гром, ‑у, м.
1. Грукат і трэск, якія суправаджаюць маланку ў час навальніцы. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Луг адазваўся грому працяжна, Лес адгукнуўся стары. Колас. Гром грыміць і грыміць... Б’е пярун агнявы. Чарот. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.
2. чаго або які. Моцны гул, грукат. Гром кананады. Гарматы гром. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін.
•••
Як гром з яснага неба — раптоўна, зусім нечакана (здарылася што‑н., з’явіўся хто‑н. і пад.). Як гром з яснага неба было для Малышава з’яўленне упаўнаважаных ад сельскага савета. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце, ‑даюць; незак.
1. Незак. да аддаць (у 1–7, 9 знач.).
2. чым. Мець які‑н. прысмак, пах, колер чаго‑н. пабочнага. Вада аддае балотам. □ Хлеб пахне троху вугалем і аддае крыху ад яго і магутным пахам. Лынькоў. // перан. Разм. Нагадваць што‑н., мець адценне, рысы чаго‑н. іншага, сведчыць пра наяўнасць чаго‑н. Аддаваць літаратуршчынай. □ Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Шамякін. Шмат якія куткі былі тут [на Беларусі] падобны да яго [Андрэя Мішурына] роднай Смаленшчыны, і толькі смуга па адкрытых даляглядах была як бы танчэйшая і аддавала сінявасцю. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Трапіць куды‑н., аказацца дзе‑н. Апынулася Арынка ў горадзе. Колас. Спалоханыя малпы выскачылі з клеткі і мігам апынуліся на мачтах. Маўр. // Трапіць у якое‑н. становішча. Апынуцца ў няволі. Апынуцца ў бядзе. □ Для.. [шафёра] цяпер была яснай небяспека, у якой яны апынуліся. Якімовіч. Трэба было дбаць аб людзях, якія апынуліся ў няшчасці. Гурскі.
•••
Апынуцца (аказацца) за бортам — аказацца выключаным з якой‑н. справы.
Апынуцца (быць) на розных берагах — разысціся ў поглядах, перакананнях з кім‑н.
За дзесятай гарою апынуцца — аказацца ў вельмі далёкім месцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ачну́цца, ачнуся, ачнешся, ачнецца; ачнёмся, ачняцеся; зак.
1. Прачнуцца, абудзіцца. Як ачнуўся, была ўжо раніца. Краўчанка. / у перан. ужыв. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў .. [дзеда Мікіты] яго маладая бунтоўная кроў, — не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. Колас.
2. Апрытомнець, апамятацца. Калі.. [Палазок] ачнуўся, пякучы боль быццам аціх, але ўсё цела дрыжала, а ў галаве моцна шумела. Колас. // Выйсці са стану глыбокай задуменнасці, забыцця; схамянуцца. Казімір ачнуўся ад успамінаў, якія прамільгнулі перад ім кароткімі малюнкамі,.. і рвануў краёчак канверта. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адысці́ся, адыдуся, адыдзешся, адыдзецца; пр. адышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. адыдзіся; зак.
Ідучы, аддаліцца ад якога‑н. месца. Лявонка пачаў збіраць ягады і не заўважыў, як адышоўся ў бок ад статка. Шуцько. Стары паказаў мне месца, дзе сесці, а сам адышоўся крокаў за дваццаць і таксама сеў. Ляўданскі. // Перамясціцца, аддаліцца (аб падзеях, з’явах прыроды і пад.). За дзень вайна адышлася далёка наперад. Чорны. // перан. Прайсці новы этап, падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. [Лабановічу] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
анса́мбль, ‑я, м.
1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».
2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.
3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».
[Фр. ensemble — разам.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́раз 1, ‑а, м.
Выразанае месца; выемка; пройма. Выраз для рукавоў. □ Сукенка мела вялікі выраз на грудзях. Карпюк. Старшыня спыняўся ля некаторых магіл і падоўгу разглядаў здымкі, што былі ўстаўлены ў выразы крыжоў. Сачанка.
вы́раз 2, ‑у, м.
1. Характэрны знешні выгляд, які адлюстроўвае ўнутраны стан чалавека. Выраз вачэй. □ Пятым завознікам была жанчына з выразам нейкай суровай стомленасці ў вачах. Брыль.
2. Слова, моўны зварот. Вобразны, метафарычны, трапны выраз. □ [Сымон] перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.
3. Сукупнасць знакаў, формула, якія адлюстроўваюць пэўныя матэматычныя адносіны. Алгебраічны выраз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.
2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крэ́дыт, ‑у, М ‑дыце, м.
Правая старонка прыходна-расходнай кнігі, куды запісваюцца ўсе скарыстаныя каштоўнасці, а таксама ўсе даўгі і расходы, якія ёсць на гэтым рахунку; проціл. дэбет.
[Ад лац. credit — ён верыць.]
крэды́т, ‑у, М ‑дыце, м.
1. Продаж тавараў з адтэрмінаванай платай або часовая выдача грошай у доўг з выплатай за гэта працэнта. Доўгатэрміновы крэдыт. Грашовы крэдыт. Узяць тэлевізар у крэдыт.
2. Камерцыйнае давер’е; плацежаздольнасць. // перан. Давер’е, аўтарытэт. Палітычны крэдыт. Карыстацца крэдытам у каго-небудзь.
3. мн. (крэды́ты, ‑аў). Грашовыя сумы, адпушчаныя на пэўныя расходы. Крэдыты на будаўніцтва. Крэдыты на народную асвету.
•••
Дзяржаўны крэдыт — сістэма дзяржаўных пазык.
[Ад лац. creditum — доўг.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́па, ‑ы, ж.
1. Група дрэў, кустоў, якія густа растуць. Усцяж дарогі ўздымаліся стромкія хвоі, чарнелі купы кустоў, падобныя на нейкія прывіды. Шчарбатаў. За драбналессем паказалася густая купа старых сосен. Новікаў.
2. Гурт, група (звычайна пра людзей). Рыгор угледзеў наперадзе густую купу людзей. Гартны. Калі робіш у купе, то не баліць у пупе. З нар.
3. Абл. Тое, што і куча (у 1 знач.). У застаронку каля сцяны ляжала толькі купа саломы. Мележ.
4. Абл. Торф, звычайна сухі. Дыміць тытунь у піпцы прэлай купаю. Барадулін.
•••
Да купы — у адно месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)