ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК, пнеўматычны ўзмацняльнік,

прыстасаванне пнеўмааўтаматыкі, прызначанае для пераўтварэння перападаў ціску паветра або іншых газаў у пэўную фіз. велічыню (напр., у напружанне электрычнае ці сілу току). Выкарыстоўваецца і для пераўтварэння формы пнеўмасігналаў (напр., з аналагавай у лічбавую). Канструкцыя П.п. абумоўліваецца яго функцыян. прызначэннем.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРАЎТВАРА́ЛЬНІКІ,

асобныя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для атрымання порыстых (газанапоўненых) матэрыялаў. П. з’яўляюцца арган. (т.зв. парафоры) і неарган. злучэнні (напр., гідракарбанат натрыю), што вылучаюць газы пры тэрмічным раскладанні. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пенапластаў (гл. Газанапоўненыя пластыкі), сітаватай гумы, пенабетону і інш.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАМА́ТАРСКАЯ СУ́ВЯЗЬ,

непрафесійная радыёсувязь у тэлегр. ці тэлеф. рэжыме. Ажыццяўляецца з мэтай эксперым. даследаванняў з прыёмна-перадавальнай апаратурай, антэнай і інш., правядзення спарт. спаборніцтваў (гл. Радыёспорт), устанаўлення сувязі з радыёаматарамі і інш. Дыяпазоны хваль для Р.с. выдзяляюцца ў адпаведнасці з рэгламентам радыёсувязі.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ВЕР»

(Rover),

сям’я легкавых аўтамабіляў сярэдняга класа аднайменнай англ. фірмы. Выпускаюцца з 1904. Большасць мадэлей мае кузаў седан ці хэтчбэк, бензінавы рухавік магутнасцю ад 39 да 148 кВт; найб. скорасць ад 143 да 240 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Ровер» мадэль «114 кабрыялет».

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫ́НГЕР (англ. stringer ад string прывязваць, змацоўваць),

падоўжны элемент канструкцыі корпуса (каркаса) судна, лятальнага апарата, вагона і інш. Уяўляе сабой ліставую ці таўровую бэльку, сценка якой перпендыкулярная да абшыўкі корпуса. Абшыўка мацуецца да С. і папярочных элементаў (бімсаў, шпангоўтаў) з набору корпуса судна.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦІ́РТА,

маса саломы ці сена, шчыльна складзеная для захоўвання пад адкрытым небам. У С. складаюць добра высушаную сыравіну з вільготнасцю не больш за 15—17%. Закладваюць С. паблізу месцаў зімовак с.-г. жывёлы, на пляцоўках з цвёрдым пакрыццём, вакол пракопваюць канаўкі для вадасцёку.

т. 15, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНС... (ад лац. trans скрозь, цераз, за), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: рух цераз якую-н. прастору, перасячэнне яе (напр., трансаўстралійская магістраль); абазначэнне ці перадача пры дапамозе чаго-н. (напр., транспірацыя, транслітарацыя); размяшчэнне па-за межамі чаго-н. (напр., транснацыянальны).

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),

прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЭТО́Н (франц. phaéton ад імя грэч. міфал. героя Фаэтона),

1) конная брычка з адкідным верхам.

2) Кузаў аўтамабіля з мяккім адкідным верхам (тэнтам). Мае 2 ці 3 рады сядзенняў. Бывае 2- або 4-дзвярны са здымнымі (часам разам з рамкамі) шыбамі бакавых акон.

т. 16, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДАВА́Я ЧА́СТКА транспартнай машыны,

сукупнасць элементаў шасі, што ўтвараюць цялежку машыны, якая забяспечвае яе перамяшчэнне. Напр., Х.ч. аўтамабіля ўключае раму, масты, колы з шынамі і падвеску (злучае колы з рамай ці нясучым кузавам). На цялежку Х.ч. змяшчаюць кузаў, кабіну і інш. вузлы.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)