мысліцель, гісторык, літаратар. Працаваў бібліятэкарам у І.І.Храптовіча. Удзельнічаў у рабоце «Таварыства аматараў навук» у Варшаве. Аўтар вершаў, перакладаў і твораў па гісторыі. У працы «Прамова..., якая мае заўвагі пра першапачатковую гісторыю свету» (Вільня, 1784; на польск. мове) прытрымліваўся асветніцкіх поглядаў на прыроду чалавека і натуральнае права, ёсць элементы матэрыяліст. разумення ролі эканам. адносін у гісторыі, аднак асноўная пазіцыя ідэалістычная. Прыхільнік моцнай каралеўскай улады, выступаў супраць рэв., «якабінскіх» ідэй. Творчасць Вольскага прасякнута памяркоўнай асв. ідэалогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,
у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ (Канстанцін Аляксеевіч) (15.9.1855, Віленская губ. — пасля 1918),
удзельнік бел.нац. руху пач. 20 ст. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1875). Ген.-маёр (1909). З 1915 нач. Свеаборгскай крэпасці. На Усебеларускім з’ездзе 1917 выбраны ў склад Савета старэйшын, заклікаў «адрадзіць беларускую дзяржаву», выступаў у абарону бел.нац. сцяга. Аўтар «Успамінаў пра Усебеларускі з’езд у г. Мінску» (Чырвоны шлях. 1918. № 1—2). У 1918 запрошаны Радай БНР у Мінск для фарміравання бел.нац. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́НІС,
грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.
Да арт.Адоніс. Венера і Адоніс. Маст. П.П.Рубенс. Каля 1614.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЫСЕ́Я»,
старажытна-грэчаская эпічная паэма, якую разам з «Іліядай» (створана раней за «Адысею») прыпісваюць Гамеру. Напісана гекзаметрам, пазнейшымі ант. выдаўцамі падзелена на 24 кнігі. Апавядае пра падарожжы і прыгоды Адысея. У аснове «Адысеі» сусв. вядомы фалькл. сюжэт: муж (Адысей) пасля доўгіх блуканняў вяртаецца непазнавальны да дня новага вяселля сваёй жонкі (Пенелопы). У адрозненне ад ваенна-гераічнай тэматыкі «Іліяды» «Адысея» мае ў асн. бытавы і казачны матэрыял. У вобразе Адысея вылучаюцца разумовыя і маральныя якасці, хітрая вынаходлівасць і разлік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРАЦКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),
рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ (Грыгол Рыгоравіч) (1.8.1914, г. Чыятура, Грузія — 29.7.1994),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1979). Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Тбіліскі ун-т (1936). Распрацоўваў гіст. і актуальныя тэмы сучаснасці: паэмы «Георгій Шосты» (1942), «Непераможны Каўказ» (1943), «Легенда пра першых тбілісцаў» (1959), цыкл вершаў «Продкі і сучаснікі. Літаратурныя пісьмы» (1979), зб. вершаў «Залаты вінаграднік» (1966) і інш. Раманы (трылогія) «Лашарэла» (1957), «Доўгая ноч» (1963), «Цотнэ, або Падзенне і ўзвышэнне Грузіі» (1975) прысвечаны Грузіі 11—13 ст.Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛЫ ВАЙСКО́ВЫЯ (гетманскія),
вайсковыя законы, пастановы і распараджэнні, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст. Зацвярджаліся соймам або асабіста гетманамі. Былі першымі дысцыплінарнымі і баявымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У артыкулах і інш.юрыд. актах правайск. службу вызначаўся парадак камплектавання, размяшчэння, забеспячэння і падпарадкавання арміі. Першая спроба кадыфікаваць нормы вайск. права Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. У 1754 у Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,
выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра I пра забарону насіць рус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.П.Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РА ЗО́РАК,
паверхневы слой зорак, у якім фарміруецца лінейчасты спектр выпрамянення зорак. У атмасферы зорак вылучаюцца 3 слоі: фотасфера — самы глыбокі і тонкі, які дае асн. частку бачнага выпрамянення, над ёй размяшчаюцца больш празрыстыя слаі — храмасфера і працяглая карона. Веды пра зоркі атрыманы пры вывучэнні спектра выпрамянення атмасферы зорак. Характар зоркавага спектра вызначаецца хім. і фіз. ўласцівасцямі атмасферы зорак, іх т-рай, ціскам, шчыльнасцю, хім. саставам і інш. Больш вывучана фотасфера зорак, храмасфера і карона — у Сонца.