ПАЎНО́ЧНАЯ ДАКО́ТА (North Dakota),

штат на Пн ЗША, каля граніцы з Канадай. Пл. 183 тыс. км². Нас. 638,2 тыс. чал. (1998). Адм. ц.г. Бісмарк. Паверхня раўнінная, павышаецца ад 350 м на ПнУ да 1000 м і больш на ПдЗ, глыбока парэзана рачнымі далінамі. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. каля -13 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 400—500 мм ападкаў. Штат перасякае р. Місуры. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Гал. культура — яравая пшаніца. Штогадовы збор ад 6 да 10 млн. т. Вырошчваюць таксама авёс, ячмень, жыта, кукурузу, лён-кудраш, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, сеяныя травы, гародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта на З. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1900, авечак — 134, свіней — 205. Птушкагадоўля — 270 тыс. курэй (без бройлераў, 1999). Гал. галіны прам-сці: харч. (асабліва мукамольная, мясная), маш.-буд. (выраб абсталявання для ферм, для перапрацоўкі с.-г. прадуктаў), энергетычная, электронная. Здабыча нафты, газу, бурага вугалю, буд. матэрыялаў. Турызм у 1996 прынёс даход у 1,1 млрд. дол. Транспарт чыг., аўтамаб., авіяцыйны.

І.​Я.​Афнагель.

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.​Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм. т-р імя К.​Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра А.​Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.​Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.​Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.​Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.​Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.​Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.​Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.​Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.

Р.​І.​Баравік.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНДА́ЎЭР (Brandauer; сапр. Штэнг; Steng) Клаўс Марыя

(н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),

аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, П.​Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар. вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.​Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.​Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПАДЗЕ́Л,

лінія на мясцовасці, якая падзяляе сумежныя басейны рэк, мораў, акіянаў і падземных вод. Ад водападзелу сцёк накіраваны ў процілеглыя бакі.

Найб. выразны водападзел у гарах, дзе звычайна супадае з грабянямі хрыбтоў. На раўнінах нярэдка пераходзіць у водападзельную прастору. Водападзел можа мяняцца. Адрозніваюць водападзелы: галоўны — паміж сумежнымі рачнымі сістэмамі (на тэр. Беларусі частка гал. водападзелу паміж рачнымі сістэмамі Балтыйскага і Чорнага мораў); бакавы — падзяляе басейны прытокаў ракі; галоўны (сусветны) Зямлі — паміж рэкамі Ціхаакіянска-Індыйскай і Атлантыка-Ледавітай пакатасцей вобласці вонкавага сцёку кантынентаў.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІДЖА́Н (Abidjan),

горад на Пд Кот-д’Івуар (да 1983 сталіца). Адм. ц. дэпартамента Абіджан. Засн. ў 1880—90. Каля 2 млн. ж. (1993, з прыгарадамі). Размешчаны на берагах і астравах лагуны Эбрые (Гвінейскі заліў). Міжнар. аэрапорт, гал. порт краіны. Пачатковы пункт чыгункі да г. Уагадугу (Буркіна-Фасо), вузел аўтадарог. Харчовая (рыбныя і садавінныя кансервы, сокі, піва, мука), тэкст., абутковая, швейная, дрэваапр., металаапр. (у т. л. аўта- і велазборачная), нафтаперапр., суднабуд. прам-сць. ЦЭС. Ун-т. Марская акадэмія навук. Нац. музей.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМЯ́Н (Харэн Бабкенавіч) (н. 1.4.1930),

армянскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Арменіі (1969), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1951). Артыст, рэжысёр, у 1980—85 гал. рэжысёр Дзярж. акад. т-ра імя Г.​Сундукяна. Сярод роляў: Арам («Шэсцьдзесят гадоў і тры гадзіны» А.​Араксманяна), Пэпо («Пэпо» Сундукяна), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Пастаноўкі: «Аджы Пайлак» Г.​Тэр-Грыгарана (1973), «Ацван» паводле Н.​Зарана (1980). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія Арменіі 1979. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),

прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр. левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

навукова-даследчая ўстанова па вывучэнні асобных пытанняў геафізікі. Вядзе назіранні за эл.-магн. полем Зямлі, зямнымі токамі, сейсмічнымі, гравітацыйнымі і інш. з’явамі і працэсамі ў зямной кары і мантыі. Створаны ў 19 ст. (у 1836 у г. Екацярынбург, Расійская Федэрацыя, у 1837 у г. Тбілісі, Грузія). Метадычнае кіраўніцтва ўсімі геафізічнымі абсерваторыямі ў межах СССР ажыццяўляла Гал. геафіз. абсерваторыя імя А.​Л.​Ваейкава, створаная ў 1849 у С.-Пецярбургу. На Беларусі з 1960 такія назіранні вядзе Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.

Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал. паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)