СЕГО́ВІЯ (Segovia) Андрэс (21.2.1893, г. Лінарэс, Іспанія — 2.6.1987),
іспанскі гітарыст-віртуоз, педагог. Вучыўся ігры на гітары самастойна. З 1955 працаваў у Акадэміі Кіджана ў Італіі, з 1958 — у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Адрадзіў цікавасць да гітары як да сольнага інструмента, пашырыў яе тэхн. і выразныя магчымасці, увёў у рэпертуар гітарыстаў класічную і сучасную музыку. Аўтар канцэрта для гітары з арк., п’ес «Танадзілью», «Арасьён» і інш. Узбагаціў рэпертуар гітарыстаў апрацоўкамі твораў І.С.Баха, І.Гайдна, Л.Бетховена, П.Чайкоўскага, М.Мусаргскага і інш. У іх выявілася тонкае пачуццё стылю, майстэрскае выкарыстанне поліфанічнай і каларыстычнай магчымасцей інструмента. Яго мастацтва натхніла многіх кампазітараў на стварэнне твораў для гітары, некат. напісаны для С. і прысвечаны яму. Гастраліраваў у многіх краінах, у т. л. ў СССР у 1926, 1927, 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРА́ТАР (лац. separator аддзяляльнік),
1) апарат (машына, прыстасаванне) для раздзялення (сепарацыі) цвёрдых або вадкіх сумесей, аддзялення ад іх дамешкаў, выдалення цвёрдых ці вадкіх часцінак з газу. Дзеянне заснавана на адрозненні фіз. уласцівасцей кампанентаў сумесі: формы часцінак, масы, шчыльнасці рэчыва, магн., эл. і інш.
Найб. пашыраны С. цэнтрабежныя, магнітныя, электрастатычныя, пнеўматычныя, адстойныя (гравітацыйныя). Для раздзялення эмульсій і асвятлення вадкасцей выкарыстоўваюцца звычайна С. цэнтрабежнага тыпу — цэнтрыфугі: для мех. ачысткі газаў — газавыя С. і цыклоны; для аддзялення ад якога-н. прадукту больш лёгкіх дамешкаў — пнеўматычныя С., у якіх ачыстка робіцца з дапамогай паветр. струменю. Выкарыстоўваюцца для абагачэння карысных выкапняў, ачысткі газавых свідравін ад вільгаці, сепарацыі малака, асвятлення піва і інш. 2) Метал. або пластмасавая абойма падшыпнікаў качэння, выразы (ячэйкі) якой утрымліваюць целы качэння (шарыкі, ролікі) на пэўнай адлегласці адно ад аднаго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕРАПІЁНАВЫ БРАТЫ́»
(па назве гуртка сяброў у аднайм. рамане Э.Т.А.Гофмана),
літаратурная група ў Петраградзе ў 1921—29. Узнікла пры арг-цыі работнікаў мастацтваў «Дом мастацтваў». Уваходзілі — І.Груздзеў, М.Зошчанка, У.Іванаў, В.Каверын, Л.Лунц, М.Нікіцін, Л.Палонская, М.Сланімскі, М.Ціханаў, К.Федзін. У «Партызанскіх аповесцях» Іванава, рамантычных баладах Ціханава, сатыр. апавяданнях Зошчанкі, рамане Федзіна «Гарады і гады» і інш.іх творах самабытна і рознабакова адлюстравана рэв. эпоха. Адзіны сумесны зб. — «Серапіёнавы браты» (1922). Падкрэслівалі сваю апалітычнасць. Шмат увагі аддавалі засваенню тэхналогіі мастацтва ў дыяпазоне ад рус.псіхал. рамана да вострасюжэтнай прозы Захаду. За імкненне да эксперыменту «С.б.» часам абвінавачвалі ў фармалізме.
Літ.:
Горький М. Группа «Серапионовы братья» // Литературное наследство. М., 1963. Т. 70;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДЭРАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ (ад грэч. sidēros жалеза + phileō люблю),
група хім. элементаў з іонамі пераходнага тыпу. Да іх належаць элементы (пераважна VIII групы перыядычнай сістэмы), жалеза, кобальт, нікель, рутэній, родый, паладый, осмій, ірыдый, тытан, малібдэн, рэній. Вылучаны В.М.Гольдшмітам у 1924 як група элементаў, што складаюць ядры планет. Пры звычайных умовах С.э. ферамагнітныя або парамагнітныя. У прыродзе трапляюцца ў самародным выглядзе (плаціна самародная, осмісты ірыдый), утвараюць злучэнні з серай і мыш’яком (напр., сульфіды і арсеніды жалеза, кобальту, нікелю), з кіслародам (напр., магнетыт, гематыт, ліманіт) і інш. элементамі. У зямной кары найб. пашыраны жалеза (4,65%), менш — кобальт (1,8∙10−3%) і нікель (5,8∙10−3%). Багатыя С.э. і жалезныя метэарыты (да 80—90% жалеза, 6—18% нікелю, 0,5—1% кобальту і інш.), у меншай колькасці каменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),
частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА РАЎНКІЕ́РА,
экалагічная класіфікацыя раслін, заснаваная на месцазнаходжанні пупышак узнаўлення ў адносінах да паверхні глебы і наяўнасці адпаведных прыстасаванняў для перажывання неспрыяльнай пары года (зімы або засушлівага перыяду). Прапанавана дацкім эколагам і геабатанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907). Адпаведна С.Р. адрозніваюць 6 груп жыццёвых форм раслін: эпіфіты — расліны, якія не маюць каранёў у глебе; фанерафіты — надземныя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на парастках, размешчаных вертыкальна; хамефіты — паверхневыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над зямлёй; гемікрыптафіты — расліны, што ўтвараюць дзірван, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на ўзроўні глебы ці пад яе паверхняй; крыптафіты — расліны, або іх часткі (клеткі), у якіх зімой пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); тэрафіты — аднагадовыя расліны, у якіх жыццёвы цыкл заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон (неспрыяльную пару года перажываюць у выглядзе насення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРУ́БЕР (англ. scrubber ад scrub скрэбці, чысціць),
1) апарат, у якім прамысл. газы ачышчаюцца ад цвёрдых або газападобных прымесей шляхам прамывання вадкасцю. Бываюць з фарсункамі для распылення вадкасці, з насадкамі (керамічнымі кольцамі) і з вярчальнымі лапаткамі для перамешвання газаў з вадкасцю. З дапамогай С. улоўліваюць прадукты каксавання, робяць ачыстку газаў ад пылу (пылаўлоўліванне, газаачыстку), выдаленне з іх попелу і інш. 2) Машына барабаннага тыпу для прамыўкі карысных выкапняў вадой з мэтай ачысткі ад гліністых і інш. дамешкаў. Бываюць праматочныя, у якіх вада і матэрыял, што прамываецца, рухаюцца ў адным напрамку, і проціточныя, дзе яны перамяшчаюцца ў сустрэчных напрамках. Гл. таксама Абсорбер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПНІК Віталь Міхайлавіч (н. 17.1.1936, с. Налобіха Касіхінскага р-на Алтайскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і электронікі. Д-ртэхн.н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1965), дзе і працаваў (у 1974—87 заг. кафедры). З 1987 у БДУ, з 1996 прарэктар Ін-та сучасных ведаў, з 2000 — Бел. камерцыйнага ун-та кіравання. Навук. працы па тэорыі і выкарыстанні складаных радыётэхн. сістэм, распрацоўцы метадаў і спосабаў ацэнкі іхтэхн. стану, надзейнасці і даўгавечнасці.
Тв.:
Хранение радиотехнических систем в эксплуатационных условиях. М., 1984 (разам з Ю.І.Крычэўскім, П.А.Раманцом);
Альтернативные испытания малых выборок на надежность. Мн., 1986 (разам з А.Л.Грэчыным);
Анализ надежности технических систем по цензурированным выборкам. М., 1988 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЦАЎ Канстанцін Міхайлавіч (13.4.1914, с. Соф’іна Раменскага р-на Маскоўскай вобл. —7.11.1995),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1978, чл.-кар. 1966). Д-рс.-г.н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Пушкінскі с.-г.ін-т (1938). З 1958 заг. лабараторыі Бел.НДІ жывёлагадоўлі, з 1964—77 рэктар БСГА. З 1977 дырэктар Усесаюзнага НДІ жывёлагадоўлі (Масква). Навук. працы па пытаннях мінер., бялковага, вітаміннага кармлення жывёлы і тэарэт. асновах рацыянальнага выкарыстання біялагічна актыўных рэчываў у кармленні жывёлы. Арганізатар прамысл. вытв-сці кармавых дабавак і іх выкарыстання для ўзбагачэння камбікармоў на Беларусі.
Тв.:
Антибиотики в кормлении сельскохозяйственных животных. Мн., 1960;
Стимуляторы роста сельскохозяйственных животных. М.; Л., 1963 (у сааўт.);
Справочник по кормовым добавкам. Мн., 1975 (у сааўт.);
Производство и использование премиксов. Л., 1980 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́Я (Glycine),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў вільготных тропіках і субтропіках Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Кітай.
У Еўропе — з канца 18 ст. С. культурная (G. max). У многіх земляробчых рэгіёнах свету (асабліва ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі) — адна з асн. зернебабовых, кармавых і тэхн. культур. На Беларусі культывуюць яе ранняспелыя сарты.
Аднагадовыя прамастойныя, павойныя ці паўзучыя травяністыя расліны выш. 20—100 см. Сцёблы звычайна апушаныя цвёрдымі валаскамі. Трайчастае лісце чаргаванае, з прылісткамі. Кветкі дробныя, фіялетавыя, ліловыя, белыя ці чырванаватыя ў пазушных гронках. Плод — струк. У зярнятах С. культурнай 35—50% бялку, блізкага па амінакіслотным саставе да жывёльнага, і 13—24% алею. Іх выкарыстоўваюць у хлебапякарнай, кандытарскай, маргарынавай, мясной і інш. галінах прам-сці. Харч., кармавыя і тэхн. расліны.