прыма́т, ‑у, М ‑маце, м.

Кніжн. Перавага, найважнейшае значэнне; першаснасць. У поглядах на літаратуру М. Піятуховіч выходзіў з сацыялагічнага разумення творчай дзейнасці мастака, з прымату сацыяльна-эканамічных, гістарычных фактараў. Мушынскі. Загаловак «Песня кулікоў» на першы погляд аддае прымат мары над рэальнасцю. У. Калеснік. З Драздом пайшла Варона на заклад, Што лепш спяе, што лепшы голас мае, Што першы прыз бясспрэчна атрымае, Бо тут, маўляў, яе прымат. Валасевіч.

[Ад лац. primatus — першае месца, старшынство.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рышту́нак, ‑нку, м.

1. зб. Набор, сукупнасць прадметаў, прыстасаванняў, неабходных для якой‑н. дзейнасці, занятку, работы. Рыбацкі рыштунак. Вадалазны рыштунак. Паходны рыштунак. □ [Лапецька] як апантаны імчаўся дадому, хапаў свой паляўнічы рыштунак і неўзабаве на бліжэйшым балоце ці ў лесе грымела сапраўдная кананада. Паслядовіч.

2. Абл. Рыштаванне. Колькі ні намагаўся пан адбудавацца, нічога з гэтага не выйшла — як толькі з пабудоў здымалі рыштункі, зноў усё з’ядаў ненажэрны агонь. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тварыць (у 1 знач.).

2. Тое, што створана ў працэсе творчай дзейнасці; твор. Паэма «Курган» — тварэнне Купалы. Карціна «Партызанская мадонна» — тварэнне Савіцкага. □ Легенды і казкі — тварэнне людзей — на хвалях сваіх аднясе [Біруса] ў Енісей. Дубоўка. І ўпрыгожыцца зямля .. велічнымі тварэннямі [будаўнікоў], тая зямля, на якой многа год таму назад пакутавалі ў нястачы і голадзе іх дзяды і бацькі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыумвіра́т, ‑у, М ‑раце, м.

Саюз трох палітычных дзеячаў у Старажытным Рыме ў перыяд заняпаду рэспублікі, які меў на мэце захапіць вярхоўную ўладу (першапачаткова — калегія з трох асоб, якая выбіралася з якой‑н. спецыяльнай мэтай). Першы трыумвірат. // Жарт. Пра трох асоб, якія аб’ядналіся для сумеснай дзейнасці. — Дык давайце заключым трыумвірат! — крычаў Янка, — Давайце! — І сябры з запалам паціснулі адзін аднаму рукі ў знак свайго саюзу. Колас.

[Лац. triumviratus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагра́ма

(гр. programma = аб’ява, распараджэнне)

1) план прадстаячай будучай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў;

2) дакумент, у якім выкладзены асноўныя задачы і мэты дзейнасці палітычнай партыі, арганізацыі, асобнага дзеяча;

3) план правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца;

4) кароткі змест курса таго ці іншага прадмета, які вывучаецца ў навучальнай ўстанове;

5) апісанне алгарытма рашэння задачы для работы электронна-вылічальнай машыны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэцэрэбра́цыя

(ад дэ- + лац. cerebrum = мозг)

метад даследавання рэфлекторнай дзейнасці прадаўгаватага і спіннога мозгу пры ізаляцыі іх ад уплыву кары вялікіх паўшар’яў пераразаннем стваловай часткі галаўнога мозга.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

метадало́гія

(адметад + -логія)

1) вучэнне аб метадах навуковага пазнання;

2) сукупнасць прыёмаў, метадаў, якія прымяняюцца ў асобных навуках і практычнай дзейнасці (напр. м. мовазнаўчага даследавання, м. навучання).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эпіфено́мен

(ад эпі- + феномен)

1) суправаджальная, другарадная з’ява;

2) свядомасць у ідэалістычнай філасофіі, пгто разглядаецца як суправаджальны прадукт дзейнасці вышэйшай нервовай сістэмы, як вынік пасіўнага адлюстравання рэчаіснасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.​В.​Паўлава.

Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

журналі́стыка

(фр. journalistique = газетны, журналісцкі)

1) від творчай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак праз сродкі масавай інфармацыі;

2) навука аб ролі і месцы сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці грамадства, аб формах і метадах журналісцкай дзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)