КАРНО́ ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.

Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).

А.​І.​Болсун.

Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ХРОМАДЫНА́МІКА,

квантавая калібровачная тэорыя ўзаемадзеяння кваркаў і глюонаў шляхам абмену паміж імі глюонамі; частка стандартнай мадэлі, якая ўключае эл.-магн., слабое і моцнае ўзаемадзеянне («адказвае» за моцнае ўзаемадзеянне паміж кваркамі ў адронах і паміж адронамі). Пры гэтым кваркі маюць 3 колеры, а глюоны — 8.

Узнікла ў пач. 1970-х г. на аснове ўяўленняў аб колеры кваркаў, партоннай мадэлі няпругкіх узаемадзеянняў (гл. Партоны) і апарата неабелевых калібровачных палёў. У адрозненне ад фатонаў глюоны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, адкуль вынікае, што эфектыўная канстанта сувязі на малых адлегласцях імкнецца да нуля (асімптатычная свабода), а на вял. адлегласцях узрастае (магчымасць канфайнменту — запірання кваркаў і глюонаў унутры адронаў і іх адсутнасці ў свабодным стане). Кваркі і выпрамененыя імі глюоны па-за межамі вобласці канфайнменту пераўтвараюцца ў струмені адронаў, што з’яўляецца эксперым. доказам існавання глюонаў. К.х. апісвае шырокі клас працэсаў узаемадзеяння з удзелам адронаў і ядраў пры высокіх і нізкіх энергіях, якія вядуць да такіх з’яў, як, напр., множныя працэсы нараджэння часціц, кварк-глюонная плазма, вял. лакальныя флуктуацыі множнасці.

Літ.:

Бабичев Л.Ф., Кувшинов В.И., Федоров Ф.И. Квантовая хромодинамика в матричном формализме уравнений первого порядка // Докл. АН СССР. 1981. Т. 259, №1;

Индурайн Ф. Квантовая хромодинамика: Пер. с англ. М., 1986.

В.​І.​Куўшынаў.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНІ́ЧНАЯ БІЯХІ́МІЯ,

раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхім. працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхім. змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і мед. біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш. У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і інш. галіны К.б. (асобная К.6.). Метады біяхім. даследаванняў: абсарбцыйная фотаметрыя, іонаметрыя, флюараметрыя, імунаферментны аналіз і інш.

Асновы К.б. закладзены ў 17 ст. працамі Р.Бойля, у 18—19 ст. — А.Л.Лавуазье, М.В.Ламаносава і інш. У 1875 А.П.Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 ст. А.Я.Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.

На Беларусі К.б. развіваецца з 1920-х г. пры клініках мед. ф-та БДУ, з 1930 на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага мед. ін-та. У 1956 выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М.​Ф.​Меражынскага, у 1957 — «Біяхімія траўмы» Л.​С.​Чаркасавай, у 1970 створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 1993 працуе Рэсп. цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.

Літ.:

Мережинский М.Ф., Черкасова Л.С. Основы клинической биохимии. Мн., 1965;

Колб В.Г., Камышников В.С. Справочник по клинической химии. 2 изд. Мн., 1982.

У.​С.​Камышнікаў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,

вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г. ням. культуролаг Л.​Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.​Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.​Шпенглера — развітыя культуры, А.​Тойнбі — цывілізацыі, П.​Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.

В.​Л.​Салееў.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯНІ́ЗМ,

1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».

2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл. Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сіл і г.д.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),

старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь, дзе за асн. адзінкі прыняты фундаментальныя фіз. пастаянныя (зарад і маса спакою электрона, скорасць святла ў вакууме і інш.). Памер асн. адзінак у Н.с.а. вызначаецца з’явамі прыроды, што адрознівае яе ад інш. сістэм адзінак, у якіх выбар адзінак абумоўлены патрабаваннямі практыкі (як, напр., у Міжнароднай сістэме адзінак). П.Дзірак, М.Планк, англ. вучоны Д.​Хартры і інш. прапанавалі некалькі Н.с.а., якія, на думку стваральнікаў, незалежныя ад фіз. працэсаў і прыдатныя для любых момантаў часу і месцаў у Сусвеце.

У Н.с.а. Планка (1906) у якасці асн. адзінак выбраны Больцмана пастаянная, гравітацыйная пастаянная і скорасць святла ў вакууме, лікавыя значэнні якіх прыняты роўнымі 1. У гэтай сістэме адзінка даўжыні роўная 4,03∙10​−35м, масы — 5,42∙10​−8 кг, часу — 1,34∙10​−43с, т-ры — 3,63∙10​32 К. Характэрная асаблівасць усіх Н.с.а — вельмі малыя адзінкі даўжыні, масы і часу і агромністыя адзінкі т-ры, у выніку чаго гэтыя сістэмы нязручныя для практычных вымярэнняў, аднак знаходзяць выкарыстанне ў атамнай фізіцы, квантавай механіцы і інш. раздзелах тэарэт. фізікі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988. С. 335—338;

Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990. С. 31—33.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,

сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатакшахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).

Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.

На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.

Б.​А.​Багатаў, П.​Я.​Антонаў.

Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛО́ГІЯ (ад грэч. petros камень + ...логія),

навука, якая вывучае горныя пароды, іх мінералагічны і хім. саставы, структуры і тэкстуры, умовы залягання, заканамернасці пашырэння, паходжання і пераўтварэння ў зямной кары і на паверхні. Займаецца таксама пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод. Паводле тыпу парод адрозніваюць П._ магматычных, метамарфічных, асадкавых (літалогія), метасаматычных горных парод, метэарытаў, тэхн. каменю. Паводле характару ўласцівасцей горных парод і метадаў іх вывучэння П. падзяляецца на петраграфію, петрахімію, петрафізіку, петратэктоніку і П. эксперыментальную, тэхнічную, касмічную. Звязана з мінералогіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, тэктонікай і інш.

Даследаванні праводзяцца крышталеаптычнымі і рэнтгенаскапічнымі метадамі, спектральным, рэнтгенаўскім мікрааналітычным, хім. і ізатопным аналізамі, фотаэлектроннай спектраскапіяй, фіз. і матэм. метадамі. Паводле петралагічных даных вывучаецца эвалюцыя зямной кары, устаноўлена неабарачальнасць магматычных працэсаў і іх зменлівасць у прасторы і часе. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры геал. карціраванні, пошуках карысных выкапняў і інш.

На Беларусі петралагічныя даследаванні вядуцца па вывучэнні горных парод у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, у арганізацыях ВА «Белгеалогія» (у т. л. ў Бел. геолагаразведачным НДІ), у Цэнтр. лабараторыі.

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы литологии. 3 изд. Л., 1961;

Петрография. Ч. 1—3. М., 1976—86;

Мейсон Р. Петрология метаморфических пород: Пер. с англ. М., 1981;

Пап А.М. Кристаллический фундамент Белоруссии М., 1977.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)