ВАЛЫНЯ́НЕ,
усходнеславянская племянная групоўка 9—10 ст. на тэр. Валынскай зямлі. Назва ад г. Валынь. Двойчы ўпамінаюцца ва ўводнай недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоў», якая сцвярджае, што папярэднікі валынян зваліся дулебамі і бужанамі. Верагодна, валыняне пад назвай «валінана» ўпамінаюцца ў араб. географа Масудзі (сярэдзіна 10 ст.), які паведамляе, што ў старажытнасці валыняне падначальвалі інш. славянскія плямёны, іх правіцеля звалі Маджак. У канцы 10 ст. кіеўскі кн. Уладзімір Святаславіч захапіў заселеныя валынянамі Чэрвеньскую і Перамышльскую землі. У 12 ст. на тэр. валынян ўтварылася Уладзіміра-Валынскае княства.
В.С.Пазднякоў.
т. 3, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя навучальная ўстанова ў г. Ваўкавыск у 1909—18. Засн. на базе прыватнай агульнаадук. навуч. установы 1-га разраду. Тэрмін навучання 7 гадоў. У 1913/14 навуч. г. вучылася 265 выхаванак. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, гісторыя, геаграфія, матэматыка, фізіка, рукадзелле, графічнае мастацтва, правапіс, спевы. Сярод настаўнікаў выпускнікі ун-таў Варшавы, Кіева, Адэсы, С.-Пецярбурга, Маскоўскіх вышэйшых курсаў і Варшаўскага Аляксандраўска-Марыінскага ін-та. Існавала на зборы за навучанне. Плата ў малодшых класах складала 80 руб., у астатніх — 100.
А.Ф.Самусік.
т. 4, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛ,
кастрыраваны самец буйн. раг. жывёлы ва ўзросце больш за 2 гады. Выкарыстоўваецца пераважна як мясная, радзей рабочая жывёла. Бычкоў, адабраных для забою на мяса, кастрыруюць ва ўзросце 2—5 месяцаў і адкормліваюць (нагульваюць) да 1,5—2-гадовага ўзросту. Забойны выхад у валоў мясных парод 60% і больш. Валоў, якіх прызначаюць для гасп. работ, кастрыруюць ва ўзросце 8—12 месяцаў і прывучаюць да работы з 2-гадовага ўзросту, запрагаючы парамі. Праз 8—9 гадоў валоў ставяць на адкорм. Ад валоў атрымліваюць каштоўную падэшвенную скуру.
т. 4, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЫ́ГА (Эдмунд Іванавіч) (каля 1840—23.9.1902),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Вучыўся (з 1857) у Пецярбургскім ун-це, зблізіўся з К.Каліноўскім. Член віленскага Камітэта руху 1863 (пазней Літоўскага правінцыяльнага камітэта), удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, у ліст. 1862 вёў перагаворы ў Варшаве з Цэнтр. нац. к-там, адстойваў інтарэсы Літвы і Беларусі. 3.3.1863 арыштаваны, пасля працяглага зняволення ў віленскіх турмах прыгавораны да 8 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у Кадаінскіх капальнях разам з М.Г.Чарнышэўскім. Пасля працаваў у Пецярбургу і на Украіне.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,
ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.
т. 5, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБНІ́ЦКІ (Отан Мікалаевіч) (12.3.1829, маёнтак Арэхаўна Лепельскага пав., зараз Ушацкі р-н — 19.1.1865),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Пасля вучобы ў прыватным пансіёне ў Вільні на вайск. службе ў Крыме, юнкер уланскага палка. У 1854 за сувязь з татарскім антыцарскім рухам на 2 гады зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, потым адпраўлены радавым у Сібірскі асобны корпус. У 1859 вярнуўся на радзіму. У час паўстання 1863—64 камандаваў атрадам паўстанцаў у Віцебскай губ. Засуджаны на 6 гадоў катаргі. Памёр па дарозе ў Сібір.
Г.В.Кісялёў.
т. 5, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЦКІ (Іван Мікалаевіч) (1898, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1924—27 сакратар падп. райкома КПЗБ на Брэстчыне. У 1927 арыштаваны і зняволены ў турму. У сувязі з завочным выбраннем яго дэпутатам польскага сейма (1928) вызвалены з турмы. Адзін з кіраўнікоў пасольскай фракцыі і рэв.-дэмакр. нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне». За рэв. дзейнасць 30.8.1930 арыштаваны і зняволены на 8 гадоў. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у БССР, жыў у Мінску.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НДАРАВА (Наталля Георгіеўна) (н. 28.8.1948, Масква),
руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1971). Працуе ў маск. т-ры імя Маякоўскага. Яе мастацтву ўласцівы жыццёвая сіла і натуральнасць, сцэн. тэмперамент, эмацыянальная прывабнасць. Сярод роляў: Кацярына Ізмайлава («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» паводле М.Ляскова), Эма Гамільтан («Вікторыя» Г.Рэтыгана). З 1973 здымаецца ў кіно: «Салодкая жанчына», «Асенні марафон» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1981), «Аднойчы праз дваццаць гадоў», «Сабачы баль», «Нябёсы запаветныя», «Курыца» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1984 (за тэатр. работы) і прэмія Ленінскага камсамола 1978.
т. 5, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫЯ́Н (Іван Якаўлевіч) (27.4.1913, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.1.1970),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. КПЗБ з 1933. У 1935 сакратар падп. Чамяроўскага раённага, Слонімскага і Навагрудскага акр. к-таў КСМЗБ, чл. ЦК КСМЗБ. Дэлегат II (1935) з’езда КПЗБ. У ліст. 1935 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ў 1939 дэп. Нар. сходу. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў партыз. руху на Слонімшчыне, камісар партыз. атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пасля вайны на сав. і гасп. рабоце ў Слоніме.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)