ПОЛІКАПРААМІ́Д, полі-ε-капраамід, полікапралактам,
аліфатычны поліамід, прадукт полімерызацыі капралактаму, [—NH(CH2)sCO—]n, мал. м. (10—35)∙103. Цвёрдае бясколернае рогападобнае рэчыва, шчыльн. 1130—1150 кг/м³, tпл 225 °C (вышэй за 210 °C размякчаецца). Вызначаецца высокай зносаўстойлівасцю, мех. трываласцю.
Хімічна стойкі, масла- і бензаўстойлівы. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці валокнаў (гл. Поліамідныя валокны), а таксама дэталяў машын, плёнак, як ізаляцыйны матэрыял у электра- і радыётэхніцы.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЖА́ПАЦІ,
у старажытнаіндыйскай міфалогіі бог — творца ўсяго існага. Лічылася, што ён узнік як залаты зародак і зрабіўся адзіным валадаром існага. П. падтрымаў зямлю і неба, умацаваў сонца, вымераў прастору, даў жыццё і сілу. Ён валадарыць над двухногімі і чатырохногімі, яго рукі — бакі свету. Часам П. атаясамліваюць з Брахмай, вобраз якога разам з вобразамі інш. багоў-творцаў у пазнейшыя часы выцесніў вобраз П. ва ўсіх яго функцыях.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМАТАЛО́ГІЯ (ад прыматы + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае прыматаў, іх анатомію, эмбрыялогію, фізіялогію, паходжанне, сістэматыку, распаўсюджванне і лад жыцця. Як навук. дысцыпліна аформілася ў 2-й пал. 1950-х г. (М.Ф.Нестурх, 1960). П. медыцынская — адзін з навук. кірункаў у эксперым. медыцыне, які вывучае паталогію чалавека ў доследах на малпах. Гл. таксама Антрапалогія.
Літ.:
Нестурх М.Ф. Приматология и антропогенез. М., 1960;
Фридман Э.П. Приматы. М., 1979.
т. 13, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАМАРКІ́ЗМ (ад псіха... + ламаркізм),
адзін з кірункаў эвалюцыйнага вучэння, галіна неаламаркізму. Абапіраецца на асобныя палажэнні ламаркізму — прызнанне наследавання набытых прыкмет і адмаўленне формаўтваральнай ролі натуральнага адбору. Устанаўлівае крыніцу эвалюцыі ў свядомых актах волі арганізма (ням. вучоныя А.Вагнер, А.Паўлі і інш.). У адпаведнасці з П. жывёлы, іх органы і ч. органаў «усведамляюць», як рэагаваць на змены ўмоў асяроддзя. П. проціпастаўляецца дарвінізму.
А.С.Леапцюк.
т. 13, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАСТЭНІ́Я (ад псіха... + астэнія),
адно з псіхічных расстройстваў, якое займае прамежкавае становішча паміж псіхапатыяй і неўрозам. Для П. характэрна агульнае зніжэнне псіхічнага тонусу, адчуванне ўнутр. напружання, непаўнацэннасці і інш. Хворыя на П. часта астэнічнага целаскладу, з дыспластычнымі рысамі, нязграбныя; з дзіцячага ўзросту праяўляюць пужлівасць, страх перад цемрай і інш. Пасля таго, як мінаюцца складаныя ўнутр. хваляванні, псіхастэнікі здольны вырашаць свае праблемы, знаходзіць формы адаптацыі да рэальнага жыцця.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛЬВА,
рака ў Польшчы і Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 54 км, у т. л. на Беларусі 42 км. Пл. вадазбору 535 км², у т. л. на Беларусі 457 км². Пачынаецца ў Польшчы, вусце за 2 км на Пд ад в. Ставы Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне, праз г. Высокае. 18 км рэчышча каналізавана. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 13, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ТНЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
агульная назва рабочых на промыслах і прамысл. прадпрыемствах Расіі 17—1-й пал. 19 ст. Асн. масу Р.л. складалі работнікі рачных суднаў, рыбнага, салянога і інш. промыслаў; з канца 17 — пач. 18 ст. іх склад папаўнялі работнікі мануфактур. Кадры Р.л. фарміраваліся як за кошт прыгонных (сяляне-адыходнікі, пасэсійныя сяляне, прыпісныя сяляне), так і вольных наёмных работнікаў, якія з 1760-х г. колькасна пераважалі.
т. 13, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н УСЯСЛА́ВІЧ (?—1116?),
полацкі князь у пач. 12 ст. Сын Усяслава Брачыславіча. На думку гісторыка В.Л.Яніна, быў старэйшым сынам Усяслава і княжыў у Полацку з 1101. Паводле інш. даследчыкаў, адзін з малодшых Усяславічаў, валодаў нейкім удзелам. У розных летапісах смерць Р.У. датуецца 1113, 1114 і 1116, яна наступіла ў Разані, куды князь трапіў, як мяркуецца, у выніку міжусобіцы ў Полацкай зямлі.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СА (Roosa) Сцюарт (н. 16.8.1933, г. Дуранга, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (з 1976 у адстаўцы). Скончыў Каларадскі ун-т (1962), школу падрыхтоўкі пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і Э.Мітчэлам здзейсніў палёт вакол Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-14». У космасе правёў 9 сут. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
У.С.Ларыёнаў.
т. 13, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ у геаметрыі,
аперацыя пераўтварэння эўклідавай прасторы, што захоўвае нязменнымі адлегласці паміж пунктамі. Паняцце ўзнікла як абстракцыя з уяўленняў аб мех. перамяшчэннях рэальных цел. Наз. ўласным ці няўласным, у залежнасці ад таго, захоўвае ці не захоўвае Р. арыентацыю прасторы. Уласнымі Р. з’яўляюцца, напр., паралельны перанос геам. фігуры, вярчэнне яе вакол восі, вярчэнне разам з пераносам уздоўж восі павароту (вінтавы Р.); няўласным Р. з’яўляецца люстранае адбіццё.
т. 13, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)