КАБЫ́ЛЬНІЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Кабыльнік (цяпер в. Нарач) Мядзельскага р-на ў Вял. Айч. вайну 8.10.1942. Гарнізон налічваў больш за 100 гітлераўцаў, добра ўзброены. План аперацыі распрацаваў і кіраваў боем камандзір атрада Ф.Р.Маркаў. У выніку 2-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя пункты ворага, спалілі будынкі вакзала, валасной і паліцэйскай упраў, жандармерыі, склад ваен. маёмасці, знішчылі 8 грузавых і 1 легкавую аўтамашыну, шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Мікалай Кузьміч) (жн. 1917, в. Селівонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 17.3.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў ваен.-паліт. вучылішча (1941), курсы «Выстрал» (1943). З 1938 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1941. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік К. вызначыўся ў баях ва Усх. Прусіі: 17.3.1945 полк пад яго камандаваннем на подступах да в. Ленхефен захапіў 6 гармат, 14 кулямётаў, каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

М.К.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕМА́Т (франц. casemate ад італьян. casamatta),

1) у абарончых збудаваннях — памяшканне для засцярогі асабістага саставу, зброі і боепрыпасаў ад уздзеяння агнявых сродкаў праціўніка. Першыя К., якія засцерагалі ад артыл. агню, з’явіліся ў 16 ст., найб. пашырэнне мелі ў 18 — пач. 19 ст. 2) Браніраванае памяшканне на ваен. караблі ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. для ўстаноўкі гармат і засцярогі іх абслугі.

3) Памяшканне ў крэпасці для ўтрымання паліт. зняволеных (у дарэв. Расіі некат. інш. краінах).

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІКАЎ (Пімен Рыгоравіч) (25.7.1906, г. Мікалаеў, Украіна — 26.11.1996),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваенна-тэарэтычную (1933) і Арэнбургскую ваен. авіяц. школы лётчыкаў (1934). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Паўд., Зах., 1-м і 2-м Бел. франтах. Старшы штурман штурмавой авіяцыі маёр К. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Рагачова, Бабруйска, Мінска, Слоніма, ліквідацыі груповак праціўніка ў бабруйскім «катле». Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (позналац. capitulatio ад capitulo дамаўляюся),

1) спыненне ваен. дзеянняў адным з ваюючых бакоў і здача яго ўзбр. сіл.

2) Здача асобных гарнізонаў, акружаных груповак на ўмовах, прадыктаваных пераможцам, або ўзгодненых перагаворамі. Адзін з відаў К. — безагаворачная; азначае прызнанне поўнага разгрому і перадачу пераможцу ўсяго ўзбраення і тэхнікі ў якасці трафеяў, а асабовага складу ў якасці палонных. Напр., у 1945 Германія і Японія падпісалі акты пра безагаворачную К. ў выніку разгрому іх у 2-й сусв. вайне.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСЁЎ (Іван Раманавіч) (2.5.1922, в. Вілейка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.11.1955),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мурманскае ваен. вучылішча сувязі (1946). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, вызвалення Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні р. Дняпро каля Кіева. У ліку першых пераправіўся на правы бераг і пад варожым агнём наладзіў сувязь дэсанта з камандным пунктам палка.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНАЧО́НАК (Мікалай Аляксандравіч) (1922, в. Баркі 1-я Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.9.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў аэраклуб у Оршы і Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1941). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. і Сталінградскім франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант К. зрабіў 349 баявых вылетаў, збіў 10 варожых самалётаў. Загінуў у баі. На тэр. Аршанскага мясакансервавага камбіната, дзе ён працаваў да вайны, К. пастаўлены бюст.

М.А.Карначонак.

т. 8, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРСА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (23.12.1898, г. Казань, Татарстан — 18.11.1994),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Кіеўскую аб’яднаную ваенную школу (1926), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Сталінградскім, Цэнтр. і Бел. франтах. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра, вызваляў Брагінскі р-н, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1974 прарэктар БДУ. Ганаровы грамадзянін г.п. Брагін, г. Калінкавічы.

т. 8, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Мацвей Сямёнавіч) (18.11.1896, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 1942),

удзельнік грамадз. вайны 1918—20, першы кавалер 2 ордэнаў Чырв. Сцяга (1919, 1920). Скончыў курсы пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1926). Змагаўся за сав. ўладу ў Крычаве і Чэрыкаўскім пав. У вер.кастр. 1919 нач. штаба ўдарнай групы войск па барацьбе з корпусам Мамантава, удзельнік абароны Варонежа. З 1920 у Кіеве камандзір брыгады асобага прызначэння, камендант горада, нач. стралк. корпуса. З 1926 у міліцыі і буд. арг-цыях Масквы.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)