець што‑н., пераканаць у чым‑н. Жыццё навучыла кіраўніка калгаса правільна ацэньваць абстаноўку. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)