А́НЕНСКІ Інакенцій Фёдаравіч (1.9.1856, г. Омск — 13.12.1909),
рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Аўтар трагедый «Меланіпа-філосаф» (1901), «Цар Іксіён» (1902), «Лаадамія» (1906), «Фаміра-кіфарэд» (выд. 1913), заснаваных на сюжэтах ант. міфалогіі. Паэзіі Аненскага (зб-кі «Ціхія песні», 1904; «Кіпарысавая шкатулка», 1910; «Пасмяротныя вершы» 1923) уласцівыя дэкадэнцкае светаўспрыманне, адзінства інтэлектуальных і маральных пачаткаў. Выступаў як перакладчык і крытык («Кніга адлюстраванняў», т. 1—2, 1906—09).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРУТЧА́Н Міхаіл (Мікаэл) Аветавіч (29.7.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 20.6.1961),
армянскі тэатральны мастак і графік. Нар. мастак Арменіі (1958). Вучыўся ў Саратаве (1920—23), у Парыжы (у акадэміі Каларосі, 1924—25). Адзін з заснавальнікаў арм. тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Аформіў больш як 100 спектакляў, у т. л. «Жаніцьба Фігара» П.А.Бамаршэ (1933), «Атэла» У.Шэкспіра (1940), «Пікавая дама» П.І.Чайкоўскага (1956) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́НІКІ,
гарадзішча (5 ст. да нашай эры — 4—5 ст. нашай эры) днепра-дзвінскай культуры каля в. Баронікі Віцебскага р-на. Пляцоўка авальная, памерам 74 × 42 м; умацавана валам. Культурны пласт 0,2—0,9 м. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, жал. нож, сякера скіфскага тыпу, каменныя клінападобныя сякеры, бронзавыя скроневыя кольцы і падвеска, ляпная гладкасценная кераміка. У 6—8 ст. гарадзішча, верагодна, выкарыстоўвалася як сховішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫ́ЛІЯ (Bastille),
крэпасць у Парыжы ў 14—18 ст. Пабудавана ў 1370—82. У 15 ст. ператворана Людовікам XIV у турму. У канцы 16 ст. тут трымалі пераважна паліт. зняволеных. Была сімвалам дэспатызму Бурбонаў. 14.7.1789 паўстанцы штурмам узялі Бастылію, што стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У 1790 Бастылія разбурана. З 1880 у Францыі дзень 14 ліп. святкуюць якнац. свята.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́САВЫ КАМІТЭ́Т АМЕ́РЫКІ (БККА),
грамадская арганізацыя беларусаў у ЗША. Створаны ў 1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) як выканаўчы орган Кангрэса беларусаў Амерыкі. Каардынуе работу бел. згуртаванняў, якія прытрымліваюцца паліт. платформы Бел.цэнтр. рады. Старшыні БККА М.Шчорс (1951—57), І.Касяк (1957—89), Р.Завістовіч (з 1990). Збірае і распаўсюджвае інфармацыю на надзённыя бел. тэмы. Выдае час.«Беларуская думка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ АКАДЭ́МІЯ ВЕТЭРЫНА́РНАЙ МЕДЫЦЫ́НЫ.
Засн. ў 1924 у Віцебску яквет.ін-т на базе Віцебскага вышэйшага с.-г. тэхнікума (з 1921), губернскага вет.-заал. музея (з 1918), вет. бактэрыялагічнай лабараторыі (з 1913). З 1994 акадэмія вет. медыцыны. У 1996/97 Навуч.г. ф-ты: ветэрынарны, зоатэхнічны, завочны, павышэння кваліфікацыі ветурачоў і зоаінжынераў, кіраўнікоў саўгасаў і калгасаў; падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІЦЕБСКМЭ́БЛЯ»,
акцыянернае т-ва ў Віцебску. Створана ў 1948—50 як мэблевая ф-ка. У 1975—88 у вытв.дрэваапр. аб’яднанні «Віцебскдрэў». З 1988 галаўное прадпрыемства ВА «Віцебскмэбля», з 1992 акц.т-ва «Садружнасць», з 1994 сучасная назва. Дзейнічаюць цэхі: раскроечна-загатоўчы, мэблевыя (2), рамонтна-мех., энергацэх, трансп., склады (2). Асн. прадукцыя (1996): мяккая мэбля, гарнітуры для адпачынку, канапы, тумбачкі пад тэлеапаратуру, корпусная мэбля («сценкі»), шафы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ»,
навуковы часопіс. Выдаецца з 1926 у Маскве на рус. мове штомесяц. Засн.як час «Историк-марксист», у 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом», з 1945 — сучасная назва. Друкуе праблемныя артыкулы па рас. і сусв. гісторыі, тэорыі гіст. працэсу, гістарыяграфіі і інш.Асн. раздзелы: «Гістарычныя партрэты», «Улада і інтэлігенцыя», «Гісторыя і лёсы», «Гісторыкі пра час і пра сябе», «Гістарыяграфія», «Лісты ў рэдакцыю» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),
слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ХВАРО́БА, горная хвароба,
паталагічны стан арганізма, абумоўлены знаходжаннем у разрэджаным паветры на вял. вышынях; у дачыненні выпадкаў знаходжання ў горных мясцовасцях наз. горнай хваробай. Развіваецца як вынік кіслароднага галадання (гл.Гіпаксія). Выяўляецца задышкай, сэрцабіццем, галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, галаўным болем, мышачнай слабасцю, шумам у вушах, насавымі крывацёкамі, магчымыя парушэнні сардэчнай дзейнасці і страта прытомнасці. Лячэнне: паступовы спуск з вышыні, кісларод, тэрапеўтычныя прэпараты — абязбольвальныя, узбуджальныя.