НАТУРА́ЛЬНЫ ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць тонаў, якая складаецца з асн. тону і гарманічных прыгукаў (абертонаў), што ўтвараюць гук музычны. Гучанне асн. тону абумоўлена ваганнямі вібратара (струны, паветр. слупа і інш.), у выніку якіх узнікаюць абертоны. Іх частотныя суадносіны адпавядаюць натуральнаму раду лічбаў (1, 2, 3, 4, 5 ...). Ніжнія абертоны ўтвараюць мажорнае трохгучча (гл. нотны прыклад). Вучэнне пра Н.г. выклаў франц. муз. тэарэтык М.​Мерсен у кн. «Усеагульная гармонія» (1636—37).

Т.​А.​Дубкова.

Натуральны гукарад.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́АК (Noak),

балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні немец. У 1776—96 (?) працаваў у Слонімскім т-ры М.​К.​Агінскага. Стваральнік (1777), кіраўнік (да 1781) і педагог Слонімскай балетнай школы. Верагодна, выконваў і гал. мужчынскія партыі ў балетах т-ра. Мяркуюць, што ў яго абавязкі ўваходзіла і назіранне за балетам у Целяханах. З 1777 на слонімскай сцэне. выступала жонка Н., прымадонна слонімскага балета (апошнія звесткі пра яе адносяцца да 1785).

А.​А.​Саламаха.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБЕРС (Olbers) Генрых Вільгельм Маціяс (11.10.1758, г. Брэмен, Германія — 2.3.1840),

нямецкі астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), чл. Франц. АН (1810). Вывучаў медыцыну ў Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па назіранні камет і метадах вызначэння іх арбіт. Адкрыў 7 камет, малыя планеты — Паладу (1802) і Весту (1807). Сфармуляваў гіпотэзу аб паходжанні малых планет у выніку выбуху вял. планеты, якая знаходзілася паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Выказаў думку пра магчымасць паглынання святла ў міжзорным асяроддзі.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1729?—46? у г. Пінск Брэсцкай вобл. Належала езуітам. Выпускала кнігі на лац. і польскай мовах (вядома 8 назваў, ёсць звесткі яшчэ пра 3): літургічныя выданні, панегірыкі, казанні, белетрыстычныя зб-кі «Усякай усячыны», складзеныя смаленскім кашталянам паэтам К.​Несялоўскім. У зб-ках змешчаны вершы складальніка, дакумент. і эпісталярныя матэрыялы, легенды, апокрыфы, эпітафіі і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНАЯ ПРЫРО́ДА»,

грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Да 1977 інфарм.-метадычны бюлетэнь. Асвятляе пытанні аховы прыроды, узаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, інфармуе насельніцтва аб выкананні дзярж. экалагічных праграм, мае трывалыя традыцыі экалагічнага выхавання і адукацыі чытачоў. Друкуе матэрыялы пра маляўнічыя куткі Беларусі, раскрывае многія сакрэты прыроды, змяшчае вершы, навелы, апавяданні на прыродную тэматыку і інш.

В.​П.​Крукоўскі.

Вокладка часопіса «Родная прырода».

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́ССКАЯ СТАРИНА́»,

гістарычны часопіс, які выходзіў у 1870—1918 у Пецярбургу штомесячна. Яго рэдактарамі былі М.І.Сямеўскі (з 1870) пры ўдзеле В.І.Сямеўскага, М.К.Шыльдэр (з 1892), М.Ф.Дубровін (1896—1904), С.​П.​Зыкаў і інш. Публікаваў афіц. дакументы, аўтабіяграфіі, мемуары, лісты паліт. і грамадскіх дзеячаў, раней не выдадзеныя творы рус. пісьменнікаў. У ім упершыню пачалі друкавацца матэрыялы па гісторыі рэв. руху ў Расіі, у т. л. пра дзекабрыстаў. Змяшчаў гравюры, малюнкі, гал. ч. партрэты і факсіміле.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙМІНСКІ МО́ГІЛЬНІК,

могільнік бронзавага веку (сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) каля ст. Сейма (паблізу г. Ніжні Ноўгарад, Расія), на пясчанай дзюне левага берага р. Ака. Выяўлены ў 1912. Налічваў каля 50 неглыбокіх магіл, у кожнай з якіх знаходзіўся шкілет з багатым пахавальным інвентаром (бронзавыя масіўныя бранзалеты, кінжалы, наканечнікі коп’яў, сякеры-кельты, плоскія паліраваныя кольцы з нефрыту, рэшткі ўпрыгожанняў з бурштыну, шматлікія крамянёвыя стрэлы дасканалай апрацоўкі і інш.). Знаходкі сведчаць пра ўсх., заўральскае паходжанне С.м.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРА́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да студз. 1944 у в. Серабранка Журавіцкага (цяпер Рагачоўскага) р-на Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 14 чал. (кіраўнікі М.​А.​Дзмітрыеў, Н.​І.​Левянкова, М.​Ц.​Патапенка). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, разведданыя пра ням. гарнізоны ў Гомелі, Бабруйску, Рагачове, Слаўгарадзе, Карме, прадукты, медыкаменты, праводзілі дыверсіі, двойчы сарвалі вываз у Германію жыхароў вёскі.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЎЦО́Ў Іван Кузьміч (27.12.1922, в. Бакунавічы Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. —9.11.1959),

бел. пісьменнік. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). Працаваў заг. сектара друку Магілёўскага абкома КП(б)Б (1948—50), у час. «Бярозка» (1950—52) і «Беларусь» (з 1952). Аўтар артыкулаў, нарысаў, апавяданняў, аповесці для дзяцей «Самыя юныя» (1949), прысвечанай тэме партыз. барацьбы супраць ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі, і рамана «Нягоды і радасці» (1960) пра пасляваен. будаўніцтва.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)