ПРУ́ДНІКАЎ (Павел Іванавіч) (14.7.1911, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.2000),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1937). Працаваў у рэдакцыях газет, на радыё. У 1937 арыштаваны, высланы ў Бурацію, потым жыў у Іркуцкай, Омскай абласцях, Краснаярскім краі. З 1946 настаўнічаў ў Смаленскай вобл., з 1952 у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. У 1968—71 працаваў у бюлетэні «Служба быту Беларусі». Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў «Песні грузчыкаў» (1932, пад псеўд. Паўлюк Буравей, з Я.Субачам). Аўтар зб-каў вершаў «Час майго нараджэння» (1968), «Прысады» (1979), «Заасцёр’е» (1986), «Заранка» (1987), «Познія ягады» (1990), «Пароша» (1996). Тэма рэпрэсій у паэме «Таймыр» (нап. 1975—87), аповесцях «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) і інш. Напісаў успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, З.Бядулю, У.Галубка, Ц.Гартнага, П.Глебку, К.Грыневіча, А Пруднікава і інш.
Та: Мая магістраль Мн., 1981; Крыніцы. Мн., 1991; За калючым дротам. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБКЕ́ВІЧ (Валянцін Іванавіч) (15.2.1937, в. Аксаміты Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 6.2.1995),
бел. паэт, перакладчык, мовазнавец. Канд.філал.н. (1973). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1959). Настаўнічаў у Віцебскай і Мінскай абласцях. З 1967 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1974 — «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў вершамі ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Ад зімы да зімы» (1982). На бел. мову пераклаў зб. М.Чарамшыны «Апавяданні» (1982), раманы Л.Метсара «Мары не паміраюць» (1983), А.Кобы «Жанчына ў пяску», «Чужы твар» (абодва 1986), К.Маккалаў «Птушкі на цернях» (з С.Дорскім), М.Марцінсан «Мама выходзіць замуж» (абодва 1988), аповесць М.Гогаля «Тарас Бульба», яго камедыю «Рэвізор», паэму «Мёртвыя душы» (усе 1990), паасобныя вершы Г.Ахматавай, С.Ясеніна, М.Рыльскага, апавяданні Я.Гуцалы, М.Зошчанкі, Г.Цюцюнніка і інш. Выступаў з арт. па пытаннях л-ры і культуры мовы. Збіраў фальклор (зб. «Паслухай, што людзі кажуць: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, прыкметы, жарты», 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВІ́НСКАЯ (Ніна Антонаўна) (н. 31.12.1925, Мінск),
бел. артыстка аперэты (сапрана). Засл. арт. Расіі (1958). Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыла Маскоўскі муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1970). З 1946 працавала ў т-рах муз. камедыі ў Расіі. У 1949—51 салістка Бел.дзярж. эстрады, з 1968 Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі. З 1970 у Бел.дзярж.муз. т-ры. Шырокі творчы дыяпазон Р. дазваляе ёй ствараць рознахарактарныя каларытныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Альжбета, Агата («Паўлінка» Ю.Семянякі), Мальвіна, Паліна («Несцерка», «Судны час» Р.Суруса), Васіліса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Соф’я («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Марфа («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Атаманша («Трубадур і яго сябры» Г.Гладкова), Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), міс Петынгтан («Мая жонка — ілгуння!» У.Ільіна, У.Лукашова), Беліса («Хітрамудрая закаханая» А.Рабава), графіня Ілона, Праскоўя («Цыганскае каханне», «Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Ангільда, Адэта, княгіня Бажэна («Сільва», «Баядэра», «Марыца» І.Кальмана) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЕ́ВІЧ (Міхаіл Васілевіч) (26.1838, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1917),
рускі і бел. публіцыст, крытык, педагог, этнограф. Скончыў духоўную семінарыю (1859), вучыўся ў духоўнай акадэміі і ун-це ў Пецярбургу. З 1863 хатні настаўнік у сям’і Ф.Дастаеўскага, выхавацель яго пасынка, з 1864 выкладчык і інспектар нар. вучылішчаў у Вільні. З 1873 у Мін-ве нар. асветы ў Пецярбургу, у 1889—94 узначальваў Варшаўскую навуч. дырэкцыю. У 1860-я г. выступаў як публ шыст і тэатр. крытык у час. «Время», «Искра», «Русская сцена». У педагогіцы прыхільнік ідэй К.Ушынскага. На бел. матэрыяле заснаваны пед. і этнагр. нарысы: «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»). Аўтар камедыі «Мяшчанская нявеста» (1864). У канцы 19 — пач. 20 ст. жыў у маёнтку Міцькі на Мазыршчыне. У 1909 у сувязі з адлучэннем Л.Талстога ад царквы даслаў яму пісьмо і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНЫЯ ГО́НІ»,
грамадска-культурны і літ.-мастацкі ілюстраваны часопіс дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдаваўся з сак. да кастр. 1927 у Вільні на бел. мове. Маст. афармленне Я.Горыда. У ім друкаваліся вершы і паэмы М.Багдановіча, М.Васілька, Н.Арсенневай, П.Пестрака (Звястун), В.Вальтара, Ф.Грышкевіча, апавяданні Палачанкі, В.Грывіча (У.Грыневіча), пераклады з У.Сыракомлі, А.Дадэ; літаратуразнаўчыя працы А.Луцкевіча, У.Самойлы, І.Дварчаніна пра творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., новыя звесткі пра жыццё Ф.Скарыны. Пра бел.нар. эстэтыку пісаў Р.Зямкевіч (Р.Суніца), пра зямельныя адносіны на Беларусі ў канцы 19 ст. — А.Зянюк. З нарысамі на пед. тэмы выступаў С.Паўловіч. Пра навучанне беларусаў і літоўцаў ва ун-тах сярэдневяковай Германіі пісаў Д.Масальскі. Часопіс друкаваў бел.нар. песні ў нотным запісе В.Багдановіча, Т.Трызны, А.Стаповіча, матэрыялы з гісторыі асветы, артыкулы пра выдатных вучоных свету. У асобным раздзеле асвятляў працу гурткоў Т-вабел. школы. Выйшла 6 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН (Сяргей Леанідавіч) (18.6.1889, г. Адэса, Украіна — 11.1.1960),
расійскі псіхолаг і філосаф. Чл.-кар.АНСССР (1943). Скончыў Марбургскі ун-т (1913; Германія). З 1930 заг. кафедры Ленінградскага пед. ін-та. З 1942 дырэктар Ін-та псіхалогіі АПН Расіі. З 1945 у Ін-це філасофіі АНСССР (да 1948 нам. дырэктара). Аўтар тэорыі псіхічнага як дзейнасці і як працэсу. Лічыў, што чалавек і яго псіхіка фарміруюцца ў працэсе дзейнасці і яны павінны даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці (у працы, пазнанні, навучанні, гульні і інш.), што псіхіка характарызуецца неперарыўным фарміраваннем, змяненнем. Асобу разглядаў як цэласную сістэму ўнутр. умоў, сярод якіх вылучаў агульныя, устойлівыя (напр., якасці зроку) і тыя, што змяняюцца ў залежнасці ад гіст. этапаў развіцця грамадства (напр., матывацыя). Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Бытие и сознание. М., 1957;
Принципы и пути развития психологии. М., 1959;
Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999.
Літ.:
Абульханова-Славская К.А. Брушлинский А.В. Философско-психологическая концепция С.Л.Рубинштейна М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДКО́ЎСКІ (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; 17.4.1936, в. Востраў Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.7.1991),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1961). Настаўнічаў. З 1960 у Ганцавіцкай раённай газеце, у 1962—82 на Брэсцкай студыі тэлебачання. Друкаваўся з 1957. Аўтар зб-каў лірыкі «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор’е» (1981), «Засцярога» (1984). Гал. тэма яго твораў — Беларусь, хараство яе краявідаў, дабрыня, мужнасць і шчырасць людзей, іх надзеі, праблемы і трывогі, мінулае, сучаснае і будучыня. Палессе ў паэзіі Р. паўстае як край казачна-рамантычны, амаль былінны. Вершам Р. ўласціва тонкая акварэльнасць малюнка, трапнасць маст. дэталі, светлыя элегічныя інтанацыі роздуму пра ўзаемасувязі прыроды і чалавека, псіхалагізм. Працаваў у жанры балады, элегіі, санета, трыялета і інш. Пераклаў на бел. мову вершы ўкр. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),
рускі мовазнавец. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-рфілал.н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш.пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АНСССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АНСССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформы бел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.Ф.Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).
Літ.:
Список печатных трудов В.Н.Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р. Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял.Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).