КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭРТМА́ЙСТАР (ням. Konzertmeister),

1) 1-ы скрыпач—саліст сімф. ці опернага аркестра; часам выступае як дырыжор.

2) Музыкант, што ўзначальвае кожную з відавых інстр. груп сімф. аркестра (пераважна ўнутры струннай групы).

3) Піяніст, які дапамагае вакалістам, артыстам балета, інструменталістам развучваць партыі і акампануе ім на рэпетыцыях і ў канцэртах. Сярод бел. канцэртмайстраў С.Талкачоў, Ж.​Габа, Г.Карант, Г.​Каржанеўская, Л.Максімава, Т.Міянсарава, Н.Ражнова, Л.Талкачова і інш.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДА́ННЫ ШАРНІ́Р,

механізм, які забяспечвае вярчэнне двух валоў, размешчаных пад пераменным вуглом адносна адзін аднаго. Бывае жорсткі (рухомае злучэнне звёнаў) і пругкі (пругкае злучэнне); сінхронны (вярчэнне валоў з пастаяннай скорасцю) і асінхронны (нераўнамернае вярчэнне выхаднога вала). Паслядоўнае злучэнне К.ш. наз. карданнай перадачай. Выкарыстоўваецца ў прыладах (гл. Гіраскоп), станках, трансп. машынах і інш.

Карданны шарнір: 1 — вілка; 2 — апора для цапфы крыжавіны; 3 — накрыўка; 4 — крыжавіна.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТРАЙТ ((Cartwright) Эдмунд) (24.4.1743, Манхэм, каля Лінкальна, Вялікабрытанія —30.10.1823),

англійскі вынаходнік, стваральнік механічнага (з кажным прыводам) ткацкага станка. Скончыў Оксфардскі ун-т (1764). Быў вясковым святаром. У 1785 атрымаў патэнт на ткацкі станок, які ўдасканаліў у 1786. Пабудаваў фабрыку на 20 станкоў, у 1789 устанавіў на ёй паравую машыну для прывядзення станкоў у дзеянне. Пасля ўдасканаленняў інш. вынаходнікамі станкі К. пачалі шырока выкарыстоўвацца ў ткацкай прам-сці.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСІ́НІ»

(Cassini),

аўтаматычная міжпланетная станцыя НАСА і Еўрапейскага касм. агенцтва. Запушчана 15.10.1997 з мэтай даследавання планеты Сатурн і яе спадарожніка Тытана. «К.» мае арбітальны апарат (маса 5300 кг) і спускальны модуль «Гюйгенс» (маса 350 кг), які ўвойдзе ў атмасферу Тытана. Працягласць пералёту 6 г. 7 мес. Першыя вынікі даследаванняў чакаюцца ў 2004—2006. На арбіце Сатурна «К.» будзе знаходзіцца да 2008. Названа ў гонар Дж.Д.Касіні.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́ ІНТЭГРА́Л,

1) вызначаны інтэграл ад неперарыўнай функцыі адной рэчаіснай пераменнай; асобны выпадак Рымана інтэграла. Вызначэнне дадзена А.Кашы ў 1831.

2) Інтэграл з ядром Кашы 1 2π(s−z) , які выражае значэнні рэгулярнай аналітычнай функцыі 𝑓(z) унутры зададзенага замкнёнага контуру праз яе значэнні на гэтым контуры. Разглядаўся Кашы ў 1831. Абагульненні на выпадак інтэгравання неаналітычных функцый уздоўж не замкнёных контураў наз. інтэграламі тыпу Кашы.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ АБСТАЛЯВА́ННЯ,

паказчык выкарыстання абсталявання на прадпрыемствах, які характарызуе зменнасць яго працы. Разлічваецца як адносіны колькасці адпрацаваных станка-змен (машына-змен) да агульнай колькасці станкоў, замацаваных за прадпрыемствам, цэхам, участкам (або да найб. колькасці станка-гадзін, якія могуць быць адпрацаваны пры адназменнай працы і інш.). Павышэнне К.з.а. мае важнае значэнне для павелічэння аб’ёму прадукцыі, зніжэння яе сабекошту, паляпшэння выкарыстання сродкаў вытворчасці.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,

выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАДО́ДЫЙ (ад грэч. klados галіна),

відазменены парастак раслін з лістападобным сцяблом, які доўга расце і выконвае функцыі ліста. Сапраўднае лісце на К. рэдукаванае або ў выглядзе калючак, часам рана ападае. Аб паходжанні К. з парастка сведчыць яго становішча ў пазухах лісця (звычайна лускападобнага), утварэнне на ім кветак і суквеццяў. Уласцівы раслінам засушлівых мясцін — некат. кактусам (напр., Epiphyllum), відам спаржы і інш. К. з абмежаваным ростам наз. філакладыем.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)