БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаўіфіларэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты іг.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л.і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі інайб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАНЕАГЕНЕ́З,
біяхімічны працэс утварэння глюкозы з невугляводных папярэднікаў. Агульным цэнтр. шляхам глюканеагенезу ў жывых арганізмах з’яўляецца біясінтэз глюкозы з піравінаграднай к-ты (пірувату). Рэалізуецца шляхам абарачэння большасці стадый гліколізу, а неабарачальныя яго стадыі заменены «абходнымі» рэакцыямі. Глюканеагенез пачынаецца карбаксіліраваннем пірувату ў мітахондрыях з утварэннем шчаўева-воцатнай к-ты, што потым аднаўляецца ў яблычную к-ту, а затым пераўтвараецца ў шчаўева-воцатную к-ту, якая пасля дэкарбаксіліравання дае фосфаенолпіруват. У абарачальных рэакцыях гліколізу фосфаенолпіруват пераўтвараецца ў фруктоза-1, 6-дыфасфат. Працэс глюканеагенезу завяршаецца неабарачальнымі «абходнымі» рэакцыямі гідролізу фруктоза-1,6-дыфасфату да фруктоза-6-фасфату, глюкоза-6-фасфату і глюкозы. У чалавека і жывёл глюканеагенез адбываецца пераважна ў печані і ў меншай ступені ў нырках і слізістай абалонцы кішэчніка, асабліва актыўна ідзе пры галаданні ў перыяд аднаўлення пасля інтэнсіўнай мышачнай працы. Рэгуляцыя глюканеагенезу ажыццяўляецца ўнутрыклетачнымі (суадносінамі субстратаў і прамежкавых прадуктаў глюканеагенезу, адэназінфосфарных к-тіг.д.) і ўнутрыклетачнымі механізмамі (даступнасцю субстратаў, гармонамі іінш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛЯВА́ННЕ (ад лац. granulum зярнятка),
наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам іінш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне іг.д.
Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры іінш.мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў іінш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў іінш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,
клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.
Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце іінш.арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры іг.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) іінш. метадамі.
Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) іінш.арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖВІР, гравій,
рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) асадкавая парода, складзеная з абкатаных абломкаў горных парод і мінералаў памерамі 1—10 мм (у горнай справе вылучаюць Ж. памерамі 5—70 мм). Адрозніваюць Ж. буйны (5—10 мм), сярэдні (2,5—5 мм) і дробны (1—2,5 мм). Генетычныя тыпы Ж.: рачны (гл.Алювій) азёрны, марскі і ледавіковы. Сцэментаваны Ж. — гравеліт. Якасць Ж. залежыць ад наяўнасці шкодных прымесей (акатышы глін, пыл, пірыт, гіпс, растваральныя ў шчолачах абломкі іінш.), трываласці, сціральнасці, марозаўстойлівасці іг.д. На Беларусі пясчана-жвірова-галечны матэрыял пашыраны ў антрапагенавых адкладах і сканцэнтраваны пераважна ў межах Беларускай ірады і Паазер’я, Разведана 136 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн.м³, з іх распрацоўваюцца 82 радовішчы з гадавой здабычай 23—24 млн.м³, Форма пакладаў лінзападобная, зрэдку пластавая. Здабываецца Ж. адкрытым спосабам; частка яго абагачаецца на драбільна-сартавальных заводах. Выкарыстоўваецца для вытв-сці бетону, буд-ва чыгунак, аўтадарог, фільтрацыйных пабудоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНАТО́РЫЙ (новалац. sanatorium ад лац. sano лячу),
стацыянарная лячэбна-прафілактычная ўстанова для лячэння з пераважным выкарыстаннем прыродных лек. фактараў (клімат, мінер. воды, лек. гразі іінш.) у спалучэнні з дыетычным харчаваннем, лячэбнай фізкультурай, фізіятэрапеўт. працэдурамі. Падзяляюцца на адна- і шматпрофільныя; для дарослых, дзяцей, падлеткаў, бацькоў з дзецьмі. Профіль С. вызначаецца ў залежнасці ад прыродных фактараў імед. паказчыкаў. Існуюць С. для хворых на туберкулёз, захворванні органаў дыхання нетуберкулёзнага характару, органаў кровазвароту, стрававання, апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, нырак і мачавых шляхоў іінш. У С. могуць быць аддзяленні для асоб, што перанеслі інфаркт міякарда, кровазліцці ў мозг, траўмы касцей іінш.Асн. кірункі дзейнасці С.: лячэбны, рэабілітацыйны (замацаванне вынікаў лячэння), рэкрэацыйны (аздараўленне асоб з сіндромам хранічнай стомленасці, зніжэннем разумовай іфіз. працаздольнасці). На Беларусі 71 С. (2001), дзе ў першую чаргу атрымліваюць мед. дапамогу ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды, пенсіянеры, хворыя на туберкулёз, хворыя, што перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі іг.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТУРМ (ад ням. Sturm атака, прыступ),
1) спосаб авалодання ўмацаванымі раёнамі ці пазіцыяй праціўніка; у мінулым — імклівая і рашучая атака пяхоты з выкарыстаннем аблогавай тэхнікіі знішчэнне абаронцаў у рукапашным баі. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі, асабліва аблогавай артылерыі, распрацавана спец. тактыка сумесных дзеянняў пяхоты, артылерыі іінж. войск для Ш. крэпасці ці горада. Ш. прымяняўся пры ўзяцці рас. войскамі ў 1790 г. Ізмаіл, у 1-ю сусв. вайну авалоданні крэпасцямі Льеж, Перамышль (Пшэмысль) іінш. Ш. называлі некат. баявыя дзеянні Чырв. Арміі пры ўзяцці ўмацаваных гарадоў: Познані, Кёнігсберга (Калінінграда), Берліна іінш. у 2-ю сусв. вайну. Асобныя апорныя пункты, доўгатэрміновыя агнявыя збудаванні, умацаваныя будынкі атакуюцца спецыяльна сфарміраванымі падраздзяленнямі розных родаў войск іспец. войск і загадзя натрэніраванымі штурмавымі групамі або атрадамі.
2) У пераносным сэнсе — рашучыя дзеянні, накіраваныя на дасягненне чаго-н. (напр., Ш. космасу, Ш. навукі іг.д.).
Штурм старажытнага горада на Русі. 10 ст. Малюнак В.Ляхора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫКЕ́Т (ад франц. étiquette),
сукупнасць правіл і форм паводзін, вызначаны парадак зносін у пэўным сац. асяроддзі; частка знешняй культуры грамадства. Э. уключае паводзіны ў грамадскіх месцах, формы звароту і прывітання, адзенне, манеры, уменне паводзіць сябе за сталом, сустракаць і праводзіць гасцей іг.д. Адрозніваюць Э. агульнаграмадз., дыпламат., вайсковы, прыдворны, вышэйшага свету і да т.п. Ужо ў творах Платона, Арыстоцеля, Р.Дэкарта падкрэслівалася роля выхавання і пачцівасці. Эразм Ратэрдамскі ў кнізе «Аб правілах добрага тону» пісаў пра ролю ветлівасці і паважальнага тону, каб зрабіць зносіны як мага больш прыемнымі. Першы ў Расіі збор прыстойных манер выдадзены ў 1717 пад назвай «Юнацтва сумленнае люстэрка, або Наказ для жыццёвага абыходжання». Выхаванне пачцівасці і тактоўных паводзін адбываецца найперш у сям’і. Гл. таксама Манера, Такт.
Літ.:
Васильев-Гангнус Л. Правила этикета. М., 1992;
Вольф И. Современный этикет. М., 1997;
Панкеев И. Обычаи и традиции русского народа. М., 1999;
Кондиченко Л.К., Симонова С.М. Культура этикета. Мн., 2002;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),
працэс пераходу аб’екта, з’явы іг.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне ітэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.Спенсера, Э.Гартмана, Х.Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.Ранера іінш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,
сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці ісац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам. аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі іг.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі іінш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).