ВАЛУ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда. За 6 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,54 км², даўж. 1,43 км, найб. шыр. 720 м, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 3,76 км. Пл. вадазбору 19,3 км².

Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ 1—2 м, пераважна разараныя. Берагі высокія, на З і ПнУ нізкія. Дно пясчанае, глыбей за 1 м выслана сапрапелем. Шыр. паласы расліннасці 5—125 м. У возера ўпадае і выцякае ручай.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧЫ́ЛА (Васіль Мацвеевіч) (1690, в. Лобжа Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 28.8.1744),

кіраўнік сял. руху і антыфеад. Крычаўскага паўстання 1743—44. Быў войтам в. Селішчы Крычаўскага староства Радзівілаў. У маі 1740 узначаліў узбр. атрад з некалькіх сотняў сялян, да якога пазней далучыліся сяляне з інш. шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. Пасля задушэння паўстання Вашчылу ўдалося ўцячы на рас. мяжу, дзе ён выдаў сябе за рас. падданага. Г.​Радзівіл патрабаваў яго выдаць. Пакуль ішло следства, Вашчыла сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памёр.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (1799—1834),

гісторык, вучоны-мовазнавец. Паходзіў са шляхты Ігуменскага пав. Мінскай губ. Скончыў філас. ф-т Віленскага ун-та (1820). Выкладаў сусв. гісторыю ў семінарыі пры Віленскім ун-це. У 1824 з-за «паліт. нядобранадзейнасці» пераведзены ў Казанскі ун-т, дзе выкладаў усх. мовы, стараж. гісторыю і геаграфію. Быў пад наглядам і апякунствам універсітэцкай адміністрацыі. У 1827—30 выкладчык араб. і перс. моў у Казанскай гімназіі. У жн. 1834 арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да антыдзярж. арг-цый і за антыдзярж. прапаганду. Займаўся літ. дзейнасцю.

В.​А.​Гапоненка.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХАВО́ДКА,

бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.

т. 4, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛУ́ХА (Delphinapterus leucas),

млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагоў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.

Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.

Бялуха.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХРЭ́МАЎЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдУ ад Браслава, 229 км ад Віцебска, 39 км ад чыг. ст. Друя. 1549 ж., 495 двароў (1995). У 1976 да Ахрэмаўцаў далучана в. Бяльмонты. Торфабрыкетны з-д «Браслаўскі». Аграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. За 0,5 км на Пд — курганны могільнік 8—10 ст. Мураваная капліца Збавіцеля (1858). Помнік садова-паркавага мастацтва Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты».

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЫ́НА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 15 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,49 км², даўж. 1,33 км, найб. шыр. 0,56 км, найб. глыб. 32,3 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,3 км².

Схілы катлавіны выш. да 40 м, пад пашай або лесам. Ніжняя частка схілаў амаль ўсюды ўтварае стромкі абразійны ўступ выш. да 9 м. Берагі нізкія, пясчаныя і гліністыя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, глыбей за 8—10 м глеістае. Злучана пратокай з воз. Бабынічы.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ (Ян Юзаф) (7.9.1805, г.п. Смілавічы Мінскай вобласці — 30.3.1888),

фінансіст, вынаходнік. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1821), Віленскі ун-т (1826) са ступенню канд. права. З 1827 служачы ў Польскім банку, пазней — у банках Францыі, з 1843 інспектар бухгалтэрыі чыгункі Парыж—Руан—Гаўр. На сусв. выстаўках у Парыжы (1849) узнагароджаны медалём за такс-машыну для кантролю праязных білетаў, у Лондане (1851) вял. медалём за машыну для друку і кантролю чыг. білетаў. Распрацаваў сістэму аўтам. сігналізацыі на чыгунцы. Аўтар праекта нар. франц. пазыкі. Склаў англ.-польскі навук.-тэхн. слоўнік.

В.​А.​Гапоненка.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 16 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 1,49 км², даўж. 6,17 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 12,4 м, даўж. берагавой лініі 14,5 км. Пл. вадазбору 13 км².

Схілы катлавіны на З выш. да 20 м, стромкія, на У да 3 м. Берагі зліваюцца са схіламі, паўн. і паўд. забалочаныя. Дно пясчанае, глыбей за 4 м глеістае. Зарастае да глыб. 4 м. Упадаюць 3 ручаі. Выцякае ручай у воз. Астровенскае.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)