ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Вызначае парадак разгляду спраў па спрэчках, што ўзнікаюць з грамадз., сямейных, прац., жыллёвых, адм., зямельных, экалагічных праваадносін і спраў асобага вядзення. Судаводства па грамадз. справах рэгулюецца Канстытуцыяй, законамі, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта, пастановамі Савета Міністраў, інш. нарматыўнымі актамі. Адзіны кадыфікаваны акт, у якім сістэматызаваны нормы грамадз. працэсуальнага права — Грамадз. працэсуальны кодэкс (ГПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 11.1.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.7.1999. Складаецца з 11 раздзелаў (566 артыкулаў) і 4 дадаткаў.

У раздзеле «Агульныя палажэнні» сфармуляваны асн. пачаткі і прынцыпы грамадз. судаводства. Раздзел «Суды» вызначае задачы і паўнамоцтвы суда ў грамадз. працэсе, правілы падведамнасці і падсуднасці грамадз. спраў судам. Раздзел «Удзельнікі грамадзянскага судаводства» вызначае прававое становішча юрыдычна зацікаўленых у выніках справы асоб (бакі працэсу, трэція асобы, прадстаўнікі, пракурор, дзярж. органы і інш.) і ўдзельнікаў грамадз. судаводства, якія не маюць юрыд. зацікаўленасці ў выніках справы (сведкі, эксперты, спецыялісты, перакладчыкі), а таксама падставы і парадак адводу ўдзельнікаў грамадз. судаводства. У раздзелах, прысвечаных арганізацыі судаводства па грамадз. справах і спосабах даказвання, вызначаюцца парадак узбуджэння, адкладу, прыпынення ці спынення разгляду справы, пытанні суд. расходаў, суд. карэспандэнцыі, працэсуальных тэрмінаў, прававое значэнне доказу і розных сродкаў даказвання. Раздзел «Іскавае судаводства ў судзе першай інстанцыі» рэгулюе стадыі ўзбуджэння судаводства па справе, суд. разгляду, прыняцця пастаноў і вызначэнняў суда, разгляду асобных катэгорый спраў (аб прызнанні грамадзяніна адсутным без вестак, аб абвяшчэнні грамадзяніна памерлым, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным, аб устанаўленні няправільнасці запісаў актаў грамадз. стану і інш.). У спец. раздзеле ўстанаўліваюцца правілы падведамнасці, парадак і асаблівасці разгляду і вырашэння спраў. якія ўзнікаюць з адм.-прававых адносін. асаблівага судаводства і загаднага судаводства ў судзе першай інстанцыі. Раздзел «Вядзенне спраў у касацыйным парадку і ў парадку нагляду» вызначае парадак абскарджання і апратэставання пастаноў суда, што не набылі законнай сілы, перагляду рашэнняў, вызначэнняў і пастаноў, што набылі законную сілу ў парадку суд. нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях. У раздзеле «Выканаўчае судаводства» ўстанаўліваецца парадак і падставы прымусовага выканання пастаноў агульных судоў і інш. юрысдыкцыйных актаў (выканаўчы надпіс натарыуса). Раздзел «Міжнародны грамадзянскі працэс» рэгулюе працэсуальныя правы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, правілы падсуднасці з удзелам гэтых суб’ектаў грамадз. працэсу, а таксама парадак выканання замежных суд. (арбітражных) рашэнняў. У дадатках да ГПК даецца пералік відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, аднаўлення страчанага суд. ці выканаўчага вядзення, выканання судамі ў Беларусі рашэнняў замежных судоў і арбітражаў (трацейскіх судоў), змешчана «Палажэнне аб трацейскім судзе».

У сістэме грамадз. працэсуальнага заканадаўства вылучаюцца законы матэрыяльнага права, якія рэгулююць пытанні падведамнасці, дасудовага парадку вырашэння спрэчак, некаторыя асаблівасці разгляду асобных катэгорый спраў. Гэта Грамадз. кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Працоўны кодэкс, Жыллёвы кодэкс, Кодэкс аб зямлі, Кодэкс аб адм. правапарушэннях, Выбарчы кодэкс, а таксама законы «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1975, «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993, «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993, «Аб дзяржаўнай пошліне» ад 10.1.1992, Пастанова Савета Міністраў «Аб стаўках дзяржаўнай пошліны і прадастаўленні дадатковых ільгот па яе выплаце» ад 26.3.2003 і інш. Часткай грамадз. працэсуальнага заканадаўства з’яўляюцца нормы грамадз. працэсуальнага права, якія ўтрымліваюцца ў міжнар. дагаворах, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь. Сярод іх Канвенцыя па пытаннях грамадз. працэсу 1954, Еўрап. канвенцыя аб знешнегандлёвым арбітражы 1961, Канвенцыя аб прызнанні і прывядзенні да выканання замежных арбітражных рашэнняў 1958, а таксама Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадз., сямейных і крымін. справах 1993, двухбаковыя дагаворы аб прававой дапамозе паміж Беларуссю, Літвой, Латвіяй, Польшчай і інш. дзяржавамі.

Літ.:

Паращенко В.Н. Гражданский процесс. Мн., 1998;

Гражданский процесс. Общая часть. Мн., 2000;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;

Гражданский процесс. Особенная часть. Мн., 2002.

А.​А.​Папова.

т. 18, кн. 2, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ПРАЦЫ.

Складаецца з нарматыўных актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы арганізацыі і выкарыстання працы. Прававая рэгламентацыя працоўных і звязаных з імі адносін замацавана ў Канстытуцыі, законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, пастановах Урада, рэсп. і мясц. органаў дзярж. кіравання. Асн. заканад. акт, у якім сістэматызаваны нормы прац. права, — Працоўны кодэкс (ПК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 26.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2000. Ён прынцыпова адрозніваецца ад папярэдняга кодэкса законаў аб працы і распрацаваны з улікам сац.-паліт. пераўтварэнняў і фарміравання рыначнай эканомікі, наяўнасці ў грамадстве прыватнай уласнасці і наёмнай працы, неабходнасці забеспячэння балансу інтарэсаў сац. партнёраў — наймальнікаў і наёмных работнікаў. Дзейны ПК складаецца з 6 раздзелаў (39 глаў, 468 артыкулаў).

У раздзеле «Агульныя палажэнні» вызначаны задачы, сфера дзеяння, формы адносін, якія рэгулююцца кодэксам, суадносіны бел. заканадаўства аб працы і норм міжнар. права, асн. правы работнікаў (на выбар прафесіі, роду заняткаў, бяспечныя ўмовы працы, аб’яднанне ў прафес. саюзы, сац. страхаванне, суд. абарону прац. правоў і інш.) і наймальнікаў. Раздзел «Агульныя правілы рэгулявання індывід прац. і звязаных з імі адносін» устанаўлівае парадак заключэння, змянення і спынення прац. дагавора; вызначае асн. абавязкі работнікаў і наймальнікаў; рэгулюе пытанні заработнай платы, формы, сістэмы і памеры аплаты працы розных катэгорый работнікаў, нормы працы і здзельныя расцэнкі, агульныя норм ы рабочага часу і адпачынкаў, дысцыплінарнай адказнасці і парадку вырашэння індывід. прац спрэчак, правілы аховы працы. Раздзел «Асаблівасці рэгулявання працы асобных катэгорый работнікаў» устанаўлівае правілы прац. адносін з кіраўнікамі і членамі калегіяльных выканаўчых органаў арганізацыі; вызначае дадатковыя гарантыі аховы працы жанчын; устанаўлівае правы непаўналетніх у прац. адносінах і нормы, якія забараняюць выкарыстанне працы асоб да 18 гадоў на цяжкіх і звышурочных работах; рэгулюе парадак, умовы працы і сац. забеспячэння інвалідаў; вызначае асаблівасці рэгулявання працы часовых і сезонных работнікаў, работнікаў-надомнікаў, хатніх работнікаў, работнікаў асобных галін эканомікі і асобных прафесій; устанаўлівае перавагі і кампенсацыі для работнікаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пражываюць (працуюць) на тэр. радыеактыўнага забруджвання, гарантыі работнікам у сувязі з выкананнем воінскіх абавязкаў. У раздзеле «Агульныя правілы рэгулявання калектыўных працоўных адносін» устанаўліваюцца асн. прынцыпы сац. партнёрства, рэгулююцца пытанні заключэння і змянення калект. дагавораў, парадак вырашэння калект. прац. спрэчак (прымірыцельная камісія, пасрэдніцтва, прац. арбітраж), парадак правядзення забастовак і прававое становішча работнікаў у час забастовак. У спец. раздзеле вызначаюцца ўмовы і падставы адказнасці работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам, парадак вырашэння спрэчак і памер кампенсацыі за шкоду, прычыненую пры выкананні прац. абавязкаў, сістэма кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.

Прававыя нормы, якія рэгулююць прац. і звязаныя з імі адносіны, утрымліваюцца ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійных саюзах» ад 22.4.1992 (у рэдакцыі 14.1.2000), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.5.1991, «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» ад 28.5.1991, «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» ад 18.2.1991, «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» ад 11.11.1991, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 22.2.1991 (з наступнымі зменамі і дапаўненнямі да ўсіх гэтых законаў), дэкрэце Прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» ад 26.7.1999, у зацверджаным пастановай Савета Міністраў «Палажэнні аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі» (25.9.1999) і інш. нарматыўных актах.

Літ.:

Трудовое право. 2 изд. Мн., 2002;

Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь. 2 изд. Мн., 2003;

Томашевский К.Л., Войтик А.А. Научно-практический комментарий к законодательству о трудовых контрактах. Мн., 2003.

А.​А.​Войцік, К.​Л.​Тамашэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААЭРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + аэрамеханіка),

раздзел механікі, які вывучае законы руху і раўнавагі вадкасцей і газаў, а таксама іх узаемадзеянне паміж сабой і з межавымі паверхнямі цвёрдых цел. Вадкасці і газы разглядаюцца як суцэльнае асяроддзе (без уліку малекулярнай будовы). Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную; уключае гідрамеханіку, аэрамеханіку, газавую дынаміку, пытанні абгрунтавання эксперыментаў і выкарыстання іх вынікаў разглядаюцца ў падобнасці тэорыі і ў мадэліраванні. Вынікі даследаванняў па гідрааэрамеханіцы выкарыстоўваюцца ў ракетна-касм., авіяц. і інш. тэхніцы, пры буд-ве суднаў, турбін, гідратэхн. збудаванняў і інш.

Станаўленне гідрааэрамеханікі як навукі звязана з працамі Л.Эйлера (атрымаў ураўненні руху ідэальнай вадкасці і неразрыўнасці ўраўненне) і Д.Бернулі (устанавіў суадносіны паміж ціскам вадкасці і яе кінетычнай энергіяй; гл. Бернулі ўраўненне). У работах Ж.Лагранжа, А.Кашы, Т.Кірхгофа, Т.Гельмгольца, Дж.Стокса, М.Я.Жукоўскага, С.А.Чаплыгіна і інш. распрацаваны аналітычныя метады даследаванняў безвіхравых і віхравых цячэнняў ідэальнай вадкасці, руху цел у вадкасцях і газах і інш. Асн. дасягненне гідрааэрамеханікі 19 ст. — пераход да даследаванняў руху рэальнай (вязкай) вадкасці, які падпарадкоўваецца ўраўненням Наўе—Стокса; ням. вучоны Л.​Прандтль распрацаваў тэорыю пагранічнага слоя (1904). Тэарэт. метады гідрааэрамеханікі грунтуюцца на дакладных (ці набліжаных) ураўненнях, што апісваюць цячэнне вадкасці (газу); выкарыстанне ЭВМ дазваляе рашаць складаныя сістэмы ўраўненняў з улікам многіх фактараў.

На Беларусі праблемы гідрааэрамеханікі распрацоўваюць у Ін-це цепла- і масаабмену, Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 6. Гидродинамика. 4 изд. М., 1988;

Прандтль Л. Гидроаэромеханика: Пер. с нем. М., 1949;

Седов Л.И. Механика сплошной среды. Т. 1—2. 4 изд. М., 1983—84.

Б.​А.​Калавандзін, В.​А.​Сасіновіч.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЦЫЙ (Grotius) Гуга (сапр. дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),

галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.

Тв.:

Рус. пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.

Літ.:

Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,

навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.

Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Дз.​І.​Жураўскага, У.​Р.​Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.

На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.​А.​Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.​В.​Венядзіктавым, І.​Р.​Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.​М.​Рудзіцыным, вядуцца ў Бел. політэхн. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІ буд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.​І.​Коршун, П.​У.​Аляўдзін, Р.​І.​Фурунжыеў, І.​С.​Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.​М.​Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.​Ф.​Анішчанка, С.​С.​Макарэвіч, Л.​С.​Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.​А.​Краўцоў, А.​А.​Кручкоў, Л.​Ф.​Беразоўскі, Г.​А.​Герашчанка, А.​А.​Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.​М.​Ягалкоўскі, С.​В.​Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.​М.​Аўсянка).

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ Ігнацій Якса (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),

філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.​Геснера і Э.​Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.​Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.​Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.​Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.​Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.

А.​В.​Мальдзіс, Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,

тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры; асн. частка ваеннай навукі. Уключае стратэгію ваенную, аператыўнае майстэрства, тактыку. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзбр. сіл да ваен. дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэг. аперацый, выкарыстанне відаў узбр. сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкавана ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка — гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арг-цыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узбр. сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухап. войск, ракетных войскаў ППА, ВПС і ВМС. Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узбр. сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напр., ваенна-інж. майстэрства.

Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытв-сці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гіст. развіцця краіны, геагр. ўмовы, нац. традыцыі і інш. фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.

Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асн. ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узбр. сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайск. бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узбр. барацьбы. У ваен. тэорыі многіх краін Ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін «аператыўнае майстэрства» замяняюць тэрмінамі «вялікая тактыка» або «малая стратэгія».

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.​Ленскі); паліт. справаздача ЦК КПЗБ і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.​С.​Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш. Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. Лагіновіч, С.​А.​Мертэнс, М.​А.​Блінчыкаў, Арэхва, Е.​І.​Шоламаў, М.​П.​Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.​Брун, Л.​М.​Янкоўская, І.​Ф.​Сяменнікаў, Х.​Р.​Гелер, А.​Раф; канд. ў чл. С.​М.​Малько, М.​М.​Дворнікаў, Ф.​Б.​Пірышка, Э.​К.​Аболіна, М.​С.​Майскі.

Літ.:

В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.​П.​Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.​М.​Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.​Ю.​Ластоўскага, С.​М.​Некрашэвіча, Я.​Лёсіка, Б.​І.​Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.​Купалы, А.​Дудара, М.​Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.​Х.​Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.​Р.​Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.​В.​Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.​В.​Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)