ІДО́ЛТА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 11 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,58 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 630 м, найб. глыб. 13,1 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 13,2 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, параслі лесам, на У 2—5 м, разараныя, на З невыразныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ сплавінныя. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй глеістае. Упадаюць 2 ручаі, на Пд выцякае ручай у р. Вята.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКА́ЗНЬ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 14 км на У ад г. Браслаў. Пл. 2,38 км, даўж. каля 3 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі каля 13 км. Пл. вадазбору 25,3 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м, у верхняй ч. разараныя, на ПдУ парослыя лесам. Берагі нізкія, месцамі абразійныя, пад хмызняком, у паўн.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае, глыбей дно выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 1,2 га. На ПнЗ выцякае р. Усвіца.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКАНАБО́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1566,

антыкаталіцкае паўстанне ў Нідэрландах, першы этап Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Праходзіла пад сцягам кальвінізму. Пачалося 11 жн. ў гарадах Хондсхарт, Арманцьер і Касель, хутка ахапіла амаль усе правінцыі Нідэрландаў. Паўстанцы разграмілі каля 5,5 тыс. цэркваў і манастыроў. 23.8.1566 ісп. намесніца ў Нідэрландах Маргарыта Пармская выдала маніфест, у якім абяцала змякчыць дзейнасць інквізіцыі, дазволіць кальвінісцкія пропаведзі, амнісціраваць членаў антыісп. «Саюза дваран». Маніфест паспрыяў расколу ў лагеры паўстанцаў, частка іх пайшла на пагадненне з намесніцай. Да вясны 1567 паўстанне задушана, а маніфест абвешчаны несапраўдным.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬМЁНАК,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 640 м, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 2,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на Пд парослыя лесам, на З і Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй глеістае. Зарастае да глыб. З м. Упадаюць 2 ручаі, на З выцякае ручай у воз. Поцех.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМДЗІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1592—98,

вызваленчая вайна народа Карэі супраць акупацыі краіны японцамі. Назва ад наймення 1592 года («Імдзін») у кіт.-кар. календары. У маі 1592 яп. войскі высадзіліся ў порце Пусан, захапілі сталіцу Сеул і прасунуліся далёка на Пн. Супраць акупантаў пачалася нар. вайна. Вырашальную ролю ў адпоры ворагу адыграў кар. флот пад кіраўніцтвам Лі Сунсіна, які ў 4 бітвах разграміў яп. флот. З восені 1592 партызаны і войскі Карэі пачалі наступаць і ў маі 1593 вызвалілі Сеул. Да канца 1598 яп. войскі пакінулі Карэю.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСМАІ́Л I (17.7.1487, г. Ардэбіль, Іран — 23.5.1524),

шах Ірана ў 1502—24, заснавальнік дынастыі Сефевідаў, палкаводзец. Пры ім тэр. дзяржавы Сефевідаў дасягнула найб. памераў: у 1503—10 падпарадкаваны амаль увесь Іран, Арменія, ч. Сярэдняй Азіі, Ірак Арабскі (страчаны ў 1514) і інш. Экспансія І. I на З прывяла да вайны паміж Сефевідамі і Асманамі; у бітве каля Чалдырана (1514) з войскам Селіма I армія І. I разбіта. Заахвочваў развіццё рамяства, гандлю, навукі, культуры, умацоўваў дзярж. апарат. Аб’явіў дзярж. рэлігіяй шыізм. Пісаў вершы пад псеўд. Хатаі.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Рыгор Сямёнавіч) (8.5.1902, в. Вял. Крушынаўка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У 1928—32 працаваў у Азяранскім лясніцтве, у 1932—41 старшыня калгаса ў Рагачоўскім р-не. У Вял. Айч. вайну з 1943 партызан 8-й Рагачоўскай брыгады. З ліп. 1944 на 3-м Бел. фронце, стралок. Вызначыўся ў баі каля г. Шаўляй (Літва): каб стрымаць контратаку варожага пяхотнага батальёна, які падтрымлівалі 23 танкі і 9 бронетранспарцёраў, сяржант К. са звязкай гранат кінуўся пад танк. Байцы, натхнёныя яго подзвігам, адбілі контратаку.

Р.С.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙМІ́Н, Каймінскае возера. У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,55 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 19,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 159 км². Схілы катлавіны выш. 3—14 м, пад лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Дно з упадзінамі, да глыб. 4—6 м выслана пяском і апясчаненымі глеямі, ніжэй — сапрапелем. Праз возера цячэ р. Клевель.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІКАЎ (Віталь Міхайлавіч) (15.8.1922, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.11.1964),

Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Рагачоўскім настаўніцкім ін-це. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Камандзір стралк. ўзвода мал. лейтэнант К. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім р-не: у час бою ўзначаліў роту, пад агнём праціўніка арганізаваў яе пераправу цераз раку. Да 1964 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.М.Калеснікаў.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЛЮ́К (Лілія Васілеўна) (н. 2.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Д-р біял. н. (1992), праф. (1997). Скончыла БДУ (1959). У 1963—72 і з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па метадах аптымізацыі экасістэм рыбаводных сажалак з мэтай павелічэння выхаду рыбапрадукцыі, вывучэнні структуры і функцыянавання зоапланктоннага згуртавання вадаёмаў пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння.

Тв.:

Пособие по биологии для поступающих в вузы. Мн., 1993 (у сааўт.);

Биология в вопросах и ответах: Уч. пособие. Мн., 1997 (разам з М.​А.​Лемязой, М.​Дз.​Лісавым).

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)